Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Сцяг краіны Баскава падобны да сцяга Краіны Баскаў – праўда, гэтаму больш за 100 гадоў, а канчаткова зацвердзілі пасля смерці дыктатара (дапамог футбол)

Сцяг краіны Баскава падобны да сцяга Краіны Баскаў – праўда, гэтаму больш за 100 гадоў, а канчаткова зацвердзілі пасля смерці дыктатара (дапамог футбол)

...

Автор — Алесь Коваль
9 мая 2021, 13:40
7
Сцяг краіны Баскава падобны да сцяга Краіны Баскаў – праўда, гэтаму больш за 100 гадоў, а канчаткова зацвердзілі пасля смерці дыктатара (дапамог футбол)

Калі ў 2018-м годзе Дзмітрыя Баскава прызначылі гендырам мiнскага «Дынама», яго цёзка па прозвішчу спявак Мікалай Баскаў прачытаў навіны без ўказання імя і пажартаваў, што яму прыйдзецца пачынаць новую працу. У 2020-м мы даведаліся, што абодва Баскава падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі нават пасля ўсяго гвалту жніўня – Мікалай паўдзельнічаў у запісе кампазіцыі «Любімую не аддаюць», а Дзмітрый адзначыўся шмат чым, у тым ліку не раз размахваў сцягам сваёй краіны. Дарэчы, не трэба блытаць краіну Баскава з Краінай Баскаў (і ў выпадку Мікалая пра гэта не раз успамiналі расійскія гумарысты). А калі Дзмітрыю даць у рукі сцяг гэтай самай Краіны Баскаў, то адразу можна і не заўважыць падмены – сцягі даволі падобныя па сваёй каляровай гаме.

Аднак этымалогія прозвішча і тапоніма зусім розная. Прозвішча Баскаў ўзыходзіць да ўстарэлага ў рускай мове прыметніка «баский», што значыла «прыгожы, прывабны». Народ баскаў называюць так праз старажытны народ васконаў, які на пачатку нашай эры жыў на той жа тэрыторыі (цяпер паўночны ўсход Іспаніі) і лічыцца продкам сучасных баскаў. Самі сваю тэрыторыю яны называюць зусім па-іншаму – Эўскадзi, а сябе – эўскалдунак, то бок «знаўцы баскскай мовы». Гэтая мова, дарэчы, асаблівая – паходжанне да гэтага часу дакладна не ўстаноўлена, а з-за шматлiкiх дыялектаў нават два баскi могуць не зразумець адзін аднаго ( «літаратурны» варыянт мовы быў створаны толькі ў 1960-х).

Цікавая і гісторыя сцяга, які баскі называюць iкурыння. Праўда, калі параўноўваць з беларускiм дыскурсам, яго лёс значна больш нагадвае лёс першага дзяржсцяга нашай краіны, бел-чырвона-белага. Напрыклад, iкурыннi таксама крыху больш за 100 гадоў – яе ў 1894-м прыдумаў Сабіна Арана, прыкметны баскскi палітык, які выступаў за незалежнасць ад Іспаніі. Тут варта адзначыць, што басконскія тэрыторыі, хоць і ўвайшлі ў склад адзінай Іспаніі ў XVI стагоддзі, захоўвалі вялікую ступень аўтаноміі да 1876 года. Тады ў вайне пацярпелі канчатковую паразу спробы прадстаўніка каралеўскага роду дона Карласа Малодшага заняць прастол. Яго моцна падтрымлівалі ў Краіне Баскаў – уласна, з-за гэтага права на самакіраванне ў іх і забралі, лічыце, у якасці ўрока ад пераможцаў.

Незалежнасці Арана (які хацеў бачыць у Краіне Баскаў і тэрыторыі, якія адносяцца да Францыі) не дамогся, аднак заснаваў Баскскую нацыяналістычную партыю, а iкурыння стала яе сцягам. Яна складаецца з чырвонага палатна, гістарычнага сімвала Бiскаi, найбуйнейшай правінцыі Краіны Баскаў, белага крыжа – сімвала Бога – і зялёнага крыжа, які нагадвае пра дуб Гернікi – пад гэтым дрэвам кіраўнікі шмат стагоддзяў прыносілі клятву паважаць свабоды баскаў. Такi сцяг з часам станавіўся ўсё больш папулярным у рэгіёне, а ў 1936 годзе новы іспанскi рэспубліканскi ўрад вырашыў вярнуць Краіне Баскаў аўтаномію – і 19 кастрычніка мясцовыя ўлады зацвердзілі iкурынню як свой сцяг.

 

Але і тут здарылася нешта вельмі падобнае да Беларусi – доўга iкурыння ў афіцыйным статусе не пратрымалася. Усё таму, што ў Іспаніі пачалася грамадзянская вайна, у якой перамаглі прыхільнікі генерала Франсіска Франка. З 1939-га ён устанавiў у краіне сваю дыктатуру, якая меркавала, што ніякіх аўтаномій ў рэгіёнаў быць не павінна. Ужо ў 1937-м войскі Франка падпарадкавалі сабе Краіну Баскаў (а яе футбалісты ў спробе дапамагчы Радзіме грашыма паехалі гуляць зборнай па ўсім свеце, у тым ліку выйграўшы 6:1 у каманды Мінска). Iкурыння была забароненая, а баскскіх нацыяналістаў сталі пераследваць. Падчас дзеяння рэжыму Франка нават за захоўванне або дэманстрацыю непажаданага сцяга можна было трапіць у турму (здаецца, мы знайшлі яшчэ адно прабеларускае перасячэнне).

Баскі супраціўляліся – у тым ліку гвалтоўным шляхам. У канцы 1950-х была створана тэрарыстычная групоўка ЭТА, якая арганізавала нямала забойстваў чыноўнікаў, у тым ліку найбуйнейшых – у 1973-м узарвалі кіраўніка іспанскага ўрада Луіса Карэра Бланка. Аднак гэта ніяк не наблізіла Краіну Баскаў да вяртання сваіх правоў да смерці Франка ў 1975-м. А вось аднавіць ў афіцыйным статусе iкурынню дапамагла мірная акцыя, якую ў снежні 1976-га зладзілі на футбольным дэрбі галоўных баскскіх клубаў – «Атлетыка» і «Рэал Сасьедада». Запасны гулец «Сасьедада» і вядомы баскскi нацыяналіст Хасеан Уранга прапанаваў таварышам па камандзе вынесці ўсё яшчэ забаронены сцяг на поле перад гульнёй. Яны пагадзіліся, а перад матчам атрымалі згоду і ад «Атлетыка» – і разам з Урангай, які змог пранесці сцяг на стадыён, таму што яго як гульца не вельмі старанна абшукалі, капітаны абедзвюх каманд вынеслі iкурынню ў цэнтр поля (цікава, адважыліся бы на падобнае нашы футбалісты?). Паліцыя не асмелiлася нікога затрымаць за гэта – толькі забрала сцяг пасля дэманстрацыі, але эфект ужо быў зроблены. Пра ўчынак футбалістаў загаварылі, і праз апеляцыю да гэтага прыкладу ў пачатку 1977-га сцяг дазволілі да свабоднага выкарыстання.

У 1978-м Краіна Баскаў зноў атрымала аўтаномію, а ў 1979-м iкурыння канчаткова стала афіцыйным сімвалам рэгіёна і застаецца ім дагэтуль. Ці будзе ў нас і такая гістарычная паралель?

Фота: gettyimages.comAFP

Другие посты блога

Все посты