Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У каго самыя вялікія заробкі ў «Дынама», БАТЭ і Жодзіна, а таксама які максімум у іншых клубах

У каго самыя вялікія заробкі ў «Дынама», БАТЭ і Жодзіна, а таксама які максімум у іншых клубах

Ці можна яшчэ зарабляць на беларускім футболе?

Аўтар — bytribuna com
3 сакавіка, 12:00
1
У каго самыя вялікія заробкі ў «Дынама», БАТЭ і Жодзіна, а таксама які максімум у іншых клубах

Чэмпіянат Беларусі па футболе ў апошнія гады – не тое месца, дзе можна зарабіць на бязбеднае жыццё пасля карʼеры. Ліміты на заробкі ўвесь час зніжаюцца, але многія клубы плацяць яшчэ менш праз цяжкі фінансавы стан.

На сезон-2024 рашэннем лукашэнкаўскага «кабміна» зноў столь па заробку апусцілася. Лічбы змяніліся наступным чынам: максімальны аклад футбалістаў, якія не гуляюць за зборную, знізіўся з 6800 (2140 долараў) да 4900 рублёў (1540 долараў); тых, хто выступае за зборную, – з 18 000 (5660 долараў) да 15 000 рублёў (4720 долараў); галоўных трэнераў – з 14 100 (4430 долараў) да 9800 рублёў (3080 долараў). Пры гэтым чатыром выканаўцам кожны клуб можа па сваім меркаванні плаціць да 16 тысяч рублёў (5 тысяч долараў), выдаючы надбаўкі не з так званай дзяржпадтрымкі (да таго можна было амаль 19 тысяч, а яшчэ раней – да 40,5 тысяч рублёў).

Цяперашнія фінансавыя рэаліі актуальныя для кантрактаў, што былі заключаныя пасля 4 снежня 2023 года.

Расказваем пра тых, хто зарабляе больш за ўсё ў сваіх клубах. Лічбы ў матэрыяле прыведзеныя да сплаты падаткаў (з даходу трэба аддаць 14 адсоткаў на розныя выплаты). Таксама заробкі не ўлічваюць бонусаў.

БАТЭ

Абаронца Руслан Хадаркевіч папоўніў БАТЭ летась і сёння зʼяўляецца капітанам калектыву. Па звестках «Трыбуны», гэта адзін з самых высокааплатных гульцоў Барысава. Ён меў права запатрабаваць кантракт на падвышаных умовах, бо на момант трансферу быў сябрам зборнай. БАТЭ задаволіў запыт футбаліста, з якім заключыў паўтарагадовы кантракт. Сёння заробак Хадаркевіча адпавядае леташняму ліміту для зборніка – 18 тысячам рублёў.

На адным фінансавым узроўні з беларусам знаходзіцца івуарыйскі абаронца Шэрыф Жымо. Ён атрымаў павышаную стаўку для выканаўцаў, якія не зʼяўляюцца зборнікамі.

Пры гэтым зусім ужо маленькіх заробкаў у клубе няма. У асноўным, гульцы атрымліваюць максімум, на які могуць разлічваць тыя, хто не выступае за зборную, – 4,5-5 тысяч рублёў.

«Дынама» Мінск

Адным з самых высокааплатных футбалістаў «бела-блакітных» зʼяўляецца капітан абаронца Сяргей Паліцевіч. У яго заробак «зборніка» ў 18 тысяч рублёў – кантракт з клубам быў заключаны яшчэ ў пачатку 2023-га пры старых лімітах.

Па звестках нашых крыніц, крыху менш зарабляюць вопытныя абаронцы Аляксандр Сачыўка і Раман Бягуноў – па 16 тысяч рублёў.

«Дынама» Брэст

Як нам удалося даведацца, паўабаронцы Міхаіл Гардзяйчук, Сяргей Кісляк і Эдгар Аляхновіч – самыя высокааплатныя выканаўцы ў Брэсце. Яны паспелі падоўжыць кантракты яшчэ да паніжэння лімітаў і аказаліся пры гэтым у ліку «абраных» гульцоў, якім клуб можа плаціць як «зборнікам», нават калі яны такімі не зʼяўляюцца. Па звестках нашых крыніц, клуб паклаў па 16 тысяч рублёў за месяц кожнаму. У астатніх лічбы ў кантрактах куды меншыя, а сярэдняя фінансавая «тэмпература» у «Дынама» – 3-4 тысячы рублёў у месяц.

«Нёман»

Па фінансах «Нёман» уваходзіць у топ-4 вышэйшай лігі. Ёсць і людзі, якія маюць практычна максімальныя заробкі яшчэ па ранейшых лімітах. Па нашых звестках, самы вялікі прыбытак у калектыве ў паўабаронцаў Паўла Савіцкага, Міхаіла Казлова і Гулжыгіта Алыкулава – па 16 тысяч рублёў. Пры гэтым некаторыя ў «Нёмане» гуляюць і за 2 тысячы рублёў у месяц.

«Славія»

Сярэдні заробак у «Славіі» у параўнанні з мінулым годам павялічыўся з 3 да 4 тысяч рублёў. Улады горада і галоўны папячыцель генеральны дырэктар Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Віталь Паўлаў знайшлі прычыну, каб не скупіцца на футбол.

Некаторыя атрымліваюць куды больш сярэдняга, а самы высокі заробак – у малдаваніна Крысціяна Дроса, які выступае за каманду з 2021 года. Абаронца атрымлівае штомесяц 16 тысяч рублёў і бонусы. А вось той жа нападаючы Андрэй Салавей, найлепшы футбаліст Беларусі-2021, мае максімум не для гульцоў зборнай, – 5250 рублёў. Сярэдні ж заробак па камандзе, паводле нашых звестак, 3-4 тысячы.

4 тысячы рублёў прапісаныя ў кантрактах Паўла Чыкіды і Аляксандра Джыгеры, якіх «даравала» рэжымная камісія і дазволіла гуляць у футбол у Беларусі. Абодва летась ужо выступалі за «Славію» і, паводле нашых звестак, атрымлівалі на тысячу больш.

Яшчэ адзін зарплатны топ у Мазыры – галоўны трэнер Іван Біёнчык. Нягледзячы на скандалы і прэтэнзіі з боку некаторых футбалістаў, у клубе шануюць спецыяліста і плацяць 12 тысяч рублёў штомесяц. Такую суму прапісалі восенню-2023, калі спецыяліст перазаключыў кантракт на палепшаных умовах (зрэшты, тады яшчэ дзейнічалі старыя ліміты і пры жаданні яму маглі б плаціць на пару тысяч больш).

«Тарпеда-БелАЗ»

У канцы 2023-га ў Жодзіне адбыліся гучныя затрыманні – пад варту праз падазрэнні ў карупцыі патрапілі генеральны дырэктар «БелАЗа» Сяргей Нікіфаровіч і мэр горада Дзмітрый Заблоцкі. Абодва зʼяўляліся і чальцамі апякунскай рады футбольнага клуба, які ўжо прыбраў іх профілі з афіцыйнага сайта. Зрэшты, затрыманні не адбіліся на фінансавым дабрабыце «Тарпеда-БелАЗ». Паводле нашай інфармацыі, лідарства ў зарплатнай ведамасці захапілі зборнікі-навічкі Дзяніс Лапцеў і Максім Скавыш. Нападнікі атрымліваюць па 15 тысяч рублёў да выліку падаткаў. Плюс належаць розныя бонусы.

«Шахцёр»

Салігорск пачне сезон з мінусам 20 пунктаў. Сярод мэт – застацца ў вышэйшай лізе, і гэта не вельмі цікавіць футбалістаў з узроўнем. Многія лідары сышлі, каманду ўзначаліў малады Віталь Сувораў замест статуснага Аляксея Багі.

У абноўленым складзе шмат гульцоў са сціплымі акладамі, калі параўноўваць з тым, што было раней, аднак усё ж ёсць выканаўца, які можа пахваліцца вельмі сурʼёзным заробкам. У канцы 2022-га паўабаронца атакі з Албаніі Валон Ахмедзі падпісаў з «Шахцёрам» новы двухгадовы кантракт, а таму атрымлівае заробак яшчэ па ранейшых лімітах. Наколькі нам вядома, гэта 18 тысяч рублёў за месяц плюс бонусы.

Як гулец зборнай Беларусі можа разлічваць на падвышаны заробак і брамнік Сяргей Ігнатовіч, які прыйшоў у каманду ў студзені 2023-га. Аднак, паводле нашых звестак, да столі ён не дацягнуўся і атрымлівае штомесяц 12 тысяч рублёў.

Асноўная маса гульцоў атрымлівае па ліміце не для зборнікаў – пяць тысяч рублёў да выплаты падаткаў.

А што ў іншых клубах?

У некаторых клубаў заробкі далёкія ад лімітаў, але і там ёсць футбалісты, якія атрымліваюць больш за партнёраў.

У «Іслачы» па звестках нашых крыніц самыя сурʼёзныя аклады маюць нападнік Аляксандр Макась і абаронца Алег Вераціла – па 8 тысяч рублёў. Асноўная ж маса гульцоў здавольваецца 3-4 тысячамі.

Па 6 тысяч у «Дняпры» зарабляюць паўабаронца Юры Клачкоў, форвард Марцін Арцюх і брамнік Ягор Генералаў.

Як удалося даведацца, максімум у «Віцебску» – 4,5 тысячы рублёў. Гэта ўзнагароджанне для ветэранаў клуба нападніка Руслана Цеверава, абаронцы Арцёма Скітава і брамніка Дзмітрыя Гушчанкі. Падобная сітуацыя ў «Гомелі». Там вопытныя абаронца Сяргей Мацвейчык і галкіпер Алег Кавалёў маюць 4,5 тысячы рублёў. Моладзь дык увогуле атрымлівае і па тысячы рублёў.

У «Смаргоні» топ-зарплата знаходзіцца на ўзроўні 2 тысячы рублёў. Іх, паводле нашых звестак, далі навічку калектыву абаронцу Цярэнцію Луцэвічу. Сярэдні ж заробак па камандзе – 1200 рублёў.

2 тысячы – максімум і для «Арсенала». У «Мінску» могуць даць на 500 рублёў больш. У «Слуцку» ў параўнанні з мінулым сезонам заробкі скараціліся, і сёння максімум для футбаліста – 3 тысячы рублёў. У «Нафтана» некаторыя гульцы атрымліваюць 4 тысячы.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты