Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/Дзяржзакупкі ў белспорце: трацяцца на свае «Гульнi» (закос пад АГ там аж у трох вiдах), на стадыёне «Нафтана» прац на мiльён, але не для футболу, рэжымная арэна на хакейных кантрактах без барацьбы

Дзяржзакупкі ў белспорце: трацяцца на свае «Гульнi» (закос пад АГ там аж у трох вiдах), на стадыёне «Нафтана» прац на мiльён, але не для футболу, рэжымная арэна на хакейных кантрактах без барацьбы

«Гнязда прпапагандыстаў» на месцы спартбаз усё ж не будзе.

Аўтар — bytribuna com
8 траўня, 18:35
1
Дзяржзакупкі ў белспорце: трацяцца на свае «Гульнi» (закос пад АГ там аж у трох вiдах), на стадыёне «Нафтана» прац на мiльён, але не для футболу, рэжымная арэна на хакейных кантрактах без барацьбы

Узімку «міністр спорту» Сяргей Кавальчук пераконваў, што дзякуючы санкцыям выходзіць істотная эканомія, бо замежныя выдаткі скараціліся. «Трыбуна» вывучыла дзяржаўныя закупкі 2023 года, каб ацаніць цяперашні размах укладанняў у спартыўныя аб’екты, іх абсталяванне і інвентар. Адразу скажам, што ніякіх новых «будоўляў стагоддзя» кшталту Нацыянальнага стадыёна ад кітайцаў у Мінску не плануецца. Але ёсць шэраг iншых, дастаткова буйных праектаў.

Галоўнае мерапрыемства – «замена Алімпіяды» ў трох вiдах для аўтарытарных дзяржаў

Паколькі беларускі спорт моцна адзяржаўлены, канкурэнтных закупак, асабліва з буйнымі сумамі, няшмат. Часта адбываюцца падгонныя фармалісцкія працэдуры, у якіх пераможцы загадзя перадвызначаны.

Сярод свежых веснавых дзяржзакупак шмат замоў ад установы «Белспортзабеспячэнне». Яе дырэктар Міхаіл Азановіч выступаў у якасці прадстаўніка пазоўніка на завочным судзілішчы супраць кіраўнікоў Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Апейкіна і Аляксандры Герасімені.

Замовы тычацца арганізацыі ІІ Гульняў краін СНД. Другія па ліку, яны пройдуць у прыкладна дзясятку беларускіх гарадоў у жніўні гэтага года. І ўлады ужо пачынаюць прапагандысцкі шум пра значнасць гэтых спаборніцтваў – амаль што сваю Алiмпiяду. Уласна Лукашэнка паспеў пагразіць сваім чыноўнікам: «Калі вы яшчэ праваліце і II Гульні СНД, то я вам скажу шчыра: тады вам у спорце рабіць няма чаго!». А вось на чым не акцэнтуюцца ў дзяржкрынiцах – дык гэта на тым, што з 20 вiдаў спорта ў 15 будзе спаборнiчаць моладзь – спартсмены да 23 гадоў. А з пяцi астатнiх вiдаў два неалiмпiскiя – самба i пляжны футбол. Атрымлiваецца, хоць нейкая замена для АГ будзе толькi ў цяжкай атлетыцы, мастацкай гiмнастыцы i хакеi на траве (дзе Беларусь у жыццi не мела шанцаў на сапраўдную Алiмпiяду).

На першых Гульнях краін СНД у 2021 годзе ў Казані (цалкам маладзёжных) Беларусь у медальным заліку стала пятай сярод дзевяці каманд краiн СНД. Сёлета іх, як анансуе НАК Беларусі, будзе дзесяць, плюс удзел плануюць узяць яшчэ шэраг краін з аўтарытарнымі рэжымамі – Кітай, Куба, Іран, Аман, Саудаўская Аравія. Для беларускiх спартсменаў гэта шанц зарабіць у выглядзе стыпендый i прызавых, высокiх для ўзроўня спаборнiцтваў. Напрыклад, за першае месца на Гульнях СНД у алімпійскіх дысцыплінах моладзь атрымае 100 базавых велiчынь прызавых (на зараз амаль 1500 долараў), а дарослыя – 200 (адпаведна, амаль 3000 долараў).

Усе выдаткі па арганізацыі спаборніцтваў ўскладзены на краіну-гаспадара – Беларусь. Сярод самых буйных і дарагіх закупак, якія праводзяцца «Белспортзабеспячэннем», можна адзначыць: тры камплекты татамі агулам за 120 тысяч рублёў (47,5 тысячы долараў), па дзясятку штангаў, грыфаў і стоек для прысяданняў на 322 тысячы рублёў (127,5 тысячы долараў), два рынгі для тайландскага боксу агулам за 100 тысяч рублёў (амаль 40 тысяч долараў), два з паловай дзясятка лазерных цэляў за 156,5 тысячы (62 тысячы долараў)

У Гомелi хацяць палепшыць хакейную арэну, у Наваполацку – легендарна дрэнную футбольную (але не дзеля футбола)

На абсталяванне спартыўных аб’ектаў сёлетнія закупніцкія выдаткі ў разы большыя, чым на Гульні СНД. Напрыклад, хакейны клуб «Гомель» адкрыў конкурс камерцыйных прапаноў на пастаўку камплекта бартоў для мясцовай лядовай арэны. Арыентуюцца на кошт 900 тысяч рублёў. Камплект складаецца не толькі з агароджы, але і лавак для каманд, штрафных боксаў і так далей. Але ёсць інтрыга, ці ўдасца ажыццявіць гэтую закупку ва ўмовах санкцый, таму што некалькі гадоў таму барты для «Мінск-Арэны» атрымалi з Фiнляндыi. Праўда, кампанія Raita Sport Oy, якая тады выконвала працы, Гомелю дакладна не дапаможа – збанкрутавала.

Буйныя сумы выдаткоўваюцца на будаўнічыя і сумежныя працы на спартыўных аб’ектах, Нядаўна завяршылася працэдура закупкі на выкананне падрадных працаў па мадэрнізацыі наваполацкага стадыёна «Атлант», пра недахопы i проста пачварнасць якога ў белфутболе шмат гадоў хадзiлi легенды. Не так даўно на стадыёне абнавiлi гасцявую распранальню i усталявалi палiў газона, а вось паднавiць нягеглыя трыбуны, як у лютым заявiў старшыня футбольнага «Нафтана» Дзмiтрый Бандарчук, у горада няма грошай. Зато знайшлося амаль 3,5 мільёна рублёў (амаль 1,4 мiльёна долараў) на мадэрнiзацыю лёгкаатлетычнага сектара!

Кантракт атрымала гомельская кампанія «Тален-груп», у якой праблем з замовамі няма – яна мае статус партнёра ды спонсара алмімпійскага камітэту Лукашэнкi і легкаатлетычнай федэрацыі. Заснавальнік і кіраўнік фірмы – ураджэнец Гомеля, прызёр чэмпіянатаў СССР у спрынтавым і бар’ерным бегу Мікалай Талецкі. «Тален-груп» выконвала працы на шмат якіх стадыёнах Беларусі – ад школьных да тых, на якіх гуляюць каманды ЧБ. Кампанія мае ўласную вытворчасць пакрыццяў для спартыўных пляцовак, што і будуць упарадкоўвацца на наваполацкім стадыёне.

Спартбазы ўсё ж не заменяць на «гняздо прапагандыстаў»

У сакавіку завяршылася дзяржзакупка праектна-даследчых прац на замову мінскага філіялу таварыства «Дынама». За 1 мільён 120 тысяч рублёў (амаль 450 тысяч долараў) іх зробіць «Белдзяржпраект». Дзяржпраграма «Фізічная культура і спорт» на 2021-2025 гады якраз змяшчае пункт «Рэканструкцыя спорткомплекса БФСТ «Дынама», вул. Даўмана,23, г. Мінск (легкаатлетычны манеж, велабаза, вяслярная база)» з пазнакай «уключаючы праектна-даследчыя працы».

Пра рэканструкцыю гэтага комплексу гаворка вядзецца з пачатку 2000-х гадоў. Адзін час нават была ідэя яго знесці, каб пабудаваць медыяцэнтр для дзяржаўных прапагандысцкіх тэлеканалаў, i абвяшчаўся конкурс на архітэктурную канцэпцыю будынка медыцыяцэнтра. Паколькі афіцыёзная прапаганда апошнім часам толькі разгортваецца, то змену рашэння можна патлумачць тым, што «дынамаўскі» спартыўны комплекс выратавала ідэя стварэння медыяхолдынгу так званай Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка, выглядае на тое, вырашыў палепшыць умовы працы для Азаронка і кампаніі за расійскі кошт.

Скандальная фiрма алiмпiйскага камiтэта Лукашэнкi гарантавана атрымлiвае кантракты па праверанай схеме

Калі казаць пра блізкае атачэнне Лукашэнкі, то мы знайшлі цікавыя па сваёй тыповасці дзяржзакупкі з удзелам скандальна вядомага «Лебядзінага Парка» – кампанii, заснавальнікам якой з'яўляецца алімпійскі камітэт Лукашэнкi. Гэтаму ўнітарнаму прадпрыемству належыць у Мінску рэстаран «Лебядзіны», дзеля якога падціснулі аднайменны прыродны заказнік (удзел у адкрыцці рэстарана браў асабіста Лукашэнка), а таксама лядовая пляцоўка на «Алімпік-арэне». Гэтую пляцоўку смела можна называць рэжымнай – там пастаянна гуляе свае хатнiя сустрэчы каманда самога Лукашэнкi.

Прадпрыемства «Лебядзіны Парк» рэгулярна перамагае ў закупніцкіх працэдурах на аказанне паслуг для трэніровак і гульняў «Юніёра» – фарм-клуба хакейнага «Юнацтва». Перамогі ў працэдурах дзяржзакупак, у якіх замоўшчыкам выступае «Юнацтва», «Лебядзіны Парк» атрымлівае па немудрагелістай схеме. Яна дастаткова часта выкарыстоўваецца ў тэндарах для перадвызначанага выніку. Спачатку праводзіцца, як і належыць, нібыта конкурсная закупка – электронны аўкцыён. Але iншыя лядовыя арэны не падаюць прапаноў – так дамоўлена. У вынiку абвяшчаецца, што закуп не адбыўся, таму што паступіла толькі адна прапанова (у дадзеным выпадку ад «Лебядзінага Парку») ці наогул нiводнай. А гэта ўжо дае падставы законна правесці новую закупку – з подпiсам дамовы з тым пастаўшчыком паслуг, якога абірае замоўшчык.

Паколькі канкурэнтнага гандлю няма, то арыентавальны кошт закупкі, калі і зніжаецца ў выніку, то нязначна. У закупцы, пра якую мы распавядаем, ён зменшыўся ўсяго толькі на 20 рублёў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты