Tribuna/Хоккей/Блоги/О духе времени/У Латвіі новы прэзідэнт: змянiў чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы падчас хакейнага ЧС, шкадуе пра спартыўны падарунак Пуціну, здзяйсняў камiнг-аўт

У Латвіі новы прэзідэнт: змянiў чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы падчас хакейнага ЧС, шкадуе пра спартыўны падарунак Пуціну, здзяйсняў камiнг-аўт

Рэжым Лукашэнкi завёў на яго справу.

Автор — bytribuna com
31 мая, 18:40
У Латвіі новы прэзідэнт: змянiў чырвона-зялёны на бел-чырвона-белы падчас хакейнага ЧС, шкадуе пра спартыўны падарунак Пуціну, здзяйсняў камiнг-аўт

31 траўня прайшлі выбары прэзідэнта Латвіі. У суседняй з Беларуссю краіне гэта больш цырыманiяльная пасада, рэальная ўлада – гэта Сейм, мясцовы парламент, у якiм i абiраюць прэзiдэнта. Гэтым разам у трэцім туры перамогу атрымаў Эдгар Рынкевіч, якi на працягу больш як дзясятка гадоў займае пост міністра замежных спраў. Зменiць статус ён 8 лiпеня.

Пра Рынкевiча вы маглі чуць падчас чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Як вядома, турнiр павінен быў прайсці ў Рызе і Мінску. Аднак у выніку Міжнародная федэрацыя хакея ў пачатку 2021-га адабрала ў Беларусі права прымаць турнір з-за палітычнай сітуацыi ў краіне i немагчымасцi гарантаваць бяспеку ўдзельнікам спаборніцтваў і гледачам. Тады Рынкевiч падтрымаў гэтае рашэнне. «Я вітаю прынцыповую пазіцыю такіх кампаній, як Škoda і Nivea. Мiнск не падыходзiць як месца для ЧС з-за велізарных парушэнняў праў беларускіх грамадзян нелегітымным рэжымам Лукашэнкі», – напісаў тады кiраўнiк латвiйскага МЗС.

23 мая таго года, падчас ЧС, рэжым Лукашэнкi прымусова пасадзiў у мiнскiм аэрапорце рэйс Афiны – Вiлнюс дзеля затрымання рэдактараў непажаданых для рэжыму Telegram-каналаў Рамана Пратасевіча i Сафii Сапегi. На наступны дзень Рынкевіч i мэр Рыгi Марцінш Стакіс прыйшлi на цэнтральную плошчу горада, дзе на знак прывiтання былi вывешаны сцягі ўсiх краін-, чые зборныя ўдзельнічалi ў турніры. Латвiйскiя чыноўнiкi знялi чырвона-зялёны сцяг Лукашэнкi, а замест яго павесiлi беларускi нацыянальны – бел-чырвона-белы – з выявай нацыянальнага герба «Пагоня».

Рэжым Лукашэнка прадказальна абурыўся. Ужо нябожчык, а тады міністр замежных спраў Лукашэнкі Уладзімір Макей назваў гэта «цынічным зневажаннем усіх норм міжнароднага права, фактычна актам дзяржаўнага вандалізму». А рэжымная пракуратура заявіла пра «знявагу годнасці беларусаў» (ну, хiба што самiх аўтараў заявы) і распачала супраць Стакіса і Рынкевіча крымінальную справу за «распальванне варажнечы». Увосень 2021 года следчы камiтэт Лукашэнкi нават спрабаваў выклікаць латвiйскiх чыноўнiкаў у Мінск на допыт, але ў латвійскага боку гэта магло выклiкаць максiмум усмешку. Там яшчэ раз адзначылi, што замена сцяга была актам падтрымку палітычных свабод у беларускай грамадзянскай супольнасці.

Рынкевіч у часы студэнцтва працаваў журналістам на латвійскім радыё, але пасля пачаў палітычную кар“еру з хуткiм развiццём. Ужо ў 23 гады ён стаў дырэктарам аднаго з дэпартаментаў міністэрства абароны, а затым і дзяржсакратаром гэтага ведамства (у Латвіі гэты статус ненашмат ніжэй за міністра). На сваёй пасадзе Рынкевіч заставаўся з 1997 па 2008 год, а галоўным поспехам стаў удзел у паспяховых перамовах наконт уступлення Латвіі ў НАТА. Следам палітык на тры гады ўзначаліў адміністрацыю прэзідэнта, а потым стаў міністрам замежных спраў. Цяпер жа яго называюць першым у сусветнай гісторыі адкрытым геем, абраным на пасаду прэзідэнта незалежнай дзяржавы. Камінг-аўт Рынкевіч здзейсніў у 2014 годзе, атрымаўшы словы падтрымкі ад сваіх калегаў як у Латвіі, так і за мяжой.

Напярэдаднi сёлетнiх выбараў Рынкевіч некалькі разоў прыгадваў спорт. Перад галасаваннем у Сейме, якое праходзiла праз пару дзён пасля ўзяцця Латвiяй бронзы хакейнага ЧС, палiтык заявіў, што дзецям, якія толькі мараць заваяваць медалі на чэмпіянаце свету ці стаць прэзідэнтам, здаецца, што гэта нешта амаль недасяжнае – але насамрэч усё магчыма. А ў адным з інтэрв’ю яму давялося адказваць на пытанне пра візіт у Маскву ў 2010 годзе прэзідэнта Валдзіса Затлерса, канцылярыю якога ён узначальваў. Тагачаснаму прэм’ер-міністру Расii Уладзіміру Пуціну падчас таго візіту падаравалi джэрсi хакейнага рыжскага «Дынама». «Натуральна, з пазіцый 2022 і 2023 гадоў гэта сапраўды выглядае не вельмі добра. Але тады былі розныя меркаванні, у тым ліку, што  трэба ўсё-такі спрабаваць неяк асцярожна выбудоўваць адносіны», – сказаў Рынкевiч.

Яго паплечнiк у справе замены беларускага сцяга Стакic ужо павiншаваў будучага прэзiдэнта – менавiта здымкам, на якiм яны разам чапляюць БЧБ да флагштока.

Дарэчы, Рынкевіч неаднойчы сустракаўся са Святланай Ціханоўскай, таму і пра спорт ён хутчэй будзе гаварыць з ёй, чым з нерукапаціскальным Лукашэнкам.

Другие посты блога

Все посты