Tribuna/Футбол/Блоги/О духе времени/«Прыехаў з краіны для жыцця на загніваючы Захад, дзе атачаюць геі і лесбіянкі». Якія праблемы могуць чакаць падпісанта за Лукашэнку ў Цырку дзю Салей

«Прыехаў з краіны для жыцця на загніваючы Захад, дзе атачаюць геі і лесбіянкі». Якія праблемы могуць чакаць падпісанта за Лукашэнку ў Цырку дзю Салей

Папярэджанне для алімпійскага чэмпіёна Ганчарова.

Автор — bytribuna com
22 мая, 11:41
«Прыехаў з краіны для жыцця на загніваючы Захад, дзе атачаюць геі і лесбіянкі». Якія праблемы могуць чакаць падпісанта за Лукашэнку ў Цырку дзю Салей

На днях стала вядома, што алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў пачаў працаваць са знакамітым Cirque du Soleil. 27-гадовы спартсмен перабраўся ў ЗША, дзе ўвайшоў у склад трупы шоу «Майкл Джэксан».

Пры гэтым раней Ганчароў падпісваўся ў падтрымку дыктатарскага рэжыму, удзельнічаў у мерапрыемствах з сынам Аляксандра Лукашэнкі ўжо пасля выбараў-2020.

Сваім меркаваннем наконт пераезда батутыста падзяліўся іншы беларус, які таксама выступае ў Cirque du Soleil. Былы гімнаст Сямён Букін у свой час падпісаў ліст спартсменаў за чэсныя выбары і актыўна выказваў сваю пазіцыю наконт рэпрэсій. Ці хвалююць цырк палітычныя погляды ўдзельнікаў трупы і якія пытанні хочацца задаць Ганчарову? Мы пагаварылі не толькі пра гэта.

– Раскажы, як можна ў прынцыпе патрапіць у Cirque du Soleil.

– Ёсць некалькі шляхоў. Першы – калі ты добры прафесійны спартовец, цябе могуць заўважыць на спаборніцтвах і рэкрутаваць. Агенты з Cirque du Soleil прыязджаюць на буйныя спаборніцтвы, сочаць за гімнастамі, а потым запрашаюць у цырк. Раней гэта рабілася цішком, з-за чаго ўзнікалі скандалы з Міжнароднай федэрацыяй гімнастыкі. Але цяпер паміж цыркам і федэрацыяй наладжана супраца, і калі гімнаст блізкі да завяршэння кар'еры ў зборнай, то яму афіцыйна можна прапаноўваць перайсці ў Cirque du Soleil.

Другі шлях – гэта калі ты выступаеш у звычайным цырку, а потым сам вырашыў патрапіць у Cirque du Soleil. Трэба запоўніць заяўку, прымацаваць прома-відэа, дзе паказана тваё майстэрства, адправіць гэта ўсё разам з рэзюмэ, указаўшы заслугі ў спорце, калі раней быў з ім звязаны, і ў цырку. Цябе могуць запрасіць на так званы прагляд. На тры месяцы заключаецца кантракт, цягам гэтага часу ты працуеш, за табой сочаць, глядзяць, што ты ўмееш, запрашаюць на шоў. Могуць запрасіць таксама на асобны кастынг, дзе ты павінен паказаць сваё ўменне.

Але ні пасля першага, ні пасля другога варыянту ты ўсё роўна можаш не патрапіць у цырк. Дапусцім, ты спадабаўся па выніках трохмесячнага кантракта, але пры гэтым не факт, што ў цырку будзе свабодная пазіцыя. Напрыклад, ты выступаеш на турніках, але ўсе месцы там занятыя. Тады цябе ўнясуць у базу даных і пры першай магчымасці выклічуць.

Я патрапіў праз кастынг. І памятаю, як мне задалі пытанне: «Калі заўтра табе прапануюць усё кінуць і паехаць разам з цыркам, ты гатовы ці не?» У любым выпадку трэба адказваць так. Цябе ўносяць у базу, а потым у любы момант могуць тузануць. І ў мяне гэтак і атрымалася: быў кастынг, а праз нейкі час мяне выклікалі і далi кантракт. Наогул гэтае чаканне можа доўжыцца колькі заўгодна: і месяцы, і год, і два. Я чакаў свой кантракт дзесьці паўгода. Але паехаў праз год, таму што дату пачатку падрыхтоўкі да шоў адсунулі яшчэ на паўгода.

– Што тычыцца адбору праз спартыўныя спаборніцтвы, прадстаўнікоў цырка цікавяць перш за ўсё гімнасты?

– Так, але пры гэтым у нас працуюць нават былыя хакеісты, цяжкаатлеты. Ёсць нумары, дзе патрабуецца падтрымка буйных здаровых мужыкоў.

– Шмат у цырку былых прафесійных спартсменаў, якія дабіваліся сур'ёзных поспехаў на міжнароднай арэне?

– Вельмі шмат, і гэта адна з фішак Cirque du Soleil. Кампанія клапоціцца пра свой імідж, хоча паказваць, што гэта цырк нумар адзін не толькі па ўмовах, але і кадраваму складу.

Памятаю, калі я атрымаў пашкоджанне ў 2018 годзе і праходзіў аднаўленне, на мой цыркавы нумар на трэнавальны кантракт прыехаў чалавек, які ў свой час стаў срэбным прызёрам Алімпіяды на перакладзіне, – француз Бенджамін Варанян. На Гульнях-2000 ён атрымаў аднолькавую колькасць пунктаў з расіянінам Аляксеем Немавым, але тады нельга было дзяліць першае месца. У выніку па нейкіх дадатковых паказчыках Бенджамін стаў другім. Увогуле гэты амаль алімпійскі чэмпіён праходзіў стажыроўку на мой нумар - і не змог, яго не ўзялі. Нягледзячы на заслугі ў спорце. Гэта яшчэ адзін паказчык, што цырк і спорт – зусім розныя рэчы, няхай і даволі блізкія.

У цырку са спорту – базавая тэхніка выканання элементаў, нейкіх саскокаў. Астатняе – цыркавыя штукі. Шмат камбінацый у групе людзей: ты павінен арыентавацца на партнёра, які ляціць па перакладзінах, табе ў рукі. Гэта ўжо, па сутнасці, групавая гімнастыка, не зусім спорт. Плюс не заўсёды прысутнічаюць маты, як у спорце. Шмат музыкі, святла, вялізная колькасць людзей. Не кожны зможа ўсё гэта вытрымаць.

– Бенджамін не прайшоў адбор, але ці ёсць сёння ў цырку прызёры Гульняў, чэмпіянатаў свету або Еўропы?

– Думаю, ёсць, але я проста не ўсіх ведаю. Што тычыцца выключна майго нумара, то ўзгадаю Серхіа Сасакі. Гэты бразілец выступаў у спартовай гімнастыцы, і ён з'яўляецца вучнем беларускага трэнера Уладзіміра Ваткіна, які працуе цяпер у Аўстраліі. Дык вось, Сасакі – двухразовы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, фіналіст гэтых спаборніцтваў, але поспехаў на чэмпіянатах свету не дасягаў. Перамагаў толькі ў Лацінскай Амерыцы, на кантынентальных спаборніцтвах. Тым не менш хлопец дастаткова моцны, дасведчаны.

Выступаў у нас яшчэ мой сябар украінец Віталь Наканечны. У камандных спаборніцтвах на Гульнях-2012 заняў чацвёртае месца. Ён станавіўся прызёрам чэмпіянатаў Еўропы, выходзіў у фінал чэмпіянатаў свету.

Увогуле, калі задацца мэтай, думаю, можна і ў іншых нумарах адшукаць топавых спартоўцаў, якія бралі медалі на розных спаборніцтвах. Пры гэтым, паўтаруся, далёка не кожны нават самы выдатны атлет можа стаць артыстам Cirque du Soleil.

***

– Мяркуючы па апошніх навінах, алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў ужо месяц працуе з цыркам. Калі ў СМІ з'явілася гэтая інфармацыя, табе шмат паступала паведамленняў з пытаннямі і ўдакладненнямі?

– Вельмі шмат! Я жыву цяпер у ЗША, у нас з Еўропай істотная розніца ў часе. Прачнуўся, памыўся, уключыў тэлефон - і бачу кучу паведамленняў, адзнак у каментарах у сацсетках, пытанні «што адбываецца?», «як так?» Як быццам я ў кіраўніцтве цырка і сам запрасіў Ганчарова :).

Пры гэтым, сапраўды, Улад працуе ўжо месяц у цырку ў Лас-Вегасе, у шоў «Майкл Джэксан». Але мне расказалі, што ў яго там не ўсё атрымліваецца. Вось пра што я і казаў: не кожны алімпійскі чэмпіён можа працаваць у цырку. Плюс мне таксама расказалі гісторыю, як Ганчароў звальняўся з нацыянальнай зборнай. Не ўпэўнены на 100 адсоткаў, што гэта праўдзівая гісторыя, але нібыта Уладу сказалі за разрыў кантракту заплаціць чатыры тысячы долараў, а калі ён прыйшоў аддаваць, яму ўжо сказалі пра суму ў 40 тысяч.

– Да гэтага мы яшчэ вернемся. А што ты адказваў людзям на паведамленні пра тое, што адбываецца, чаму Ганчароў апынуўся ў цырку?

– А нічога, па сутнасці, спрабаваў неяк аджартоўвацца. Не я ж прымаў яго на працу. Хтосьці мне напісаў такое паведамленне: «Ён мяне яшчэ раздражняў, калі на залатым BMW ездзіў па Мінску». На што я адказваў: «Ну, машына ж не вінаватая, што за рулём апынуўся лукашыст» :). А ўвогуле кажу, што ў цырка такая пазіцыя, што мастацтва павінна быць па-за палітыкай. Хаця для мяне асабіста гэта так жа смешна, як і спорт па-за палітыкай.

Насамрэч у цырку не ведаюць пра беларускае пытанне, што было ў 2020 годзе. Многія не ведаюць і не разумеюць, што адбываецца паміж Расіяй і Украінай, і зараз пачалі нават запрашаць людзей з Расіі. Для мяне незразумела, як так атрымоўваецца.

Памятаю, адна трупа жыла ў Манрэалі, потым туды прыехалі мы. У адным з нумароў пасяліўся мой сябар, і аказалася, што там да яго жыў нейкі паўдурак ці то з ЛНР, ці то з ДНР - з нейкай бананавай рэспублікі. І на сцяне была адпаведная налепка. Я калі ўбачыў яе, увогуле не зразумеў, што адбываецца. Сябар яе зняў. Увогуле, у цырку хапае людзей, якія няхай і ціха, але падтрымліваюць Расію. Больш за тое, скажу, што ёсць беларусы, якія падтрымліваюць Расію.

Мне наконт Ганчарова пісалі: «Плюнь яму ў спіну» і гэтак далей. А што зменіцца ад гэтага? Мяне адправяць дадому, і каму ад гэтага будзе лягчэй? Выйдуць на волю палітвязні? Не. Людзі хочуць помсты, але я не помслівы чалавек. Гэта я да таго, што ніяк не паўплываю на розумы тых, хто падтрымлівае Расію ці рэжым у Беларусі. Гэта датычыцца і Ганчарова, і іншых беларусаў у цырку.

– Як сам адрэагаваў на навіну пра тое, што Уладзіслаў апынуўся ў цырку?

– Ужо спакойна, таму што гэта такая ж навіна, як Базанава бачылі на закупах у Беластоку. Або што Недасекаў у «Акропалісе». Няхай на такія навіны рэагуюць людзі, якія займаюцца палітыкай, тыя самыя дэмакратычныя сілы. Няхай яны робяць так, каб падобныя людзі не ездзілі па замежжах, пішуць адпаведныя лісты ў пасольствы. Таму ў мяне цяпер больш пытанняў не да цырка, а да тых, хто Ганчарову выдаў візу, дзякуючы якой ён і апынуўся ў ЗША. Вось з гэтым трэба разбірацца, а не з цыркам.

– Якія пачуцці ў цябе ад таго, што ў Cirque du Soleil апынуўся чалавек, які падтрымлівае рэжым Лукашэнкі?

– Унутры не засмучэнне, а, хутчэй, ноткі агрэсіі. Але я праяўляць яе не буду.

– Ёсць варыянт, што ты з Ганчаровым перасячэшся на адной сцэне?

– Не, у нас жа розныя шоў. Улад у стацыянарным шоў, якое пастаянна базуецца ў Лас-Вегасе. І калі нехта хоча яго ўбачыць, то трэба ехаць у гэты горад. А мы ездзім па ўсёй Амерыцы, у нас кожны тыдзень – новы горад. Мы ў штат Невада нават не заязджаем, бо там хапае сваіх шоў.

– Магчыма, ты ведаеш, як адрэагавалі на прыезд Ганчарова беларусы з цырка, якія падтрымліваюць Расею?

– Не ведаю, таму што не маю зносін з такімі людзьмі. Быў час, калі нейкія кантакты падтрымлівалі, але на глебе рознагалоссяў у поглядах сварыліся, лаяліся, дзіўна, што да боек не даходзіла. Проста зразумелі, што праз гэта нас могуць адправіць дадому. Таму ў адзін момант нашы зносіны звялiся да «прывітанне», «пакуль». Я з такімі людзьмі не хачу мець нічога агульнага, таму і не ведаю, што яны думаюць наконт Ганчарова.

– Што гэта за беларусы?

– Гэта былыя спартоўцы, але канкрэтызаваць не хацелася б.

– У цырку шмат людзей, якія супраць вайны, ёсць у трупе і ўкраінцы. Як яны адрэагавалі на з'яўленне ў кампаніі чалавека, які падпісваўся за Лукашэнку і ягоны рэжым, прымаў ад яго ўзнагароды, ціснуў яму руку?

– У нас асобнае шоў, я не магу сказаць, якая рэакцыя была там, куды прыехаў Ганчароў. Ды і ўвогуле ці ў курсе астатнія, што рабіў спартсмен. У нашым шоў людзі ведаюць маю пазыцыю, ведаюць, што адбываецца ў Беларусі, што такое рэжым Лукашэнкі, што ва Украіне цяпер вайна. Але такія маленькія пытанні, як праўладны ліст, іх не цікавяць. Не здзіўлюся, калі людзі нават не ў курсе, што ёсць такі Ганчароў, які падпісаў праўладны ліст. Ім пофіг, у нас хапае людзей, якія працуюць і больш нічым не цікавяцца.

Няма ў нас тут і асаблівай рэакцыі на тое, што прыехаў алімпійскі чэмпіён. У Беларусі ўсе будуць казаць з захапленнем, а ў цырку – ён проста будзе працаваць з усімі ў адной камандзе. Усім будзе ўсё роўна, якіх ён заслуг дасягнуў.

– І большасці будзе ўсё роўна, якіх ён поглядаў?

– Думаю, так. Разумееш, тут жа таксама ніхто адкрыта не гаворыць, якіх поглядаў прытрымліваецца, як ставіцца да Лукашэнкі, Пуціна і вайны. Ды нават тыя ж расіяне, якія падтрымліваюць вайну, ходзяць і маўчаць. Максімум – у нейкай прыватнай гутарцы могуць выказацца. Таму сумняваюся, што Улад прыехаў і расказвае, які ахрэненны рэжым Лукашэнкі, што ёсць такі ліст, які ён [Ганчароў] падпісаў. Прыехаў і ціхенька будзе працаваць, а астатнія і цікавіцца не стануць такімі рэчамі.

Я ўвогуле здзіўлены, як у прэсу пратачылася гэтая навіна. Самаму цікава, хто і каму паведаміў гэтую інфармацыю. Бо людзі ў Cirque du Soleil могуць нават не ведаць, што прыехаў нейкі алімпійскі чэмпіён з нейкай Беларусі. Некаторыя нават не ўяўляюць, што такое Беларусь.

– Ты кажаш, што, па чутках, у яго не ўсё атрымліваецца ў шоў.

– Так, хлопцы расказвалі, што ёсць праблемы з выкананнем у нейкім нумары. Як я кажу, не кожны спартовец можа працаваць ва ўмовах цырка. Да прыкладу, Ганчароў добра скакаў на батуце, але тут ў яго можа не атрымацца ў нумары з падкідной дошкай. Батут, дапусцім, два на чатыры метры, а дошка – паўметра на паўметра. Плюс адзенне, ёсць музыка, шмат святла. А калі ў нумары ёсць батут, то часта трэба скакаць на сценку, узаемадзейнічаць з камандай. Увогуле хапае нюансаў, з якімі нават алімпійскі чэмпіён не здольны справіцца.

Яшчэ не выключаю, што Уладу цяжка ў псіхалагічным плане. Ён жа прыехаў з краіны для жыцця на загніваючы Захад, дзе яго атачаюць геі і лесбіянкі. З імі трэба вітацца, нават, можа, у душ хадзіць. Як жа так? Гэта ж дрэнна. А калі ў Беларусь прыедзе, як на яго будуць глядзець? Таму, можа, на Ганчарова цісне ўся гэтая сытуацыя.

– Калі ён ужо месяц у цырку, то прайшоў усе кастынгі?

– Упэўнены, што ён не праходзіў кастынгі. Алімпійскія чэмпіёны могуць патрапіць у цырк без кастынгаў. Але я ўпэўнены, што ён падпісаў кантракт, дзе прадугледжаны выпрабавальны перыяд, тыя ж тры месяцы, пра якія ўжо казаў спачатку. Калі я падпісваў пагадненне, яно было на паўтара года, але першыя пяць месяцаў – пробны перыяд. Калі б бачылі, што я не спраўляюся, нават нягледзячы на падпісаны ўжо кантракт, мяне маглі адправіць дадому.

– А што гэта за шоў «Майкл Джэксан» і якую ролю там выконвае Ганчароў?

– Наогул не ведаю, калі шчыра. Магчыма, нешта звязанае са скачкамі на батуце. Назва шоу гаворыць сама за сябе – там спалучэнне танцаў і акрабатыкі. Але я яго не бачыў і не магу сказаць, якую ролю выконвае Ганчароў. Таксама не магу сказаць, ці затрымаецца ён у цырку. Яму дадуць усе ўмовы, каб ён працаваў, а далей усё залежыць ад Улада

А ўвогуле ў мяне пытанне, ці спрабаваў ні з ім хто-небудзь звязацца і задаць пытанні, як так усё атрымалася?

– Многія рабілі гэта, але тэлефанаванні Ганчароў ігнаруе, а паведамленні чытае і пакідае без адказу.

– Бзьдзюль, няхай людзі ведаюць яго пазіцыю. Чалавек, які не хоча размаўляць, выказваць свой пункт гледжання, хоча з загніваючага Захаду вяртацца ў Беларусь, трацiць там грошы. Пры гэтым адмоўчвацца, каб не пазбавіцца такой магчымасці. Падобныя хітражопыя людзі не выклікаюць у мяне ніякай павагі.

Рабскае мысленне. Людзі хочуць задаць пытанне, чаму ён з квітнеючай Беларусі з'ехаў на Захад. Чалавек маўчыць, ігнаруе запыты, бо проста баіцца адказваць на пытанні. Затое не пабаяўся ўдзельнічаць у праўладных мерапрыемствах з дыктатарам і ягоным сынам. Чалавек хоча ўседзець на двух крэслах.

Думаю, ён хоча перачакаць, адсядзецца. А калі ў Беларусі наступяць перамены, скажа, што нічога ж не казаў, нідзе не выступаў і гэтак далей. Калі не будзе перамен, працягне адмоўчвацца. Гэта спроба сысці ад адказнасці. Плюс, мне падаецца, паказчык яго інтэлектуальнага развіцця і асаблівасцяў выхавання. Што маю на ўвазе? Мала таго, што Ганчароў і так пад дыктарскім рэжымам жыў у Беларусі, дык яшчэ і трэнер у яго – Вольга Уласава – дыктатарка. Плюс у яго жонка, Аня, таксама ўладная. Яна запраўляе ў сям'і. Гэта значыць Улад жыве ў матрыярхаце, таму што ён можа зрабіць, сказаць? Чалавек усё жыццё пад абцасам, пад дыктатарамі, сваёй думкі не мае.

Яшчэ задаюся пытаннем: чаму Ганчароў, калі ён такі патрыёт і падпісаўся за Лукашэнку, не пайшоў у Белдзяржцырк, а паехаў у Cirque du Soleil?

– Шмат хто выказвае меркаванне, што праўладны ліст Ганчароў сам не падпісваў, а зрабіла гэта Уласава, якая трымае ў кулаку ўсю зборную.

– І я так думаю. У нас у гімнастыцы адбывалася падобнае. Калі ў ліку падпісантаў убачыў знаёмае прозвішча, патэлефанаваў хлопцу, сказаў, што яго прозвішча стаіць пад лістом. На што ён мне адказаў, што нічога не падпісваў і ўвогуле не ў курсе. Слухай, дык калі ты не ў курсе, калі не хочаш канчаткова зашкварыцца, дык папрасі прыбраць прозвішча. На што пачуў адказ: «Мне пофіг, я нічога не вырашаю». Ну, калі табе пофіг, то нам няма пра што размаўляць.

Думаю, у Ганчарова была дакладна такая ж сітуацыя. Уласава ўсё зрабіла,

– Ты змірыўся з тым, што ў цырку ёсць людзі, якія падтрымліваюць вайну, у тым ліку беларусы. Ці не расчараваўся яшчэ больш у пазіцыі Cirque du Soleil, калі там з'явіўся прыхільнік Лукашэнкі?

– Я не тое, што змірыўся з тым, што прыязджаюць рашысты і лукашысты. Проста прыняў гэта як факт. Я не ў кіраўніцтве цырка і не магу на гэта паўплываць. Так, прымаць гэта няпроста, але ўсё, што я магу зрабіць, гэта не падтрымліваць ніякіх стасункаў з такімі людзьмі.

Цырк, дарэчы, падтрымлівае ўкраінцаў рознымі спосабамі, усяляк дапамагаем ім з жыллём, грашыма. Але пры гэтым запрашае да сябе тых, хто падтрымлівае вайну. Такая спроба ўседзець на двух крэслах. Мне здаецца, з цягам часам гэта можа адбіцца на стаўленні да цырка.

А так, калі вы хочаце, каб у цырку не было лукашыстаў і рашыстаў, тыя ж дэмакратычныя сілы павінны працаваць з пасольствамі розных краін, выключаць магчымасць выдачы віз такім людзям. Калі даводзіць да пасольстваў патрэбную інфармацыю, прыхільнікі рэжымаў не змогуць выязджаць за мяжу. Вось у гэтым плане трэба працаваць, а не злаваць на цырк, бо гэта проста бізнэс.

Фота: pgv.cbsvit.by, viciebsk.cc, noc.by, Instagram Сямёна Букiна

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты