Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Самы знакаміты заўзятар Беларусі распрадае сваю футбольную калекцыю: узнагарода за фільм пра сябе, падарунак Шкурына, шалік з памылкай (але ёсць тое, што не прадаецца)

Самы знакаміты заўзятар Беларусі распрадае сваю футбольную калекцыю: узнагарода за фільм пра сябе, падарунак Шкурына, шалік з памылкай (але ёсць тое, што не прадаецца)

Грошы пойдуць на дапамогу беларускiм ваярам ва Украіне.

Аўтар — bytribuna com
7 жніўня, 13:24
Самы знакаміты заўзятар Беларусі распрадае сваю футбольную калекцыю: узнагарода за фільм пра сябе, падарунак Шкурына, шалік з памылкай (але ёсць тое, што не прадаецца)

Васіль «Пешаход» Нікалаеў у беларускім футболе – асоба вядомая. Ужо больш за два гады з меркавання бяспекі хлопец, які, каб патрапіць на матчы любімай каманды, пешкі адольваў вялізныя адлегласці па Беларусі, змушана жыве ў Польшчы, дзе нядаўна працу мыйшчыкам посуду ў адным з рэстаранаў Варшавы змяніў на працу дастаўшчыка ежы.

Некалькі дзён таму брэстаўчанін на сваёй старонцы ў Instagram аб'явіў пра распродаж часткі сваёй футбольнай калекцыі, якую вывез з Беларусi. Больш за дзясятак маек i шалiкаў заўзятар брэсцкага «Дынама» захоўвае ў польскай сталіцы, але гатовы з імі развітацца, каб накіраваць атрыманыя сродкі ў дапамогу беларусам, якія ваююць за Украіну.

Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – свет!» пагутарыў з Васілём пра ягоную калекцыю і рашэнні расстацца з экспанатамі.

– Футбольную калекцыю пачаў збіраць з 2006 года, калі стаў прабіваць выезды за брэсцкае «Дынама». Спачатку збіраў квіткі з матчаў, праграмкі, магніцікі, шалікі – усё, што было звязана з футбольнымі матчамі і вандроўкамі. А першая гульнявая майка з'явілася ў 2014 годзе, калі пешшу прыйшоў у Наваполацк. Мне падарыў яе Раман Васілюк. Уся каманда надзела футболкі з адной літарай і склала фразу «Дзякуй, Васіль». Сектар скандаваў маё імя. Каманда паклікала да сябе, я ўзлез на плот і атрымаў з рук Васілюка футболку.

У мяне ў калекцыі і ўнікальныя шалікi, якія выдаваліся толькі па выніках «залатога» сезона, то бок трэба было наведаць абсалютна ўсе матчы каманды ў сезоне. У мяне першыя «залатыя» сезоны былi з 2009-га па 2011-ы. Але тады шалікі не рабілі. Гэта пачалося ад 2012-га. I вось калі я правёў «залатыя» сезоны ў 2014-м, 2016-м i 2018-м, тады і атрымаў шалікі, якія таксама прадаю.

У 2019 годзе, калі футбольнкая калекцыя была ўжо досыць вялікая, у пэўны момант зразумеў, што яна патрэбная толькі мне, больш нікому. І прыйдзе час, калі яна ўсё ж такі пачне мне перашкаджаць. Пачаў задумвацца, што калі-небудзь сапраўды выстаўлю яе на продаж або перадам дзядзьку Жору – вядомаму калекцыянеру футболак з Брэста, што пазней і зрабіў. Пару гадоў таму падарыў яму 90 працэнтаў калекцыі. Сабе пакінуў шалікі брэсцкага «Дынама» і клубаў, якія носяць назву «Дынама» (Бранск, Кіеў, Масква, Санкт-Пецярбург, Мiнск). І яшчэ некалькі футболак брэсцкага калектыва.

На сёння ў мяне каля 30 гульнявых футболак. Менавіта тых, у якіх футбалісты гулялі, а потым аддавалі мне як футбольнаму заўзятару i калекцыянеру. Таксама ёсць шалікі, клубнае адзенне, якое насілі трэнеры. Агулам недзе каля 50 экспанатаў.

З той часткай калекцыі, якая са мною ў Польшчы, цяжка. Я часта пераязджаю з адной кватэры на іншую, і ўвесь час перавозіць усе рэчы няпроста. Памятаю, жыў у сяброў-беларусаў, а калі ад іх з'яжджаў, убачыў, што ў калекцыі рэчаў больш, чым маіх асабістых - тых, што нашу. Тады пачаў паціху раздаваць экспанаты. Напрыклад, напісаў хлопцам з Team Ivulin, спытаў, каму патрэбныя клубныя шалікі. Нешта ў выніку падарыў.

Калі з’явілася інфармацыя, што будзе праводзіцца марафон па збору грошай у падтрымку палітвязняў у Беларусі, я таксама вырашыў, што трэба правесьці распродаж сваёй калекцыі. Плюс мне зноў у верасні трэба мяняць месца жыхарства, а перавозіць усе рэчы – у мяне ўжо не тое здароўе, каб усё цягаць. Не скажу, што ўсё дрэнна, тым больш з тымі ж лекамі мне дапамагае Беларускі дом у Варшаве i польскiя лекары, якія па бясплатнай двухгадовай праграме забяспечваюць мяне лекамі.

– Грошы з продажу калекцыі ты вырашыў накіраваць на дапамогу ваенным з Украіны?

– Нейкую частку ад сабраных грошай я дакладна аддам у падраздзяленне імя Мікіты Крыўцова ў палку Каліноўскага. Не скажу, што я быў вялікім сябрам Мікіты, мы з ім не стэлефаноўваліся ўвесь час, але ўсё ж кантакт падтрымлівалі, размаўлялі. І вось я вырашыў, што частку грошай ад продажу калекцыі аддам у дапамогу падраздзяленню імя Крыўцова.

Што да іншай часткі, то буду думаць. У залежнасці ад таго, колькі ўдасца сабраць. Магчыма, скірую на падтрымку беларусаў, якія ваююць ва Украіне, але не ўваходзяць у полк Каліноўскага, - Беларускаму добраахвотніцкаму корпусу. Яны таксама заслугоўваюць дапамогі, фінансаў, бо вайна – гэта вельмі затратная справа.

Увогуле, нічога сабе пакідаць не хачу. Як я сказаў, з лекамі мне па магчымасцi дапамагае беларуская дыяспара, плюс па пэўнай праграме мясцовыя дактары забяспечваюць. Ну і сам працую ў дастаўцы ежы. З рэстарана, дзе працаваў раней, пайшоў па стане здароўя. Цяпер прасцей па некалькі гадзін у дзень працаваць у дастаўцы. І сябар, які працуе ў кебабнай, дае мне часам працу, за якую плаціць. Грошай, якія зарабляю, на жыццё хапае.

– Колькі хочаш сабраць на продажы калекцыі?

– Ніколі не задумваўся пра гэта. Тым больш не скажу, што калекцыя такая ўжо крутая. Проста яна са сваёй гісторыяй. Напрыклад, людзі будуць казаць, што гэтая футболка – з калекцыі Васі «Пешахода», які падарожнічаў па ўсёй Беларусі, нягледзячы на сваё не найлепшае здароўе. Я паказваў, што сядзець на дупе роўна нельга – трэба заўсёды рухацца. І ў Варшаве ніколі не сяджу на месцы, заўжды шукаю працу, каб зарабляць, забяспечваць жыццё сабе, неяк дапамагаць родным у Беларусі.

Увогуле, ёсць мэта прадаць калекцыю, каб такім чынам ізноў дапамагчы тым, хто ў гэтай дапамозе мае патрэбу. Чым больш грошай атрымаю, тым лепш. Так, і яшчэ, хто хоча проста праданаціць грошы на дапамогу беларусам і не купляць у мяне футболку, можа мне напісаць – дапамагу.

– Колькі ўжо ўдалося сабраць?

– Агулам на момант нашай размовы сабраў 375 еўра і 60 долараў.

Напрыклад, футболку ўкраінца Аляксея Хабленкі з чэмпіёнскага сезона «Дынама» прадаў за 80 еўра.  Лігачэмпіёнскую майку прадаў за такую ж суму. Дзве футболкі паехалi у Грузію - прадаў іх за 160 долараў. Яшчэ поўны камплект формы прадаў за 75 еўра.

– Людзі самі табе пішуць і прапануюць пэўную суму?

– Спачатку мне пісалі і пыталіся, колькі каштуе тая ці іншая майка. Але я не ведаю, колькі чалавек можа аддаць, якая ў яго гісторыя, фінансавая сітуацыя ў жыцці, што для яго дорага і танна. Раней называў нейкія сумы, нехта згаджаўся, нехта казаў, што падумае. Цяпер людзі мне самі пішуць у дырэкт і называюць сумы, якія гатовыя аддаць, каб дапамагчы беларусам ды яшчэ атрымаць футбольны сувенір.

– То бок няма такога, што хтосьці прапануе за майку 100 долараў, але ты чакаещ больш выгаднай прапановы?

– Не, такога няма. Але напісаў мне неяк чалавек з Мінска, сказаў, што калекцыянуе футболкі. Скінуў здымак сваёй калекцыі. Але я не ўпэўнены, што ўсе тамака сапраўды гульнявыя. Можа, нейкія купляліся на рынку :). Увогуле, ён сказаў, што гатовы ўзяць усё оптам. Сумы не называў, але я ўсё роўна яму сказаў, што хачу атрымаць максімальна магчымую колькасць грошай, таму буду прадаваць па адной-дзве футболкі.

– Лічыў, колькі футболак у цябе засталося?

– На сем футболак менш, чым было:). А калі канкрэтна, то свайго продажу чакае яшчэ 15 рэчаў плюс некалькі шалікаў. Яшчэ асабістая футболка Марцэла Лічкі, на якой ён мне распісаўся ў 2019 годзе.

– Што яшчэ цiкавага ёсць?

– Шалік «залатога» сезона-2016, які атрымаў пасля таго, калі на ўсе выязныя матчы дабраўся пешшу. Да яго хачу дадаць карціну з эмблемай Васі «Пешахода» і ўзнагароду з кінафестывалю ў Торуні, які праходзіў у 2019 годзе. Тады быў прадстаўлены фільм пра мяне «Фанат». Ягоны рэжысёр Андрэй Кудзіненка заняў другое месца, а ўзнагароду падарыў мне. Гэта буду прадаваць на асобным аўкцыёне.

Яшчэ ёсць каштоўная рэч. Калі «Дынама» гуляла з чэшскай «Вікторыяй» у Лізе канферэнцый у 2021 годзе, я не змог патрапіць на гасцявы матч у Пльзенi. Але атрымаў прэзент ад гульцоў – мяч з аўтографамі.

Ёсць яшчэ цікавы экспанат – шалiк мiнскага «Дынама» з памылкай друку. Там напісана не 1927-ы (год узнiкнення клуба), а 1928-ы. Таксама яго прадаў бы, але не ведаю за колькі.

– Якія майкі з тых, што ты прадаеш, самыя каштоўныя?

– Іх я ўжо прадаў – гэта майкі Хабленкі, чэмпіёнская футболка, вельмі дарагая мне была. I яшчэ майка, якую мне падарыў экс-гулец «Дынама» пасля лігачэмпіёнскага матчу з «Аcтаной».

– А чаму яны самыя дарагiя?

– Гэта гістарычны момант у маім жыцці. Чэмпіёнства, Ліга чэмпіёнаў у родным горадзе.

– Ёсць футболка, якую ты ніколі не прадасі?

– Ёсць адна футболка, якая звязаная з Мікітам Крыўцовым. Калі я зразумею, што мне яна ўжо зусім не патрэбная па нейкіх прычынах, то перадам яе ці брату Мікіты, які ў Варшаве, ці ягонай маме. Прадаваць не буду ніколі.

– Якая майка з'явілася ў цябе найбольш нечаканым чынам?

– Гэта гісторыя не з гульнявой футболкай, а з клубнай майкай, якую насіў Марцэл Лічка ў 2019 годзе, калі каманда стала чэмпіёнам. Я тады моцна здзівіўся, наколькі чэх адкрыты і просты чалавек, як ён выдатна ставіцца да заўзятараў.

За паўгода да чэмпіёнства я прыехаў на трэнаванне, каб гульцы распісаліся на шаліку і мячы. Але атрымалася яшчэ і так, што Марцэл падарыў сваю футболку з эмблемай клуба.

Вартаўнік хацеў мяне прагнаць з базы, але Лічка сказаў, каб я застаўся, дапамог узяць аўтографы ў гульцоў і сам падарыў сваю майку. Схадзіў у пакой, прынёс, распісаўся. Гэта рэальна было нечакана і вельмі прыемна.

Таксама нечакана стаў уладальнікам класнай футболкі Іллі Шкурына з турніру Івуліна. Тады таксама прыняў удзел у адным матчы за каманду «Падбярозавік». Выйшаў на тры хвіліны і праз мяне прапусцілі тры мячы :). Але затое я стаў часткай турніру, на якім выступалі і Ілля, і Аляксандр Хацкевіч, і Сяргей Міхайлаў, і многія іншыя футбалісты.

Мы са Шкурыным дамовіліся памяняцца майкамі, ён сказаў, што калі магчыма, то зробіць падарунак. У выніку паднёс мне сваю футболку, на якой распісаліся ўсе гульцы каманды Іллі. А я ў адказ падарыў сваю футболку і таксама на ёй распісаўся.

– Майку Шкурына гатовыя прадаць?

– Так. А калі не атрымаецца да Кубка Івуліна прадаць яе, то выстаўлю на турніры 19 жніўня.

– Якія яшчэ цікавыя экземпляры маеце?

– Гэта амаль поўны камплект формы аднаго з гульцоў «Крумкачоў» у 2020-м, калі каманду не пусцілі ў вышэйшую лігу па выніках «стыкаў». Тады для мяне «Крумкачы» былі асаблівай камандай, і хацелася атрымаць хаця б нейкую футболку з любога сезона. Распавёў пра гэта гульцам пасля аднаго матчу, а праз пару дзён мне напісаў у дырэкт адзін чалавек з клуба і сказаў, што ёсць гулец, якi можа аддаць мне сваю футболку. Але калі мы сустрэліся ў Мiнску, ён падарыў яшчэ і шорты.

Яшчэ неяк ездзіў у госці ў Чэхію да Юрыя Габоўды. Там гісторыя атрымалася цікавая. Напісаў увечары Юру, спытаў, ці будзе ён заўтра гуляць. Ён нічога не адказаў, але я ўсё роўна паехаў у горад, дзе, як мне здавалася, ягоная каманда мусіла выступаць. Толькі на месцы я даведаўся, што ён перайшоў у іншы клуб. Юры, натуральна, не было. Я датэлефанаваўся да Юрыя, ён сказаў, што цяпер ужо ў Празе, таму пабачыцца не зможам. Але я падумаў: «А навошта мне вяртацца ў Польшчу, калі заўтра выходны? Лепш паеду ў Прагу сам». Паглядзеў у інтэрнэце, убачыў, што якраз заўтра павінна гуляць каманда, дзе выступае Габоўда. Прыехаў, спісаўся з Юрам, сказаў, што калі ў яго будзе час, можам сустрэцца. У выніку атрымалася ў Празе перасекчыся, пагутарыць – і тады ад Юры атрымаў падарунак, як раз ягоную гульнявую футболку, за што вельмі ўдзячны.

– Нагадай, што трэба, каб купіць у цябе футболку ці нешта іншае.

– Напісаць у асабістыя паведамленні ў Instagram. Пажадана перад гэтым вызначыцца, што вы хочаце набыць. Па спасылцы ў каментары замацаванага ў Instagram паста можна знайсці альбом, які я ўвесь час абнаўляю. Там ёсць фотаздымкі таго, што прададзена, а што засталося.

Фота: з асабістага архіва Васіля Нікалаева

Іншыя пасты блога

Усе пасты