Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Чарнаскуры Дзядзька, тусоўшчык з вялікім сэрцам. Сябры і калегі – пра галоўнага рэдактара «Прэсбола» ад АБФФ, які раптоўна памёр

Чарнаскуры Дзядзька, тусоўшчык з вялікім сэрцам. Сябры і калегі – пра галоўнага рэдактара «Прэсбола» ад АБФФ, які раптоўна памёр

Шмат цёплых словаў у неадназначнай сітуацыі.

Аўтар — bytribuna com
16 жніўня, 13:07
2
Чарнаскуры Дзядзька, тусоўшчык з вялікім сэрцам. Сябры і калегі – пра галоўнага рэдактара «Прэсбола» ад АБФФ, які раптоўна памёр

Хапала людзей, якія ўспрынялі прызначэнне Сяргея Лісічкіна на пасаду галоўнага рэдактара «Прэсбола» ў канцы 2020 года негатыўна. З тэлеканала АНТ у найбуйнейшае спартовае выданне краіны ён прыйшоў па ініцыятыве Беларускай федэрацыі футбола – галоўнага акцыянера газеты. У той час федэрацыя найперш думала пра тое, як «нармалізаваць» «Прэсбол», які пасля выбараў-2020 дэманстраваў недазваляльнае для дыктатуры вальнадумства. Можна было меркаваць, што новы галоўны рэдактар будзе спрыяць канчатковаму «затупленню» газеты, пра якое казалі акцыянеры.

11 жніўня 2023 года Лісічкін раптоўна памёр ва ўзросце 54 гадоў. Пра некаторыя асаблівасці яго працы як рэдактара і журналіста «Трыбуна» ужо расказвала.

А якім ён быў чалавекам? Што кажуць калегі, якія працавалі з ім у апошнія два з паловай гады і раней? Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – свет! » сабраў некаторыя думкі.

«Не подлы, са сваім абаяннем»

Сяргей Нікалаеў, журналіст

– З Лісічкіным працаваў у «Прэсболе» апошнія два з паловай гады. Раней з ім не быў знаёмы асабіста, ведаў толькі ў твар. Размаўлялі цалкам нармальна, канфліктаў не ўзнікала. Чалавек ён, у прынцыпе, нядрэнны, дабрадушны, не подлы, са сваёй прыцягальнасцю.

Калі ў «ПБ» была вечарынка з нагоды дня нараджэння, Лісічкін быў тамадой, і я тады яшчэ падумаў, што ў гэтай ролі ён выглядае больш арганічна, чым у якасці галоўнага рэдактара. Ён заўсёды мог усміхнуцца, падбадзёрыць, пажартаваць.

Як да прафесіянала да яго пытанняў было больш. У Сяргея былі пэўныя праблемы з пісьменнасцю, з факт-чэкінгам. Памятаю, як ён паехаў з нейкай камандай у Анталлю, а напісаў рэпартаж з Аланіі (ці наадварот), проста пераблытаўшы два гарады, ды яшчэ і перакруціўшы назвы амаль усіх каманд. Я тады дзяжурыў, і мне прыйшлося ледзь не нанова ўсё перапісваць. Гэта тыповы Лісічкін – несабраны чалавек. Ну, а яго дзейнасць як рэдактара ўвогуле ацэньваць складана. Сяргей хіба што сам затыкаў дзіркі ў газеце ды спрабаваў шукаць новых супрацоўнікаў, хадзіў на журфак, яшчэ кудысьці. Ён стараўся, але, думаю, адчуваў сябе не на сваім месцы. На АНТ у гэтым плане, напэўна, яму было больш камфортна.

Падабаўся ён мне тым, што ніколі не напружваў, заўсёды ішоў насустрач, быў ветлівы і далікатны. Я да яго ставіўся з доляй іроніі, але, у цэлым, па-добраму.

Апошнія дні было бачна, што ён перажываў – усё ж у «ПБ» сёння, пасля закрыцця сайта, няпростая сітуацыя. Яшчэ ў чацвер, 10 жніўня, мы размаўлялі на працы, а на наступны дзень навіна пра яго смерці шакавала. Здаецца, у яго былі і раней пэўныя праблемы з сэрцам. Чыста па-чалавечы вельмі шкада і Лісічкіна, і яго сямʼю.

«Занадта чалавечнае стаўленне да людзей і ідэалізацыя заміналі як кіраўніку»

Сяргей Селіванаў, журналіст

- Мы пазнаёміліся летам 2000 года на юбілеі газеты «Спартыўная панарама». Я быў пазаштатным аўтарам «Усё пра футбол», а абедзве газеты ішлі адным курсам, вось і атрымалася сустрэцца на юбілеі «СП». Блізка ж з Лісічкіным пачалі камунікаваць з восені 2000-га, калі я трапіў у штат газеты [дзе ён быў адказным сакратаром]. Унікальнасць Сяргея, што пасля першых хвілін зносін ты адчуваеш, што ведаеш яго ўсё жыццё. Ён выклікаў прыхільнасць. Чым? Прыстойнасцю, уменнем быць самім сабой і ўнікальным пачуццём гумару.

Чалавек чыстай душы і вялікага сэрца. Любіў быць у цэнтры ўвагі, там квітнеў. Рамантык. Вельмі ідэалізаваў моцных спартсменаў і журналістаў. Сапраўдны сябар і таварыш. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. З ім было лёгка працаваць і праводзіць нефармальны адпачынак.

Быў апантаны спортам, жыў ім, аддаваў сябе поўнасцю прафесіі. Таму для мяне Сяргей быў прафесіяналам, сапраўдным знаўцам. Калі браўся за справу, то даводзіў яе да канца. Вельмі перажываў, калі нешта не атрымлівалася. Але яго надта чалавечнае стаўленне да людзей і ідэалізацыя перашкаджалі яму як кіраўніку. Пры гэтым як камандны гулец – незаменны. Калі б я быў кіраўніком, то падпісаў бы яго першым у каманду.

- Як паставіліся да таго, што ён стаў галоўным рэдактарам «ПБ»?

- Здзівіўся, а потым павіншаваў. Мы не бачыліся 18 гадоў, хаця віншавалі адзін аднаго па тэлефоне са святамі. Я яго шчыра павіншаваў з прызначэннем. А ён падумаў, што я хачу ў «ПБ», і больш за год клікаў :). Хаця ў мяне былі свае праекты. Ведаў, што яму спачатку было нялёгка ў новым атачэнні.

Былі якасці, якія дазвалялі бачыць у ім класнага галоўнага рэдактара. Ён ведаў прадмет, мог падабраць каманду, стварыць атмасферу. Гэта ключавыя пазіцыі. Да яго ішлі тыя, хто ведаў яго па працы. Плюс ён умеў прыслухоўвацца.

- Калегі кажуць, што ён ні на каго не ціснуў за нейкія «не тыя» погляды.

- Ніколі ад яго не чуў дрэннага слова на адрас каго-небудзь. Абсалютна незлапомны. Хоць часам даводзілася дзівіцца яго цярпенню. Прыклады ёсць, але казаць не хачу. Сяргей бы гэтага не ўхваліў.

- А як да яго ставіліся супрацоўнікі «ПБ»?

- Не хацеў бы ўдавацца ў падрабязнасці. Магу казаць толькі за сябе. Я ставіўся да яго з належнай павагай.

- Ці можна Лісічкіна назваць чалавекам сістэмы?

- Цяжка сказаць. На мой погляд, ён быў занадта жывы, незвычайны, вясёлы, каб быць чалавекам сістэмы. Хаця, безумоўна, жыў па правілах сістэмы, і яго бачылі як сістэмнага чалавека. Але за сяброў і калег ён проста мог пераходзіць межы ў шкоду свайму рэнамэ.

- Калегі адзначалі, што ён паглыбляўся не толькі ў працоўныя, але і ў асабістыя пытанні работнікаў «ПБ», сямейныя.

- Занадта добра яго ведаў, каб вешаць свае праблемы яму на плечы. Ён дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся. У сілу магчымасцяў. Дапамагаў працай, грашыма, даваў рэкамендацыі. Такіх людзей сёння амаль няма.... Чалавек. Сябар. Таварыш.

Аднойчы ўшаноўвалі гульцоў мінскага «Дынама». І там быў адзін з ветэранаў, які меў фінансавыя цяжкасці. Сяргей прывёў яго ў кабінет, узяў інтэрвʼю, а калі той папрасіў пазыку, адразу дастаў гаманец і аддаў не самую дробную купюру. Калі я зайшоў у кабінет, Сяргей свяціўся ад шчасця. Я яшчэ сказаў: «Доўг табе наўрад ці верне». А ён: «Гэта ж...! Які гол ён забіў у 1982 годзе ў вароты ЦСКА! Мы ўсім падʼездам тады ў Клімавічах радаваліся». Сяргей умеў шанаваць добрыя справы, памятаў усё добрае і імкнуўся адплаціць той жа манетай.

«На любым варушняку запальваў так, быццам яму не 50+, а 20»

Былы калега па «Прэсболе»

- Калі пазнаёміліся, не памятаю. Па-мойму, ён мне сам патэлефанаваў – хтосьці яму мяне параіў па адным пытанні. Ну а потым мы сталі разам працаваць у «Прэсболе». Памятаю, я адразу ж заўважыў у Лісічкіна цудоўнае пачуццё гумару. У жыцці не сустракаў чалавека, які мог гэтак жа бясконца жартаваць з любой нагоды. Некаторыя прышпілы былі за гранню, але з яго вуснаў гэта заўсёды гучала цудоўна. Любую гісторыю ён мог пераказаць у падрабязных дэталях. І абавязкова, каб было смешна. Прыклады не раскажу, але, паверце, пачуццё гумару ў яго выдатнае.

Што да прафесійнага боку, то магу сказаць, што ён быў выдатным журналістам. Прадстаўнік старой школы :). У яго быў цалкам спісаны нататнік тэлефонамі спартсменаў і трэнераў, прычым ён вёў гэты нататнік гадамі.

Ведаю, што вельмі любіў спорт з самага дзяцінства. І яму заўсёды хацелася стаць менавіта спартыўным журналістам. Сяргей быў зацятым заўзятарам маскоўскага «Спартака», глядзеў усе матчы каманды. А ў Мінску хадзіў на ўсе гульні хакейнага клуба, калі ён прыязджаў сюды і сустракаўся з «Дынама».

Яшчэ Сяргей, як вядома, пісаў кнігі, зняў шмат фільмаў пра спорт. Прычым не ідэалагічныя перадачы, а якасная дакументалкі. Лісічкін вёў і архівы: збіраў відэа пра спорт яшчэ з нулявых. Колькі ў яго было касет разнастайных фарматаў, дыскаў і цалкам забіты вінчэстар...

Калі ў канцы 2020-га яго прызначылі галоўным рэдактарам «Прэсбола», да гэтага я паставіўся з разуменнем. Ведаю, што для яго гэта быў насамрэч складаны выбар, складанае рашэнне. Але Сяргей, абʼектыўна, тады заслужыў карʼернага росту – усё жыццё ён быў простым карэспандэнтам. Людзі з боку не разумелі, адкуль і чаму яго ўзялі галоўрэдам «Прэсбола». Але калегі з журналісцкай сферы выдатна разумелі, што Лісічкін – прафесіянал. На тэлебачанні ён дамогся ўсяго. Наколькі ведаю, ён быў адным з першых спартыўных журналістаў на АНТ.

Прыйшоўшы ў «ПБ», нікога не звольніў з супрацоўнікаў мінулых гадоў, хацеў з імі працаваць. Больш за тое, калі кагосьці пераследавалі па тых ці іншых прычынах (вы разумееце, пра што я), Лісічкін усё роўна быў за журналіста, пакідаў яго ў штаце, даваў працаваць. Сам ён сапраўды нікога не звальняў за погляды. Рознымі спосабамі, у тым ліку чыста па-чалавечы, падтрымліваў людзей, якіх, напрыклад, выганялі з мінулых месцаў працы і нікуды не хацелі браць. Яму найперш быў цікавы спорт, і каб ягоныя супрацоўнікі адчувалі сябе камфортна.

Дарэчы, пра камфорт. Памятаю, калі Сяргей толькі ўладкаваўся ў «Прэсбол», а было гэта перад Новым годам, дзяўчаты і жанчыны ў аддзеле спыталі, ці будзе нейкі падарунак ад газеты ці федэрацыі да свята. Сяргей пайшоў і купіў усім па навагоднім наборы цукерак. Чуў яшчэ, што для адной з супрацоўніц прабіваў інтэрнат праз федэрацыю. І пытанне, дарэчы, вырашылася.

Таксама Сяргей быў выдатным тусоўшчыкам. Любы варушняк выходзіла на нейкі неймаверны ўзровень, калі ён прыходзіў. Станавіўся зоркай любой вечарынкі і адпальваў так, быццам яму не 50+, а 20. Вельмі любіў бегаць. Штораніцы па 30-40 кіламетраў прабягаў. Але не так даўно яму дактары забаранілі, бо былі ўжо нейкія пытанні з сэрцам. Любіў музыку. Марыў сабе купіць круты прайгравальнік Sharp і слухаць касеты, якія збіраў па маладосці.

У Сяргея было добрае сэрца. Ён ніколі не скардзіўся нікому ні на што. Усё прапускаў праз сябе. І гэтыя перажыванні яго і загубілі.

«Пасля 2020-га зносіны шмат з кім з былых калег спыніліся, а вось з «Дзядзькам» – не»

Былая калега на АНТ

- Рэдка сустракаюцца людзі, пра якіх нічога дрэннага не можаш сказаць. Вось Сяргей Сяргеевіч Лісічкін быў менавіта такім. Калі я сама патрапіла на АНТ, у дырэкцыю спартыўнага вяшчання, ведала, што ёсць там гэтая легендарная асоба. І калі мы пазнаёміліся, адразу ўзнікла адчуванне, што да гэтага мы ведалі адзін аднаго тысячу гадоў.

Мы ўсе ў аддзеле называлі яго «Дзядзька». І гэтая мянушка была ўсім зразумелая, таму што ён, як сапраўдны добры дзядзька, выпраменьваў падтрымку, гумар, пазітыў. Я ведала, што калі працую з ім на змене, дык усё будзе добра. У любой сітуацыі ён падтрымае, мы будзем шмат смяяцца, праца пройдзе ў пазітыўным ключы.

Заўсёды пра яго казалі як вялікага аматара пазагараць. Такі чарнаскуры дзядзька :). Плаваў у любым вадаёме ў любую пару года. З гэтай нагоды хадзіла шмат жартаў.

Яшчэ хачу сказаць, што для мяне «Дзядзька» заўсёды быў чалавекам па-за палітыкай. Хаця 2020 год нас усіх навучыў, што няма такіх людзей, якія па-за палітыкай, але як заўсёды ёсць выключэнні. І Лісічкін – адно з іх.

Пасля 2020-га зносіны шмат з кім з былых калег у мяне спыніліся, а вось з «Дзядзькам» – не. Нават не было такой думкі, каб адпісацца ад яго дзе-небудзь. Мы камунікавалі ў сацсетках, ён пакідаў пяшчотныя паведамленні, каментары. Здавалася, што вакол свет рухаецца, нехта наверсе нешта вырашае, у тым ліку палітычныя пытанні, а Сяргей Сяргеевіч пры гэтым усё роўна працягвае ездзіць на матчы, пісаць рэпартажы, рабіць працу ў спорце.

Але калі даведалася, што ён стаў галоўным рэдактарам «Прэсбола», шчыра скажу, здзівілася. Здавалася, што абраны на гэтую пасаду зусім не той чалавек. Дзядзька для мяне быў абсалютна несістэмнай асобай. Але як атрымалася…

І шокам стала навіна пра ягоную смерць. Здавалася, такія людзі не павінны паміраць, бо «Дзядзька» – гэта і ёсць само жыццё. Безумоўна, гэта вялікая страта. Я шчыра гарую, перажываю і вельмі не хацелася б, каб ягонае імя цяпер згадвалася ў нейкіх палітычных інсінуацыях. Хаця зразумела, што сітуацыя і ў краіне, і з «Прэсболам» вельмі няпростая. Але ўсё, што хацелася б у канцы сказаць пра «Дзядзьку», – тое, што ён асацыюецца з трыма словамі: падтрымка, гумар, пазітыў. Такім і застанецца ў памяці.

Фото: Instagram Сергея Лисичкина

Іншыя пасты блога

Усе пасты