Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/О духе времени/«Барселону» чакае сезон на няродным стадыёне – там на АГ лунаў БЧБ-сцяг, а поспеху сумленнага беларуса дапамог супернік (яго таксама ўзнагародзілі)

«Барселону» чакае сезон на няродным стадыёне – там на АГ лунаў БЧБ-сцяг, а поспеху сумленнага беларуса дапамог супернік (яго таксама ўзнагародзілі)

Іншыя медалі забіралі з-за допінгу.

Аўтар — bytribuna com
19 чэрвеня, 19:00
«Барселону» чакае сезон на няродным стадыёне – там на АГ лунаў БЧБ-сцяг, а поспеху сумленнага беларуса дапамог супернік (яго таксама ўзнагародзілі)

«Барселона» як мінімум на год застаецца без легендарнага «Камп Ноу» – арэна «сіне-гранатавых» сыходзіць на рэканструкцыю. У сезоне-2023/24 супернікаў каталонцы будуць прымаць на Алімпійскім стадыёне Барселоны, разлічаным на 56 тысяч гледачоў.

Стадыён пабудаваны яшчэ ў 1927-м (перажыў пару рэканструкцый), а з 1997-га па 2009-ы служыў домам іншаму клубу з Барселоны – «Эспаньёлу». 17 кастрычніка 2004 года менавіта на гэтай арэне ў дарослым футболе дэбютаваў Ліянэль Месі: ён выйшаў на поле на 82-й хвіліне выязнога для «Барсы» дэрбі замест партугальца Дэку.

А яшчэ стадыён выкарыстоўвалі для буйных лёгкаатлетычных спаборніцтваў: у 1992-м там прайшла праграма Алімпіяды, а ў 2010-м – чэмпіянат Еўропы. У абодвух выпадках не абышлося без медалёў нашых суайчыннікаў. Раскажам пра іх поспехі і далейшы лёс.

На Алімпіядзе бралі медалі пры БЧБ

На Алімпіядзе-1992 узнагароды ўзялі двое беларускіх лёгкаатлетаў. Выступалі яны ў складзе Аб'яднанай каманды – з'явы ўнікальнай. Створаная яна была, бо СССР толькі распаўся, многія адборачныя турніры праходзілі яшчэ для вялікай дзяржавы, і прадстаўнікі 12 ужо незалежных рэспублік (краіны Балтыі былі ўжо зусім самі па сабе) выступалі разам, у камандных відах – яшчэ і пад нейтральным сцягам з алімпійскімі кольцамі. А вось у індывідуальных відах на цырымоніях узнагароджання былі сцягі і гімны новых краін.

Асабліва добра гэта бачна на прыкладзе спаборніцтваў тых АГ па кіданні молата ў мужчын. 2 жніўня 1992-га ніхто і блізка не мог падабрацца да вынікаў трох экс-савецкіх спартсменаў – яны і разыгралі медалі. З вынікам 82,54 метра, паказаным у чацвёртай спробе, выйграў таджыкістанец Андрэй Абдуваліеў. Бронзу апошнімі спробамі гарантаваў сабе расіянін Андрэй Нікулін. Ну а срэбра пятым кідком заслупаваў за сабой беларускі спартсмен Ігар Астапковіч. У шостай спробе навапалачанін яшчэ і палепшыў вынік – 81,96 метра.

Так на п'едэстале стаялі тры чалавекі ў аднолькавых спартыўных касцюмах – але граў гімн Таджыкістана, а вышэй за астатнiя паднімаўся яшчэ савецкі сцяг гэтай краіны (змянілі толькі ў лістападзе 1992-га). А вось побач з ім былі ўжо новыя сцягі: расійскі трыкалор – і бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг Беларусі, які быў дзяржаўным да 1995-га (захавалася нават відэа).

Пасля барселонскага поспеху Астапковіч узяў яшчэ два срэбра ЧС (1993, 1995), срэбра ЧЕ (1994), а таксама бронзу АГ-2000 у Сіднэі. У апошнія гады пра яго нічога не чуваць.

А 1 жніўня 1992-га, у свой 28-ы дзень нараджэння, срэбра ў кіданні дзіды пад беларускім сцягам узяла Наталля Шыколенка. Яна з вынікам 68,26 метра да апошняй спробы лідзіравала, але немка Зільке Рэнк заключным кідком усё ж аказалася на 8 сантыметраў больш паспяховай.

Праз год Наталля ўзяла бронзу ЧС у Штутгарце, а ў 1995-м здабыла золата сусветнага першынства ў Гётэбаргу. У 1996-м яна скончыла кар'еру і перайшла да трэнерства. Падапечнай алімпійскай медалісткі стала яе дачка Ганна Тарасюк, якая паказвала добрыя вынікі – на юнацкіх АІ-2014 яна ўзяла золата. Але ў 2019-м са спортам Ганна скончыла, не захацеўшы мяняць трэнера. Тады пасля медкамісіі Шыколенка паставілі групу інваліднасці – шмат гадоў жанчыне шкодзіў цукровы дыябет, які ў выніку разбурыў сустаў нагі экс-лёгкаатлеткі. З-за гэтага былая спартсменка амаль не выходзіць на вуліцу.

75% медалёў ЧЕ забралі з-за допінгу

На ЧЕ-2010 беларуская дэлегацыя ўжо пад чырвона-зялёным сцягам, як спачатку падавалася, выступіла паспяхова. Асабліва штурхальнікі ядра: золата прымерылі Андрэй Міхневіч і Надзея Астапчук, срэбра – Наталля Міхневіч.

Вось толькі ўсе тры медалі ў выніку прыйшлося вяртаць. У 2013 годзе за паўторнае ўжыванне допінгу быў пажыццёва дыскваліфікаваны Міхневіч – станоўчы тэст быў выяўлены пасля пераправеркі проб, якія былі ўзятыя на ЧС у Хельсінкі ў 2005-м. У выніку з усіх узнагарод за кар'еру, уключаючы алімпійскую бронзу-2008 і тое еўрапейскае золата-2010, у Міхневіча засталіся толькі залатыя медалі ЧС і Універсіяды з 2003-га.

Аналагічны лёс напаткаў і жонку Міхневіча Наталлю. Упершыню яна трапілася на адносна свежым допінгу ў пачатку 2014-га, а ў лістападзе 2016-га аб'явілі пра вынікi пераправеркі пробаў АГ-2008 – у Міхневіч, якой тады дасталася срэбра, аказаўся станоўчы вынік. У выніку з усіх медалёў за кар'еру Наталля захавала залатыя з ЧЕ-2006 і Універсіяды-2005.

Кар'ера Астапчук была спыненая ў 2012-м – праз некалькі дзён пасля аб'яўлення яе чэмпіёнкай АГ таго года золата забралі, выявіўшы ў допінг-пробе састарэлы стэроiд метэналон. У сакавіку 2013-га прыляцела чатырохгадовая дыскваліфікацыя пасля пераправеркі пробы з ЧС-2005, а ў 2017-м допінгавай назвалі і бронзу АГ-2008. У выніку былі ануляваны абсалютна ўсе вынікі Астапчук ад ЧС-2005 – у яе з вялікіх узнагарод засталося толькі срэбра ЧС-2003.

Але адзін медаль ад ядра ЧЕ-2010 беларускай зборнай усё ж сышоў – Яніна Правалінская-Карольчык тады стала чацвёртай, а ў выніку атрымала срэбра. Золата дасталася расіянцы Ганне Аўдзеевай, якая абышла Правалінскую-Карольчык усяго на 10 см.

А вось з яшчэ адным медалём ЧЕ ніякіх паслятурнірных праблем не было. У 2010-м дзесяціборац Андрэй Краўчанка ўзяў бронзу.

Шлях да ўзнагароды для Краўчанкі быў складаным. Сярэбраны прызёр Пекіна-2008 амаль год да ЧЕ аднаўляўся пасля запушчанай пнеўманіі. А ў першай жа спробе ў сектары для скачкоў з шастом свой Краўчанка зламаў – і мог застацца без выніку, калі б не літовец Дарыус Драўдзвіла.

– Я прасіў шэст, якi мне пасуе, у многіх [супернікаў], але ніхто мне не дапамог! Ні галандзец, ні француз, ні аўстрыец – а гэта ж былі мае сябры. І тут да мяне падышоў Дарыус і прапанаваў свой шэст. Калі б не ён, я б бронзу не заваяваў. Ён паступіў як сапраўдны мужык! – успамінаў Краўчанка.

Драўдзвілу за гэты ўчынак беларуская дэлегацыя вылучыла ў намінацыю на прэмію World Fair Play Awards, якую ён у выніку атрымаў у студзені 2011-га. А Краўчанка пазней узяў і золата ЧЕ – у 2014 годзе.

У 2020-м беларускія медалісты і былыя медалісты ЧЕ-2010 па-рознаму адрэагавалі на фальсіфікацыю выбараў і шалёны гвалт ад рэжыму Лукашэнкі. У яго падтрымку выступілі Правалінская-Карольчык і пара Міхневічаў – Яніна ўвогуле значыцца трэцяй у спісе з некалькіх тысяч падпісантаў за Лукашэнку, а Андрэй адзначыўся людаедскім інтэрв'ю, у якім яшчэ і папросту прыдумаў некалькі рэчаў дзеля ўсхвалення рэжыму.

Краўчанка і Астапчук жа, наадварот, выступілі на баку народа. Абодва за сваю грамадзянскую пазіцыю пацярпелі. У лістападзе 2020-га Краўчанка быў затрыманы сілавікамі Лукашэнкам і атрымаў 10 сутак арышту, пасля чаго пакінуў краіну. Цяпер ён жыве ў Германii, дзе трэніруе спартсменаў у адным з прыватных клубаў.

Астапчук сілавікі Лукашэнкi кінулі за краты ў снежні мінулага года па крымінальным абвінавачанні. У лютым 2023-га экс-лёгкаатлетка пайшла на «пакаянае інтэрв'ю» на дзяржТВ.

Мяркуючы па ўсім, гэта дапамагло хаця б выйсці з-за кратаў – Астапчук мае доступ да інтэрнэту. Зрэшты, паводле нашай інфармацыі, пераслед ад рэжыму з жанчыны не зняты.

Іншыя пасты блога

Усе пасты