Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Вытворцы мэблі, салоны прыгажосці, выканкамы і букмекеры – вось хто выдаткоўвае грошы на футбол у беларускім міноры

Вытворцы мэблі, салоны прыгажосці, выканкамы і букмекеры – вось хто выдаткоўвае грошы на футбол у беларускім міноры

Калі маеце лішнія, вам будуць радыя.

Аўтар — bytribuna com
7 красавіка 2023, 15:37
3
Вытворцы мэблі, салоны прыгажосці, выканкамы і букмекеры – вось хто выдаткоўвае грошы на футбол у беларускім міноры

"Жодзіна-Паўднёвае" - усяго толькі дэбютант першай лігі, але з ходу стала там адной з самых яркіх каманд у плане медыя. Летась жодзінцы незвычайным спосабам дэманстравалі форму, сёлета - з гумарам прадстаўлялі навічкоў і будучых супернікаў па чэмпіянаце. "Жодзіна-Паўднёвае" - прыватны клуб, пры гэтым, па словах уласніка Віталя Мурашкі, знаходзіцца ў пошуку вялікага спонсара, а пакуль жа закрыць пытанні з фінансаваннем дапамагаюць неназваныя партнёры.

- Так, ёсць адзін-два партнёра, на якіх мы спадзяемся, і, я думаю, што ўсё будзе добра. Ну і, канешне, мы ў пошуках. Мы нават свае трактары з кароўкамі не набілі сабе на грудзі, таму што спадзяемся, знайсці тытульнага фундатара і ўкрапіць яго на форму новую. Таму калі нехта зацікаўлены, калі камусьці хочацца нас падтрымаць, мы толькі “за” – пішыце, тэлефануйце. Адкажам і ўначы, і раніцай, і днём, - распавёў Мурашка.

Давайце паглядзім, хто спансуе іншыя клубы беларускага мінора.

Мясцовыя органы ўлады

Як і ў вышэйшай лізе, пераважная большасць каманд Д2 фінансуецца з мясцовых бюджэтаў: "Віцебск", "Дняпро", "Баранавічы", "Ліда", "Маладзечна", "Хваля", "Астравец", "Орша", "Асіповічы" , "Слонім" - у 10 з 17 удзельнікаў заснавальнікамі з'яўляюцца райвыканкамы ды іншыя дзяржструктуры.

Пры гэтым на форме некаторых з гэтых клубаў на месцы тытульнага спонсара мы бачым лога мясцовых прадпрыемстваў. У магілёўскага «Дняпра», напрыклад, гэта ААТ «Магілёўліфтмаш». А на афіцыйным сайце ў раздзеле "Партнёры" пазначаны яшчэ 24 юрыдычныя асобы, у ліку якіх "Магілёўэнерга", "Магатэкс" (вытворца тэкстыльнай прадукцыі), "Белчыгунка" і "Беларуснафта".

У "Ліды" спераду на джэрсі размешчаная эмблема завода гарачага цынкавання "Конус", а на афішах да матчаў акрамя "Конуса" пазначаныя "Лакафарба", "Лідскі хлебны завод", "Лідскі торфабрыкетны завод", "Лідахлебпрадукт" і "Лідскія харчовыя. канцэнтраты".

У "Маладзечна" на гульнявых майках размешчаная рэклама букмекерскай канторы "Марафон" і генеральнага партнёра на сезон-2023 "Маладзечнажалезабетон". Таксама партнёрамі клуба з'яўляюцца "Маладзечанскі мясакамбінат", "Дыліс Касметык" (вытворца парфумернай прадукцыі), "Мінскі мэблевы цэнтр" і фермерская гаспадарка "Тытул".

У "Слоніма 2017" на форме таксама размешчаны лога букмекера - "Макслайна". Таксама адным з партнёраў каманды была цырульня Vilera Slonim, якая ўручала найлепшым гульцам матчу падарункавы сертыфікат на стрыжку.

У «Астраўца» эмблемы партнёраў пазначаныя на заднім баку футболак: тут астравецкі РУП ЖКГ, Астравецкі вопытны лясгас, а таксама камунальныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Гярвяты» і «Гудагай».

Астатнія клубы на футболках вырашылі нічога не размяшчаць, хаця, да прыкладу, у таго ж «Віцебска» на сайце пазначаныя 16 партнёраў, сярод якіх «Еўраопт», «Белдзяржстрах», «Белтэлекам» і «Банк развіцця». А ў "Хвалі" з Пінска на сайце аж 22 фірмы-партнёра!

Дзяржаўныя прадпрыемствы

У трох клубаў Д2 генеральнымі спонсарамі з'яўляюцца прадпрыемствы, якія знаходзяцца пад кантролем рэжыму Лукашэнкі. Гомельскі "Лакаматыў" знаходзіцца на поўным забеспячэнні "Беларускай чыгункі" - аператара-манапаліста беларускай сеткі чыгунак. У 2019-м некалькі гульцоў "Лакаматыва" ў складзе каманды БЧ сталі чэмпіёнамі свету сярод чыгуначнікаў. Таксама варта адзначыць, што поўная афіцыйная назва футбольнага клуба па дакументах - культурна-спартыўны комплекс РУП "Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі".

Петрыкаўскі "Шахцёр" выступае ў першай лізе ў якасці фарм-клуба дзейнага чэмпіёна Беларусі з Салігорска, уваходзячы ў яго структуру. Па факце, бронзавы прызёр Д2 таксама фінансуецца "Беларуськаліем". Зазначым, што фундатары «Лакаматыва» і «Шахцёра» знаходзяцца ў санкцыйных спісах пасля ўварвання расійскіх войскаў пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі на тэрыторыю Украіны.

У дэбютанта лігі "Нівы", якая прадстаўляе аграгарадок Доўбізна Камянецкага раёна, спонсарам з'яўляецца сельскагаспадарчы вытворчы комплекс "АграНіва", чыя спецыялізацыя - раслінаводства і жывёлагадоўля.

Букмекеры

Адным з галоўных прэтэндэнтаў на выхад у вышэйшую лігу ў гэтым сезоне з'яўляецца "Макслайн", які змяніў зімой Рагачоў на Віцебск. Яшчэ перад стартам чэмпіянату-2022 клуб назваўся ў гонар букмекерскай канторы, якая яго фінансуе.

Таксама шчыльна з букмекерамі ўзаемадзейнічае "Юні Мінск" з Д3: генеральным партнёрам каманды з'яўляецца кантора Betera. Пад яе калектыў абнавіў колеры і эмблему, бо раней колеры і эмблема былі ў гонар Parimatch, але Parimatch нібыта сышоў з беларускага рынку, а замест яго бізнес стала весці Betera.

Прыватны бізнес

Акрамя "Макслайна" прыватнымі клубамі з'яўляюцца дзяржынскі "Арсенал" і дэбютант лігі "Бумпрам" з Гомеля. Дзяржынцы былі створаныя ўладальнікам загараднага шматфункцыянальнага комплексу "Веста", які і з'яўляецца генеральным спонсарам каманды. Таксама на форме калектыва размяшчаецца рэклама яшчэ некалькіх партнёраў: ELIZ (вытворца адзення), MAV (вытворчасць лакафарбавых матэрыялаў), «АсобГандаль» (пасажырскія перавозкі) і «ІНТЭРТРАНСАЎТА» (міжнародныя грузаперавозкі).

У гамяльчан генеральным спонсарам выступае прадпрыемства "Бумпрам", асноўным відам дзейнасці якога з'яўляецца вытворчасць і рэалізацыя шпалернай прадукцыі, што выходзіць пад гандлёвай маркай "Белвініл". Яшчэ адным партнёрам маладога клуба з'яўляецца фітнес-цэнтр VIP - менавіта яго лагатып месціцца па цэнтры футболак.

У Д3 самыя яскравыя прыклады прыватных клубаў – «Крумкачы» і пінскі «Стэнлес». І калі ў сталічнай каманды ў партнёрах налічваецца дзясятак кампаній (ад продажу і абслугоўвання будаўнічай тэхнікі да загарадных комплексаў і адвакацкага бюро), пры гэтым складана вылучыць, хто з іх з'яўляецца генеральным партнёрам, то ў "Стэнлеса" ролю галоўнага спонсара выконвае аднайменнае замежнае гандлёва-вытворчае унітарнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці мэблі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты