Tribuna/Футбол/Блоги/Саудаўская Аравія плануе звезці ці не ўсіх даступных зорак у свой чэмпіянат. Уладальнік «Ньюкасла» ўжо набыў для гэтага чатыры клубы

Саудаўская Аравія плануе звезці ці не ўсіх даступных зорак у свой чэмпіянат. Уладальнік «Ньюкасла» ўжо набыў для гэтага чатыры клубы

Гэтае трансфернае лета будзе цікавым.

8 июня, 13:40
1
Саудаўская Аравія плануе звезці ці не ўсіх даступных зорак у свой чэмпіянат. Уладальнік «Ньюкасла» ўжо набыў для гэтага чатыры клубы

Навіна тыдня ў футболе Саудаўскай Аравіі: Публічны інвестыцыйны фонд (PIF) дзяржавы, які валодае «Ньюкаслам» і знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні кронпрынца і фактычнага кіраўніка краіны Махамеда бін Салмана, набыў 75% у кожным з клубаў саудаўскай «вялікай чацвёркі».

Таму бліжэйшае трансфернае акно будзе вясёлым.

PIF набыў чвэрць клубаў лігі, яшчэ чвэрць таксама фінансуе дзяржава

PIF – гэта «суверэнны фонд» Саудаўскай Аравіі, то бок дзяржаўная кампанія, якая генерыруе дадатковы даход праз інвестыцыі ў прыватны сектар. Яго зараз ацэньваюць у прыкладна 620 млрд долараў, што робіць яго сёмым найбуйнейшым фондам у свеце.

PIF абвясціў пра набыццё (фармалізуюць да старту сезона) па 75% чатырох клубаў – «Аль-Наср» (той, дзе Раналду), «Аль-Хіляль», «Аль-Ітыхад» і «Аль-Ахлі». З заявы міністра спорту вядома, што праўленне кожнага з клубаў будзе складацца з сямі чалавек, пяць з якіх будуць прызначацца фондам (=дзяржавай).

Усе гэтыя клубы далёка не «штучныя» і маюць сваю гісторыю і фанбазу. «Аль-Ахлі», які ў мінулым сезоне, вылецеўшы з Д1, змог вярнуцца, мае 2,4 млн падпісчыкаў у твітэры – больш, чым палова каманд АПЛ. Дзеючы чэмпіён «Аль-Ітыхад», лідар па наведвальнасці, збiрае на кожны дамашні матч больш за 40 тысяч заўзятараў.

Саудаўская Аравія ўжо збірае зорак – і спадзяецца, што «прасцейшыя» легіянеры застануцца ў лізе

Гэта трансфернае акно і без аб'яўлення PIF намякала на тое, што Саудаўская Аравія пастараецца перацягнуць да сябе зорак. Сумеснае валоданне чатырма самымі статуснымі клубамі дасць дзяржаве магчымасць «раўнамерна» размеркаваць запрошаных зорак.

Хто туды едзе? Ну, вось Карым Бензема стаў гульцом «Аль-Ітыхада».

Прыезд такiх зорак павінен матываваць іншых, «менш статусных» гульцоў. «Калі яны прыязджаюць, вялікія гульцы і вялікія імёны, маладыя гульцы, старыя гульцы, усіх тут рады бачыць», – так запрашаў Раналду, першая мегазорка лігі, іншых футбалістаў. Праца ў гэтым кірунку ўжо таксама вядзецца – толькі за апошнія тыдні ўсплывалі інсайды пра Левандоўскага, Абамеянга, Кантэ, Дзі Марыю, Бускетса і Альбу.

Як яны ўсе ўлезуць? У рэгламенце Д1 устаноўлены ліміты на 8 легіянераў у заяўцы на сезон. Адпаведна, са «старымі», хутчэй за ўсё, давядзецца развітвацца – як гэта ўжо зрабіў «Аль-Наср» зімой з Венсанам Абубакарам дзеля Крышціяну Раналду. У лізе спадзяюцца, што «старыя» легіянеры не пойдуць у іншыя краіны – а папоўняць клубы «другога» эшалона, тым самым павысіўшы іх узровень і ўзровень лігі ў цэлым.

Аднак на гэтым Саудаўская Аравія можа не спыніцца – бо іх план амбіцыйны: увайсці ў дзясятку наймацнейшых ліг свету. Для гэтага на пэўным этапе ліга можа пачаць купляць і не толькі вядомых «пенсіянераў» – і тут клубам з Еўропы будзе цяжка канкурыраваць. Бо калі ў іх ёсць хаця б нейкія, але правілы фінансавага фэйр-плэю (як на ўзроўні УЕФА, так і ў асноўным на ўзроўні ліг), то клубы з Саудаўскай Аравіі не стрымлівае нічога. І гэта можа яшчэ больш раздуць рынак з і так сур'ёзнай інфляцыяй коштаў на футбалістаў.

Фота: Wang Haizhou, Oscar J. Barroso/Global Look Press

Другие посты пользователя

Все посты