Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Новым спартыўным дырэктарам «Шахцёра» стаў агент з Расіі, які раней працаваў у клубах і браў туды сваіх кліентаў, а яшчэ бараніў свае інтарэсы на сотні тысяч долараў

Новым спартыўным дырэктарам «Шахцёра» стаў агент з Расіі, які раней працаваў у клубах і браў туды сваіх кліентаў, а яшчэ бараніў свае інтарэсы на сотні тысяч долараў

Прывозіў гульца з АПЛ, мае сувязі ў Казахстане.

Аўтар — bytribuna com
18 лютага 2023, 02:11
3
Новым спартыўным дырэктарам «Шахцёра» стаў агент з Расіі, які раней працаваў у клубах і браў туды сваіх кліентаў, а яшчэ бараніў свае інтарэсы на сотні тысяч долараў

Чатырохразовы чэмпіён Беларусі перажывае захапляльную зіму: у студзені-2023 у офіс «Шахцёра» заявіліся сілавікі з ператрусамі і праверкамі, потым затрымалі дырэктара ФК Аляксандра Марчанку (не так даўно яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на 15 сутак), усплыла каламутная гісторыя з дамоўным матчам, рэжым Лукашэнкi ўзбудзіў крымінальную справу. Яшчэ раней затрымалі экс-спартыўнага дырэктара «Шахцёра» Уладзіміра Нідэргауса. Ну і не забываемся на скандалы з удзелам расійскага агента Антона Смірнова, які заявіў пра наяўнасць ў клубе «чорнай» бухгалтэрыі.

А 17 лютага стала вядома, што ў «Шахцёры» прызначаны новы спартовы дырэктар – ім стаў расіянін Дзмітрый Агееў, даволі вядомы ў сябе на Радзіме. Расказваем, што за функцыянер зараз будзе траціць грошы шахцёраў пры заступніцтве боса клуба і «Беларуськалія» Івана Галатага.

Працаваў з ЧБ, адказваў за селекцыю ў Туле, прывёз выхаванца лонданскага «Арсенала»

Пасля з'яўлення навіны пра прызначэнне новага спортдыра ў «Шахцёры», «Трыбуна» паразмаўляла з некалькімі беларускімі агентамі, якія працуюць у тым ліку на замежны рынак. Ніводзін з іх не змог ахарактарызаваць Агеева як спецыяліста.

– Чуў такое прозвішча, але асабіста ніколі не перасякаўся, не знаёмыя. А наогул ён што, едзе з Расіі паднімаць салігорскі футбол? У чым сэнс… – заявіў адзін з суразмоўцаў.

Са скепсісам паставіліся да навіны і супрацоўнікі «Шахцёра», з якімі ўдалося пагутарыць.

– Толькі супакоіліся, толькі праца пайшла пасля ўсіх гэтых навін з затрыманнямі, а тут на табе – нейкага новага прывезлі. Пакуль на словах усё добра, а што потым будзе… – выказаўся чалавек з клуба.

Пры гэтым Агееў у Расіі асоба даволі вядомая.

У 2015-м пра 39-гадовага Агеева загаварылі як пра новага дарадцу прэзідэнта тульскага «Арсенала» па селекцыйнай працы. Пры гэтым журналісты адзначалі, што ў Агеева за плячыма 10-гадовы досвед юрыдычнага суправаджэння ў спорце. Спецыяліст прадстаўляў шэраг расійскіх гульцоў. Праўда, зоркамі гэтых футбалістаў назваць цяжка, таму і пералічваць іх не мае сэнсу.

Пры гэтым сярод кліентаў Агеева быў футбаліст, які ў свой час засвяціўся ў беларускім футболе. Атакуючы паўабаронца Уладзіслаў Рыжкоў у 2019-м выступаў за «Віцебск», праўда, усяго толькі да жніўня. За гэты час правёў 19 матчаў (у сярэднім 52 хвіліны на полі), у якіх вызначыўся двума галамі. Ну а пасля вярнуўся ў Расію.

Што да Агеева, то ён прыйшоў у «Арсенал», калі клуб знаходзіўся ў першай лізе чэмпіянату Расіі. Адным з першых крокаў на пасадзе стала вырашэнне пытання аб прадастаўленні расійскага пашпарта ўраджэнцу Данецка Віталю Фядотаву. Гэта рабілася з разлікам на новае спартыўнае грамадзянства, але УЕФА не ўхваліла маніпуляцый, і футбаліст працягнуў лічыцца легіянерам.

У 2016 годзе Агееў перайшоў на пазіцыю спартыўнага дырэктара, і гэта звязана з некалькімі яскравымі момантамі ў жыцці клуба. Па-першае, «Арсенал» выйшаў у прэм'ер-лігу. Па-другое, дзякуючы Агееву ў Тулу прыехаў футбаліст з досведам у АПЛ. У жніўні 2016-га кантракт з Тулай падпісаў выхаванец лонданскага «Арсенала» Эмануэль Фрымпонг. Праўда, затрымаўся паўабаронца ў камандзе толькі да лютага і згуляў усяго чатыры матчы ў РПЛ і Кубку (185 хвілін у агульнай складанасці).

Здараліся і больш вострыя эпізоды. У ліпені 2016-га расійская прэса пісала, што ў аэрапорце «Дамадзедава», куды «Арсенал» прыбыў пасля таварыскага матчу супраць «Краснадара», паміж тады яшчэ дарадцам прэзідэнта па селекцыі Агеевым і галоўным трэнерам Сяргеем Жукавым адбылася бойка. Пачалася яна нібы са слоўнай сваркі. «Арсенал» ніяк не каментаваў навіну, а сам Агееў паспяшаўся выступіць з абвяржэннем.

– Гэта поўнае трызненне. Шмат у жыцці бачыў, шмат чытаў, але гэта перабор. Напэўна, калі б сапраўды бойка, то мы вымушаныя былі б даць паказанні паліцыі, а СМІ апублікавалі б пратакол і відэа самой бойкі. Так, па прылёце ў Маскву з Краснадара, дзе адбыўся таварыскі матч, абмеркавалі гульню – даволі эмацыйна. Вызначылі, што далей рабіць. Эмоцыі – нармальна, але я б размову нават сваркай не назваў, - казаў функцыянер.

Увосень 2016-га ў «Арсенал» прыйшоў новы прэзідэнт Гурам Аджоеў, і Агееў неўзабаве пакінуў клуб.

У Хабараўску ўзначаліў толькі створаны селекцыйны аддзел, запрашаў сваіх жа кліентаў

Пасля Тулы Агееў аб'явіўся ажно ў Хабараўску, дзе стаў кіраўніком скаўцкай службы мясцовага СКА – каманда якраз упершыню прабілася ў прэм'ер-лігу. Цікава, што да прыходу спецыяліста ў клубе і не было такой службы, але перад запрашэннем Агеева яе стварылі. У абавязкі ўваходзілі прагляд, адбор і аналіз футбалістаў клуба і патэнцыйных навічкоў.

Гучнымі набыццямі селекцыянеры пад кіраўніцтвам Агеева ў той перыяд не вызначыліся. Скаўты звярталі ўвагу ў першую чаргу на маладых расіян, вольных агентаў, а таксама на казахстанскі рынак, адкуль атрымалася забраць некалькі перспектыўных гульцоў. У першую чаргу таму, што сам Агееў прадстаўляў інтарэсы некаторых казахаў – іх ён і перавабіў у Хабараўск.

Зрэшты, праца ні селекцыянераў, ні трэнераў не прывяла да жаданых мэтаў – каманда правалілася ў прэм'ер-лізе, заняла апошняе месца і вярнулася ў ФНЛ. І ўжо неўзабаве Агееў пакінуў СКА.

Судзіўся з «Крыламi Саветаў»

У 2015-м Агееў стаў фігурантам гучнага судовага працэсу. Як індывідуальны прадпрымальнік ён падаў пазоў да «Крылаў Саветаў» прыкладна на 140 тысяч долапаў праз запазычанасць па агенцкай дамове аб падаўжэнні кантракту з абаронцам Ібрагімам Цалагавым (уся ўгода ацэньвалася ў 450 тысяч). Паводле матэрыялаў справы, яшчэ ў 2013 годзе тагачасны дырэктар «КС» Дзяніс Маслаў заключыў дамову з Агеевым, каб той юрыдычна суправаджаў Цалагава ў пытанні падаўжэння пагаднення з клубам.

У адказ на прэтэнзіі Агеева «Крылы Саветаў» выступілі з сустрэчным пазовам аб спагнанні з функцыянера неабгрунтаванага ўзбагачэння ў памеры 186 тысяч долараў.

Разборы доўжыліся да траўня 2016-га. Дзякуючы ім стала вядома, што клуб пералічыў агенту ў агульнай складанасці каля 287 тысяч долараў, адмовіўшыся выплачваць рэшту. Агееў звяртаўся ў палату па вырашэнні спрэчак Расійскага футбольнага саюзу (РФС). У выніку ў лютым 2015-га было зацверджана міравое пагадненне, паводле якога «Крылы» абавязаліся выплаціць агенту яшчэ 250 тысяч долараў.

Гэта не задаволіла Агеева – ён хацеў больш. Таму звярнуўся ў Арбітражны суд Самарскай вобласці. Там закон стаў ужо на бок ФК. Клуб заявіў, што на момант заключэння дамовы больш за 70 працэнтаў акцый «Крылаў Саветаў» належалі Самарскай вобласці, такім чынам, усе здзелкі клуба падпадалі пад дзеянне заканадаўства «Аб закупках». Аднак у выпадку з Агеевым, у парушэнне закона, ніякія закупачныя працэдуры праведзены не былі, і таму агенцкая дамова была прызнаная несапраўднай.

Збіраўся судзіцца з Федэрацыяй футбола Казахстана

Не прайшло і некалькіх месяцаў пасля гэтай разборкі, як Агееў трапіў у новую грашовую гісторыю. У ліпені 2016-га Федэрацыя футбола Казахстана (ФФК) на сваім сайце апублікавала даныя аб сумах, якія клубы Казахстанскай прэм'ер-лігі заплацілі агентам за год. З гэтых даных вынікала, што Агееў, калі яшчэ працаваў у тульскім «Арсенале», атрымаў камісію адразу ад казахстанскіх «Табола» і «Астаны». З першага клуба – 20 тысяч долараў за пераход паўабаронцы Альміра Мухутдзінава. «Астана» заплаціла 100 тысяч долараў за працяг кантракта з абаронцам Дзмітрыем Шамко.

Апублікаванне прыбытку абурыла Агеева, і ў інтэрв'ю аднаму з казахстанскіх выданняў ён заявіў, што, напэўна, будзе судзіцца з федэрацыяй.

– Гэта персанальныя даныя. Іх нельга раскрываць. Я, мусіць, буду судзіцца з ФФК. УЕФА сапраўды патрабуе, каб клубы паказвалі сумы, якія выплачваюцца пасярэднікам. Але ўвогуле. Гэта значыць, умоўны «Кайрат» за сезон выплаціў агентам столькі-та. І ўсё. Без указання дакладных сум канкрэтнай асобе або кампаніі, – казаў Агееў.

Тая гісторыя ні да чаго не прывяла. Ва ўсякім разе, аб працэсе «Агееў супраць Федэрацыі футбола Казахстана» нічога не вядома.

Ускладніў жыццё «Рубіну»

Зусім нядаўна, у другой палове 2022-га, функцыянер паўдзельнічаў у яшчэ адной спрэчцы – на гэты раз з «Рубінам», за які выступае беларус Віталь Лісаковіч.

Усё пачало з таго, што Агееў, з'яўляючыся агентам паўабаронцы Аляксандра Ламавіцкага, арганізаваў таму пераход з маскоўскага «Спартака» ў «Рубін». Сума трансферу, паводле звестак Transfermarkt, склала паўтара мільёна еўра. Нягледзячы на тое, што летам футбаліст пайшоў у арэнду ў «Хімкі», Агееў свае адносіны з казанцамі не скончыў, – яны працягнуліся ў судовай плоскасці.

Агееў заключыў дамову з «Рубінам» аб аказанні пасрэдніцкіх паслуг, аднак грошай за працу пасля пераходу Ламавіцкага не ўбачыў – і падаў пазоў.

– Клуб павінен мне па дамове выплаціць пэўную суму. Я б не сказаў, што гэта вялікія грошы. У запазычанасць уваходзяць толькі агенцкія выплаты. Грошай па трансферы гульца там няма. Плацёж мне павінны былі перавесцi яшчэ ўвесну. Прайшло ўжо чатыры месяцы, а выплаты няма, таму я і звярнуўся ў Палату рашэння спрэчак РФС, – казаў у верасні Агееў.

У выніку ўсё скончылася не вельмі радасна для «Рубіна». 23 снежня палата забараніла казанскаму клубу рэгістраваць новых футбалістаў у сувязі з запазычанасцямі не толькі перад Агеевым, але і агентам Ацамазам Такоевым, прадстаўніком Лісаковіча.

Таксама, як адзначалася на сайце РФС, клуб абавязалі заплаціць штраф, прызначаны за затрымку выплаты Агееву. Забарону на рэгістрацыю гульцоў можна было зняць толькі пасля пагашэння даўгоў.

Да гэтага часу шчыльна працуе з футбалістамі з Казахстана і мае ўплыў на кіраўнікоў ФК

Пра тое, што Агееў вядзе справы гульцоў з Казахстана, сказана вышэй.

– Альмір Мухутдзінаў, Арман Кенесаў, Рамазан Карымаў, Марат Быстроў. Быў яшчэ Дзідар Жалмукан. Разумееце, я мог бы іх браць і падпісваць пачкамі, але не бачу ў гэтым неабходнасці, – гаварыў пару гадоў таму Агееў.

Улічваючы дзейнасць агента на казахстанскім рынку, «Трыбуна» вырашыла пацікавіцца, што думаюць пра яго спецыялісты ў тамтэйшым футболе. Адзін з суразмоўцаў падзяліўся меркаваннем:

– Наколькі ведаю, гэта такі агент, які ўмее вельмі добра залазіць у давер да некаторых кіраўнікоў клубаў. А потым тыя самі пастаўляюць яму футбалістаў як кліентаў. Што маю на ўвазе? Напрыклад, у адным з клубаў Казахстана гуляў малады футбаліст, у яго ўжо быў агент. Але кіраўніцтва клуба націснула на хлопца і прымусіла падпісаць дамову з Агеевым. Функцыянеры пераследвалі нейкія свае інтарэсы ў гэтым пытанні. Наогул, у Агеева шмат гульцоў з Казахстана, таму можна меркаваць, што ўплыў у нашым футболе ў яго нядрэнны.

Варта зазначыць, што на сайте Transfermarkt.com Агееў фігуруе як агент – пазначаны супрацоўнікам кансалтынгавай кампаніі Dvitex Sports Consulting, якая прадстаўляе інтарэсы больш як 70 футбалістаў. Праўда, сярод гульцоў фігуруе толькі адзін прадстаўнік Казахстана – той самы Кенесаў, пра якога і казаў Агееў. Пры гэтым на афіцыйным сайте Dvitex Sports Consulting сярод чальцоў каманды Агеева няма. Кампанія сцвярджае, што працуе не толькі з футбольнымі клубамі, але і баскетбольнымі. Сярод партнёраў у футболе пазначаны і хабараўскі СКА, дзе працаваў Агееў.

Ну а з'яўленне Агеева ў «Шахцёры» нашых суразмоўцаў асабліва не здзівіла.

– Па наяўнай інфармацыі, нейкім чынам Агееў ужо мае ўплыў на «Шахцёр», і якраз дзякуючы гэтаму ў свой час у беларускі клуб трапіў Нідэргаўс, які да таго працаваў шмат гадоў у Казахстане. Што да гульцоў, то, думаю, футбалісты масава не паедуць. У нас, вядома, крыху горш стала з заробкамі, але дакладна не настолькі, каб ехаць у ваш чэмпіянат. Максімум – якія-небудзь шчаглы, якія, як у «Энергетыку-БДУ», будуць працаваць за мізэрныя грошы. Ды і тое наўрад ці такое будзе, – мяркуе прадстаўнік казахстанскага футбола.

Фота: prosports.kz

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты