Tribuna/Футбол/Блогі/ЧестнОК/«КраСава» на канале «ЧестнОК»: Шкурына затыкалі ў ЦСКА, Мілеўскі выклікае жаль, Глебу ўжо не адмыцца

«КраСава» на канале «ЧестнОК»: Шкурына затыкалі ў ЦСКА, Мілеўскі выклікае жаль, Глебу ўжо не адмыцца

«Футбол у Беларусі – гэта і ёсць Беларусь».

Блог — ЧестнОК
Аўтар — bytribuna com
7 чэрвеня, 09:00
1
«КраСава» на канале «ЧестнОК»: Шкурына затыкалі ў ЦСКА, Мілеўскі выклікае жаль, Глебу ўжо не адмыцца

Аляксандр Івулін са сваёй паездкі на Кіпр прывёз не толькі выпуск з легендай беларускага футбола Аляксандрам Хацкевічам.

Яшчэ адбылася вялікая размова з расійскім экс-футбалістам, а цяпер папулярным блогерам і ўладальнікам футбольнага клуба «Красава» Яўгенам Савіным, які пераехаў на востраў пасля пачатку вайны ва Украіне, супраць якой выступіў. Каманда блогера – у Д2 Кіпра: у першы сезон прабіцца ў Д1 не ўдалося, але будзе другая спроба з дапамогай новых спонсараў.

Івулін і Савін пагаварылі пра падзеі ў Беларусі жніўня 2020-га і вайну ва Украіне (на абедзве тэмы «Красава» рабіў выпускі на сваім канале), гульцах, якія выступілі супраць гвалту, абмеркавалі вядомых фігур з белфутбола і не толькі. Лепш за ўсё паглядзець гэтае відэа на канале «ЧестнОК» цалкам – яно перад вамі. А ніжэй – тэкставая расшыфроўка важных момантаў.

Пра тое, дзе застаў вайну

24 лютага 2022 года Савін быў у Нарвегіі, куды ён прыляцеў на матч 1/16 фіналу Лігі Канферэнцый паміж мясцовым «Будзё-Глімт» і «Селтыкам». Блогер хацеў зняць выпуск пра расійскага галкіпера нарвежскага клуба Мікіту Хайкіна, але ўсё сарвалася.

– 24 лютага я прыляцеў рана раніцай у Нарвегію, у такі цудоўны горад у запаляр'е Будзё – і ўбачыў навіны ў аэрапорце, што Расiя ўварвалася ва Украіну, бамбяць Кіеў. Зразумела, што ні пра які выпуск пазітыўны, дзе рускі брамнік гуляе ў еўракубках, а я на трыбуне скачу, радуюся яго сэйвам ці перамозе, наогул гаворкі быць не магло.

Пра беларускіх футбалістаў супраць гвалту

Яўген у лютым 2021 года рабіў на сваім канале вялікі выпуск пра рэпрэсіі ў белфутболе з боку рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да гульцоў і трэнераў з грамадзянскай пазіцыяй. З Івуліным яны абмеркавалі трапленне ў «чорны спіс» «Мінспорту» тых, хто восенню 2020-га ўдзельнічаў у роліку «Футбалісты супраць гвалту».

– Гэтыя хлопцы выказваліся перш за ўсё таму, што яны былі не згодныя, каб іх народ проста забівалі. І гэта крута, што яны гэта зрабілі, таму што іх сумленне да канца іх дзён будзе чыстае. Калі пройдзе час, дзеці ці чалавек, які праходзіць міма, скажа: «Дзе ты быў у 2020 годзе? А што ты сказаў у 2020 годзе?» Ён скажа, што быў адным з нямногіх, хто не прамаўчаў. І калі ты разумееш, што ты хоць нешта зрабіў, ты нечым рызыкнуў – гэта крута, што ты перад сабой сумленны. Футбол у 35 гадоў скончыўся, а табе жыць, дай бог, 70, 80, 90 гадоў. І што ты будзеш казаць сабе ўвесь гэты час?

Пра Шкурына

Выдаў Савін інсайд пра Іллю Шкурына, які ў першыя дні пасля выбараў-2020 адмовіўся выступаць за зборную Беларусі, пакуль у краіне захоўваецца рэжым Лукашэнкі.

– Я з ім асабіста не знаёмы, але з задавальненнем пазнаёміўся б. Яго ледзь не хацелі выслаць з Расіі, і [прэзідэнт ЦСКА Яўген] Гінер яго прасіў, каб ён больш не выказваўся наконт палітыкі. Я не ведаю, ці мог бы я ў 20-21 год сказаць: «Рабят, не, гэта няправільна, што вы робіце». Гэта, блін, крута. Значыць, прынамсі ў яго ёсць стрыжань.

На пытанне, чаму ніхто з расійскіх гульцоў так ярка не выступіў супраць вайны ва Украіне, Савін адказаў, што справа ў грошах – заробак у клубах РПЛ у футбалістаў вельмі высокі, і гатовых губляць яго з-за пазіцыі не знайшлося.

Пра Хамутоўскага

Таксама Савін станоўча адазваўся пра былога галкіпера зборнай Васілія Хамутоўскага, з якім пазнаёміўся ў 2021-м. На думку блогера, экс-трэнер брэсцкага «Дынама», якога пакараў рэжым Лукашэнкі, у будучыні можа прэтэндаваць на самыя высокія пасады.

– Напэўна, больш за ўсіх мяне ўразіў Хамутоўскі. Чалавек з такой харызмай, з такім тыпажом і спартыўным бэкграўндам можа лёгка стаць, напрыклад, міністрам спорту ці ўзначаліць федэрацыю футбола ў Беларусі ў перспектыве. І тады, я ўпэўнены, будзе парадак, таму што ў яго ёсць і разуменне, ёсць і стрыжань. У прынцыпе, усё ў яго ёсць, таму Вася – суперкруты.

Пра Аляксандра Глеба

Пра былога гульца «Барселоны» і «Іслачы» Савін рабіў асобны выпуск на сваім канале ў канцы 2019 года. На думку Яўгена, экс-футбаліст упусціў шанц стаць прыкладам для народа, назаўжды запляміўшы сябе падтрымкай рэжыму.

– Тое, што я бачу, тое, што я чую: зямлю атрымаў – і зараз катаецца, як у нас у Расіі шмат хто, па нейкіх турнірчыках у падтрымку таго, што адбываецца.

Аляксандр Глеб, мусiць, самы вялікі футбаліст у гісторыі беларускага футбола, на якога многія маліліся, раўняліся, за якога заўзелі, напэўна, як цяпер за [гульца «Напалі»] Хвiчу [Кварацхелію] у Грузіі заўзеюць. Вось прыкінь, калі б Глеб выступіў супраць. Той жа Хвіча выступіў супраць прыняцця [у Грузіі] закона пра іншаагентаў, ён выступіў супраць урада Грузіі – і многія грузінскія футбалісты падтрымалі еўрапейскі вектар развіцця.

А Глеб проста абраў грошы. Я лічу, што калі б Глеб, разумее ён гэта ці не, абраў пазіцыю здаровага розуму і заступіўся за народ, які заўзеў учора за яго, а сёння яго ######## [б'юць] на плошчах, то тады Глеб сапраўды стаў бы такой вялікай, вялікай адзінкай. Але, як і многія, ён абраў найлягчэйшы шлях: проста прагнуцца, сесці ля карыта і здавольвацца тым, што яму сёння накідвае Лукашэнка і цяперашні рэжым. Я да яго як ставіўся нармальна, так і стаўлюся, ён сапраўды вялікі футбаліст. Але як асоба, я думаю, ён зрабіў тое, ад чаго ён ніколі ў жыцці не адмыецца.

Пра Мілеўскага

Выпуск з Арцёмам Мілеўскім ад ліпеня 2019-га да гэтага часу ідзе ў топ-5 па праглядах на канале «КраСава» (3,2 мільёна праглядаў) – Івулін спытаў і пра чэмпіёна Беларусі-2019.

– Наогул Міля – чалавек, якi здзiўляе. Я ні ад кога не чуў дрэннага пра Мілеўскага. Усе гавораць: класны хлопец, харызматычны, вясёлы, добры сябар. У Мілі проста каласальны патэнцыял быў для таго, каб зрабіць кар'еру пасля футбола. Я ўпэўнены, калі б ён узяўся за розум, пачаў усё з нуля, то яго б многія клубы хацелі бачыць у структуры.

Але калі я гляджу яго фоткі ў Instagram сёння, як ён выглядае, у мяне проста адно пытанне: «Ну як мага ўсё ######## [страціць]?» Самае херовае пачуццё – гэта калі табе шкада мужчыну. Вось мне проста шкада Мілю. Не таму, што з ім нешта здарылася, а таму, што ў яго проста каласальны патэнцыял. У яго ўсё ёсць для таго, каб зараз у прыгожым гарнітурчыку быць прадстаўніком нейкага клуба, быць у медыя, быць заўсёды навідавоку, што ён любіць рабіць. І мне вельмі сумна, што Міля гэтага не робіць, што ён не можа сабрацца. Ён проста плыве па цячэнні. Гэта непрыемна назіраць.

Пра падзеi ў Беларусі ў 2020-м

Таксама выказаўся Савін і наконт таго, чаго не хапіла беларусам для перамогі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. На яго думку, шмат што вырашыла ўмяшанне з боку рэжыму Пуціна.

– Я, шчыра, быў у поўнай упэўненасці, што ў беларусаў атрымаецца. Было крута, што народ рэальна выйшаў, рэальна мірна выказваўся. Мая думка, што не атрымалася ў Беларусі зрабіць тое, што хацеў народ, толькі дзякуючы падтрымцы [для рэжыму Лукашэнкі з боку] Расіі. І зараз Беларусь плаціць тым, што краіну прыцягнулі да людаедскай вайны супраць Украіны. Адназначна, гэта быў план. Лукашэнка застаўся толькі таму, што прадаў сваю душу Пуціну, а сёння плаціць за гэта лаяльнасцю, заплюшчваючы вочы на тое, што адбываецца.

Пра тое, што белфутбол – гэта і ёсць цяперашняя Беларусь

Скончылася размова словамі Савіна пра тое, што футбол у краіне цалкам адлюстроўвае сітуацыю ў ёй.

– Я, безумоўна, веру ў перамены. Я б хацеў вярнуцца – і ў Беларусь, і ў Расію, і ў расійскі футбол, але ўжо з магчымасцю нешта ў ім рэальна мяняць.

У мяне любімая фраза: «Футбол у Расіі – гэта і ёсць Расія». Але вазьмі ўсё, што мы абмяркоўваем, прыбяры слова «футбол» і пастаў «бізнес», «кіно», іншыя сферы – і будзе тая ж херня.

Футбол у Беларусі – гэта і ёсць Беларусь. Падтрымліваеш Лукашэнку – гуляеш у «Дынама» і атрымліваеш грошы. Не падтрымліваеш – [альбо] за кончык, альбо ты з'яздзаеш з краіны. Няўжо гэта нармальна? Гэта хіба «спорт па-за палітыкай»? Мяне юшыць, калі людзі кажуць, што «спорт па-за палітыкай». Рабят, вы наогул з дуба зваліліся? Вы паслухайце гісторыі людзей. Чалавек папрасіў легітымныя выбары ці проста нейкую паперу не падпісаў, якую яму навязвалі падпісаць – яго трэба выкінуць са зборнай. Тут у прынцыпе пра жыццё людзей. Толькі тады мы можам пра нешта ўвогуле размаўляць, калі гэта ўсё памяняецца.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты