Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Алімпійскія чэмпіёны, за якіх вы дакладна перажывалі, а сёння можаце не ведаць, дзе яны: Карстэн, Грышын, Несцярэнка і іншыя

Алімпійскія чэмпіёны, за якіх вы дакладна перажывалі, а сёння можаце не ведаць, дзе яны: Карстэн, Грышын, Несцярэнка і іншыя

Трэнуюць, у тым ліку лукашэнкаўскіх сілавікоў, амаль усе выступілі за беззаконне.

Аўтар — bytribuna com
16 студзеня, 20:00
Алімпійскія чэмпіёны, за якіх вы дакладна перажывалі, а сёння можаце не ведаць, дзе яны: Карстэн, Грышын, Несцярэнка і іншыя

У суверэннай Беларусі 25 алімпійскіх чэмпіёнаў. Расказваем, дзе сёння тыя з іх тыя, на каго вы маглі забыцца.

Аляксей Грышын, 44 гады

Тытул: алімпійскі чэмпіён-2010 па фрыстайле

Дзе сёння: зʼехаў у Расію

Першы беларускі чэмпіён зімовых Алімпійскіх гульняў, уладальнік бронзы АГ-2002, чэмпіён свету-2001, сцяганоша на Гульнях у Сочы – гэта ўсё Грышын. А яшчэ гэта чалавек, які прадаў за амаль 100 тысяч долараў свае алімпійскія медалі, каб дапамагчы з аперацыяй былому партнёру па зборнай – фрыстайлісту Дзмітрыю Раку, які пасля няўдалага падзення пасля скачка стаў інвалідам.

Яшчэ спартоўцам Грышын развіваў бізнес у сферы будаўніцтва. Пасля выхаду на «пенсію» ў лістападзе 2014-га ён сканцэнтраваўся на працы ўласнай фірмы – «АлімпікГолд». У 2018-м экс-спартсмен стаў сябрам савета дэпутатаў Лукашэнкі па Мінску – яго профіль дагэтуль вісіць на сайце так званага Мінгарвыканкама, хаця Грышын дэпутацкай дзейнасцю ўжо не займаецца. Ён, як нам удалося даведацца, у прынцыпе не жыве і не працуе ў Беларусі.

Яшчэ ў 2018-м у кампаніі Грышына ўзніклі вялікія праблемы з узвядзеннем шматпавярхоўкі «Сафі» (названая ў гонар старэйшай дачкі) у Лябяжым, фірма загразла ў даўгах (складалі каля 9 млн еўра), сыпаліся пазовы ад крэдытораў. «АлімпікГолд» пачала працэдуру банкруцтва, якая завяршылася толькі ў лютым 2022-га.

Чым сёння займаецца алімпійскі чэмпіён, не ў курсе нават яго экс-партнёры па зборнай, аднак нам удалося даведацца, што Грышын некаторы час таму зʼехаў у Расію, дзе цяпер жыве і працуе.

Аляксей Абалмасаў (43 гады), Вадзім Махнеў (44 гады), Артур Літвінчук (36 гадоў), Раман Петрушэнка (43 гады)

Тытул: алімпійскія чэмпіёны-2008 па веславанні на байдарцы-чацвёрцы

Дзе сёння: практычна ўсё – у трэнерскай справе

Гэтая чацвёрка байдарачнікаў у 2008 годзе выйграла Алімпіяду ў Пекіне на дыстанцыі 1000 метраў. Адзін з наймацнейшых экіпажаў у гісторыі беларускага веславання.

Спартсмены з чацвёркі скончылі прыкладна ў адзін час – у 2019-2020 гадах. І практычна ўсе засталіся ў веславанні. Абалмасаў, пайшоўшы на «пенсію», стаў старшым трэнерам юніёрскай зборнай Беларусі па байдарцы. Махнеў працуе трэнерам моладзевай зборнай Беларусі. Петрушэнка ўжо некалькі гадоў працуе старшым трэнерам зборнай Кітая. Кантракт у яго разлічаны да 2025 года. На Алімпіядзе ў Токіа кітайскія мужчыны-байдарачнікі, якімі займаўся Петрушэнка, паказалі найлепшае выступленне за ўсю гісторыю ўдзелу ў АГ: шостае месца ў адзіночцы на 200 м і восьмае – у двойцы на 1000 м.

Што да Літвінчука, то, як кажуць нашыя суразмоўцы са свету веславання, ён «практычна ўвесь час праводзіць з сямʼёй і дзіцем». Яго жонка – тытулаваная вяслярка Марына Літвінчук, актыўная прыхільніца рэжыму Лукашэнкі.

Адзначым таксама, што з мужчынскай чацвёркі ў падтрымку рэпрэсій выступілі Абалмасаў і Махнеў.

Андрэй Багдановіч, 36 гадоў

Тытул: алімпійскі чэмпіён-2008 у веславанні на каноэ-двойцы

Дзе сёння: старшы трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ

Малодшы брат цяперашняга старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандра Багдановіча, перакананага прыхільніка дыктатуры. Браты ў 2020-м у ліку першых падпісалі праўладны ліст. Ну а за 12 гадоў да гэтага сталі алімпійскімі чэмпіёнамі ў Пекіне ў каноэ-двойцы на дыстанцыі 1000 метраў.

У адрозненне ад Аляксандра, які завяршыў карʼеру ў 2016-м, Андрэй ганяў да 2020-га і за гэты час узяў некалькі медалёў топ-спаборніцтваў. Выйшаўшы на «пенсію», веславанне не кінуў – стаў старшым трэнерам зборнай Беларусі, дзе адказвае за падрыхтоўку канаістак.

Эліна Зверава, 63 гады

Тытул: алімпійская чэмпіёнка-2000 у кіданні дыска

Дзе сёння: трэнер у РЦАП па лёгкай атлетыцы

Алімпійскай чэмпіёнкай стала ў 39, дадаўшы золата Сіднэю да бронзы Атланты-1996. Праз год пасля трыумфу стала яшчэ і чэмпіёнкай свету. Зверава зʼездзіла і на Алімпіяду ў Пекін, дзе ў 47 фінішавала шостай. Планавала патрапіць на АГ у Лондане, але не здолела адабрацца і завяршыла карʼеру ў 2012-м. Некаторы час была генеральным сакратаром Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, але асноўны від дзейнасці ў постспартыўным жыцці – трэнаванне ў РЦАП па лёгкай атлетыцы. Гэтым займаецца да гэтага часу.

Як і многія калегі, у 2020-м падтрымала беззаконне, падпісаўшы праўладны ліст. Годам пазней ураджэнка Маскоўскай вобласці выступала за змены ў Канстытуцыі і ў чарговы раз расхвальвала Лукашэнку.

Яніна Правалінская-Карольчык, 47 гадоў

Тытул: алімпійская чэмпіёнка-2000 у штурханні ядр

Дзе сёння: служыць у МУС Лукашэнка

Алімпійскае золата Сіднэю ўраджэнка Гродзенскай вобласці ўзяла, штурхнуўшы ядро на 20 м 56 см у шостай спробе. Праз год стала яшчэ і чэмпіёнкай свету ў Эдмантане. Аднак у 2003-м патрапіла ў допінг-скандал: у арганізме спартсменкі быў выяўлены кленбуцірол. Карольчык не прызнала сябе вінаватай, аднак двухгадовай дыскваліфікацыі не пазбегла. Праз яе прапусціла АГ у Афінах. Вярнуўшыся ў сектар, зʼездзіла на Гульні ў Пекін і Лондан, але там да медалёў не дабралася.

У 2018-м завяршыла карʼеру, але канчаткова са спортам не завязала. Праз тры гады расказвала, што трэнуецца і выступае ў спартыўнай камандзе МУС Лукашэнкі. А яшчэ даслужылася ў структуры гэтага ведамства да звання падпалкоўніка, але працавала пры гэтым «на маёрскай пасадзе, адпаведна ідуць заробак і стаж». Як нам удалося даведацца, са спортам атлетка канчаткова завязала, але службу ў шэрагах лукашэнкаўскіх сілавікоў працягвае.

У жніўні 2023-га Карольчык узнімала сцяг СНД на цырымоніі адкрыцця II Гульняў краін СНД у Мінску разам з алімпійскімі чэмпіёнамі па веславанні Кацярынай Карстэн і па гандболе Андрэем Барбашынскім. За тры гады да гэтага стала адным з першых падпісантаў ліста ў падтрымку дыктатуры.

Ігар Макараў, 44 гады

Тытул: алімпійскі чэмпіён-2004 па дзюдо

Дзе сёння: трэнуе ў сваёй школе дзюдо ў Гомелі, вучыцца і выкладае ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Скарыны

Да перамогі на Алімпіядзе ў Афінах ураджэнец Калінінскай вобласці СССР (у Расіі стала Цвярской) меў медалі з чэмпіянатаў свету і Еўропы. У фінальнай схватцы за алімпійскае золата ў вагавой катэгорыі да 100 кг адолеў паўднёвакарэйца Чан Сон Хю.

Пасля выступаў яшчэ 10 гадоў, паспеў стаць чэмпіёнам Еўропы-2010. У снежні-2014 у Гомелі адкрыў уласную школу, дзе быў і дырэктарам, і трэнерам. Цяпер дырэктарам школы зʼяўляецца жонка спартсмена Алена.

Макараў – падпісант ліста за беззаконне. Трэнуе сёння не толькі ва ўласнай школе, але і ў зале дзюдо на базе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны. Там жа, на факультэце фізічнай культуры, працягвае вучобу ў аспірантуры, а таксама выкладае «Тэорыю і методыку спартыўнай падрыхтоўкі ў абраным відзе спорту».

Сяргей Мартынаў, 55 гадоў

Тытул: алімпійскі чэмпіён-2012 па кулявой стральбе

Дзе сёння: старшы трэнер зборнай Беларусі па стральбе з вінтоўкі

Яшчэ да перамогі ў Лондане стаў адным з топаў у сусветнай кулявой стральбе. На Алімпіядах у Сіднэі і Афінах браў бронзавыя медалі, тройчы станавіўся чэмпіёнам свету, прычым упершыню ўзяў золата ЧС яшчэ ў 1990 годзе.

У 2016 годзе карʼеру завяршыў і паехаў на Алімпіяду ў Рыа ўжо трэнерам зборнай Беларусі. Мусіў несці сцяг на цырымоніі адкрыцця, але быў заменены на велагоншчыка Васіля Кірыенку, бо сцяганошам мог быць толькі спартсмен, які выступае на Гульнях.

Мартынаў зʼяўляецца старшым трэнерам зборнай Беларусі па стральбе з вінтоўкі і падпісантам звароту спартсменаў у падтрымку рэпрэсій.

Юлія Несцярэнка, 44 гады

Тытул: алімпійская чэмпіёнка-2004 у бегу на 100 м

Дзе сёння: галоўны трэнер спартыўнай каманды пагранічнай службы

«Белая маланка» выдала сенсацыю на АГ-2004, калі выйграла стометроўку з вынікам 10,93. Пасля ў карʼеры бягухі былі яшчэ эстафетныя бронзавыя медалі ЧС і ЧЕ, але асабістых перамог на міжнародным узроўні больш не адбылося. Няўдала зʼездзіла на АГ у Пекін (не прабілася ў паўфінал), прапусціла Алімпіяды ў Лондане і Рыа, а карʼеру завяршыла толькі ў 2017-м.

У 2022 годзе «Трыбуна» распавядала, чым займалася Несцярэнка: атрымлівала асалоду ад сямейнага жыцця, выбіралася на рыбалку і разам з мужам Дзмітрыем працавала трэнерам у акадэміі брэсцкага «Дынама», дзе адказвала за тэхніку бегу футбалістаў-пачаткоўцаў.

У 2022-м Несцярэнка вярнулася на дарожку і прыняла ўдзел у змешанай аматарскай эстафеце ў чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы. Бегла ў тым ліку з так званым міністрам спорту, які адказвае за рэпрэсіі. У сваёй эстафетнай камандзе Несцярэнка была адзінай, хто не падпісаў праўладны ліст.

На сёння алімпійская чэмпіёнка ўжо не мае дачынення да футбола – працуе галоўным трэнерам спартыўнай каманды органаў лукашэнкаўскай пагранічнай службы. Па словах Несцярэнкі, яна адказвае не толькі за спартыўныя вынікі, але і за дысцыпліну, выхаваўчую працу. Па-ранейшаму шмат часу ўдзяляе рыбалцы – летась разам з мужам заняла трэцяе месца ў турніры «Бульбаш» па карп-фішынгу.

Кацярына Карстэн, 51 год

Тытул: алімпійская чэмпіёнка-1996 і 2000 у акадэмічным веславанні

Дзе сёння: трэнуе дзяцей

Падпісантка звароту ў падтрымку беззаконня пад нумарам два. Тым не менш застаецца легендарнай асобай: ездзіла на Алімпіяды з 1992 года і брала медалі на пяці алімпійскіх турнірах запар. У 1996-м і 2000-м выйграла вырашальныя заезды і стала першай двухразовай алімпійскай чэмпіёнкай у незалежнай Беларусі. За плячыма – перамогі на шасці чэмпіянатах свету.

Завяршыла карʼеру ў 47 гадоў – у жніўні 2019-га – праз пералом рэбраў, што негатыўна адбівалася на аднаўленні.

У кастрычніку 2020-га ўвайшла ў раду федэрацыі веславання – тады адзначала, што не бачыць сябе трэнерам. Але праз год пачала трэнаваць дзяцей ва ўзросце 13-14 гадоў. Акрамя таго стала куратарам па працы са спартыўным рэзервам і ўвайшла ў камісію спартоўцаў у алімпійскім камітэце Лукашэнка.

Па апошніх звестках, Карстэн і сёння трэнуе дзяцей, а таксама ўдзельнічае ў праўладных мерапрыемствах. Напрыклад, 6 траўня 2023-га разам з іншымі алімпійцамі, у тым ліку вядомымі лукашыстамі Максімам Недасекавым і Анастасіяй Мірончык-Івановай, удзельнічала ва ўскладанні кветак да стэлы «Мінск – горад-герой».

Андрэй Арамнаў, 35 гадоў

Тытул: алімпійскі чэмпіён-2008 па цяжкай атлетыцы

Дзе сёння: па-ранейшаму спаборнічае і абяцае ў 2024 годзе «пакараць усіх»

Як ні дзіўна, Арамнаў усё яшчэ ў справе, хоць ужо і сыходзіў са зборнай, і браў перапынкі ў карʼеры. Гэта адзін з нямногіх алімпійскіх чэмпіёнаў, хто не падпісаў ліст за Лукашэнку. Арамнаў неаднаразова крытычна выказваўся на адрас спартыўнай сістэмы Беларусі, у 2020-м падтрымліваў бутафорскага кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачаня, які па факце быў спойлерам, але сёння асілак не цураецца праўладных мерапрыемстваў. Напрыклад, у 2022-м у Барысаве прыходзіў у адну са школ, дзе расказваў дзецям пра краіну і спорт у межах прапагандысцкага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна».

Яшчэ летась паспеў даць майстар-клас атлетам у Бразіліі, удзельнічаючы ў праекце «Паднімай як рускі».

Пры гэтым Арамнаў працягвае выступаць на турнірах. У мінулым годзе на II Гульнях краін СНД узяў бронзу, у пачатку года ўпэўнена выйграў ЧБ. А вось на ЧС спартсмена не ўзялі. У жніўні 2023-га Арамнаў прызнаўся, што ўжо хацеў завяршаць карʼеру, але раптам даведаўся, што беларусаў ізноў пачынаюць дапускаць да стартаў. Гэта заахвоціла барысаўца выступаць далей, каб у «наступным годзе пакараць усіх». Але ўвогуле Арамнаў мяркуе, што апошнім стартам у актыўнай карʼеры для яго стануць Гульні сяброўства ў Расіі, якія прызначаныя на верасень 2024-га.

Фота: noc.by

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты