Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/З «ментаўскімі» камандамі звыкліся, дрэнны спеў дзяржгімна можа пакінуць па-за зборнай, на Захад не едуць праз грошы. Інсайды пра запалоханы міні-футбол Беларусі

З «ментаўскімі» камандамі звыкліся, дрэнны спеў дзяржгімна можа пакінуць па-за зборнай, на Захад не едуць праз грошы. Інсайды пра запалоханы міні-футбол Беларусі

«Усіх загналі пад плінтус. Нічога не зменіцца».

Аўтар — bytribuna com
30 сакавіка 2023, 17:46
З «ментаўскімі» камандамі звыкліся, дрэнны спеў дзяржгімна можа пакінуць па-за зборнай, на Захад не едуць праз грошы. Інсайды пра запалоханы міні-футбол Беларусі

Беларускі спорт ужо год жыве пад міжнароднымі санкцыямі, а ўнутры лукашэнкаўская сістэма прэсуе і звальняе за альтэрнатыўныя непажаданыя меркаванні. Пры гэтым многія гатовыя цярпець, а таму даведацца, якія настроі пануюць у тым ці іншым відзе спорту, усё больш складана - людзі закрыліся і не хочуць гаварыць нават ананімна.

Тым не менш "Трыбуна" і сёння знаходзіць суразмоўцаў. Мы ўжо даведваліся, чым жыве цяпер у Беларусі лёгкая атлетыка, баскетбол, веласпорт, настольны тэніс, хакей, валейбол.

Зараз - аповед удзельніка чэмпіянату Беларусі па міні-футболе пра жыццё ўнутры гэтага віду спорту, дзе гуляюць амапаўцы, а федэрацыяй кіруе міністр юстыцыі Лукашэнкі, у нядаўнім мінулым намеснік кіраўніка так званага міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Хаменка.

- Міні-футбол у Беларусі - не самы папулярны від спорту. Пасля таго, як спорт у краіне ў цэлым ператварылі ў інструмент ідэалогіі, ці змянілася цікавасць да «мініка»?

- У глабальным сэнсе нічога не памянялася. У міні-футболе не было масавага падпісання праўладнага ліста, таму людзі не адвярнуліся ад каманд - як хадзілі, так і працягваюць хадзіць. Калі балельшчыкаў і паменела, то нязначна.

- Чаму, па-вашаму, у міні-футболе не было масавага падпісання ліста ў падтрымку рэжыму?

- Дык не было ціску зверху, ніхто нікога не прымушаў. Канешне, пэўныя асобы, напрыклад, з «УУС-Дынама», падпісалі ліст, або была гісторыя з подпісамі ў светлагорскім ЦКК. Але, у цэлым, ніхто па міні-футбольных клубах не хадзіў з гэтым лістом, не прымушаў распісвацца. Хаця, думаю, калі б ціск быў, то вынік атрымаўся б падобным да таго, што мы ўбачылі ў іншых відах спорту. Супраць кіраўніцтва ніхто не пайшоў бы.

- Выглядае даволі дзіўна, калі ведаеш, хто старшыня асацыяцыі міні-футбола.

- Сапраўды, чалавек сістэмны, адданы рэжыму, і многія задаюцца пытаннем, чаму пры такім кіраўніку не было ціску з лістом. Натуральна, ніхто Хаменку такія пытанні задаваць не будзе, але людзей гэта сапраўды крыху здзіўляе. Хаця ніхто і не скардзіцца :). Мы ўсе чакалі, што будзе такі ж ціск, як у іншых відах спорту, але яго не адбылося. А зараз ліст ужо неактуальны, думаю, ніхто да яго не вернецца.

Але свае сістэмныя замашкі Хаменка праяўляў. У 2021 годзе на матчы зборнай у Мінску зганяў [так званых] міліцыю і вайскоўцаў, калі трыбуны кішэлі жаўнерамі тэрміновай службы, кантрактнікамі. Ведаю, што калі гульцы выйшлі на пляцоўку, яны самі афігелі ад убачанага. У шоку былі нават трэнеры. Але толькі Сяргей Падалінскі выказаўся смела.

- Ці былі гульцы або трэнеры, якія выказвалі добраахвотнае жаданне падпісацца за рэжым?

- Каб хтосьці бег і хацеў падпісваць, такога не памятаю. Была гісторыя ў ЦКК, дзе трэнер Мікалай Бандарэнка, як мне расказвалі, распісваўся за гульцоў, а тыя і не ведалі пра гэта. Ён і сам пакінуў подпіс. Потым некаторыя адклікалі свае подпісы, а нехта пакінуў усё як ёсць.

- Як у астатніх камандах адрэагавалі на сітуацыю, што адбылася ў ЦКК?

- Хлопцы цікавіліся ў калег, што наогул адбылося, як так атрымалася. І з тымі, хто нібыта пакінуў свае подпісы, людзі не перасталі размаўляць, таму што разумелі, што здарылася нешта максімальна дзіўнае і відавочна не па волі гульцоў. Ну а Бандарэнка ніхто сур'ёзна і не ўспрымаў.

- Які ў цэлым настрой у міні-футболе быў у той час і які ён зараз?

- Магу дакладна сказаць, што ў нашым відзе спорту да гэтага часу хапае людзей, якія супраць існуючай сістэмы - і сярод гульцоў, і сярод трэнераў, і сярод кіраўнікоў. Нават некаторыя людзі з самой федэрацыі хадзілі на пратэсты.

- Пры гэтым у міні-футболе ёсць каманды, дзе гуляюць прадстаўнікі сілавых структур. Як да іх ставяцца?

- Адразу пасля жнівеньскіх падзей 2020 года [тады старшыня асацыяцыі міні-футбола Сяргей] Куніца забараніў амапаўцам прымаць удзел у матчах. Ён проста такім чынам хацеў пазбегнуць канфліктных сітуацый паміж гульцамі, таму што атмасфера была наэлектрызаваная да мяжы. Але гэтае негалоснае распараджэнне дзейнічала нядоўга, пакуль на функцыянера не націснуў Базанаў. Сілавікі вярнуліся, але некаторыя гульцы, наколькі ведаю, прынцыпова не ціснулі ім рукі.

З часам, мне падаецца, людзі прызвычаіліся да існуючага стану рэчаў, з тым, што трэба гуляць супраць сілавікоў. Любіць іх больш, вядома, не сталі, але відавочнай нянавісці таксама няма, ніхто цішком не мае жадання адмыслова сфаліць на сілавіку. Рукі ўжо ціснуць ім пасля матчаў, але, наколькі бачу, робіцца гэта максімальна фармальна.

Заўзятары таксама недалюбліваюць гэтыя калектывы. Памятаю, у 2020-м людзі актыўна пакідалі каментары ў сацсетках пад матчамі таго ж «УУС-Дынама». Але зараз падобныя паведамленні трактуюцца як распальванне сацыяльнай варожасці, праз іх можна патрапіць за краты. Таму паказчыкам асаблівага стаўлення да мянтоўскіх каманд можна лічыць, наадварот, адсутнасць каментароў.

- Ёсць адрозненні ў стаўленні да клубаў Д1 «Ахова-Дынама» і «УУС-Дынама»?

- У «Ахова-Дынама» гуляюць хлопцы, якія ў большасці сваёй проста прыпісаныя да дэпартамента аховы, і да іх стаўленне, у прынцыпе, яшчэ нармальнае. А вось «УУС-Дынама» - зусім іншая гісторыя, за гэтую каманду якраз і гулялі амапаўцы. Да гэтага часу, дарэчы, выступае за калектыў Павел Балюк, які ў Гродне затрымліваў Сяргея Ціханоўскага. Некаторыя ў турме працуюць наглядчыкамі, ахоўнікамі. Плюс там нейкім ганаровым старшынём з'яўляецца [кіраўнік МУС Лукашэнкі падчас актыўнай фазы пратэстаў у 2020-м] Юры Караеў.

- Як народ адрэагаваў на сітуацыю з Балюком і Ціханоўскім?

- У цэлым адмоўна. Але была пэўная доля пафігістаў, якія на ўсё махнулі рукой, казалі: "Ды Пашка - нармалёвы хлопец, я яго даўно ведаю, пішуць няпраўду".

- А ў самой камандзе стаўленне да яго не змянілася?

- «УУС-Дынама» - гэта такая багна, што дакладна ніхто на падобныя сітуацыі не будзе звяртаць увагу. Ад сілавікоў чагосьці адэкватнага чакаць не варта, астатнія будуць маўчаць, бо вырашаюць свае праблемы. Хтосьці сплочвае крэдыт, таму не захоча рызыкаваць крыніцай заробку. Хтосьці проста жадае гуляць у міні-футбол. Ну а некаторым банальна пофіг на ўсё, што робіцца вакол.

- Ці шмат у вашым відзе спорту пафігістаў?

- Дастаткова. Яны дзейнічаюць пад уплывам эфекта натоўпу. Калі народ падняўся - былі за яго. Калі беларусаў "прыдушылі", гэтых пафігістаў ужо не відаць і не чуваць, кажуць: "А што мы можам зрабіць?" Галоўнае, што заробак плацяць, на астатняе - пляваць.

- Які заробак у міні-футболе?

- У чэмпіянаце ёсць чатыры клубы, якія лічацца прафесійнымі, дзе людзі занятыя выключна спортам: «Вітэн», «Сталіца», БЧ і ВРЗ. Грошы паступаюць ад дзяржпрадпрыемстваў і спонсараў. Хаця ў той жа «Сталіцы» два чалавекі працуюць у IT-кампаніі, якая якраз і спансуе каманду. Яны першапачаткова былі айцішнікамі, проста ў нейкі момант пачалі гуляць у міні-футбол, вось і зараз з'яўляюцца чальцамі каманды. У "Вітэне" адзін чалавек заняты ў МНС, а астатнія ўсе на прафесійных спартыўных кантрактах. У калектывах з топ-3, акрамя БЧ, заробак з прэміяльнымі - дзесьці тысячы 3-4 рублёў. Усё залежыць ад вынікаў. У легіянераў, можа, крыху больш. У БЧ - недзе 2-3 тысячы рублёў.

У астатніх калектывах, можна сказаць, даюць на харчаванне, таму людзі працуюць яшчэ недзе паралельна ці вучацца. У свой час "Дынама-БНТУ" жыло за кошт футбольнага мінскага "Дынама", але ў нейкі момант узніклі праблемы, міні-футбольную каманду перасталі спансаваць. Цяпер, наколькі ведаю, фінансаванне аднавілі, але грошы невялікія. У «УУС-Дынама», калі не мент, то на кантракце ў клубе, але заробкі - 500-1000 рублёў. «Дарожнік» і «Барысаў-900» таксама ў гэтым прамежку.

- І людзі гатовыя за такія грошы маўчаць, цярпець тое, што робіцца вакол?

- А куды яны пойдуць? Будзем шчырымі, у міні-футболе хапае людзей, тупых як коркі, якія [па-руску] «жи»/«ши» пішуць праз «ы», умоўна кажучы. Вось яны гатовы маўчаць, каб заставацца ў міні-футболе і нешта атрымоўваць.

Плюс ёсць у нашым відзе спорту любімчыкі Хаменка. Напрыклад, Дзмітрый Лось з ВРЗ. Не ведаю, як так атрымалася, але вось ён стаў вельмі набліжаным да старшыні БАМФ. Памятаю, Лось атрымаў прамую чырвоную картку за неспартыўныя паводзіны. Яму далі тры матчы дыскваліфікацыі. Што зрабіў Дзіма? Патэлефанаваў Хаменку, паплакаўся, а той аддаў каманду не чапаць гульца. Як вынік - адзін матч дыскваліфікацыі. І яго выклікаюць у зборную дзякуючы сувязям са старшынёй. Прытым хлопец ужо ўзроставай, яму за 35. Іншых ужо "зачахляюць", запрашаюць маладых, але Лася клічуць.

У той жа час не выклікаюць у зборную аднагодка Лася Алега Гарбенку, які там капітаніў. Чаму? Бо Хаменка сказаў, што ён дрэнна спявае дзяржгімн. Вось такія справы робяцца ў нашым відзе спорту.

- Людзі ведаюць пра сувязь Хаменкі і Лася?

- Вядома. Натуральна, нікому не спадабаецца, калі ёсць любімчыкі ў зборнай. Адзінае, ніхто ў голас сваё абурэнне выказваць не будзе. Людзі проста перашэптваюцца. Бо зараз такі час... Усе баяцца. І нават тыя, хто выказваў раней альтэрнатыўны пункт гледжаньня, былі супраць улады, замоўклі. Яны не пераабуваліся, проста замоўклі. А тыя, хто раней маўчаў, гавораць: «А, можа, так і трэба? Няхай будзе так, як будзе. А калі мы будзем выступаць, дык і нас рэпрэсіі закрануць. Нам гэта трэба?»

- Якое стаўленне ў міні-футболе менавіта да Хаменкі?

- Не скажу, што рэзка негатыўнае. Шмат хто ведае, што ёсць нейкі старшыня, але што ён за чалавек і функцыянер – гэта ўжо не важна. Галоўнае, што не чапае. Але да Куніцы адносіліся на парадак лепей. Так, яго крытыкавалі за тое, што нешта не рабіў, але стаўленне да яго як да чалавека было іншае. Цяпер усе маўчаць. Камусьці ўсё роўна, хто старшыня, а нехта баіцца, што калі адкрые рот, пакрытыкуе функцыянера, могуць быць наступствы.

Цяпер сама федэрацыя - гэта такі бардак... Ніхто нічога толкам там не робіць, проста ганяюць на выязныя матчы зборнай, бяруць сваіх знаёмых і сяброў за бюджэтны рахунак. Вось нядаўна «нацыяналка» паехала на вырашальныя адборачныя матчы ЧС у Арменію, дык масажысту месца не знайшлося, затое ўзялі перакладчыка з англійскай - наколькі ведаю, ён з'яўляецца пратэжэ намесніка старшыні БАМФ Івана Гараўца.

У чэмпіянаце краіны калісьці было 16 клубаў, зараз - 11. І няма надзеі, што нешта палепшыцца. Таму што фэдэрацыя нічога не робіць, там людзі проста пераследуюць свае інтарэсы. Ды і ўзровень турніру ўпаў вельмі моцна. Легіянеры раз'ехаліся, былыя лідары састарэлі, а на змену нікога няма. Тая ж маладзёжная зборная пастаянна правальваецца ў кваліфікацыях топ-турніраў.

Ну а самае жудаснае, што ніхто з кіраўнікоў не хоча і не будзе слухаць тых, хто разбіраецца хоць крыху ў міні-футболе. Сістэма збудаваная так: як сказана зверху, так і павінна быць. Ніякіх абмеркаванняў не мяркуецца. А загады зверху ідуць сапраўды не на развіццё спорту.

- Ці многія гульцы паміж сабой выказваюць абурэнне існуючым становішчам ці ў большасці сваёй людзі змірыліся?

- Шмат хто гатовы трываць тое, што ёсць, таму што, як я сказаў, акрамя міні-футбола нічога не ўмеюць, і пачынаць нешта новае не хочуць, для іх гэта цяжкавата. Заставацца ў спорце? Ну дык гэта толькі ў Беларусі. Узровень расійскага чэмпіянату нашыя гульцы не цягнуць. А ў Еўропе і не чакаюць іх, і грошы ў міні-футболе не такія ўжо і вялікія. Напрыклад, у Польшчы заробкі нават меншыя, чым у вядучых клубах Беларусі. Таму хлопцы сядзяць ціхенька, баяцца вымавіць лішняе слова, каб іх не папрасілі [на выхад]. Яны былі б рады, каб пра міні-футбол увогуле не казалі. Галоўнае - плаціце заробак, а астатняе - міма нас. Чым цішэй, тым меней праблем.

- Таму ніхто, напрыклад, не заступіўся за Падалінскага, калі ў 2020-м яго затрымалі, а потым прыбіралі са зборнай?

- Ведаю дакладна, што ў відзе спорту ёсць людзі, якія падзяляюць ягоную пазіцыю, ягоны пункт гледжання. У тым жа “Дарожніку”, дзе гуляў Сяргей. Але Хаменка патэлефанаваў кіраўнікам клуба і сказаў: "Або вы выганяеце гэтага гульца, альбо каманда не будзе існаваць". Міні-футбол моцна запалоханы, як, у прынцыпе, і беларусы, хто жыве на Радзіме, вось і няма салідарнасці.

- Міні-футбол нямоцна закранулі міжнародныя санкцыі.

- Зборныя не могуць гуляць у Беларусі - вось і ўсе санкцыі. Большасці прадстаўнікоў міні-футбола пляваць на гэта, а тых, хто ў зборнай, нават парадавала такі стан рэчаў - гэта ж можна даўжэй пабыць за мяжой, дзе плацяць сутачныя (і так можна атрымаць яшчэ да 300 долараў), кормяць.

- Наколькі моцна хвалюе міні-футбол Беларусі вайна ва Украіне?

- Меркаванне ва ўсіх адназначнае - ніхто не хоча вайны, усё супраць яе. Але супраць менавіта самога дзеянні, забойства мірных жыхароў і гэтак далей. А вось што да вінаватых у вайне, тут меркаванні падзяляюцца. Працэнтаў 50 гульцоў на баку Украіны, 30-40 працэнтаў на баку Расіі. Не тое, што жадаюць ёй перамогі, а паўтараюць, што Украіна сама вінаватая, правакавала і гэтак далей. Увогуле, стандартныя наратывы. Ну а астатнія гульцы, працэнтаў 10-20, - ні туды, ні сюды. Яны стаяць збоку, нічога не выказваюць і проста назіраюць.

У зборнай Беларусі ёсць этнічны ўкраінец Сяргей Крыкун, які нарадзіўся ў Горлаўцы на Данбасе. Дык вось ён увогуле не за Лукашэнку, але пры гэтым Пуціна падтрымлівае, і ўсё стандартнымі наратывамі аргументуе. У мяне ў галаве не ўкладаецца такое.

- Тыя, хто за Украіну, адкрыта гэта не выказваюць?

- Вядома, у адкрытую людзі імкнуцца не выказвацца. У распранальнях ніколі не пачуеце абмеркаванняў падзей ні ва Украіне, ні ў Беларусі. Максімум - сам-насам, за куфлем піва. І тое толькі з тымі, каму давяраюць на 100 працэнтаў. У некаторых камандах кіраўнікі нават просяць не ўздымаць падобныя тэмы з пасылам: "Ну, вы ж разумееце, што нічога сваімі размовамі не даможацеся".

Ідэалагічныя гутаркі? Такога няма. Ніхто ні з кім падобных гутарак не праводзіць, напамповак, як у вялікім футболе, напрыклад, няма. Адзінае, Хаменка мог прыехаць у зборную, збіць увесь графік і правесці сустрэчу з гульцамі, каб, як ён лічыць, выказаць нейкія матывацыйны словы. Трэнеры спрабавалі яму намякнуць, што ёсць графік, але ён не слухаў. А яшчэ любіў заходзіць у распранальню падчас матчаў і даваць свае ўказанні.

- Калі міні-футбол акажацца ў такой жа сітуацыі, як вялікі футбол - напрыклад, знойдуць «непажаданых», звольняць іх, усіх прымусяць нашыць на форму чырвона-зялёныя сцягі, - што будуць рабіць гульцы?

- Прымуць гэта як належнае, ніхто не будзе абурацца. У гэтым нават сумнявацца не даводзіцца. Бо людзі банальна спалохаюцца, што калі выкажуць нешта супраць, то ім сапсуюць жыццё і кар'еру.

- Вам як гульцу некамфортна знаходзіцца ў такой абстаноўцы?

- Маральна - вельмі цяжка, нават нягледзячы на тое, што міні-футбол не пад такім прэсінгам, як астатнія віды спорту. Хаменка заняў такую пазіцыю, што трэба займацца спортам па-за палітыкай, маўляў, гульцы павінны гуляць, суддзі - судзіць, а трэнеры - трэнаваць. І нікога не гоняць на праўладныя мерапрыемствы, не прымушаюць выходзіць з чырвона-зялёным сцягам. Зрэшты, калі б да гэтага дайшло, то ўсе б пайшлі, таму што "так, напэўна, трэба".

- Што, па-вашаму, будзе далей з міні-футболам Беларусі?

- Будзем назіраць далейшую дэградацыю. Вынікаў няма і цяпер, а ў будучыні пра іх можна будзе толькі марыць. Сённяшнія лідары старэюць, змены ім няма. Канкурэнцыі ў відзе спорту няма, клубы правальваюцца ў еўракубках. Зборная выкарыстоўваецца шматлікімі проста як магчымасць злётаць у камандзіроўку, атрымаць сутачныя, а не для таго, каб дасягнуць выніку. Пра што тады казаць? У большасці сваёй людзі змірыліся і гатовы плыць па цячэнні. Усіх загналі пад плінтус. Нічога не зменіцца.

Іншыя пасты блога

Усе пасты