Два крокі да тытулу. Восемдзесят восьмы экіпаж Akkodis ASP выйграў этап серыі GT World Challenge Europe на Нюрбургрынге
Гэты сезон еўрапейскіх гонак Gran Turismo складаецца для Рафаэле Марчэла, Цімура Багуслаўскага і Жуля Гунона надзвычай удала. Яны выйграюць і кароткія гонкі, і даўгія, як тая, што прайшла ў мінулую нядзелю на трасе Нюрбургрынг. І цяпер трыа са сваёй камандай з’яўляюцца галоўнымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнства.
Украіна, якая адна супрацьстаіць расійскаму фашызму, на сёння з’яўляецца ужо не прэтэндэнтам на лідарства, а сапраўдным лідарам свабоднага свету. І гэты свет, каб застацца свабодным, абавязаны дапамагчы Украіне. Толькі яе ваенная перамога над агрэсарам і пакаранне гэтага агрэсара і яго паслугача, што апанаваў Беларусь, будуць гарантыямі міру. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Лідарства ў гоначных серыях, канечне, не такое ганаровае, аднак усё роўна прыемнае для гоншчыкаў. Вось і Рафаэле Марчэла, Цімур Багуслаўскі і Жуль Гунон могуць сабою ганарыцца – гоншчыкі восемдзесят восьмага экіпажа каманды Akkodis ASP выйгралі гонку GT World Challenge Europe на Нюрбургрынге ў мінулы ўік-энд. Гэта іх другі поспех на этапе фармату Endurance у гэтым сезоне (першы быў на Поль Рыкары), і ён прынёс ім багата важных ачкоў.
Аснова ізноў была закладзеная ў кваліфікацыі, дарэчы, дажджавой, якую трыа Akkodis ASP выйграла. Гонка праходзіла ў нядзелю ўжо па сухой трасе, і Марчэла, Багуслаўскаму і Гунону ў нейкім сэнсе было лягчэй. Хаця нельга сказаць, што канкурэнты дазволілі ім уздыхнуць зусім ужо лёгка. І Цімур, які праводзіў другую змену пасля Рафаэле, адчуваў ззаду подых канкурэнтаў.
Гаворка найперш пра семсот семдзесят сёмы экіпаж Team AlManar у складзе Мара Энгеля, Лукі Штольца і Фабіана Шылера, якія стартавалі трэцімі. Іх Mercedes-AMG GT3 EVO бліжэй за ўсё падабраўся да такой жа восемдзесят восьмай машыны Akkodis ASP, калі ёй на фінальным адрэзку кіраваў Гунон. Француз, аднак, пад уціскам выстаяў і першым атрымаў адмашку клецістым сцягам. Энгель, Штольц і Шылер занялі другое месца, трэцімі фінішавалі Рыкарда Фелер, Маціа Друдзі і Дэніс Маршал з саракавога экіпажа Tresor Orange 1 на Audi R8 LMS GT3 EVO II.
Не пашанцавала на Нюрбургрынге яшчэ адным фаварытам серыі – пераможцам першага этапу ў Монцы і сутачнага марафону ў Спа, дзевяноста восьмаму экіпажу Rowe Racing у складзе Філіпа Энга, Марка Вітмана і Нік Йелалі. Кваліфікаваліся яны толькі дзясятымі, а фінішавалі наогул пятнаццатымі, у асноўным праз няўдалы другі адрэзак. Ачкоў у чэмпіянаце, вядома, не дабралі, і з 76-цю апусціліся на трэцюю пазіцыю. Марчэла з Багуслаўскім маюць 141 бал і лідзіруюць, а Гунон, у якога 94 ачкі, падняўся на другі радок.
Сярод каманд жа першыя Akkodis ASP, у якіх 147,5 бала. Team WRT, чыім лепшым экіпажам на Нюрбургрынге стаў трыццаць другі ў складзе Дрыса Вантора, Шэлдана ван дэр Ліндэ і Шарля Віртса, якія фінішавалі сёмымі, захавалі другую пазіцыю, у іх 108,5 ачка. Rowe Racing з 89-цю па-ранейшаму трэція.
Наступны этап GT World Challenge Europe пройдзе таксама ў Германіі, але ўжо ў Хокенхайме і ў фармаце Sprint 2-3 верасня.