Усе навіны

Дырэкцыя «Лістапада» назвала афіцыйную прычыну зняцця з паказу фільма «Дзесяць жыццяў Мядзведзя»: «Парушэнне рэгламенту кінафестывалю»

15 лістапада 2022, 21:08

У дзень адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» стала вядома, што з паказу быў зняты фільм Андрэя Кудзіненкі «Дзесяць жыццяў Мядзведзя», які прысвечаны беларускаму спартсмену і трэнеру па вольнай барацьбе Аляксандру Мядзведзю.

Як адзначае «Зеркало», гэта быў адзіны фільм беларускай вытворчасці ў конкурснай праграме сярод неанімацыйнага кіно.

Акрамя таго, ён знік і з камерцыйнага пракату.

Пра прычыны выключэння фільма згадана адным радком у публікацыі «СБ» за 5 лістапада.

«У гэтым годзе на «Лістападзік» дырэкцыя фэсту атрымала каля 400 заявак з амаль 50 краін. Да ўдзелу ў конкурсе дапушчана 9 карцін з 7 краін. Беларускі фільм «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі ў апошні момант з праграмы прыбралі. Прычына: парушэнне рэгламенту кінафестывалю», - гаворыцца ў тэксце.

Якім менавіта чынам фільм ці яго стваральнікі парушылі рэгламент кінафестывалю, выданне не ўдакладніла.

Па інфармацыі крыніц «Зеркало», сапраўднай прычынай зняцця фільма з паказу магло быць тое, што ў адной з галоўных роляў у ім зняўся «пратэстны акцёр».