Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Белфутбол пачаў сезон дзяржсцяжкамі на форме ўсіх гульцоў – «Шахцёр» забраў Суперкубак пад снегам з дапамогай турка «Гомеля»

Белфутбол пачаў сезон дзяржсцяжкамі на форме ўсіх гульцоў – «Шахцёр» забраў Суперкубак пад снегам з дапамогай турка «Гомеля»

Той яшчэ артхаус.

Аўтар — bytribuna com
25 лютага 2023, 18:10
3
Белфутбол пачаў сезон дзяржсцяжкамі на форме ўсіх гульцоў – «Шахцёр» забраў Суперкубак пад снегам з дапамогай турка «Гомеля»

У Беларусі стартаваў новы футбольны сезон – «Гомель» фармальна прымаў «Шахцёр» на мінскім «Дынама-Юні». Пры тэмпературы каля нуля пад акампанемент снега матч атрымаўся чакана бязладным – каманды на слізкім штучным газоне раз-пораз памыляліся і асоба не паказвалі камбінацый (хоць тут справа можа быць і ва ўзроўні гульцоў).

На белфутбол нават у такое надвор'е і пры надглядзе ад сілавікоў Лукашэнка ўсё яшчэ хтосьцi ходзіць (і нават прыязджае ў Мінск з Гомеля і Салігорска) – паводле афіцыйных звестак, на Суперкубку сабралася 2950 гледачоў. Перад матчам некаторыя з іх вывесілі банэр у памяць пра прэс-сакратара «Гомеля» Дзмітрыя Радзівона – 19 лютага ён памёр ва ўзросце 37 гадоў «пасля хуткаплыннай хваробы».

Галоўнай навіной матча сталі чырвона-зялёныя дзяржсцяжкі на форме абедзвюх каманд – відавочна пацвярджаецца інсайд Мікалая Іванова аб тым, што абавязацельства наносіць рэжымную сімволіку на форму з гэтага часу ўнесена ў рэгламент. Дзіўна, што яе яшчэ няма на судзейскіх майках, напрыклад.

Што тычыцца непасрэдна футбола, галоўным героем стаў турэцкі навічок «Гомеля» Фуркан Акын, само з'яўленне якога ў белфутболе на дзяржТВ назвалі «артхаусам». Праўда, героем Акын стаў для «Шахцёра». У сярэдзіне першага тайма ён дазволіў абкрасці сябе Мікіту Корзуну, які выйшаў сам-насам, але не трапіў па варотах.

А пазней у барацьбе за мяч няўдала падставіў нагу і паўдзельнічаў у галявым пасе на Фесу Плаку – тагалезец адціснуў ад мяча Ігара Кузьмянка і рэалізаваў момант.

Матч так і скончыўся перамогай «Шахцёра» 1:0. Мікіта Корзун падняў над галавой Суперкубак.

Мы ж запрашаем вас на трансляцыю, якую мы чакалі значна больш, – у 19:00 пачынаецца першы стрым Аляксандра Івуліна пасля вызвалення на канале «ЧестнОК». Туды калі-небудзь яшчэ абавязкова вернуцца відэа аб атмасферы матчаў белфутбола – але ён да таго моманту відавочна стане іншым.

Іншыя пасты блога

Усе пасты