Tribuna/Валейбол/Блогі/О духе времени/У Салігорску сабраліся ўкінуць грошы ў яшчэ адзін «Шахцёр» – хочуць гуляць у Расіі, але там могуць не ўзяць з-за чужога правалу

У Салігорску сабраліся ўкінуць грошы ў яшчэ адзін «Шахцёр» – хочуць гуляць у Расіі, але там могуць не ўзяць з-за чужога правалу

Затое гендыр «Беларуськалія» ўжо атрымаў новы залаты медаль.

Аўтар — bytribuna com
18 траўня 2023, 12:40
У Салігорску сабраліся ўкінуць грошы ў яшчэ адзін «Шахцёр» – хочуць гуляць у Расіі, але там могуць не ўзяць з-за чужога правалу

10 мая вызначыўся чэмпіён Беларусі сезона 2022/23 па валейболе. Ім стаў салігорскі «Шахцёр», які ўзяў трафей ужо сёмы раз запар. А залатыя медалі надзелі не толькі гульцы і трэнеры, але і Іван Галаваты – прарэжымны гендырэктар санкцыйнага «Беларуськалія», які спансуе каманду.

Ужо на наступны дзень аказалася, што Галаватаму трэба вярнуць іншую ўзнагароду – за чэмпіёнства футбольнага «Шахцёра», на ўзнагароджанне якога функцыянер у свой час таксама выходзіў. Так што, можна сказаць, валейбольны поспех захаваў для Галаватага баланс па медалях.

Здаецца, той, хто кіруе грашыма «Беларуськалія», натхніўся свежым трыумфам. Тым больш як раз нядаўна расчараваў Галаватага хакейны «Шахцёр», якому была абяцана адмова ад падтрымкі.

Цяпер у валейбольным «Шахцёры» ўсе кажуць, што наступны сезон трэба правесці ў расійскім Д1. Заявіцца туды Салігорск атрымаў прапанову яшчэ перад сезонам-2022/23, аднак тады ў клубе адмовіліся з фінансавых прычын. Цяпер жа – поўная ўпэўненасць: пра планы гуляць у Расіі гавораць не толькі ў клубе, але і ў беларускай федэрацыі валейбола, дзе згадалі, што грашовае пытанне вырашанае.

– На наступны год, я спадзяюся, будзе прадстаўляць нас [у Расіі] «Шахцёр», таму што ўжо ім ухвалілі бюджэт, і гульцоў яны быццам збіраюць добрых, – заявіла генеральны сакратар федэрацыі, прарэжымная падпісантка Ала Цяцерына.

Аднак вялікае пытанне, ці чакаюць «Шахцёр» у расійскай эліце. Не ўзяць могуць з-за жудаснага выступу ў скончаным сэзоне ад іншай беларускай каманды – мiнскага «Будаўніка». Ён, дарэчы, гуляў з «Шахцёрам» у фінальнай серыі плэй-оф ЧБ (пачаўшы белсезон адразу з паўфіналу) – і не ўзяў у «гарнякоў» не тое што матча, а нават ніводнага сэта.

За 30 сустрэч «рэгуляркі» Д1 Расіі мінчане атрымалі ўсяго дзве перамогі, а потым прайгралі ўсе матчы ў плэй-аўце і лагічна сталі апошнімі ў табліцы. Гэта прывяло да неабходнасці гуляць стыкавыя матчы за месца ў Д1 з пераможцам Д2. Па рэгламенце серыя з «Цюменню» павінна была доўжыцца да трох перамог, але 17 траўня, пасля таго, як расiяне выйгралі абодва матчы ў Мiнску, супернікі сінхронна абвясцілі пра завяршэнне экзэкуцыі – «Будаўнік» ганебна вылецеў.

Зрэшты, нічога занадта дзіўнага ў такім раскладзе няма. «Будаўнік» уваходзіў у расiйскі чэмпіянат вельмі маладым складам, самаму старэйшаму – капітану Іллі Лапаце – на той момант было ўсяго 26. У міжсезонне мінчукі падпісалі чатырох расiян 18-22 гадоў, аднак верыць у тое, што яны стануць лідарамі каманды, было занадта наіўным. А беларуская моладзь не паказала таго прагрэсу, якога ад яе чакалі ў клубе цягам сезона.

Аднак гэты правал можа закрыць дарогу «Шахцёру» – бо, атрымліваецца, на ўсе месцы ў расійскім валейбольным Д1 ужо і так ёсць прэтэндэнты. А кіраўнік беларускай федэрацыі Уладзімір Вашчанка месяц таму наўпрост сказаў, што гарантаваць «гасцявое» месца для Беларусі ў Расіі не гатовыя.

«На жаль, няма дамоўленасцяў [з чэмпіянатам Расіі], каб Беларусь была прадстаўленая ў любым выпадку. Ёсць цвёрдыя правілы. [З расійскага Д2] каманды таксама жадаюць [выйсці ў эліту]. Калі «Будаўнік» месца [у расійскім Д1] захавае, тады мы будзем вырашаць, хто будзе гуляць. У «Шахцёра» была магчымасць [гуляць у Расіі ў сезоне-2022/23], але яны адмовіліся, прыйшлося «Будаўніку» гуляць, – заявіў тады Вашчанка.

Са слоў функцыянера вынікае, што выратаваць планы Салігорска могуць хіба што адмова нейкага расійскага клуба або пашырэнне лігі – пад прыход «Будаўніка», дарэчы, яе склад павялічыўся з 14 да 16 каманд. Але такія перашкоды не спыняюць кіраўніка савета «Шахцёра» Валерыя Старцава – ён заявіў, што яго каманда як чэмпіён Беларусі хоча «прадстаўляць краіну ў Расіі», і думае, што «нехта адзін» з белклубаў у суседскім Д1 усё ж такі будзе.

Старцаў – старшыня савета дырэктараў ААТ «Трэст Шахтаспецбуд», галоўнага спонсара салігорскага валейбола практычна з часоў заснавання клуба ў 1999 годзе. Функцыянер узначальвае прадпрыемства яшчэ з таго часу, як яно было часткай «Беларуськалія» – аддзялілася ў 2000-м, з чым моцна дапамог тагачасны гендырэктар «мацярынскага» ўтварэння Пётр Калугін. Гэты чалавек у 1990-х быў прэзідэнтам футбольнага «Шахцёра», а да цяперашняга моманту ўжо доўга з'яўляецца намеснікам Старцава ў «Шахтаспецбуду». А ў 2010-м, пасля заключэння выгаднага для трэста кантракта ў Туркменістане, Калугін раптам атрымаў больш за 1,3 мільёна долараў на загадзя адкрыты рахунак у швейцарскім банку – гэтую гісторыю зусім нядаўна раскрыў для грамадства Беларускі расследавальнiцкi цэнтр.

У 2015-м у «Шахтаспецбуда» з'явілася і свая футбольная каманда – «Партызан», укамплектаваны працаўнікамі прадпрыемства. Першыя гады існавання калектыў выступаў у чэмпіянатах Ганцавіцкага і Слуцкага раёнаў. Пасля масавага пашырэння беларускага Д3 перад сезонам-2021 «Партызан» заявіўся туды, а трэніраваць каманду стаў Мікалай Януш, які завяршыў гульнявую кар'еру. Салігарчанам адразу ж удалося заняць трэцяе месца ў другой лізе, а ў 2022-м поспех быў паўтораны. Але пераходзіць у Д2, маючы на гэта права, каманда адмаўляецца – гульцы на асноўнай працы ў Салігорску атрымліваюць больш, чым маглі б у першай лізе. Ну а ў Д3 выступаюць у задавальненне, а «Шахтаспецбуд» забяспечвае ўсім неабходным – клубным аўтобусам, трэніровачнымі палямі і стадыёнам для хатніх матчаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты