Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Абодва Кучукі цяпер ва Украіне, але працуе з іх толькі адзін – вось дзе

Абодва Кучукі цяпер ва Украіне, але працуе з іх толькі адзін – вось дзе

Пра бацьку з сынам даўно нічога не чуваць.

Аўтар — bytribuna com
2 красавіка, 17:43
Абодва Кучукі цяпер ва Украіне, але працуе з іх толькі адзін – вось дзе

Крыху больш за год таму найлепшы трэнер Беларусі-2013 Леанід Кучук быў звольнены з львоўскага «Руху». А яшчэ раней, у чэрвені 2022-га, каманду пакінуў яго сын Аляксей, які да таго дапамагаў у трэнерскім штабе. З таго часу пра спецыялістаў амаль нічога не чуваць. Толькі ў верасні мінулага года Кучук-старэйшы распавёў, што знаходзіцца ў творчым адпачынку, закрывае нейкія справы, пры гэтым хоча вярнуцца да трэнерскай працы (праўда, дакладна не ў Беларусі). А чым сёння займаюцца Кучукі? Вось што нам удалося даведацца.

*** Апошняе публічна вядомае месца працы трэнераў на сёння – львоўскі «Рух». Леанід Кучук прыйшоў туды 4 жніўня 2021 года, а праз тыдзень ягоны штаб папоўніў сын Аляксей. У сезоне-2021/22 львавяне фінішавалі на 11-м месцы (чатыры перамогі і шэсць нічыіх у актыве). Пры гэтым чэмпіянат быў датэрмінова спынены ў красавіку-2022 праз вайну з Расіяй. «Рух» паспеў правесці ўсяго 17 матчаў.

У жніўні 2022-га пачаўся новы сезон, але яго Кучук ужо без сына-памочніка не дапрацаваў – быў звольнены 19 сакавіка 2023-га, калі калектыў ішоў 12-м. Да таго моманту «Рух» атрымаў ва УПЛ чатыры перамогі і дабіўся пяці нічыіх у 18 матчах. Сезон каманда скончыла 11-й.

Зрэшты, працуючы ў Львове, Кучук-старэйшы больш запомніўся не футбольнымі дасягненнямі, а тым, як успрыняў агрэсію Расіі пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Трэнер цалкам падтрымліваў украінскі народ, хаця сам шмат гадоў адпрацаваў у расійскіх клубах.

У адрозненне ад бацькі, Аляксей Кучук ніяк не выказваўся пра вайну. З клуба ён афіцыйна быў звольнены 30 чэрвеня 2022 года і на той час ужо знаходзіўся ў Польшчы з цяжарнай жонкай (Леанід Кучук і беларускі трэнер-аналітык Антон Іваноў таксама пакідалі Украіну неўзабаве пасля пачатку вайны, але першы хутка вярнуўся ў «Рух»).

У апошні час пра Кучукоў практычна нічога не чуваць. Гульцы і трэнеры, якія з імі перасякаліся, не ў курсе спраў бацькі і сына. Аднак вось што нам удалося даведацца.

Аляксей Кучук пасля пачатку вайны доўгі час знаходзіўся ў Польшчы, там у яго нарадзілася дзіця. Аднак затым трэнер з сямʼёй вярнуўся ва Украіну (па некаторых звестках – у Кіеў), дзе цяпер і жыве. Чым займаецца – невядома. Аднак некаторыя суразмоўцы сцвярджаюць, што 37-гадовы беларус, які таксама мае расійскае грамадзянства, ніяк не звязаны з футболам.

А вось Леанід Кучук па-ранейшаму ўцягнуты ў футбольныя справы Украіны, вось толькі не на клубным узроўні. Увосень 2023-га спецыяліст сцвярджаў, што яму паступаюць прапановы, аднак з таго часу ён так і не падпісаўся ні з адным клубам. Пры гэтым ва Украіне знаходзіцца з 2022 года і з таго часу з яе нікуды не выязджаў – нават пасля звальнення з «Руху».

Кучук-старэйшы са Львова перабраўся ў Кіеў, дзе ў яго ёсць сваё жыллё. Як кажуць нашыя крыніцы, спецыяліст нейкі час проста быў пенсіянерам і ні пра што не клапаціўся, бо за карʼеру паспеў нямала зарабіць і не адчуваў фінансавых праблем.

Тым не менш трэнер знайшоў сабе профільны занятак. Па апошняй інфармацыі, 64-гадовы Кучук зʼяўляецца адным з выкладчыкаў на трэнерскіх курсах Цэнтра ліцэнзавання Украінскай асацыяцыі футбола. Менавіта там у свой час спецыяліст атрымаў сваю катэгорыю Pro. У тым жа цэнтры яшчэ нядаўна вучыўся Аляксандр Глеб, але праз пачатак вайны не паспеў здаць усе іспыты на катэгорыі А і В, і цяпер вымушаны давучвацца ў Беларусі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты