Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Былы бос суддзяў у белфутболе, якому далі 5 гадоў за хабар, – вось як ён жыве цяпер: быў у элітнай калоніі, з’яўляецца на стадыёнах, не дачакаўся дапамогі ад экс-калег

Былы бос суддзяў у белфутболе, якому далі 5 гадоў за хабар, – вось як ён жыве цяпер: быў у элітнай калоніі, з’яўляецца на стадыёнах, не дачакаўся дапамогі ад экс-калег

Ужо хутка тры гады, як Андрэй Жукаў на волі.

Аўтар — bytribuna com
1 сакавіка 2023, 21:00
1
Былы бос суддзяў у белфутболе, якому далі 5 гадоў за хабар, – вось як ён жыве цяпер: быў у элітнай калоніі, з’яўляецца на стадыёнах, не дачакаўся дапамогі ад экс-калег

Былы начальник судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэй Жукаў у 2017 годзе за хабар атрымаў пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і вялікім штрафам. Менеджар аказаўся на волі яшчэ да выбараў-2020. З таго часу ён ні разу не з'яўляўся ў публічнай прасторы, хаця часам яго заўважаюць на стадыёнах у Мінску (статус персоны нон-грата ў белфутболе не замінае быць гледачом). "Трыбуна" даведалася некаторыя дэталі з жыцця экс-кіраўніка.

Чым запомніўся і як сышоў з беларускага футбола

Жукаў, якому ў снежні-2022 споўнілася 60, футбольнаму судзейству прысвяціў многія гады, пры гэтым да звання рэферы ФІФА так і не дабраўся. Кар'еру ў беларускім футболе пачынаў у сярэдзіне 90-х, у вышэйшай лізе дэбютаваў у 1999-м. Працаваў у па-сапраўднаму знакавых матчах. Напрыклад, абслугоўваў фіналы Кубка Беларусі ў 2003 і 2009 гадах, Суперкубак краіны ў 2010 годзе. Адпрацаваў 189 паядынкаў вышэйшай і першай ліг, у якіх паказаў 541 жоўтую картку і 20 чырвоных і прызначыў 41 пенальці.

Пасля заканчэння судзейскай кар'еры інспектаваў матчы, а ў 2011 годзе ўзначаліў дэпартамент судзейства і інспектавання АБФФ. Яго папярэднік, расійскі спецыяліст Мікалай Леўнікаў, тады не надта пазітыўна характарызаваў калегу і не разумеў, чаму менавіта Жукава прызначылі кіраваць дэпартаментам.

- Быў здзіўлены, калі яго паставілі на гэтую пасаду. Мне падаецца, у Беларусі былі больш вартыя кандыдатуры з пункту гледжання сілы характару. Кіраўнік аддзела дэпартамента судзейства павінен мець незалежны характар. У тыя часы гэта [ўзначаліць структуру] маглі зрабіць Валерый Ісідаравіч Пятровіч, Вадзім Дзмітрыевіч Жук, - казаў Леўнікаў.

На пасадзе Жукаў адпрацаваў усяго пяць гадоў - кар'ера не толькі ў АБФФ, але і ў прынцыпе ў беларускім футболе скончылася для яго гучным скандалам і турэмным зняволеннем.

8 чэрвеня 2016 года з'явілася інфармацыя, што спецыяліст быў затрыманы проста ў сваім кабінеце ў офісе федэрацыі. Там было зроблена выманне дакументаў, а само памяшканне апячаталі. Праз некалькі гадзін з'явіліся падрабязнасці: Жукава падазраюць у атрыманні хабару. Акрамя яго затрымалі яшчэ і тагачаснага трэнера "Смаргоні" Мікалая Рындзюка з арбітрам Андрэем Сарокам, якія, як высветлілася пазней, давалі хабар Жукаву.

Начальніка дэпартамента ўзялі пад варту, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу («Атрыманне хабару»), па якой свяціла да пяці гадоў пазбаўлення волі. На допыты падчас следства выклікаліся супрацоўнікі дэпартамента, дзейныя суддзі, Сарока і Рындзюк сталі сведкамі. Увосень 2016-га справа Жукава была перададзеная ў суд, падчас якога высветлілася, што ўстаноўлена шэсць эпізодаў атрымання хабару за прызначэнне арбітраў. Усе эпізоды датаваны перыядам з 2014-га па 2016-ы. Жукаву прад'явілі абвінавачанне па частках 1 і 2 арт. 430 КК РБ ("Атрыманне хабару" і "Атрыманне хабару паўторна"). На судзе спецыяліст прызнаў сваю віну ў атрыманні каля 650 долараў, а таксама бутэлькі каньяку "Арарат".

Ужо 30 лістапада АБФФ абвясціла Жукава персонай нон-грата ў беларускім футболе, пры гэтым сама федэрацыя хадайнічала аб прызначэнні абвінавачанаму пакарання ніжэйшага за ніжнюю мяжу або мінімальнага. Падчас заключнага пасяджэння ў снежні 2016-га Жукаў цалкам прызнаў віну і кампенсаваў урон у памеры 912 рублёў. Варта сказаць, што паседжанні пераносіліся некалькі разоў, у тым ліку з прычыны таго, што спецыялісту прад'яўлялі новае абвінавачанне – па артыкуле 426 КК РБ («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карысці»).

5 студзеня быў вынесены прысуд - пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, плюс штраф у 11,5 тысячы рублёў. Канфіскавалі ў Жукава дастаткова шмат: грошы, у тым ліку на банкаўскіх рахунках, гадзіннік, пярсцёнкі, бытавую тэхніку, аўтамабіль Volkswagen Touran, дом з зямельным участкам у Лепельскім раёне.

Абарона Жукава падавала апеляцыю, аднак прысуд быў пакінуты ў сіле.

Чым займаецца Жукаў цяпер?

Як удалося высветліць «Трыбуне», спецыяліст усё сваё пакаранне адбываў у папраўчай калоніі № 3 у пасёлку Віцьба ў Віцебскім раёне. ПК славіцца тым, што ў свой час у ёй сядзелі высокапастаўленыя чыноўнікі, пракуроры, суддзі і міліцыянты. Паводле звестак праваабаронцаў, у розныя гады туды змяшчалі палітвязняў Андрэя Саннікава, Аляксандра Казуліна, віцэ-мэра Мінска Ігара Васільева, былога кіраўніка "Мотавела" Аляксандра Мураўёва, а таксама аднаго з былых асабістых пілотаў Аляксандра Лукашэнкі. Сядзеў там і вядомы беларускі бізнэсовец Аляксандр Кныровіч. Па дадзеных на канец 2021 года ў ПК № 3 знаходзіўся экс-намеснік так званага дзяржсакратара Савета бяспекі Лукашэнкі, былы кіраўнік ягонай службы бяспекі Андрэй Уцюрын, якога ў 2020-м прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі за хабар. Ну а зараз у «Віцьбе» знаходзіцца палітвязень Максім Знак, адвакат і сябра Каардынацыйнай рады. Усяго ж у ПК адбываюць незаконнае пакаранне каля сотні палітвязняў.

Праз багацце высокапастаўленых або прыкметных зняволеных у народзе "Віцьбу" празвалі "элітарнай" калоніяй.

Там увесь свой тэрмін адбываў і Жукаў. Паводле нашай інфармацыі, спецыяліст у няволі працаваў на дрэваапрацоўцы, па гадзіне ў дзень, згодна з унутраным распарадкам, займаўся спортам на стадыёне (напрыклад, бегаў і гуляў у футбол).

Выйшаў на волю Жукаў у чэрвені 2020-га. Некаторы час да пераводу ў «Віцьбу» спецыяліст правёў у СІЗА на Валадарскага, дзе дзень прыраўноўваецца да палутара дзён ў калоніі. Таму і атрымалася так, што на волі Жукаў аказаўся ўжо летам 2020-га.

Інфармацыя пра далейшы лёс Жукава розніцца. Па адных звестках, былы супрацоўнік АБФФ пасля выхаду на волю некаторы час працаваў вартаўніком у сталічным парку Горкага, але звольніўся адтуль. Іншыя ж нашы суразмоўцы сцвярджаюць, што пасля вызвалення і па сёння Жукаў увогуле нічым не заняты, бо працу не знайшоў. Як нам удалося даведацца, пасля вызвалення спецыяліст кантактаваў з некаторымі футбольным арбітрамі ў спадзеве, што тыя неяк дапамогуць працаўладкавацца. Але, мяркуючы па ўсім, дапамогі ад былых калег не дачакаўся. Паўплывала на гэта і стаўленне да Жукава, якое склалася падчас яго працы ў АБФФ.

- Насамсправе яго асабліва ніхто не любіў. Ні маладыя суддзі, ні дасведчаныя, - распавёў «Трыбуне» адзін з арбітраў. - Ды і ўсе ведалі, чым ён займаецца. І вось як ставіцца да яго за гэта? У яго нармальнае стаўленне было да тых арбітраў, якія заходзілі ў кабінет не проста так. А пры сустрэчы з астатнімі ён часцяком проста адварочваўся, ды так, што нават руку не паціснеш. Яшчэ да ўсяго, што здарылася, быў паказальны эпізод. Жукаў з сям'ёй ішоў па вуліцы, а насустрач - суддзя. І вось Жукаў дэманстратыўна зрабіў выгляд, што не ведае свайго, па сутнасці, падначаленага. Шчыра скажу, ніхто не здзівіўся ні арышту, ні тэрміну, які яму далі.

Як здолела даведацца «Трыбуна», зараз Жукаў жыве там жа, дзе жыў раней - у раёне плошчы Перамогі, у кватэры, якая належыць яго жонцы. Частку канфіскаванага дома ў Лепельскім раёне жонка, дарэчы, выкупіла.

Натуральна, у беларускім футболе Жукава чакаць не даводзіцца - ён назаўжды застанецца персонай нон-грата. Тым не менш спецыяліста зараз сустракаюць на сталічных стадыёнах - у якасці гледача наведваць матчы яму не забаронена. Як распавялі нам відавочцы, Жукаў звычайна выглядае панурым, не маенастрою, а часам не ўтрымліваецца і крытыкуе суддзяў, прычым даволі жорстка. Усё па старой звычцы, якая засталася з часоў працы ў Доме футболе.

Фота: pressball.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты