Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Іслач» падпісала афрыканца, які яшчэ тры гады таму ўваходзіў у сусветны топ-60 сярод маладых надзей. Ужо забівае ў таварняках, а наогул склад клуба не пазнаць

«Іслач» падпісала афрыканца, які яшчэ тры гады таму ўваходзіў у сусветны топ-60 сярод маладых надзей. Ужо забівае ў таварняках, а наогул склад клуба не пазнаць

Вось як ён змяніўся.

Аўтар — bytribuna com
28 лютага 2023, 10:18
«Іслач» падпісала афрыканца, які яшчэ тры гады таму ўваходзіў у сусветны топ-60 сярод маладых надзей. Ужо забівае ў таварняках, а наогул склад клуба не пазнаць

Чэмпіянат-2022 стаў самым паспяховым для "Іслачы" ў яе непрацяглай гісторыі: фінішаваўшы пятай, каманда з Мінскага раёна паўтарыла дасягненне трохгадовай даўніны, але пры гэтым упершыню пераступіла парог у 50 ачкоў. Што адметна, "ваўкі" мелі другі па маладосці склад у лізе (сярэдні ўзрост - 22,79 года), саступаючы па гэтым паказчыку толькі "Энергетыку-БДУ" (21,43 год). Больш за тое, каманда замыкала топ-5 сярод усіх калектываў элітных еўрапейскіх дывізіёнаў.

Праўда, ад складу-2022 за міжсезонне мала што засталося: каманду пакінулі адразу дзевяць гульцоў асноўнай абоймы - яны адгулялі значную ролю ў поспеху каманды. Але галоўнай стратай усё ж варта назваць Арцёма Радзькова - у 2022-м 37-гадовы спецыяліст быў прызнаны найлепшым трэнерам чэмпіянату Беларусі. Прычынай сыходу перш называліся асабістыя абставіны (Радзькоў ездзіў у Фінляндыю да 15-гадовага сына, які гуляе там у адной з хакейных каманд), аднак пазней высветлілася, што коуч не сышоўся ў пытаннях камплектавання складу на будучы сезон з кіраўніцтвам, а таму вырашыў пакінуць каманду.

Яго месца заняў Дзмітрый Камароўскі, да таго асістэнт Радзькова. Пры ім цалкам змяніўся трэнерскі штаб: Сяргей Паўлюковіч, Андрэй Гарбуноў і Аляксандр Шагойка клуб пакінулі - прыйшлі Раман Кірэнкін (у мінулым годзе працаваў у БАТЭ з Аляксандрам Міхайлавым) і Сяргей Канцавы (толькі завяршыў кар'еру гульца).

Праўда, у пачатку лютага з'явілася інфармацыя пра тое, што галоўны трэнер можа пасаду страціць, прычым не па волі клуба: новы куратар усяго беларускага футбола Анатоль Юрэвіч на пасяджэнні так званага міністэрства спорту з прадстаўнікамі футбольных клубаў выказаў скепсіс наконт маладых спецыялістаў, што выраслі па-за яго сістэмай - пад удар акрамя Камароўскага трапіў Дзмітрый Молаш з «Тарпеда-БелАЗ».

Зрэшты, на канец лютага Камароўскі ўсё яшчэ пры пасадзе і працягвае камплектаваць каманду - і працаваць яму ёсць над чым.

Хто сышоў?

Пачнём з сыходу, мабыць, галоўнага актыву «ваўкоў» - 20-гадовага паўабаронцы Руслана Лісаковіча. Малодшы з братоў правёў у клубе два сезоны, згуляўшы 60 паядынкаў. Забіў шэсць мячоў, сем разоў асіставаў партнёрам. У 2021-м атрымаў першы выклік у нацыянальную зборную, дзе згуляў ужо пяць паядынкаў. Гэтай зімой хадзілі інсайды, што гулец можа прадоўжыць кар'еру ў Ізраілі, Польшчы і ў нейкім з топ-клубаў Беларусі, але ён па выніку падпісаў кантракт з махачкалінскім "Дынама" з расійскага Д2. «Іслач» за футбаліста нічога не атрымала - той сышоў вольным агентам.

Таксама змяніў каманду Дмітрый Лісаковіч, які пасля ад'езду Юрыя Казырэнкі на Радзіму быў капітанам каманды. 23-гадовы хаўбек - адзін з лідараў "ваўкоў" па колькасці хвілін на полі ў сезоне-2023. За два гады ў яго 49 матчаў у футболцы клуба, у якіх ён двойчы забіў сам і сем разоў дапамог гэта зрабіць партнёрам. Гулец адправіўся ў «Тарпеда-БелАЗ». Туды ж укаціў і расійскі абаронца Кірыл Глушчанкоў (23 гады). І ён аддаў «Іслачы» два сезоны, правёўшы 42 матчы (адзін гол і адна галявая перадача).

Змог у «Іслачы» перазапусціць кар'еру 30-гадовы галкіпер Сяргей Ігнатовіч, які ў сезоне-2021 амаль не гуляў з-за траўмы. У мінулым чэмпіянаце ён прыняў удзел у 25 матчах, аформіў восем «сухароў», прапусціў 27 мячоў і пасля двухгадовай паўзы зноў атрымаў выклік у нацыянальную зборную - і нават згуляў за яе ў таварыскім матчы супраць Амана (0:2). Цяпер ураджэнец Магілёва канкуруе з Сяргеем Чэрнікам у «Шахцёры».

Новы клуб і ў Германа Баркоўскага (20 гадоў) - ён падпісаўся з "Энергетыкам-БДУ". З клуба форвард пайшоў яшчэ ў маі мінулага года, калі збіраўся пераехаць у ЗША, дзе жыве яго маці. Пераезд па выніку сарваўся, а футбаліст вярнуўся ў «Іслач», дзе адгуляў астатнюю частку сезона - у 14 матчах забіў пяць мячоў і зрабіў адну дзейсную перадачу.

У мінскае «Дынама» сышлі двое атакуючых гульцоў - Алег Нікіфарэнка (21 год) і Уладзіслаў Марозаў (22 гады). Першы правёў у «Іслачы» год, аформіўшы 5+5 у 29 матчах. Другі - апошнія два сезоны, прычым 2022-ы стаў самым выніковым у кар'еры на дадзены момант: у брастаўчаніна сем галоў і дзве галявыя перадачы ў 29 паядынках - ён стаў другім бамбардзірам каманды.

У Казахстан з'ехаў 26-гадовы абаронца Мікіта Сцяпанаў - лідар "ваўкоў" па колькасці гульнявога часу. Цяпер беларус будзе выступаць пад кіраўніцтвам экс-трэнера "Іслачы" Віталя Жукоўскага ў "Атырау". За паўтара года ў клубе ён згуляў 44 гульні і забіў тры мячы.

Вінгер Кірыл Леановіч (24 гады) правёў у камандзе ўсяго паўгода - на яго рахунку 13 матчаў, у якіх атрымалася забіць двойчы і зрабіць адзін асіст. Футбаліст блізкі да пераходу ў "Белшыну".

Каго падпісалі?

У зваротным напрамку з "Атырау" Жукоўскага ў "Іслач" адправіўся 21-гадовы казахстанскі форвард Дзяніс Мітрафанаў. За паўгода пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста ён правёў восем сустрэч і выніковымі дзеяннямі не вызначыўся. Да гэтага Мітрафанаў выступаў за фарм-клубы «Кайрата» у Д2 Казахстана і Д3 Расіі (раней там гуляў клуб пад назвай «Кайрат» Масква), дзе бамбардзірскімі дасягненнямі таксама не бліскаў.

Узамен Нікіфарэнка і Марозава «Дынама» аддало «Іслачы» 19-гадовага форварда Дзмітрыя Латыхава (паўнавартасны трансфер) і 22-гадовага абаронцу Кірыла Радзівонава (арэнда). Першы за два гады ў галоўнай камандзе «бела-блакітных» згуляў 33 матчы, у якіх вызначыўся 6 галамі (чатыры з іх у Кубку камандам Д2), а чэмпіянат-2022 скончыў толькі з адной галявой перадачай у 13 сустрэчах. Для Радзівонава гэта ўжо трэцяя арэнда ў кар'еры (за першую каманду «Дынама» ён не правёў ні хвіліны): да гэтага былі паўгода ў «Смалявічах», калі тыя развальваліся, і два гады ў «Белшыне» (адзін з іх у першай лізе). У Бабруйску Радзівонаў правёў 58 гульняў, адзначыўшыся голам і адной галявой перадачай (абодва карысныя дзеянні здарыліся ў Д2).

У цэнтр абароны з "Мінска" падпісаны 35-гадовы Эдуард Жэўнераў. Ён, як відаць, стане ў сезоне-2023 самым узроставым футбалістам у камандзе. За паўгода ў складзе «гараджан» (першую палову мінулага сезона ён правёў у «Слуцку») Жэўнераў адгуляў 16 матчаў. Таксама з "Мінску" быў выпісаны 30-гадовы галкіпер Ягор Генералаў - ураджэнец Смаргоні з расійскім пашпартам. За сталічны клуб, куды заехаў на паўсезона, выхаванец маскоўскага "Лакаматыва" правёў шэсць сустрэч (дзве на "нуль") і прапусціў 10 мячоў. Дарэчы, старэйшы за 30 акрамя двух навічкоў з гульцоў «Іслачы» толькі Алег Патоцкі, які гуляе за клуб з 2015-га.

Адразу дваіх гульцоў "Іслач" забрала з дзяржынскага "Арсенала", што вылецеў у Д2. 24-гадовы хаўбек Валерый Сянько напэўна будзе ў новым сезоне на вядучых ролях (у мінулым у яго 3+5 у 33 матчах), а вось 22-гадоваму крайку Яўгену Гулецкаму (25 матчаў, тры галы) за месца ў аснове давядзецца змагацца з ганцам Фардам Ібрагімам, які нядрэнна сябе зарэкамендаваў пасля ад'езду Івана Дыбанга ва Украіну.

У апорную зону на пазіцыі братоў Лісаковічаў падпісаныя беларус Дзмітрый Сібілёў (22 гады) з «Нафтана» і малдаванін Віку Булмага (19 гадоў) з чэшскага «Цепліцэ» – легіянер з'яўляецца дзейным гульцом моладзевай зборнай сваёй краіны. Булмага дэбютаваў у дарослым футболе ў дзень 17-годдзя ў складзе "Дачыі" з элітнага дывізіёна Малдовы і быў гульцом старту на працягу ўсяго першага сезона, пасля якога і адбыўся пераезд у Чэхію. Праўда, за першую каманду «Цепліцэ» Віку згуляў толькі чатыры сустрэчы (двойчы ў чэмпіянаце і двойчы ў Кубку), а пераважна ўсе паўтара гады атрымліваў практыку ў фарм-клубе з Д3. Сібілёў жа быў на вядучых ролях у складзе чэмпіёна першай лігі: усе 24 сустрэчы пачынаў у стартавым складзе, вызначыўся голым і трыма выніковымі перадачамі.

З першалігавай «Оршы» выпісаны 24-гадовы форвард Уладзіслаў Кабачэўскі. Выхаванец “Віцебску” не правёў ні хвіліны за аснову роднага клюбу, але за пяць гадоў на дарослым узроўні нядрэнна пакалясіў па беларускім міноры (і не толькі): “Орша”, “Смаргонь”, “Граніт” плюс кыргыстанскі “Абдыш-Ата”. Мінулы сезон у «Оршы» пакуль з'яўляецца самым рэзультатыўным у кар'еры – 11+4 у 21 сустрэчы.

Але, мабыць, самым цікавым падпісаннем (прынамсі на паперы) выглядае 19-гадовы ганец Прынс Аду, і справа тут не толькі ў тым, што «Іслач» умее працаваць з афрыканскімі гульцамі (Мамо Янсане, Годфры Стывен, Іван Дыбанга і Даніэль Созах таму пацвярджэнне). У кастрычніку 2020-га брытанскае выданне The Guardian уключыла форварда "Бечэм Юнайтэд" у ліку 60 самых перспектыўных футбалістаў свету, што нарадзіліся ў 2003 годзе. Сярод іншых у пераліку былі цяперашні лідар "Баварыі" і зборнай Германіі Джамал Мусіяла, галоўная зорка "Байера" Фларыян Вірц, а таксама хаўбек ПСВ і зборнай Нідэрландаў Хаві Сіманс. Да таго моманту яшчэ 16-гадовы Аду правёў ударнае паўгоддзе ў найвышэйшым дывізіёне Ганы - у 16 матчах забіў 8 мячоў.

Гэта прыцягнула ўвагу еўрапейскіх клубаў - гульцом зацікавіўся «Рандэрс» з чэмпіянату Даніі. Але каранавірус унёс карэктывы: футбол амаль ва ўсіх краінах свету сышоў на паўгадавы каранцін (гулялася ўсяго некалькі чэмпіянатаў, беларускі ўключна), а пасля яго Прынс ужо быў не такі рэзультатыўны. Тым не менш у 2021-м гулец павінен быў ехаць у складзе маладзёжнай зборнай Ганы на фінальную частку Кубка афрыканскіх нацый, але ў апошні момант атрымаў траўму і прапусціў турнір.

Незадоўга да гэтага гулец быў блізкі да пераходу ў польскую «Ягелонію» і егіпецкі «Замалёк», але «Бечэм Юнайтэд» запрасіў суму, якую абодва клубы адмовіўся выплачваць. У кастрычніку 2021-га пасля аднаўлення ад пашкоджання Прынс аказаўся ў «Ягелоніі» на праглядзе, але падпісаннем пагаднення тая справа не скончылася. Мінулы год форвард ізноў прапусціў праз пашкоджанне.

У "Іслачы" Аду ўжо мае тры галы ў таварыскіх матчах: аформіў дубль у вароты "Тарпеда-БелАЗ", а таксама вызначыўся ў сустрэчы супраць мінскага "Дынама" (адзнака 3:55).

Вось так выглядае бягучы ростар ваўкоў. Праўда, якая схема будзе базавай для каманды ў сезоне, зразумець цяпер складана - Камароўскі нярэдка карыстае пабудову з трыма цэнтральнымі абаронцамі.

Фото: «Ислочь»

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты