Tribuna/Теннис/Блоги/Мірны нядаўна перажыў наезд лукашыстаў ды анкалогiю, а 20 гадоў таму ледзь не загiнуў у пажары – жонка дзякуе тагачаснай цяжарнасцi

Мірны нядаўна перажыў наезд лукашыстаў ды анкалогiю, а 20 гадоў таму ледзь не загiнуў у пажары – жонка дзякуе тагачаснай цяжарнасцi

Але раней была iншая версiя.

8 мая, 06:00
2
Мірны нядаўна перажыў наезд лукашыстаў ды анкалогiю, а 20 гадоў таму ледзь не загiнуў у пажары – жонка дзякуе тагачаснай цяжарнасцi

Максім Мірны – адзiн з найлепшых тэнісістаў у беларускай гісторыі i сусветны топ у парным разрадзе. За гады карʼеры ён заваяваў 52 тытулы ATP у парным разрадзе, шэсць разоў станавіўся пераможцам турніраў «Вялікага шлема», узначальваў сусветны рэйтынг, а ў 2012-м выйграў золата АГ у міксце. У адзіночцы рэкорднае месца Мiрнага ў рэйтынгу – 18-е ў 2003.

Але ўсё магло знянацку скончыцца ў 2004-м. Тады Мiрны разам са сваёй сямʼёй ледзь не загінуў у пяцізоркавай гасцініцы Grand Hotel Parco dei Principi – відавым гатэлі ў самым цэнтры Рыма, дзе праходзiў чарговы турнiр.

За два дні да пачатку рымскага «Мастэрса» ў гатэлі ўспыхнуў пажар. Сямʼі Мірнага ўдалося пазбегнуць трагедыі дзякуючы правільным дзеянням тэнісіста, які настаяў на тым, што не трэба чакаць пажарных на балконе, як гэта прапаноўвала яго на той момант цяжарная жонка Ксенія.

1 мая 2024-га, на гадавiну эпiзода, якi ледзь не стаў трагічным, Ксенія Мiрная зноў успомніла тую гісторыю.

«20 гадоў прайшло з таго часу, як мы разам выйшлі з пажару ў італьянскім гатэлі. Такі вось адзін дзень нараджэння на дваіх атрымаўся. Хаця правільней сказаць «на траіх». Гэта Мелашка (Меланiя Мiрная, старэйшая дачка пары, якой тады была цяжарная Ксенiя – Tribuna.com) нас тады выратавала, «разбудзіўшы» мяне досвіткам, а я – Макса, а ён за руку правёў нас праз пекла палаючага калідора. Праз некалькі дзён пасля гэтага цудоўнага выратавання нашы думкі, жаданні і мары сталі явай. Ты прыйшла да нас тады, каб мы жылі», – напісала ў сваім Instagram Мірная.

Трэба адзначыць, што праз гады гісторыя таго выратавання ў версіі жанчыны крыху змянілася – у 2018-м яна расказвала, што прачнулася не праз цяжарнасць, а з-за «дзіўных гукаў за сцяной». Зрэшты, сутнасць гісторыі не памянялася – у крытычны момант Максім Мiрны захаваў вытрымку і знайшоў выхад са складанай сітуацыі.

Праз 20 год у Мiрнага iншыя праблемы. У канцы кастрычніка 2023-га былы тэнiсiст прыбыў у Беларусь i даў «пакаяннае інтэрвʼю» за тое, што ў 2020-м выказаўся супраць гвалту «сілавікоў» Лукашэнкі. Цалкам верагодна, тэнісіст пайшоў на такі крок з-за таго, што ягонага бацьку «прыціснуў» рэжым.

А ў канцы снежня зʼявілася інфармацыя, што ў экс-тэнісіста выявілі злаякасную пухліну галавы, i яму прыйшлося легчы на 8-гадзiнную аперацыю. Але праз трэпанацыю чэрапа пухліну выдалілі – гэта значыць усё прайшло паспяхова. Апошняе, што паведамлялася пра Мiрнага – што экс-тэнісіст разам з сямʼёй пакінуў Беларусь для працягу лячэння.

Другие посты пользователя

Все посты