Tribuna/Хакей/Блогі/О духе времени/Новаму трэнеру мінскага «Дынама» рэгулярна адрасуюць пытанні пра блат – сваякі не раз гулялі ў яго клубах, кліенты сына-агента таксама

Новаму трэнеру мінскага «Дынама» рэгулярна адрасуюць пытанні пра блат – сваякі не раз гулялі ў яго клубах, кліенты сына-агента таксама

Ці чакаць яшчэ Квартальнавых у Беларусі?

Аўтар — bytribuna com
12 красавіка 2023, 20:30
Новаму трэнеру мінскага «Дынама» рэгулярна адрасуюць пытанні пра блат – сваякі не раз гулялі ў яго клубах, кліенты сына-агента таксама

Пасля чарговага вылету мінскага "Дынама" ў першым жа раундзе плей-оф кіраўніцтва клуба прыняло рашэнне растацца з канадскім спецыялістам Крэйгам Вудкрафтам, які адпрацаваў у Беларусі пяць сезонаў. Амаль адразу ж быў названы пераемнік паўночнаамерыканца - 58-гадовы расіянін Дзмітрый Квартальнаў. Ён таксама ўзначаліць зборную Беларусі на майскія паядынкі супраць Казахстана і Расіі.

Незадоўга да прызначэння Квартальнава ў расійскай прэсе з'явілася інфармацыя пра тое, што спецыяліст просіць у клубах, з якімі вядзе перамовы, амаль 800 тысяч долараў за год працы. Для параўнання Вудкрафт атрымліваў у Мінску каля 350 тысяч, плюс ён мог разлічваць на бонусы (за што і ці былі яны сплачаныя - невядома).

У паслужным спісе новага галоўнага трэнера «зуброў» 13 сезонаў КХЛ у пяці розных клубах: «Поўначсталь» Чарапавец, «Сібір» Навасібірск, ЦСКА Масква, «Лакаматыў» Яраслаўль і «Ак Барс» Казань. У плэй-оф Квартальнаў не выходзіў толькі раз (у першы год у Чарапаўцы). Затое тройчы станавіўся чэмпіёнам рэгулярнага сезона (усе тры разы з ЦСКА) і аднойчы прабіваўся ў фінал Кубка Гагарына (у сезоне-2015/16 яго ЦСКА ў сяміматчавай серыі саступіў "Металургу" Магнітагорск).

Як і бацька, лёс з хакеем звязалі абодва сыны Дзмітрыя Квартальнава, прычым яны гулялі ў яго камандах. Старэйшы Мікіта быў лімітчыкам у "Сібіры" і ЦСКА. Правёў 90 матчаў у КХЛ і набраў 5+2 на пазіцыі правага вінгера.

Пасля ЦСКА Мікіта Квартальнаў, ужо без бацькі, пагуляў яшчэ за «Нафтахімік» (27 гульняў, 2+2) і васкрасенскі «Хімік» з ВХЛ, а па сканчэнні сезона-2017/18 у 24 завяршыў гульнявую кар'еру праз адсутнасць прапаноў (незадоўга да таго няўдала з'ездзіў на прагляд у Фінляндыю) і хваробу, якая паўплывала на кар'еру.

Пачалося ўсё са звычайнага пералому кісці ў 12 гадоў на скейт-пляцоўцы. Праз некалькі гадоў кісць ізноў пачала трывожыць падлетка, але ў расійскіх клініках не маглі выявіць прычыну. А вось медыкі ў Швейцарыі (у гэтай краіне некалькі сезонаў у сярэдзіне 90-х адгуляў Квартальнаў-старэйшы, там жа нарадзіўся і першыя крокі ў хакеі рабіў яго старэйшы сын) дыягнаставалі саркому - рак косці. Гулец, якому на той момант было 18, перажыў курс хіміятэрапіі і ампутацыю двух пальцаў на правай руцэ пры правым хопе клюшкі. У выніку ён усё ж здолеў пабыць профі. За не вельмі працяглую кар'еру форвард зарэкамендаваў сябе правакатарам, які не супраць пабіцца.

Пакінуўшы лёд, у хакеі Мікіта застаўся, але ўжо ў ролі агента. У пачатку сезона-2019/20 загаварылі пра «кумаўство» з боку Квартальнава-бацькі, калі яго «Ак Барс» падпісаў 22-гадовага форварда Мікіту Дыняка, які незадоўга да таго стаў кліентам Квартальнава-сына. Праўда, Дыняк, дэбютант КХЛ, на ўсе размовы адказаў 1+3 супраць "Барыса" ў першай жа сваёй гульні ў лізе і ўжо на працягу чатырох сезонаў застаецца на бачных ролях у казанскім клубе.

Таксама некалькі матчаў за «Ак Барс» Квартальнава правёў іншы кліент яго сына Артур Броўкін. Праўда, зарэкамендаваць сябе ў КХЛ ён не здолеў і быў вернуты ў фарм казанцаў, дзе і выступае дагэтуль. На ўсе пытанні пра «блат» Квартальнавы адказвалі, што не бачаць ніякага канфлікту інтарэсаў, ды і наяўнасць усяго аднаго гульца-кліента ў ростэры цяжка назваць выкарыстаннем роднасных сувязяў.

- Было б у нас у камандзе тры-чатыры-пяць хакеістаў Мікіты - я б зразумеў крытыку. А тут адзін, - парыраваў пытанні журналістаў Квартальнаў-старэйшы.

Ужо з'явіліся навіны пра Мікіту Квартальнаву ў кантэксце мінскага «Дынама». Як паведамляе тэлеграм-канал "Укід па борце", у дні, што папярэднічалі прызначэнню бацькі, некалькі гульцоў "зуброў" нібыта атрымалі званкі і паведамленні ад агента - быццам бы ён прапанаваў хакеістам "падумаць пра супрацу і свае перспектывы ў выпадку адмовы".

Таксама Квартальнаў-агент вядзе справы свайго малодшага брата Аляксандра, які таксама паспеў пагуляць пад кіраўніцтвам бацькі ў КХЛ - 8 матчаў за «Ак Барс» у сезоне-2021/2022. Другога свайго сына Квартальнаў таксама прыцягваў у якасці «лімітчыка», і таксама атрымліваў пытанні пра «блат», на што адказваў, што Аляксандр шмат працаваў з першай камандай і добра ведае прынцыпы гульні, таму перавага дзесьці аддавалася больш яму, а не якому іншаму «лімітчыку» з фарма.

Структуру "Ак Барса" Аляксандр Квартальнаў пакінуў разам з бацькам, падпісаўшы кантракт з маскоўскім "Спартаком". Але ўжо праз два з паловай месяцы адправіўся ў "Куньлунь", а яшчэ праз месяц - у "Адмірал". Праўда, ні за адзін з клубаў ён за мінулы сезон не правёў ні хвіліны.

Але і на гэтым спіс Квартальнавых, якія згулялі пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера «Дынама», не вычэрпваецца. У сезоне-2016/17 16 матчаў (0+2) за ЦСКА правёў Даніла Квартальнаў - пляменнік Дзмітрыя Квартальнава. У яго, у адрозненне ад стрыечных братоў, далейшая кар'ера ў КХЛ без сваяка-трэнера складаецца нават лепей. Пасля ЦСКА форвард пагуляў у СКА і "Сочы", а апошнія два сезоны выступае за маскоўскі "Спартак". Агентам Данілы таксама з'яўляецца Мікіта Квартальнаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты