Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/У Расіі прыдумалі «Гульні» з шалёнымі прызавымі – белспорту відавочна перападзе: плыўцам свеціць і 100к, унікальны шанец для «пляжнікаў»

У Расіі прыдумалі «Гульні» з шалёнымі прызавымі – белспорту відавочна перападзе: плыўцам свеціць і 100к, унікальны шанец для «пляжнікаў»

Але кагосьці пракінулі.

Аўтар — bytribuna com
12 верасня, 12:20
У Расіі прыдумалі «Гульні» з шалёнымі прызавымі – белспорту відавочна перападзе: плыўцам свеціць і 100к, унікальны шанец для «пляжнікаў»

Да Алімпійскіх гульняў-2024 менш за год, але так і незразумела, ці дапусцяць туды хаця б у нейтральным статусе прадстаўнікоў Расіі і Беларусі – краін-суагрэсараў у вайне, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расія ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. А калі і дапусцяць, то дакладна не так, як мараць у Расіі – дзяржсімволікі спартсменам дакладна не відаць, а шэраг чыноўнікаў суседняй дзяржавы ўжо заявілі, што без яе і ехаць на Гульні нікому нельга.

Як матываваць спартсменаў у такіх умовах? Застаецца адзін правераны спосаб – грошы. У Расіі ўжо вялікі вопыт касмічнай аплаты за дасягненні на шараговых унутраных спаборніцтвах – Беларусь, дарэчы, яго ў некаторай ступені пераймае.

Цяпер жа расіяне ідуць далей – праз год у іх запланаваныя «Гульні сяброўства», якія чамусьці назвалі «сусветнымі». Праводзіць спаборніцтвы ў Маскве і Екацярынбурзе збіраюцца праз месяц пасля АГ, пра што абвясцілі на саміце «Расія – Афрыка» (вось ужо прыдатная пляцоўка), назваўшы «магутным дадаткам» да Парыжа-2024. Але ў чым моц і якая матывацыя ў любых удзельнікаў Гульняў праз невялікі прамежак часу ехаць яшчэ і ў Расію, заставалася незразумелым да 11 верасня. Карты раскрыў Ігар Лявіцін, памочнік кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна. Усё аказалася да болю прадказальна – Пуцін «даў даручэнне лічыць медалістаў «Гульняў сяброўства» прызёрамі Алімпійскіх гульняў».

За фантасмагарычнай фармулёўкай хаваецца простая сутнасць – любы прызёр турніру, расійскі ці не, атрымае столькі грошай, колькі расійская сістэма звычайна плаціць сваім прызёрам АГ. І тут шэрагу беларускіх атлетаў якраз час радасна паціраць рукі. Бо яны відавочна змогуць прэтэндаваць на такія сумы (прычым без падаткаў): 40 тысяч долараў за першае месца, 25 тысяч за другое і 17 тысяч за трэцяе (зацверджаныя ў расійскіх рублях, так што могуць падтаяць праз курс). І так, рэжым Лукашэнкі за перамогу на АГ плаціць больш (каля 136, 68 і 45 тысяч долараў за кожны медаль, але сумы таксама падаюць праз замацаванне ў беларускіх рублях). Вось толькі прэтэндаваць на медалі на АГ і на расійскім турніры – гэта зусім розныя рэчы.

Асабліва пашанцуе прадстаўнікам некаторых неалімпійскіх відаў, якія будуць уключаныя ў «Гульні сяброўства» – там на такія прызавыя відавочна і ў жыцці не спадзяваліся. Сярод такіх відаў ёсць, напрыклад, падэл (разнавіднасць тэніса) і акрабатычны рок-н-рол (так-так), але ў Беларусі відавочна мацней за ўсё парадуюцца прадстаўнікі пляжнага футбола. Яны цяпер у парадку і на абсалютным узроўні – пазбегнуўшы адхілення, выйшлі ў фінальны этап ЧС, – а ўжо калі ў Расію прыедуць зборныя ўзроўню Гульняў краін СНД, то месца на п'едэстале будзе дакладна, а можна і на золата замахнуцца (у Расіі прызавыя ў зацверджаным памеры даюць кожнаму гульцу ў камандным відзе, на ўсіх дзяліць «здабычу» не давядзецца). Адзінае, што судзейства будзе хатнім ужо не для каманды са мноствам падпісантаў за Лукашэнку.

З гульнявых відаў у праграме яшчэ баскетбол і баскетбол 3х3 – там таксама напэўна будзе не сусветны ўзровень супраціву. Ну а ў шэрагу алімпійскіх відаў вынік для атлетаў будзе практычна гарантавана прыкметна лепшы, чым на АГ. Напрыклад, у плаванні на Алімпіядзе-2020 ніякіх медалёў беларускія спартсмены не ўзялі – іншая справа свежыя суседскія спаборніцтвы: дзевяць узнагарод на красавіцкім чэмпіянаце Расіі, дзесяць – на ліпеньскім Кубку. Што праўда, усё трымаецца ў асноўным на трох атлетах – на тым жа Кубку чатыры медалі ўзяў Ілля Шымановіч, па тры – Аліна Змушко і Анастасія Шкурдай. Затое ў іх шыкоўны выхлап: паўтарыўшы дасягненне на «Гульнях сяброўства», Шымановіч атрымае 123 тысячы долараў, Змушко і Шкурдай – па 90 тысяч.

У іншых відах мультымедалістам быць больш складана, але ўзяць хаця б адзін медаль – ужо прыемна. Для прыкладу барʼерны бег з лёгкай атлетыкі – дзеля фіналу нядаўняга ЧС Эльвіры Грабарэнке (больш вядомай як Герман) трэба было б паляпшаць асабісты рэкорд, а ў беларуска-расійскіх спаборніцтвах яна і так непераможная. І такая сітуацыя – без шанцаў на медалі на сусветным узроўні, але стабільныя ўзнагароды на лакальным – у многіх: Русланы Раманоўскай і Віталя і Святланы Парахонькаў у тым жа бегу з барʼерамі, Алены Дубіцкай і Алега Тамашэвіча ў штурханні ядра, шаставікоў Ірыны Жук і Мацвея Волкава, скакухі ў даўжыню і трайным Віялеты Скварцовай. Ды і тым, чые вынікі блізкія да сусветных топавых, будзе больш спакойна. Гэта тычыцца цяжкаатлетаў – на тых жа Гульнях краін СНД (у гэтай дысцыпліне там былі спаборніцтвы дарослых) узята 22 медалі, у той час як на апошніх АГ за папярэднія допінг-грахі выступалі ўсяго два беларускія прадстаўнікі, ды і тыя нічога не ўзялі.

Праўда, ёсць і віды, у якіх беларускія перспектывы не такія ўстойлівыя. Напрыклад, у фехтаванні беларускім спартсменам і на расійскім узроўні практычна нічога не ўдаецца.

У боксе, тхэквандо і дзюдо, магчыма, і будзе некалькі медалёў, але расійскія спартсмены з гэтых відаў часта моцныя дастаткова, каб разыграць узнагароды паміж сабой. Тое ж датычыцца і гімнастыкі – асабліва калі ў мастацкай не будзе абмежавання ў два чалавекі ад краіны, якое ёсць на буйных турнірах. У гэтую катэгорыю трапляе і настольны тэніс – днямі на чэмпіянат Беларусі прыехалі расіяне і не пакінулі гаспадарам ніводнага медаля. Будзе ў праграме «Гульняў сяброўства» і тэніс звычайны, але гэта той самы від, дзе 40-тысячным прызавым не ўзрадуюцца, а хутчэй з іх пасмяюцца – падпісантка за рэжым Арына Сабаленка толькі што павезла з US Open 1,5 мільёна долараў.

Ну а ў кагосьці не будзе і тэарэтычных шанцаў зарабіць на «Гульнях сяброўства» – праз адсутнасць віду ў праграме. З алімпійскіх гэта, напрыклад, гульнявыя гандбол, валейбол, у якім беларускія зборныя, каб дагадзіць расіянам, вярталіся ў СССР, і хакей на траве, дзе на СНД-гульнях атрымаўся адкрыты цырк.

Не будзе спаборніцтваў і ў стральбе, веславанні, пентатлоне і велатрэку з велашасэ – відаў з вялікай падтрымкай Лукашэнкі і цалкам сабе вынікамі і на расійскім узроўні. Можа, яшчэ не позна ўпрасіць суседні рэжым падкінуць грошай і туды? Тым больш у Расіі кажуць, што спіс відаў на «Гульнях сяброўства» можа яшчэ аказацца не канчатковым.

Зрэшты, і для ўключаных у праграму відаў ёсць рызыка – вялікія для многіх з іх расійскія прызавыя могуць усё ж такі завабіць на турнір моцных замежнікаў (у прыватным парадку Расія быццам бы нікога прыняць не супраць), і тады ўвесь план па ўзбагачэнні можа накрыцца медным тазам. Хоць гэта можа здарыцца і па іншых прычынах – хто ведае, што паспее адбыцца з Расіяй за год.

Іншыя пасты блога

Усе пасты