Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/Баксёр, які змушана пакінуў Беларусь, – пра заняпад муайтай, жаданне выбачыцца перад амапаўцам і дыялог з адмарожанай істотай, што трымае ў руках дубіну

Баксёр, які змушана пакінуў Беларусь, – пра заняпад муайтай, жаданне выбачыцца перад амапаўцам і дыялог з адмарожанай істотай, што трымае ў руках дубіну

«Магчымасць валодаць стрэльбай – прышчэпка для захавання правоў чалавека».

Автор — bytribuna com
20 января 2023, 23:59
1
Баксёр, які змушана пакінуў Беларусь, – пра заняпад муайтай, жаданне выбачыцца перад амапаўцам і дыялог з адмарожанай істотай, што трымае ў руках дубіну

Срэбны прызёр чэмпіянатаў свету па кікбоксінгу Іван Ганін апошнія месяцы жыве ў Варшаве. У інтэрв’ю тэлеграм-каналу «О, спорт, ты – свет!» 33-гадовы трэнер, які ўсё яшчэ марыць выйсці ў рынг у якасці байца, разважае пра шанцы беларусаў на перамогу, апісвае амапаўцаў, з якімі вучыўся, і тлумачыць, навошта ўдома патрэбная стрэльба.

– Ты ўжо даўно выступаеш не ў ролі спартоўца, а ў ролі трэнера. Як адчуванні?

– На самай справе трэніраваць я пачаў яшчэ ў 2010 годзе. Толькі дзеля таго, каб мець нейкія сродкі для жыцця плюс была магчымасць трэніравацца, ездзіць на спаборніцтвы. Я ж, дарэчы, і працую па дыпломе – у мяне трэнерская адукацыя. Дык вось, трэнерства – гэта для мяне ў першую чаргу была магчымасць нешта зарабіць і паехаць на турніры, бо ў асноўным складзе зборнай Беларусі я ніколі не быў, таму даводзілася ездзіць амаль заўсёды за свой кошт. І доўгі час сумяшчаў кар'еры трэнера і спартоўца.

– Але пасля пераезду ў Польшчу сканцэнтраваўся толькі на трэнерстве.

– Так, пры гэтым я не працую з людзьмі, каб яны дасягнулі высокіх вынікаў. Да мяне ходзяць тыя, хто хоча падцягнуць фізічную форму, здароўе, неяк псіхалагічна разгрузіцца, навучыцца чамусьці новаму. Мне падаецца, у гэтым плане я добры спецыяліст, раблю сваю працу якасна. Пры гэтым, каб ты разумеў, з умоўных 10 чалавек у маёй групе 9 – гэта айцішнікі. Гэта значыць, людзі, якія ніколі прафесійным спортам не займаліся. Навучыўся раўняць людзям спіны, стопы і шмат чаго яшчэ. І займаюся я толькі з беларусамі.

– Гэта прынцыповая пазіцыя?

– Не. Проста яшчэ не валодаю польскай мовай плюс, мне падаецца, працуе сарафаннае радыё. У Instagram зрабіў адзiн пост аб тым, што трэнірую ў Варшаве, але людзі ўсё роўна ідуць, пра мяне расказваюць. Да таго ж я сам стараюся як мага больш бавіць час у беларускай супольнасці, удзельнічаю ў грамадзянскіх ініцыятывах, наведваю культурныя мерапрыемствы. Нават зрабіў сабе такі графік, каб тры вечары на тыдзень былі вольныя, каб займацца грамадскімі справамі.

– Якiмi, напрыклад?

– Кожную сераду пішу лісты палітвязьням у Беларускім Молодзевым Хабе, кожную нядзелю ўдзельнічаю ў акцыі беларусаў Варшавы каля помніка Каперніка. Па панядзелках і пятніцах абавязкова наведваю мерапрыемствы, якія праходзяць у гэтыя дні. Вялікія ўкраінскія акцыі таксама не прапускаю. Наогул, у Варшаве шмат чаго беларускага адбываецца, вельмі шмат беларускіх пляцовак, а ведаць пра падзеі вельмі дапамагае аплікацыя «Новая Беларусь». Толькі я яшчэ не ведаю, як самаму дадаць свае паслугі туды :).

– Якія мэты ў тых, хто да цябе прыходзіць?

– Насамрэч, многія ў Варшаве проста працягваюць свае трэніроўкі. Гэта значыць, яны займаліся тайскім боксам або кікбоксінгам у Беларусі, а пасля пераезду не захацелі гэта кідаць. Беларусы шукаюць трэнераў, ім расказваюць, што ёсць Юрый Булат і Іван Ганін, можна пайсці да іх. Калі людзі да мяне прыходзяць, я адразу пытаю, якія мэты, і папярэджваю, што працую толькі індывідуальна. Ну і тое, што мае заняткі не бясплатныя. Нехта мне кажа, што хоча проста падцягнуць фізічную форму, нехта хоча разгрузіцца псіхалагічна, нехта хоча ўдзельнічаць у спарынгах, нехта не хоча. Увогуле, ва ўсіх розныя мэты і матывы. Насамрэч я сам пачаў трэніравацца у Варшаве якраз таму, што мазгі не вывозілі навіны з Украіны і Беларусі. Стаміўся думаць аб тым, куды ракета трапіць гэтым разам, колькі і каму дадуць гадоў, што наогул на Радзіме. А добрых навін адтуль не так ужо і шмат. А спорт трохі выратоўвае.

– Колькі ў цябе людзей займаецца?

– А я нават не лічыў. Каб разумеў, летам магло быць па 5-7 трэніровак на дзень, зараз бывае дзве, тры, шэсць. Увогуле, людзей хапае, але вольныя месцы таксама ёсць. Кожны тыдзень я працую па пяць гадзін задарма. Набраў дзве міні-групы салідарнасці. Вось яны ў мяне напоўненыя.

– У цябе няма жадання вярнуцца на рынг у якасці спартоўца?

– Магу сапраўды сказаць, што канчатковую кропку ў сваёй спартовай кар'еры не паставіў. Жадаў бы правесці яшчэ некалькі прафесійных баёў. У канцы года ўзніклі такія думкі, падумаў, што трэба было б патрэніравацца, паглядзець, якую форму набяру. Я ж даўно сам не трэніраваўся, толькі працаваў з людзьмі. Дык вось, падумаў, што трэба было б зірнуць, як на нагрузкі адрэагуе мой арганізм, што ён скажа. Пачаў працаваць – атрымліваецца пакуль няпроста, таму што арганізм адвык ад сур'ёзных нагрузак. Я ўсё роўна не здаюся, бо жаданне выйсці на рынг яшчэ ёсць.

Вядома, гэта не значыць, што я сапраўды правяду прафесійныя баі, але жаданне і імкненне як мінімум адзін раз выйсці на рынг ёсць.

– Для чаго?

– Дзеля сябе. Свой апошні бой я прайграў, а на гэтым завяршаць кар'еру не хочацца. Калі ўжо і сыходзіць на «пенсію», то на пераможнай ноце. Скажу так, калі б у 2019 годзе на сваім апошнім чэмпіянаце свету перамог, стаў найлепшым, то, хутчэй за ўсё, тады б і скончыў кар'еру. Але я стаў другім, таму хачу перамагчы і скончыць. Нікому нічога даказваць не збіраюся, проста хочацца зноў адчуць смак перамогі, тыя выдатныя эмоцыі. Павер, такіх эмоцый нідзе не зведаць. Можна сказаць, дзеля іх я і заставаўся ў спорце, таму што асаблівых грошай ён мне не прыносіў. 

– Пад якім сцягам хочаш вярнуцца на рынг?

– А мне абавязкова адказваць на гэтае пытанне :)? Усё ж відавочна – пад бел-чырвона-белым.

***

– Зараз сочыш за беларускім кікбоксінгам?

– За галоўнымі навінамі, скажам так. Не тое, што я трымаю руку на пульсе, але сёе-тое да мяне даходзіць.

– Што, напрыклад?

– Напрыклад, поўнае дамінаванне маёй былой залы, майго былога месца працы Gridin Gym. Некалькі дзён таму Чынгіз Алазаў, які трэніруецца ў гэтай зале, стаў чэмпіёнам у паўлёгкай вазе арганізацыі One Championship. Ён не проста перамог, а вынес свайго зорнага суперніка [Супербона Сінгха Мавіна]. Гэта проста монстар!

– Чаму ўдалося дасягнуць такога поспеху?

– Таму што Алазаў – найвялікі талент і прафесіянал, трэніруецца пад кіраўніцтвам таленавітага Андрэя Сяргеевіча Грыдзіна. А гэта чалавек, які здольны з такога талента вырасціць брыліянт. І не проста вырасціць, а развіваць спартоўцаў да касмічнага ўзроўню. Па ўзроўні трэнерскага таленту я б Грыдзіна, мусіць, параўнаў з Мікалаем Казека з фрыстайлу. Я не бачыў ніколі ў кікбоксінгу, і не толькі беларускiм, лепшага стратэга, лепшага трэнера, чым Андрэй Сяргеевіч. Ён ведае, як павінен выглядаць баец праз 5-7 год, і ведае, што дзеля гэтага трэба зрабіць. Пры гэтым важна сказаць, Грыдзін – адзіны трэнер у беларускім кікбоксінгу і тайскім боксе, хто ніколі не ўваходзіў у склад федэрацыі. Трэба адрозніваць аматарскі кікбоксінг і прафесійны, з невялікай розніцай, гэта прыкладна як у класічным боксе. У Андрэя Сяргеевіча няма кіраўнікоў, якія яму б перашкаджалі працаваць.

У беларускім тайскім боксе ці кікбоксінгу хапае звычайных, скажам так, сярэдніх спартоўцаў, калятопаў, але Грыдзін умее знайсці сярод іх тых, з каго можна выгадаваць сапраўдных зорак. Сістэма гэтага не ўмее, а вось Андрэй Сяргеевіч мае такі талент. Ён такі адзін у Беларусі.

– У якім стане наогул цяпер кікбоксінг у краіне?

– З кожным годам становішча усё горш і горш, узровень віду спорту падае. Прычым гэтая дэградацыя ідзе ўжо шмат гадоў. Мне здаецца, гэта звязана з тым, што ўсё большую папулярнасць набывае MMA, UFC. Як ні круці, там большыя грошы. Плюс пачалі імкліва падаць вынікі беларускіх спартоўцаў у кікбоксінгу, тайскім боксе. Раней Беларусь славілася чэмпіёнамі на кожным чэмпіянаце свету, зараз такога ўжо няма. Чаму? Можа, іншыя краіны падцягнулі свой узровень. Яшчэ і такоё ёсць, гэта маё меркаванне, чым менш людзей удзельнічае ва ўнутранных спаборніцтвах, тым меншая канкурэнцыя. А ад гэтага пакутуе і якасць спартоўцаў.

Па-сапраўднаму якасных байцоў у Беларусі становіцца ўсё менш і менш, адсюль і церпяць вынікі на міжнароднай арэне. Раней былі такія вагавыя катэгорыі ў чэмпіянаце краіны, дзе адначасова маглі быць тры-чатыры чэмпіёны сьвету. Зараз такога няма. Пры гэтым клубаў менш у Беларусі не становіцца. Наадварот, толькі больш, нягледзячы на тое, што закрылі ўжо клубы Булата і Гуркова. Проста справа ў тым, што калі я пачынаў трэніравацца, клубы і трэнеры, якія працавалі там, былі ў першую чаргу арыентаваныя на дасягненне спартовых вынікаў, а цяпер яны адчыняюцца дзеля масавага спорту.

[Пры гэтым] Засталося яшчэ багата трэнераў з амбіцыямі. Вось яны шукаюць, дзе ім атрымліваць грошы на жыццё, на нейкія паездкі. І трапляюць у бюджэтную пастку.

Бо каб ім атрымліваць грошы, трэба паказваць вынікі на пэўных аматарскіх стартах. І сваё галоўнае прызначэнне яны бачыць толькі там, а на наступны ўзровень пераходзіць ужо не хочуць, бо далей – прафесійны спорт.  Вось такія як раз гатовыя па загаду кіраўніцтва рабіць усе праўладныя справы. Бо для іх начальнік і ёсць гаспадар. А грошы, якія ім плацяць, зусім невялікія.

– Па-твойму, ці будуць у беларускіх спартоўцаў медалі на топ-турнірах у бліжэйшы час?

– Думаю, адзінкавыя будуць. Нейкія трэнеры будуць трымаць свой узровень. Хоць пакуль сітуацыя сумная. Некалькі гадоў таму на чэмпіянаце свету беларусы ўпершыню з 1994 года не ўзялі ніводнага залатога медаля. Ні мужчыны, ні жанчыны. Гэта трывожны званочак.

– Што трэба, каб беларускі кікбоксінг і тайскі бокс вярнуліся на ранейшы ўзровень?

– Самы першы і абавязковы крок дзеля гэтага – каб вайна спынілася. А далей ужо праца на перспектыву, мне здаецца, трэба выходзіць за межы спорту на якасна іншы ўзровень: дзіджытал-маркетынг, ахоп аўдыторыі дзеля напаўнення залы.

– Не хочаш стаць тым трэнерам, які ў Беларусі вырасціць чэмпіёна?

– Не, ніколькі. Калі я выходзіў на рынг, была мэта стаць чэмпіёнам свету. Двойчы набліжаўся да гэтай мэты, але двойчы станавіўся другім на ЧС. Так што гэтая амбіцыя так і засталася нерэалізаванай. Што тычыцца трэнерства, то былі пэўныя поспехі – мае вучні станавіліся чэмпіёнамі ў Беларусі, перамагалі на Кубку свету. Але зараз мне ў першую чаргу хочацца даказаць самому сабе, што я магу зарабляць не толькі трэніроўкамі ці індывідуальнымі заняткамі. Мне хочацца даказаць сабе, што здольны зарабляць яшчэ і галавой, хачу рэалізаваць сябе ў якой-небудзь іншай галіне. Так што для мяне гэта зараз куды больш важна, чым выхаваць чэмпіёна. Мне хочацца быць карысным для новай Беларусі, але, мусіць, ужо не ў спорце.

– Як табе ў прынцыпе цяпер жывецца ў Варшаве? І ў эканамічным плане, і ў сацыяльным.

–У Варшаве вельмі падабаецца, калі шчыра. Тут багата вельмі цікавых для мяне людзей, з якімі прыемна мець знаёмства і бавіць час. У кожнага з іх чаму-небудзь новаму вучышся. Бываюць такія думкі, што Варшава - культурная сталіца Беларусі ў выгнанні.

У эканамічным плане стала некалькі горш у параўнанні з летам. Умоўна, раней на кватэру адкладваў за тыдзень, зараз – за чатыры. Але ўсё гэта вырашальна, ды і наогул, у Варшаве вельмі добрыя магчымасці для працы, адукацыі і самарэалізацыі.

– І яшчэ наконт развіцця кікбоксінгу ў Беларусі. Цяпер у зборную прывозяць малдаван, якія выступаюць за нашу краіну. Як ты да гэтага ставішся?

– Гэтыя хлопцы – Максім Казак і Віктар Нечытайла – самі з Прыднястроўя, з акупаванай тэрыторыі. Там няма нармальнага жыцця, спорту, людзі толькі і робяць, што шукаюць варыянты, як бы зарабіць, каб пражыць, паесці. А ў Беларусі ў Максіма і Віктара была магчымасць трэніравацца, атрымліваць нейкія грошы, ездзіць на спаборніцтвы. Я меў зносіны з хлопцамі, і яны як раз так растлумачылі свае матывы. Так што галоўная мэта для іх – гэта проста мець магчымасць займацца справай. Такая магчымасць з'явілася ў Беларусі. Так што іх можна зразумець.

– А для беларускага спорту добра, калі заводзяць у зборную малдаван?

– Максім і Віктар – спартоўцы даволі высокага ўзроўню, чэмпіёны свету, і яны ствараюць канкурэнцыю. Тыя, хто з імі бьецца, растуць на такіх баях. Так што пэўны плюс у гэтым плане ўсё ж такі ёсць.

– Як ты ўспрыняў навіну пра тое, што беларускім і расійскім баксёрам дазволілі выступаць на спаборніцтвах пад сцягам сваіх краін?

– Негатыўна. Тут перш за ўсё трэба думаць пра ўкраінцаў, якім з імі дзяліць рынг. Усе гэтыя сітуацыі я параўноваю з падзеямі другой сусветнай. Уявіце, што падчас вайны спартоўцы фашысцкай Нямечынны і іх паплечнікі змагаюцца на афіцыйных спартовых стартах пад фашысцкім сцягам. Вось для мяне гэта неяк так выглядае.

***

– Каго ты больш паважаеш – байцоў, якія праяўляюць смеласць на рынгу або па-за ім?

– Вядома, у сённяшніх байцоў у Беларусі ёсць яйкі. Усё ж пэўная смеласць, каб выйсці на рынг, патрэбная, нават калі за плячыма ўжо 200 баёў. Аднак грамадзянская мужнасць - гэта зусім іншае. Зараз час выказвацца ўжо згублены. Усе, хто быў здольны, выказаўся. Астатнім альбо абыякава на ўсе падзеі вакол, альбо яны рабы сваіх гаспадароў, якія даюць ім грошы. Ім гэта важней за выказванне ўласнай пазіцыі.

Наконт твайго пытання, тут гаворка не аб павазе, а аб цікавасці да таго ці іншага чалавека. У Беларусі, аб'ектыўна, шмат класных байцоў, якія крута выступаюць на рынгу, з характарам, перамагаюць, але яны мне нецікавыя. З другой паловы 2020-го я пракачваюся ў сферах зусім далёкіх ад спорту. Груба кажучы, мы з імі жывем у розных светах.

– Хто з беларускіх байцоў цябе расчараваў у гэтым плане? 

– Ды няма кагосьці канкрэтнага. Проста ў большасці сваёй кікбоксінг і тайскі бокс Беларусі мяне расчараваў тым, што спартоўцы аказаліся не такія мужныя ці абыякавыя па-за рынгам, як на ім.

– Памятаеш, як некаторыя нашы байцы падпісвалі праўладны ліст? Напрыклад, Андрэй Кулебін, Дзмітрый Валент. Як ты ставіўся да іх учынку?

– Дзякуй Богу, што яны падпісалі. Наогул, я рады, што ў маем спорце з'явіліся падпісанты. Чаму рады? Добра, што гэтыя людзі праявілі сябе, а не насілі ўсё ўнутры, гэта значыць яны паказалі, кім з'яўляюцца насамрэч. Так бы, можа, я меў зносіны са спартоўцам і не ведаў, хто ён. Так ужо разумею і раблю высновы. Так што рады, што яны зрабілі так. І не важна, якія матывы імі рухалі, прымушалі іх ці не. Мы гаворым якраз пра мужнасць, якая па-за рынгам. Яе ў гэтых людзей не аказалася. Ну а мы пазналі сапраўдную сутнасць людзей.

– Аднак Валент зусім хутка адклікаў свой подпіс, назваў той учынак памылкай.

– Калі шчыра, асабліва мяне непрыемна ўразіў подпіс Валента, таму адразу пасля з'яўлення той навіны напісаў яму. Шчыра, думаў, што за Дзіму нехта падпісаў. Не, аказалася, што ён усё зрабіў сам. Потым, відаць, пагутарыў з кімсьці, падумаў і вырашыў адклікаць подпіс. Нехта можа крытыкаваць яго, лаяць за тое, што спачатку зрабіў так, потым вось так. Але, прабачце, нехта з тых, хто падпісаў праўладны ліст, зрабіў такім жа чынам? Не. Прынамсі, я такіх не памятаю. І Валент – адзіны ў гэтым плане, за гэта ён у мяне выклікае павагу. Дзіма зрабіў памылку, зразумеў гэта і выправіў яе публічна. А інтэрв'ю, якое потым выйшла з гэтай нагоды, атрымалася вельмі шчырым. Вельмі ўдзячны Валенту за ягоны ўчынак.

– Неяк падтрымліваеш з ім сувязь?

– Не, нават не ведаю, дзе ён, у якой краіне і чым займаецца.

***

– Ты на рынгу або на трэніроўках сустракаўся з сілавікамі?

– Біўся неяк з адным хлопцам, які апасля пайшоў працаваць у АМАП, але ўвосень 2020-га звольніўся адтуль. Затое я вучыўся ў БДУФК з сілавікамі.

– Якое яны пакідалі ўражанне?

– Як табе сказаць... Мне здаецца, што зусім тупыя прадстаўнікі сілавога блока, АМАПу, застаюцца на сваіх месцах усё жыццё, па службе асоба не прасоўваюцца. А ёсць іншая катэгорыя людзей – таксама тупыя, але больш хітрыя – і яны прасоўваюцца. Вось так бы я ахарактарызаваў сілавікоў. Дарэчы, неяк перасякаўся на спаборніцтвах з Эдуардам Пестраком, якога зараз судзяць за [так званы] тэрарызм. Гэта былы амапавец. Калі прачытаў навіны пра яго, быў у шоку. Шчыра, думаў, што Эдуард – як службовы сабака, які выканае любы загад. Скажуць фас – пабяжыць і ўкусіць. Але, аказалася, нешта ўнутры ў яго ёсць, мяне гэта вельмі здзівіла. І мне бы хацелася папрасіць прабачэньне ў яго за свае думкі.

– Цяпер у сілавым блоку засталіся тыя, у каго сумлення няма?

– Можа, усе яны калісьці і былі нармальнымі людзьмі, але доўгі час правялі ў такім асяроддзі, у такім становішчы, якое не пакідае шанцаў для захавання сумлення. І, напэўна, такія людзі проста самі з сабой дамовіліся ісці па намечаным шляху, умоўна кажучы, заставацца сабакамі, якія гатовы выконваць любы загад. Ім так зручней.

– Пакуль такія «сабакі» ёсць, будзе і рэжым?

– З інтэлігентам ты можаш аб нечым дамовіцца, перамагчы сваімі думкамі, словамі, альбо пагадзіцца з яго довадамі. Але калі інтэлігент прыходзіць на размову да адмарожанай істоты з дубінай, якая разумее мову сілы, то шанцаў на перамогу няма. Ты яму 500 аргументаў, а ў яго адзін адказ – дубіна, якая можа ў любы момант прыляцець па галаве. Мне падаецца, пакуль у інтэлігента не будзе сваёй дубіны, ты апанента не пераможаш. З рэжымам трэба размаўляць толькі на той мове, якую ён разумее.

– Тыя беларусы, якія засталіся ў краіне, але хочуць перамен, разумеюць гэта? Ці яны ўжо змірыліся з рэальнасцю?

– У людзей ёсць разуменне, што дубіны ў нас, на жаль, пакуль няма, таму неяк размаўляць з рэжымам нерэальна. Пакуль адзін шанец на перамогу – гэта полк Кастуся Каліноўскага, які робіць усё дзеля перамогі Украіны ў вайне супраць Расiі, каб потым ужо дапамагчы перамагчы праўдзе і закону ў Беларусі. Трэба разумець, што наш галоўны вораг – не Лукашэнка. Наш вораг – гэта ўся Расiя, яе дапамога. Таму калі спадзе рэжым у Расiі, стане лягчэй перамагчы Лукашэнка. Ён пазбавіцца падтрымкі суседняй краіны.

– Ты падтрымліваеш кантакты з тымі, хто застаўся ў Беларусі?

– Канешне. Абавязкова раз на тыдзень тэлефануюся.

– Што яны кажуць пра жыццё ў Беларусі?

– Усім сумна і цяжка. Хтосьці імкнецца адшукаць хаця б мінімальныя нагоды радавацца жыццю, нешта робіць, хтосьці ж знаходзіцца ў дэпрэсіі. Я з імі маю зносіны і імкнуся данесці, што цяпер галоўнае – гэта захаваць свае эмацыйныя сілы. Бо яны будуць патрэбныя, калі надыдзе час для фінальнага рыўка.

– Гэтыя людзі яшчэ спадзяюцца на фінальны рывок?

– Як сказаў мне адзін знаёмы, у Беларусі яшчэ можна пачуць «Жыве Беларусь!», але ўжо шэптам. Я не магу казаць людзям, якія засталіся ў краіне, што і як ім рабіць, таму што не маю права на гэта – сам з'ехаў. Не ведаю, што б я рабіў на іх месцы, чым бы займаўся. Аднак змены чакаюць усе, нават лукашысты гэта разумеюць.

– Што стане трыгерам для таго, каб людзі зноў выйшлі?

– Перамога Украіны. Тады рэжым Лукашэнка пазбавіцца падтрымкі Расіі і перамагчы нам стане лягчэй. Плюс трэба разумець, што ў беларускай арміі, якая, мне падаецца, не пойдзе вайной ва Украіну, ёсць адэкватныя людзі. Яны не жадаюць вяртацца дадому ў чорных пакетах, таму што разумеюць, што дубіна Украіны нашмат мацнейшая і большая. З іншага боку, варта прызнаць, што ў Беларусі, і ў тым жа войску, хапае «ватнiкаў», якія падтрымліваюць Расію і ўсё, што яна робіць. Гэта вельмі сумна.

– Як ты лічыш, за апошнія пару гадоў беларусы неяк змяніліся?

– Мне здаецца, з'явілася больш людзей, якія імкнуцца пазначыць сваю нацыянальнасць, сваю ідэнтычнасць. Разумеюць, што адбываецца навокал. І гэта відавочна, што не можа не цешыць. Я вось такі адзін з іх, і ведаю шмат людзей, якія паўсталі на падобны шлях.

– Пры гэтым у Беларусі рэпрэсіі супраць звычайных грамадзян толькі ўзмацняюцца.

– Пакуль існуе Лукашэнка, рэпрэсіі не спыняцца. Яны раскручваюцца, як махавік. І яны не спыняцца пры гэтай уладзе.

– Хуткасць рэпрэсій залежыць ад павелічэння страху рэжыму?

– Не думаю. Мне здаецца, тут працуе інэрцыя. Вось калі рэжым баяўся, рэпрэсіі толькі пачыналіся, праводзіліся акуратна, каб не было асабліва заўважна. А зараз рэпрэсіі ідуць ужо незалежна ад таго, баіцца рэжым звычайных беларусаў ці не. Сістэма страціла ўсякі страх і імкнецца закрыць як мага больш нязгодных. 

– З чым ты звязваеш тэндэнцыю здымак пакаянных відэа?

– Сілавікі такім чынам банальна імкнуцца запалохаць людзей, гэта ж сапраўдны тэрор. Сэнс адзін – пасяліць у людзях страх.

– Гэта ўплывае на народ?

– Вядома. Людзі рэальна запалоханыя. Ведаеш, нешта падобнае, наколькі памятаю, ужывалася яшчэ ў часы СССР, таксама запалохвалі людзей тым, што за кожным могуць прыехаць. Усё паўтараецца, толькі ва ўмовах цяперашняга часу. Тады непажаданых забіралі па начах, прыязджалі чорныя «варанкі». А зараз могуць забіраць у любы час, ды яшчэ і відэа здымаць.

– Як ты ставішся да ціску на незалежныя СМІ?

– Будзем шчырымі, незалежных СМІ ўнутры Беларусі ўжо не засталося. Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да праваабарончых арганізацый, адвакатаў.

Усё робіцца з адной мэтай: каб ніхто не мог абараняць звычайных беларусаў, каб ніхто не мог бачыць, расказваць ці чытаць праўду. Тым, хто ў краіне, не дазволена ведаць праўду, таму што Лукашэнка разумее, што фінальны рывок да перамогі будуць рабіць менавіта тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі. Так, тыя, хто за мяжой, могуць рабiць нешта, набліжаць перамогу, але фінальны этап застанецца якраз за тымі, хто на Радзіме. І яны возьмуць уладу ў свае рукі, калі прыйдзе час.

– Ты сам якія крыніцы інфармацыі выкарыстоўваеш?

– Натуральна, незалежныя, але, напрыклад, у пачатку вайны я падпісаўся яшчэ на  расiйскі праўладны тэлеграм-канал, каб паглядзець, што яны там пішуць, каб параўноўваць. Шчыра, мяне хапіла на тыдзень. Агідна чытаць. Цяпер больш гляджу тых, хто робіць агляды праўладных СМІ, нейкія відэа. Мне здаецца, прапаганда спецыяльна сядзіць і прыдумляе нейкую ерась, разлічаную на тое, каб адвесьці ўвагу ад важных навін.

– Як думаеш, беларусы вераць прапагандзе?

– Тут я хачу падзякаваць Грышу Азаронка :). У мяне ёсць знаёмая жанчына, ёй ужо даволі шмат гадоў, яна дастаткова доўга была лукашысткай. Але пачала глядзець Азаронка і прызадумалася, а ці рэальна ўсё так, як ён кажа. Пачала чытаць незалежныя СМІ і цалкам змяніла сваю пазіцыю. Мазгі вярнуліся ў нармальнае рэчышча дзякуючы Азаронку. Мне ўвогуле здаецца, што прапагандыстам не вераць нават іх родныя.

– Як ты ставішся да практыкі так званых завочных судоў?

– Час такі, што завочны суд нашмат лепшы, чым сапраўдны. Пазбаўленьне грамадзянства з той жа оперы. Гэта зусім ні на што не ўплывае.

– Ёсць сярод тваіх знаёмых тыя, хто быў раней супраць Лукашэнкі, а цяпер яго падтрымлівае?

– Такіх няма. Аднак, на маё здзіўленне, ёсць такія людзі, якія былі супраць Лукашэнкі, а калі пачалася вайна, пачалі казаць, што не ўсё так адназначна. Нейкі час спрабаваў з імі размаўляць, але зараз – рускі ваенны карабель адпраўляецца па вядомым адрасе. Выдаляю са свайго жыцця, не хачу марнаваць свой час.

Дарэчы, ёсць людзі, зусім да мяне і маіх спраў не датычныя, але хто мяне крытыкуе за тое, што з'ехаў, некага падставіў, кінуў і гэтак далей. Мне гэта смешна чытаць, бо зусім не сорамна за тое, што я зрабіў. Ёсць шмат учынкаў за якія мне сапраўдны вельмі сорамна ў жыцці, але не за тое, як я сябе паводзіў з 2020 года.

– Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе захавана смяротная кара. На яе, па-твойму, трэба ўводзіць мараторый?

– Адназначна. Проста цана памылкі вельмі высокая, калі ёсць смяротнае пакаранне. Рана ці позна, гэтая памылка ўсплыве, калі яна ёсць. Дык навошта чалавека пазбаўляць жыцця праз яе? Так, многія заслугоўваюць такога пакарання, але нават яны павінны раскайвацца астатняе жыццё, разумець, што зрабілі. А смяротнае пакаранне – гэта занадта лёгкі для іх шлях.

– Дарэчы, па-твойму, ці талерантныя беларусы, у тым ліку да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі?

– Мне здаецца, што беларусы адзін з самых талерантных народаў у свеце да ўсяго і ўсіх, акрамя прадстаўнікоў нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Чаму так? А хто яго ведае...

– Ці гатовыя беларусы выбіраць кіраўнікоў гарадоў, вобласцей, ці ўсё варта пакінуць так, як ёсць зараз, калі гэтыя пытанні вырашае адзін чалавек?

– Мне здаецца, яшчэ не гатовыя, але пачынаць ужываць гэта трэба адразу, як будзе магчымасць. І мая мара – каб у маіх родных Міханавічах выбары мясцовага кіраўніка былі больш значныя, чым выбары прэзідэнта краіны.

– З чаго пачынаць адбудову Беларусі?

– У маім разуменні, калі будзе новая Беларусь, жыць прасцей, чым цяпер, не атрымаецца. Прынамсі спачатку. Таму што зараз Беларусь цалкам завязана на Расіі, яна залежыць ад гэтай краіны. Калі знікне падтрымка Расіі, людзей будзе хваляваць, што есцi, як пражыць, што рабіць далей. Мне здаецца, трэба будзе спачатку вырашыць менавіта гэтыя пытанні, неяк аблегчыць жыццё народа ў сацыяльным плане. А потым ужо вырашаць наступныя пытанні. Якасная сістэма стрымлівання і супрацьваг – прышчэпка ад дыктатуры. Магчымасць валодаць стрэльбай – прышчэпка для захавання правоў чалавека. Вельмі шмат вызаваў будзе.

Фота: з асабістага архіва Івана Ганіна

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты