Tribuna/Адзінаборствы/Блогі/О духе времени/Ураджэнец Украiны расказвае амерыканцам пра беларускiх палiтвязняў – пра сiтуацыю ў краiне даведаўся праз працу над фiльмам з чэмпіёнам свету па кікбоксінгу

Ураджэнец Украiны расказвае амерыканцам пра беларускiх палiтвязняў – пра сiтуацыю ў краiне даведаўся праз працу над фiльмам з чэмпіёнам свету па кікбоксінгу

Цяпер хоча стварыць кiно пра вольных беларусаў.

Аўтар — Замір Закіеў
31 жніўня, 12:00
Ураджэнец Украiны расказвае амерыканцам пра беларускiх палiтвязняў – пра сiтуацыю ў краiне даведаўся праз працу над фiльмам з чэмпіёнам свету па кікбоксінгу

Да канца лета 2023-га за кратамі ў Беларусі застаецца 1496 палітвязняў – людзей, якія былі ў нечым нязгодныя з рэжымам Лукашэнкі. Шмат каго кідаюць у турмы за адзін выхад на праезную частку падчас мірнага мітынгу, за адно ахвяраванне арганізацыі, якую ўжо пасля пераводу грошай рэжым абвясціў непажаданай, за адзін каментарый у сацсетках.

У сваіх сацсетках пра ўсё гэта кожны дзень расказвае сваёй амерыканскай аўдыторыі рэжысёр і прадзюсер Эрні Барбараш, якому 31 жніўня спаўняецца 55 гадоў. Ён нарадзіўся ва ўкраінскай Адэсе ў яўрэйскай сям'і, якая праз дзевяць гадоў пераехала ў Канаду. Вядомасць Барбараш атрымаў на стыку стагоддзяў, калі стаў супрадзюсарам фільма «Амерыканскі псіхапат». Усяго за кар'еру ён паўдзельнічаў у стварэнні больш за 25 кінакарцін.

16 лютага 2022-га Барбараш распачаў праект пра беларускіх палітвязняў – выкладае па пасце ў дзень пра аднаго з вязняў рэжыму і спосабы, якімі іх можна падтрымаць, напрыклад, напісаць ліст ці паштоўку праз спецыяльныя сайты валанцёраў. Першапачаткова рэжысёр думаў, што праект працягнецца 1061 дзень, але колькасць, нажаль, усё павялічваецца. Барбараш у вялікім пасце на Дзень волі ў 2023-м назваў гэта «д'яблавай матэматыкай», а таксама растлумачыў сваю матывацыю.

«Некалькі цынічных сяброў пытаюцца, які сэнс пастоў пра палітвязняў. Людзі, якія ўцяклі з пекла зняволення, кажуць, што ключавая тактыка іх катаў – пераканаць, што з імі можна зрабіць што заўгодна, і ўсім будзе пляваць. Але людзям не ўсё роўна. Я пішу пасты, бо не хачу, каб людзей забывалі. Бо лісты і паштоўкі сапраўды дапамагаюць людзям выжыць. У мяне няма велізарнай аўдыторыі, але ёсць добрая фраза: «Лепш запаліць адну маленькую свечку, чым праклінаць цемру», – напісаў Барбараш.

Але як ён увогуле зацікавіўся сітуацыяй у Беларусі? Аказалася, гэта здарылася задоўга да 2020-га, а першапрычынай паслужылі здымкі фільма «Ігры кілераў», які выйшаў у пракат у 2011-м. Барбараш быў рэжысёрам, а адну з дзвюх галоўных роляў гуляў Жан-Клод Ван Дам. Гэты вядомы бельгійскі акцёр да кіно паспеў правесці зорную спартыўную кар'еру – ён чэмпіён Еўропы па каратэ і кікбоксінгу, тройчы чэмпіён свету, правёў 55 баёў, з якіх перамог у 53 – 50 накаўтам, 3 тэхнічным накаўтам. На другую галоўную ролю планавалi экс-футбаліста АПЛ Віні Джонса, але не зраслося – прыйшлося замяняць яго на фаната баявых мастацтваў і Ван Дама асабіста Скота Эдкінса.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» рэжысёр распавёў, што частку сцэн у «Гульнях кілераў» планавалі здымаць у Румыніі, але ў апошні момант яго папрасілі вывучыць магчымасць арганізаваць працэс у Беларусі. Барбараш прыляцеў у краіну і пазнаёміўся з Валерыем Цапкалам, з якім сябруе да гэтага часу. Цапкала тады быў кіраўніком парка высокіх тэхналогій (а ў 2020-м пайшоў кандыдатам на выбары супраць Лукашэнкі – рэжым не пусціў і завёў «крыміналку», ад якой Валерый паспеў з'ехаць).

Цапкала арганізаваў Барбарашу сустрэчу на студыі «Беларусьфільм», але рэжысёр вырашыў спачатку што-небудзь даведацца пра беларускіх кінематаграфістаў. Вось толькі пошукавік найперш выдаў інфармацыю пра ДзмIтрыя Завадзкага – тэлеаператара і журналіста, які расследаваў дзеянні рэжыму Лукашэнкі, а ў 2000-м знік следам за іншымі непажаданымі беларускаму рэжыму людзьмі. Таксама Барбараш знайшоў інфармацыю пра рэжысёра Віктара Дашука, які зняў цыкл дакументальных фільмаў пра крывавыя метады рэжыму. Барбараш пагрузіўся ў тэму – і ў выніку здымкі «Гульняў кілераў» прайшлі па першапачатковым плане, у Румыніі.

Пасля гэтай паездкі Барбараш пачаў больш дэтальна сачыць за падзеямі ў нашай краіне: чытаў навіны, інтэрв'ю, глядзеў дакументальныя фільмы і тэатральныя пастаноўкі. Таксама ён назіраў і за тым, як у 2020 годзе ў Беларусі «мары людзей АМАП ператварыў у кашмар, дубінкі, кулі». А ў пэўны момант вырашыў пачаць пісаць пра сітуацыю ў Беларусі ў сваіх сацсетках. «Беларускія палітвязнi адстойвалі тое, што лічылі правільным, і былі раздушаныя за гэта. Яны не могуць змагацца знутры – але мы тут, наш абавязак працягнуць бой», – кажа Барбараш.

Рэжысёр ужо распачаў працу па фільме, які будзе прысвечаны барацьбе з рэжымам Лукашэнкі, каб прыцягнуць больш увагі да Беларусі. Цяпер ён піша сцэнар з экспэртнай дапамогай і спадзяецца, што да экранізацыі гісторыі далучацца вядомыя акторы.

Канешне, таксама Барбараш падтрымлiвае родную Украiну ў вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя з выкарыстаннем тэрыторыi Беларусi. Рэжысёр лiчыць, што «калі б Захад зрабіў больш для дапамогі беларускаму народу ў 2020 годзе, то Пуцін не змог бы так хутка пачаць уварванне», а таксама з-за «вялiкай блытанiны адносна ролі Беларусі ў вайне» спрабуе «тлумачыць людзям розніцу паміж Лукашэнкам і беларусамі, апазыцыяй у выгнанні, эмігранцкай супольнасцю, беларускімі добраахвотнікамі, якія ваююць за Украіну».

Самога Лукашэнку Барбараш называе «дэспатычным дыназаўрам». А на дзень народзiнаў, якi ў Аляксандра вельмi блiзкi да Эрнi, рэжысёр падрыхтаваў асаблiвы падарунак – iмянныя кайданкi.

Іншыя пасты блога

Усе пасты