Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Лукашысты будуць судзіць футбольнага блогера, які крытыкаваў пратэсты. Яго вінавацяць у «спрыянні экстрэмізму»

Лукашысты будуць судзіць футбольнага блогера, які крытыкаваў пратэсты. Яго вінавацяць у «спрыянні экстрэмізму»

Часта даваў інсайды, якія не спраўджваліся, але шмат хто яму ўдзячны.

Аўтар — bytribuna com
25 верасня, 16:32
Лукашысты будуць судзіць футбольнага блогера, які крытыкаваў пратэсты. Яго вінавацяць у «спрыянні экстрэмізму»

25 верасня праваабаронцы «Вясны» паведамілі пра хуткі пачатак так званага суда над футбольным блогерам, аўтарам тэлеграм-канала «Срэбны век. Футбол Беларусі» Дзмітрыем Сельвеструком. «Працэс» стартуе 27-га чысла. Мінчука абвінавачваюць у так званым «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Па гэтым артыкуле лукашысцкага крымінальнага кодэксу можна атрымаць да шасці гадоў калоніі. Расправу над блогерам будзе весці носьбітка мантыі Святлана Чарапанава.

Расказваем, што вядома пра справу і пра самога Сельвеструка.

Першыя навіны пра тое, што 33-гадовы мінчанін затрыманы, зʼявіліся 10 траўня 2023 года. Тады «Трыбуне» стала вядома, што блогер знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Завошта затрымалі маладога чалавека, не паведамлялася.

Чытачы тэлеграм-каналу «Срэбны век. Футбол Беларусі» у каментарах толькі меркавалі, што падставай для цікавасці да Сельвеструка з боку сілавікоў Лукашэнкі маглі стаць крытычныя пасты на адрас некаторых клубаў чэмпіянату краіны і спартыўных кіраўнікоў, аднак гэта былі ўсяго толькі здагадкі. Пры гэтым тэлеграм-канал «замарозіўся» 5 траўня – з тых часоў не выйшла ніводнага паста. Апошні прысвечаны разбіральніцтвам па справе дамоўных матчаў у «Шахцёра». Рэпостам з парталу Tochka.by Сельвеструк паведамляў пра тое, што тагачаснаму дырэктару ФК Аляксандру Марчанку можа пагражаць да трох гадоў турмы.

У той жа дзень, 5 траўня, паводле інфармацыі БАЖ, Сельвеструк паспеў паведаміць у адным з чатаў, што да яго дадому з невядомай прычыны прыходзіў участковы, але дзверы ён не адчыніў. Пасля гэтага тэлеграм-канал замоўк, нягледзячы на тое, што ў Беларусі прайшлі матчы чарговага тура, на што Сельвеструк заўсёды рэагаваў.

Доўгі час пра лёс маладога чалавека не было нічога вядома. Журналісты «Трыбуны» неаднаразова спрабавалі даведацца хоць нейкія дэталі, аднак нават людзі, з якімі блогер меў цесны кантакт, нічога не маглі распавесці.

Толькі ў пачатку жніўня ў каментарах да апошняга паста ў тэлеграм-канале «Срэбны век. Футбол Беларусі» быў змешчаны каментар пра тое, што «18 і 30 траўня суддзі Кацэр С.А. і Матыль Т.Я. адпаведна, судзілі аўтара канала ў Маскоўскім раённым судзе Мінска па артыкуле КаАП Беларусі 19.11 «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць».

Як пазней удалося высветліць, Сельвеструку сапраўды некалькі разоў давалі «суткі», а пасля перавялі ў СІЗА (якое менавіта, невядома). 27 верасня па інфармацыі «Вясны» пачнецца псеўдасуд па артыкуле аб «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці», максімальнае пакаранне па якім прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

У футбольнай супольнасці Сельвеструк быў вядомы як адзін з нямногіх блогераў, хто актыўна асвятляў падзеі ў беларускіх мінорных лігах, паведамляў розныя інсайды (праўда, тыя не заўсёды адпавядалі рэчаіснасці) з Д2 і Д3. Пры гэтым не сказаць, што тэлеграм-канал Сельвеструка карыстаўся вялікай папулярнасцю – на сёння там крыху больш за 1600 падпісчыкаў. Канал быў запушчаны ў сярэдзіне студзеня 2021 гады. У апісанні сказана, што «крыніцамі служаць як канкрэтныя людзі, так і інфармацыя, атрыманая ў адкрытым доступе». Пры гэтым людзі з футбольнага свету, з якімі пагутарыла «Трыбуна», адзначаюць, што часта нібыта інсайды Сельвеструка засноўваліся на чутках і каментарах з розных спартовых форумаў. Часам гэта прыводзіла да адкрытага хайпу па прынцыпе «чым больш недарэчны слых, тым гарачэйшая навіна». Зрэшты, многія суразмоўцы з беларускага футбола ўсё роўна з падзякай успрымалі дзейнасць Сельвеструка – у першую чаргу за асвятленне мінору, на які беларускія медыі практычна не звяртаюць увагі.

- Відаць было, што ён рабіў гэта з цікавасцю, любіў сваю справу. Што тычыцца «інсайдаў», яны часам раздражнялі, часам выклікалі ўсмешку, а ў выніку часта заставаліся далёкімі ад ісціны, – падзяліўся меркаваннем адзін з прадстаўнікоў белфутбола, хто перасякаўся з Сельвеструком.

Сельвеструк – не простая блогер-аматар. У 2014 годзе ён скончыў Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Замежная журналістыка і літаратура», хаця ў школе вучыўся ў фізіка-матэматычным і экалагічным класах. За год да атрымання дыплома БДУ ўладкаваўся ў афіцыёзную «Народную газету», якая зʼяўляецца часткай прапагандысцкага холдынгу «СБ. Беларусь сёння». Праўда, у штаце выдання прабыў толькі да 2015-га.

Пасля актыўна пісаў на футбольным сайце Offside.by. Прычым увага журналіста была сканцэнтраваная менавіта на падзеях у Д2 і Д3 чэмпіянату Беларусі. У сезоне-2017 Сельвеструк на паўгода стаў супрацоўнікам «Іслачы», дзе адказваў за працу з заўзятарамі, але, як кажуць нашыя суразмоўцы, асаблівай стараннасцю не вылучаўся.

Пасля гэтага, у пачатку 2018-га, мінчук аддаліўся ад журналістыкі – пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе некаторы час працаваў у кампаніі Wargaming. Аднак і гэты перыяд аказаўся кароткатэрміновым – ужо ў 2019-м Сельвеструк вярнуўся ў Беларусь і зноў пагрузіўся ў футбол: прынамсі, супрацоўнічаў з парталам football.by.

Пры гэтым да асаблівай публічнасці Сельвеструк не імкнуўся – ні ў назве канала, ні ў яго апісанні прозвішча аўтара наўпрост не фігуруе.

Не актыўнічаў блогер, і калі ў Беларусі пачаліся акцыі пратэсту напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Пры гэтым, што цікава, многія акцыі праходзілі недалёка ад яго дому – Сельвеструк жыў з маці ў раёне кінатэатра «Беларусь». Адзіны запіс у сацыяльных сетках, які неяк можна звязаць з нацыянальнымі ўзрушэннямі, датаваны 12 лістапада 2020-га. На сцяне «Укантакце» блогер задаўся пытаннем, «колькі яшчэ трэба смерцяў, каб гэта спынілася? Колькі можна маўчаць? Сумленне ноччу не мучыць?» У той дзень пры саўдзеле Дзмітрыя Баскава ў беларускай сталіцы быў забіты Раман Бандарэнка.

Пры гэтым знаёмыя Сельвеструка расказвалі, што ў прыватных гутарках ён рэзка крытыкаваў прыхільнікаў перамен і лідара дэмакратычнага руху Святлану Ціханоўскую, якую абвінавачваў у тым, што яна «не разумее, да чаго ўсе гэтыя супрацьстаянні могуць прывесці». У той самы час блогер не выказваў адкрытай падтрымкі Аляксандру Лукашэнку і ягоным прыхільнікам. Як кажуць людзі з атачэння Сельвеструка, ён больш выступаў за «стабільнасць і спакой».

У чым менавіта заключаецца «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», якое блогеру прыпісваюць, нам даведацца не ўдалося.

«Суддзя»-лукашыстка даўно ўдзельнічае ў расправах

Паводле звестак праваабаронцаў, Сельвеструка будуць «судзіць» у гарадскім судзе Лукашэнкі па Мінску. Ролю суддзі выканае 51-гадовая Святлана Чарапанава – ёй не прывыкаць выносіць незаконныя прыгаворы па палітычных матывах.

Чарапанава пачынала карʼеру ў судзе Лукашэнкі па Заводскім раёне Мінска, але зусім хутка пасля выбараў, 15 кастрычніка 2020-га, указам дыктатара была пераведзеная на працу ў так званы сталічны гарадскі суд. І з тых часоў актыўна дэманструе адданасць рэжыму, хаця, паводле водгукаў тых, хто з ёй перасякаўся раней, калісьці пакідала ўражанне адэкватнага чалавека, які да 2020-га нават выносіў менш строгія прысуды, чым запытвалі так званыя пракуроры. Але пасля павышэння, як пісала «Наша Ніва», ад адэкватнасці не засталося і следу. Часам аргументы Чарапанавай на карысць вінаватасці чалавека гучаць максімальна абсурдна. Напрыклад, адна з незаконна асуджаных успамінала пра носьбітку мантыі: «Сказала, што я самая яркая на фатаграфіі, таму вінаватая».

Паводле інфармацыі «Кіберпартызанаў», адзін з сыноў Чарапанавай працуе старшым оперупаўнаважаным у аддзеле крымінальнага вышуку УУС Лукашэнкі па Савецкім раёне Мінска.

На рахунку псеўдасуддзі некалькі гучных і жорсткіх рашэнняў супраць прыхільнікаў дэмакратычных перамен. Спецыялісту дзіцячай хірургіі сківіцы і твары Андрэю Любецкаму ў траўні 2022-га яна «выпісала» пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму па пяці артыкулах КК. У тым жа годзе грамадзяніна Латвіі Дзмітрыйса Міхайлоўска прыгаварыла да чатырох гадоў за каментары з асуджэннем рэжыму Лукашэнкі. Судзіла Чарапанава і беларусаў па «справе Зельцэра»: аднаму за каментары дала пяць гадоў калоніі, другому – два.

Акрамя таго, яна разглядае і апеляцыі, аднак у выніку нічога не мяняе. Адзін з самых вядомых выпадкаў – пакінутае без увагі абскарджанне прысуду жыхару Плошчы Пераменаў Сцяпану Латыпаву (яму далі 8,5 гадоў па трох артыкулах КК). Чарапанава пакінула без зменаў і прысуд блогеру Аляксандру Івуліну, якому ў студзені 2022-га прысудзілі два гады калоніі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Іншыя пасты блога

Усе пасты