Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/«Форма ахрэненная, але нарматыў бы не залічылі». Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 58 падцягнуўся 48 разоў – вось што кажуць трэнеры

«Форма ахрэненная, але нарматыў бы не залічылі». Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 58 падцягнуўся 48 разоў – вось што кажуць трэнеры

А колькі вы можаце падцягнуцца?

Аўтар — bytribuna com
13 студзеня, 11:00
«Форма ахрэненная, але нарматыў бы не залічылі». Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 58 падцягнуўся 48 разоў – вось што кажуць трэнеры

10 студзеня вядомы беларускі эканаміст і кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах-2010 Яраслаў Раманчук справіў 58-годдзе. З гэтай нагоды ён запісаў відэа, дзе падцягнуўся 48 разоў.

Эксперты на просьбу «Трыбуны» ацанілі тэхнічнае выкананне Раманчуком практыкаванні, а заадно і ягоную фізічную форму.

«Здымаю капялюш перад Раманчуком»

Андрэй Ткачоў, фітнес-эксперт, сузаснавальнік BYMEDSOL

-- У падцягванні існуе шмат розных тэхнік. Ёсць класічныя падцягванні, калі чалавек выразна, плаўна і павольна апускаецца, з фіксаваннем у ніжняй і верхняй кропках. Ёсць тэхніка крос-фіта, калі робіцца хвалепадобны рух цела. Але пры любой тэхніцы практыкаванне залічваецца, калі падбародак аказваецца вышэй за перакладзіну. Плюс па шырыні хопу ёсць шмат нюансаў.

Той варыянт хопу і ў цэлым стылю выканання практыкавання, які абраў Раманчук, не сказаць, што лёгкі. Яго таксама трэба ўмець выконваць. Але, відаць, Яраслаў прывык менавіта да яго.

Пры гэтым заўважу адзін момант: Раманчук усё ж не да канца падымаецца, то-бок робіць практыкаванне не на 100 працэнтаў. Звычайна, як ужо сказаў, спроба залічваецца, калі падбародак аказваецца вышэй за перакладзіну. Тым не менш нават пры той тэхніцы, пры якой ён усё робіць, выканаць практыкаванне няпроста. Таму здымаю капялюш перад Раманчуком. Ён малайчына, асабліва ў ягоным узросце.

Ды і ў цэлым форма ў чалавека ў 58 ахрэненная. Слухайце, большасць людзей у прынцыпе не здольная падцягнуцца ані разу. Або, у лепшым выпадку, некалькі разоў. Нават для тых, хто прафесійна займаецца спортам, трэнуецца, максімум на перакладзіне – 15-20 разоў. А тут 48 разоў, хай і са сваімі нюансамі, у 58 гадоў – проста ваў!

«Па «чысціні» крыху падставіўся»

Канстанцін Пруднікаў, трэнер, экс-уласнік кросфіт-залы DVOR у Мінску:

-- Вядома, Раманчук – малайчына, тут пытанняў няма. У 58 гадоў у яго сапраўды класная фізічная форма, усё супер.

Што непасрэдна да падцягвання... Калі б ён здаваў нарматыў, то, зразумела, нічога б не залічылі :). Таму што ён дапамагае сабе тазам, то-бок робіць практыкаванне не ў строгай адпаведнасці з правіламі. Плюс пасля 10 падʼёму бачна, што падбародак не паднімаецца над перакладзінай. Так што не залічылі б нарматыў :).

Думаю, калі б Раманчук сказаў, што зробіць 15-20 разоў, і зрабіў бы гэта на 100 адсоткаў, гэта таксама было б проста афігенна. У ягоным узросце рэальна крута. Не абясцэньваю высілкі, але не зусім разумею, навошта ён заяўляў такую лічбу і спрабаваў зрабіць менавіта столькі. Па чысціні, скажам так, крыху падставіўся. Усе, хто ходзіць на турнікі, задзяўбуць Яраслава, скажуць, што гэта фігня. З аднаго боку, можа, і маюць рацыю. Але, з другога, яму 58, і Раманчук здольны чыста падцягнуцца 10-15 разоў. А гэта не можа зрабіць абсалютная большасць мужчын. Так што, лічу, Яраслаў малайчына.

***

Колькі гадоў вам і колькі разоў вы падцягнецеся, толькі чыста? Пішыце ў каментарах, калі для вас гэта бяспечна.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты