Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Разгром у матчы двух пазбаўленых еўракубкаў за дагаварнякі – 19-гадовы бамбардзір «Шахцёра» зноў у агні

Разгром у матчы двух пазбаўленых еўракубкаў за дагаварнякі – 19-гадовы бамбардзір «Шахцёра» зноў у агні

«Іслач» успамінае, што такое буйны лiк.

Аўтар — bytribuna com
9 чэрвеня, 20:00
Разгром у матчы двух пазбаўленых еўракубкаў за дагаварнякі – 19-гадовы бамбардзір «Шахцёра» зноў у агні

9 чэрвеня праграму 12-га тура ЧБ адкрыў матч дзвюх каманд, якіх не дапусцілі да еўракубкаў. «Шахцёр» у мінулым годзе стаў першым у ЧБ, але потым клуб абвінавацілі ў «дагаварняку» і стымуляванні – і проста не выдалі ліцэнзію на ўзроўні АБФФ. «Іслач», якая заняла ў ЧБ-2022 пятае месца і прэтэндавала на Лігу канферэнцый па выніках справы «Шахцёра», пропуск ад федэрацыі атрымала – але УЕФА забараніў, прычым таксама з-за дагаварняка, толькі ў «ваўкоў» ён здарыўся яшчэ ў 2016 годзе.

Тут і цяпер «Шахцёр» у глыбокім мінусе, але прыкметна мацнейшы за «Іслач» на полі. А саліруе ў «гарнякоў» 19-гадовы форвард Ягор Карпіцкі. Ён і адкрыў лік ужо на 14-й хвіліне – адарваўся ад Фарда Ібрагіма і адным дотыкам ператварыў закід Антона Шрамчанкі ў гол.

А праз некалькі хвілін уся «Іслач» затармазіла, думаючы пра афсайд супернікаў, а ў гэты час Карпіцкі ад цэнтра поля прыбег да мяча і зрабіў прастрэл у штрафную, дзе аказаўся Шрамчанка. Так малады форвард «вярнуў» асіст.

Ну а ў пачатку другога тайма Вадзім Пігас з «Іслачы» неакуратна падкінуў назад, Ілля Скробатаў замест вынасу галавой вырашыў чакаць, пакуль мяч прыляціць на нагу – а Карпіцкі згуляў на апярэджанне, абвёў брамніка і закаціў у пустыя вароты.

19-гадовы Карпіцкі, які, нягледзячы на тэйп на калене, працягвае святкаваць галы пракатамі па газоне, умацаваўся ў ролі найлепшага бамбардзіра ЧБ – 12 галоў у 11 матчах!

Ну а гульня так і скончылася 3:0 – «Шахцёр» з мінус 9 ачкамі ўсё яшчэ перадапошні, «Іслач» з 14 баламі пакуль шостая. Каманда з Мінскага раёна ў першым туры ўляцела мінскаму «Дынама» 0:3, затым разнесла 3:0 брэсцкае «Дынама» і 4:0 «Смаргонь», а вось зараз успамінае, што такое буйны лік – у мінулым туры «ваўкі» «згарэлі» 0:3 «Нёману».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты