Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/Івулін і галоўрэд «Нашай Нівы» Марціновіч пасябравалі за кратамі – там забівалі час за гульнёй у нарды і шахматы, цяпер робяць гэта на волі і згадваюць турэмныя будні

Івулін і галоўрэд «Нашай Нівы» Марціновіч пасябравалі за кратамі – там забівалі час за гульнёй у нарды і шахматы, цяпер робяць гэта на волі і згадваюць турэмныя будні

Гісторыя беларускага сяброўства.

Аўтар — Alex Zagorski
28 верасня, 13:38
Івулін і галоўрэд «Нашай Нівы» Марціновіч пасябравалі за кратамі – там забівалі час за гульнёй у нарды і шахматы, цяпер робяць гэта на волі і згадваюць турэмныя будні

Стваральнік і аўтар YouTube-канала «ЧестнОК» Аляксандр Івулін і галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пэўны час утрымання ў вязніцах рэжыму лукашэнкі знаходзіліся ў адной камеры СІЗА па вуліцы Валадарскага ў Мінску. Цяпер абодва палітвязня на свабодзе: Івулін выйшаў на волю 17 лютага 2023-га, а Марціновіч на паўгады пазней – 18 жніўня.

За кратамі журналісты пасябравалі і зараз часцяком разам бавяць час у Польшчы за гульнёй у нарды і шахматы. Са слоў галоўрэда «НН», у настолкі з Івуліным яны гулялі цэлымі днямі ў камеры на Валадарцы – так незаўважна набліжаўся дзень выхаду на волю.

– Аляксандр Івулін лепш гуляе ў футбол, я перамагаю ў шахматах, а нарды – нейтральная зона. Думаеце, я тут паказваю V? Ды не, няма чым хваліцца, на маіх пальцах вынік суперфінала ў нарды, паражэнне 12:15.

Прыблізна так мы забівалі час у камеры №60 на Валадарцы. Сядаеш ад ранку за дошку – і рубішся з Санем да 10 перамог. Часам выпаўзаеш з-за стала толькі ўвечары, перад самым адбоем, затое разумееш, што вось так незаўважна стаў на адзін дзень бліжэй да свабоды.

Зразумела, зараз нарды – проста фон для таго, каб пагаварыць пра жыццё і са смехам успомніць турэмныя сітуацыі. А ўзгадаць ёсць што, бо сапраўды мала з кім праводзіш у адной замкнёнай прасторы больш за 100 дзен. Таму і прыколы ў вас адныя на дваіх. Але рэванш усё адно трэба будзе ўзяць! – напісаў Марціновіч у сваім Facebook.

А вось яшчэ крыху пра сяброўства Івуліна і Марціновіча – пасля вызвалення апошняга з вязніцы Аляксандр не стрымліваў эмоцый:

– Найлепшая падзея лета! Выбіў слязу гэты злачынец, – пісаў аўтар «ЧестнОКа».

А вось што Марціновіч распавядаў пра суседства ў камеры з Івуліным:

– Трапляю я ў ліпені 2021 года на Валадарку. Вядуць па бясконцых калідорах, заводзяць нарэшце ў камеру – №60, Шанхай – і што я бачу? Суровых лысых мужыкоў у алкагалічках! І тут адзін з іх падыходзіць: «О, Ягор, рады цябе бачыць!» Гляджу на яго вылупленымі вачыма. У мяне адна думка: «Хто ты, зэчара???»

Ён усміхаецца: «Саня Івулін!» А-а-а!!! Гэта ж самае вялікае з усіх магчымых шанцаванняў! Ясна, што палітычных шмат, усё адно з кімсьці перасячэшся. Дый людзей з медыясферы ў СІЗА нямала. Але Санчас – гэта проста ідэальнае траплянне ў яблычак для мяне. Прыблізна тое самае пакаленне, падобныя каштоўнасці і інтарэсы. Таму можна пагаварыць і пра працу, і пра футбол, і абмеркаваць агульных знаёмых. І ў шахматы парубіцца, і ў нарды. І нават у прабежках па турэмным дворыку да яго далучыўся, хоць на сваім аматарскім узроўні.

Карацей, шанец сустрэцца менавіта з Івуліным – сапраўды адзін на 100. І я выцягнуў гэты латарэйны білет! Але самае галоўнае – пазітыўны погляд Сані на жыццё. Гэта ж такая штука, якая падпітвае і самога аптыміста, і людзей навокал. Мы з ім былі ў гэтым падобныя, таму ў камеры ўзводзілі аптымізм у квадрат.

Вось так на пазітыве мы і правялі з ім тры з паловай месяцы, пакуль мяне не перавялі. І гэта насамрэч самы круты сусед за два гады зняволення! Падсумоўваю: сяброўства з Санчасам – адна з самых вялікіх знаходак за апошнія два гады. І тое, што атрымалася без праблем вынесці з сабой, – распавядаў Марціновіч.

Вось так нечакана за кратамі знаходзяцца сябры.

Іншыя пасты блога

Усе пасты