Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Несцярэнка граміла дзіцячых трэнераў у белфутболе, але аднаго такі пахваліла – той кіраваў акадэміяй Брэста і запрашаў яе на працу, а сёння галоўны ў «Арэнбургу»

Несцярэнка граміла дзіцячых трэнераў у белфутболе, але аднаго такі пахваліла – той кіраваў акадэміяй Брэста і запрашаў яе на працу, а сёння галоўны ў «Арэнбургу»

Нечаканы рэспект для Дэаграсіі.

Автор — Alex Zagorski
19 сентября, 15:47
Несцярэнка граміла дзіцячых трэнераў у белфутболе, але аднаго такі пахваліла – той кіраваў акадэміяй Брэста і запрашаў яе на працу, а сёння галоўны ў «Арэнбургу»

Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры ў 2017-м алімпійская чэмпіёнка-2004 у бегу на стометроўцы Юлія Несцярэнка нядоўга адпачывала без працы. У тым жа годзе лёгкаатлетку разам з ейным мужам запрасіў у акадэмію брэсцкага «Дынама» новаспечаны галоўны трэнер структуры – іспанец Давід Дэаграсія. На новым месцы Несцярэнка займалася тэхнікай бегу падапечных.

Як пісала «Трыбуна» ў кастрычніку 2022-га, «Белая маланка» працавала ў акадэміі бізнесмена Аляксандра Зайцава і пасля ягонага сыходу з брэсцкага «Дынама», і пасля закрыцця «Руха». У мінулым годзе Несцярэнка значылася ў трэнерскім штабе каманды U-17 «Цэнтра футбола», аднак на сёння інфармацыя пра яе на сайце праекта Зайцава адсутнічае.

Паспела алімпійская чэмпіёнка акунуцца і ў праблемы нашага дзіцячага футбола. Адной з іх былая спартсменка лічыла свой профіль – адсутнасць тэхнікі бегу:

– Сутыкнулася з тым, што ў нашым дзіцячым футболе тэхніка бегу проста адсутнічае. Мне многія трэнеры гавораць, маўляў, ёсць футбольны бег, а ёсць лёгкаатлетычны. Не! Бег ён і ў Афрыцы бег. Калі гляджу Лігу чэмпіёнаў ці чэмпіянат свету, то бачу: там спрынтары! Класны магутны бег.

З паўналетнімі цяжэй. У іх ужо сфарміраваны арганізм. Па запрашэнні трэнера Аляксандра Сяднёва неяк праводзіла некалькі трэнаванняў у «Руху» – дала абсалютна элементарныя практыкаванні. І здзівілася, наколькі футбалісты дыскаардынаваныя! Яны самі з сябе смяяліся, як недарэчна ўсё робяць. Забяры ў іх мяч – і гэта проста драўляныя «бураціна». У некаторых проста адсутнічаюць натуральныя рухі, – казала Несцярэнка ў інтэрв'ю sport5.by.

Але, нягледзячы на крытыку паміж радкоў дзіцячых трэнераў, аднаму з іх 19 верасня экс-лёгкаатлетка выпісала рэспект. Гаворка пра цяпер ужо галоўнага трэнера «Арэнбурга», таго самага іспанца Дэаграсію, які запрашаў Несцярэнка на працу ў «Дынама» Брэст:

– Вельмі радая, што лёс звёў у акадэміі з сапраўдным прафесіяналам, моцным валявым і прыстойным чалавекам. Люблю такіх людзей, якія ўсім сэрцам, душой, розумам адданыя сваёй справе. Парадак, дысцыпліна, аўтарытэт і любой дзяцей, давер бацькоў, павага да трэнераў, дружны калектыў і выдатныя вынікі. Усё гэта было дзякуючы галоўнаму трэнеру. Удачы Давіду! І дзякуй Богу за шчаслівыя і плённыя 5 гадоў у рабоце з дзецьмі! – напісала ў каментарах VK-старонкі «Белорусский футбол» Несцярэнка.

Пасля сыходу з брэсцкага «Дынама» ў 2021-м Дэаграсія год быў старэйшым трэнерам у акадэміі іншага беларускага клуба – «Шахцёра». У сакавіку 2023-га іспанец перайшоў на тую ж пасаду ў «Арэнбург», а на пачатку сезона расійскай прэм'ер-лігі-2023/24 пасля адстаўкі Іржы Ярошыка нечакана быў прызначаны ўвогуле галоўным трэнерам клуба.

З Дэаграсіям «Арэнбург» паказвае добрыя вынікі – пасля 5 матчаў без перамог у чэмпіянаце згулялі ўнічыю з ЦСКА (1:1), перамаглі «Сочы» (3:0) і «Лакаматыў» (2:0), прайшлі ў кубку «Факел». Пасля васьмі тураў РПЛ арэнбуржцы займаюць 11-е месца ў табліцы.

Нагадаем, што пад кіраўніцтвам Дэаграсіі гуляюць беларусы Міхаіл Сівакоў, Кірыл Пячэнін, Кірыл Капленка і Юрый Кавалёў. Рэзультатыўныя дзеянні пакуль мае толькі Капленка – адзін галявы пас.

Лучшее в блогахБольше интересных постов

Другие посты блога

Все посты