Tribuna/Іншыя/Блогі/О духе времени/Як на ЧС па хакеі ў Расію патрапіў агромністы БЧБ-сцяг і вось пры чым тут Чалы і БНФ

Як на ЧС па хакеі ў Расію патрапіў агромністы БЧБ-сцяг і вось пры чым тут Чалы і БНФ

Нечакана.

2 лютага, 06:00
Як на ЧС па хакеі ў Расію патрапіў агромністы БЧБ-сцяг і вось пры чым тут Чалы і БНФ

Журналіст Аляксандр Івулін пераехаў на новы канал «ЧестнОК-LIVE». Першае відэа выйшла 31 студзеня. Галоўным героем у ім стаў вядомы беларускі эканаміст Сяргей Чалы, якi ў 2021-м пабываў госцем i на канале «ЧестнОК» у Яраслава Пiсарэнкi.

Для свежага выпуску на «ЧестнОК-LIVE» Івулін схадзіў з Чалым, якi заўзее за «Манчэстэр Юнайтэд», у бар паглядзець матч каманды ў Кубку Англіі супраць «Ньюпорта» (4:2). А падчас футбола папрасіў эканамiста расказаць гісторыю пра хакей. Яна адбылася ў 2000 годзе на чэмпіянаце свету ў Санкт-Пецярбургу, дзе зборная Беларусі ўпершыню ў гiсторыi перамагла зорную тады каманду Расіi.

Чалы расказаў як падрыхтаваўся да наведвання таго ЧС – яго кампанiя ўзяла з сабой вялiзны бел-чырвона-белы сцяг.

– Шэф кажа: «Трэба сцяг узяць». – «Ну вось, любы прадаецца». – «Не, не такі сцяг». Пайшлі ў БНФ тагачасны, патлумачылі, куды едзем – i нам далі [бел-чырвона-белы] сцяг, які, як я разумею, выкарыстоўваўся ў якасці расцяжкі праз маставую падчас «Чарнобыльскіх шляхоў». Ён нейкі вельмі доўгі быў.

[На трыбуне ў Санкт-Пецярбургу] нас было ўсяго 4 чалавекі. Як там мы маглі [сцяг] расцягнуць? Але па меры таго, як расійскія заўзятары бачылі, што Расія гуляе так сабе, а Беларусь выйграе, да нас проста на пустыя месцы падыходзілі людзі і дапамагалі сцяг павялічваць і павялічваць, – распавёў Чалы.

Трэба адзначыць, што, вялiкi сцяг быў тады не адзiным на сектары, а Чалы i яго паплечнiкi трапiлi ў трансляцыю буйным планам.

«Чарнобыльскі шлях» – гэта штогадовае шэсце-мiтынг 26 красавiка ў памяць ахвяр Чарнобыльскай трагедыi, на якое ў Мiнску ў канцы XX стагоддзя збiралiся дзясяткi тысяч чалавек. Удзельнiкi не хавалi нязгоды i з рэжымам Лукашэнкi, а яго «ciлавiкi» i тады збiвалi дэманстрантаў i кiдалi за краты «непажаданых».

«Чарнобыльскi шлях» у 2000-м годзе

Арганiзацыяй акцый традыцыйна займалася партыя «Беларускi народны фронт», чый лiдар Зянон Пазняк быў вымушаны пакiнуць Беларусь з-за пераследу пасля мiтынгу 1996 года. А за сцягам Чалы, хутчэй за ўсё, хадзіў да БНФ у офіс (ён жа штаб-кватэра цi ўправа). У тыя гады ён размяшчаўся ў цэнтры Мінска па адрасе Варвашэнi, 8 (цяпер праспект Машэрава). Тое месца лічылася культавым, а штаб партыі размяшчаўся там каля 20 гадоў.

У 2011 годзе рэжым адмовіўся працягваць арэнду офіса. Афіцыйнай прычынай назвалi «неаднаразовае парушэнне» тэрмінаў аплаты камунальных паслуг i арэнды памяшкання (якую для апазiцыi проста падвысiлi ў 10 разоў). Вядома, у рэальнасці рэжым пажадаў пазбавіць БНФ месца ў цэнтры горада, дзе адбываліся акцыі салідарнасці з палітычнымі зняволенымі, а пасля плошчы-2010 збіралі перадачы сотням затрыманых. Цяпер на месцы былога штаба БНФ працуе «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Савецкага раёна» (а па суседстве працуе крама мiнскага лiкёра-водачнага завода).

Пасля прымусовага высялення БНФ пераехаў на вуліцу Чарнышэўскага, 3. Гэта было не так далёка ад мiнулага месца (дзве станцыi на мятро), але ж знайсцi яго было вельмi нязручна: жылы чатырохпавярховiк у дварах, уваход ззаду дома. Памяшканне было на цокальным паверсе, фактычна ў падвале. Але ж былы старшыня партыі Рыгор Кастусёў згадваў, што нават гэты офіс знайшлі з вялікай цяжкасцю (рэжым мог давiць i на арэндадаўцаў).

У красавiку 2021-га Костусева кiнулi за краты, абвiнавацiлi ў «спробе дзяржперавароту» i далi 10 гадоў калонii. А 14 ліпеня 2021 года «сілавікі» Лукашэнкі ўварваліся ў офіс на Чарнышэўскага ў рамках «вялікай чысткі» і апячаталі яго. У мінулым годзе набыў моц новы «закон», які патрабуе абавязковай перарэгістрацыі партый – i ў жніўні рэжымны «суд» прыняў рашэнне ліквідаваць партыю БНФ у сувязі з «непраходжаннем перарэгістрацыі» (прайсцi яе пры рэжыме было проста немагчыма). Зрэшты, нягледзячы на рэпрэсіі, прадстаўнікі БНФ заявілі, што знішчэнне арганізацыі «не азначае спынення руху грамадства».

***

А з вiдэа з Чалым на «ЧестнОК-LIVE», акрамя гiсторыi са сцягам, вы можаце даведацца, чаму Чалы хоча ўзначаліць нацбанк? Што агульнага паміж Качанавай і чарапашкамі-ніндзя? Хто самы гідкі чыноўнік у атачэнні Лукашэнкі (не Карпянкоў)? Калі ў Беларусі здарацца перамены? I чаму Расія нападзе на НАТА?

Поўны выпуск

Іншыя пасты блога

Усе пасты