Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Ужо больш за паўтары гады Сяргей Гурэнка не трэнуе. Вось чым ён цяпер займаецца (пытанняў з грашыма няма, часта ездзіць у Маскву)

Ужо больш за паўтары гады Сяргей Гурэнка не трэнуе. Вось чым ён цяпер займаецца (пытанняў з грашыма няма, часта ездзіць у Маскву)

Кансультаванне каманды ў Д3 аказалася непрацяглым і прывяло да канфлікту.

Аўтар — bytribuna com
21 красавіка 2023, 09:38
Ужо больш за паўтары гады Сяргей Гурэнка не трэнуе. Вось чым ён цяпер займаецца (пытанняў з грашыма няма, часта ездзіць у Маскву)

У брэсцкім «Дынама» на днях змяніўся трэнерскі штаб – каманду ўзначаліў Аляксандр Юрэвіч. Аднак, па паведамленнях медыя, сярод кандыдатаў на пасаду быў Сяргей Гурэнка, які з 2021 года знаходзіцца без працы. Сам спецыяліст сцвярджаў, што ніхто з ім перамоваў не вёў. Пазней з'явілася інфармацыя, што Гурэнку нібыта не ўхвалілі чыноўнікі аблвыканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці. Зрэшты, як нам удалося даведацца, гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці – на вярхах прозвішча Гурэнкі нават не гучала.

А чым увогуле сёння займаецца 50-гадовы трэнер? Даведаліся пра некаторыя дэталі яго жыцця.

На апошнім месцы працаваў два месяцы, мог з'ехаць за мяжу

Ужо больш за паўтары гады, як Гурэнка не трэнуе ніводзін з клубаў. Ды і апошні досвед атрымаўся не самым працяглым і ўдалым. 25 ліпеня 2021 года спецыяліст быў прызначаны галоўным у «Шахцёр», дзе змяніў украінца Рамана Грыгарчука пасля паразы ад люксембургскай «Фолы Эш» у першым матчы другога круга кваліфікацыі Лігі канферэнцый.

Але адносіны Гурэнкі з салігорскім калектывам аказаліся хуткаплыннымі – усяго 57 дзён. Сам спецыяліст пазней прызнаваўся, што калі б была магчымасць адкруціць час, то на прапанову «Шахцёра» не пагадзіўся б. Той этап змясціў усяго восем паядынкаў ва ўсіх турнірах. У дэбютнай сустрэчы – з «Фолай Эш» – не ўдалося нават згуляць унічыю (0:1). Ну а пасля быў нестабільны шлях на ўнутранай арэне: у Кубку Беларусі «Шахцёр» прайграў «Гомелю» 1:2 у 1/8 фіналу, у чэмпіянаце краіны калектыў дамогся трох перамог, прычым калі з «Іслаччу» і «Славіяй» прыйшлося гуляць, то са «Спадарожнікам» тры пункты дасталіся нават без выхаду на поле – да таго часу рэчычане спынілі існаванне.

Была здабытая адна нічыя (са «Смаргонню» 2:2), і двойчы каманда прайграла: «Руху» і БАТЭ па 0:1. І вось пасля няўдачы ў Барысаве кіраўніцтва клуба вырашыла растацца са спецыялістам, які за час сваёй працы з «Шахцёрам» яшчэ паспеў паканфліктаваць з лідарамі калектыва Ігарам Стасевічам і Ніколам Анцічам.

Ад 20 верасня 2021 года Гурэнка афіцыйна беспрацоўны. Хаця ў снежні таго ж года ў СМІ з'явілася інфармацыя, што паслугамі спецыяліста цікавіліся замежныя клубы, у прыватнасці, са Славакіі, Польшчы і Расіі.

Нядоўга кансультаваў навічкоў Д3, а цяпер звязаны з букмекерамі, ходзіць на матчы сына і ганяе ў Маскву

За мяжой Гурэнка ў выніку не апынуўся, а ў сакавіку 2022-га стаў часткай айчыннага футбола – пагадзіўся на ролю трэнера-кансультанта дэбютанта Д3 «Юні Мiнск». Гэтая супраца склалася ў тым ліку дзякуючы таму, што Гурэнка да таго часу з'яўляўся амбасадорам адной з букмекерскіх кампаній Беларусі, якая партнёрылася з «Юні Мiнскам».

Аднак суразмоўцы са свету беларускага футбола схільныя лічыць супрацу Гурэнкі і каманды больш піяр-ходам для прыцягнення ўвагі да калектыву, які толькі перайшоў з аматарскага на нацыянальны ўзровень. Хаця спачатку Гурэнка сапраўды неяк спрабаваў уплываць на справы у камандзе.

Як нам распавялі суразмоўцы, якія ведаюць сітуацыю, спецыяліст адразу, нягледзячы на статус кансультанта, паспрабаваў пазіцыянаваць сябе амаль што галоўным трэнерам. Імкнуўся кіраваць заняткамі, абяцаў за кошт свайго імя і статусу прывесці новых гульцоў, нават з дубля мінскага «Дынама». Гэта паступова прывяло да напругі з тагачасным афіцыйным галоўным трэнерам каманды Дзянісам Шарабурам – апошні ў выніку пакінуў калектыў у траўні. Зрэшты, і супраца з Гурэнкам таксама неўзабаве спынілася. Пры гэтым нашыя суразмоўцы адзначаюць, што нават падчас кансультавання «Юні Мiнск» заўважыць спецыяліста на трыбунах не ўяўлялася магчымым – прынамсі, нашыя крыніцы сцвярджаюць, што на паядынкі сталічнага клуба Сяргей Вітальевіч не прыходзіў.

Ну што цяпер? Па словах дасведчаных суразмоўцаў, падчас футбольнай і трэнерскай кар'еры Гурэнка ашчадна ставіўся да грошай, умеў выбіваць выгадныя кантракты, і таму сёння можа дазволіць сабе чакаць прапаноў ад клубаў, «не разменьваючыся на дробязі». Плюс Гурэнка паклапаціўся пра крыніцы пасіўнага даходу. Па нашай інфармацыі, у экс-футбаліста некалькі кватэр у Маскве, якія ён здае і за гэта атрымлівае нядрэнныя грошы.

Ды і наогул жыццё Гурэнкі падзелена паміж двума гарадамі – Мінскам і Масквой. У расійскую сталіцу трэнер ганяе не толькі па «кватэрных справах», але і для падтрымлівання сувязяў з маскоўскім «Лакаматывам», дзе ён правёў найлепшы этап кар'еры ў 90-х, стаўшы чэмпіёнам Расіі. Існуе вялікая верагоднасць, што Гурэнка апынецца ў структуры «чыгуначнікаў».

Ёсць у беларуса і іншая крыніца даходу. Ён па-ранейшаму з'яўляецца экспертам-амбасадорам адной з букмекерскіх кампаній Беларусі, прычым ужо не першы год. Рэгулярна супраца са спецыялістам працягваецца, прапісваюцца пэўныя індывідуальныя ўмовы. І, як кажуць знаёмыя з сітуацыяй людзі, часам фінансавы складнік ад букмекераў можа нават перавышаць заробкі некаторых галоўных трэнераў вышэйшай лігі (па цяперашніх лімітах у белфутболе гэта да васьмі тысяч рублёў без уліку прэміяльных).

Таксама Гурэнку-старэйшага можна заўважыць на некаторых матчах «Белшыны», за якую гуляе ягоны сын Арцём. У сакавіку 28-гадовы паўабаронца, правёўшы амаль год у казахстанскім «Туране», вярнуўся ў Бабруйск і ўжо згуляў за каманду тры матчы ў бягучым сезоне (усе ў старце, у сярэднім 88 хвілін на полі). Праўда, карыснымі дзеяннямі не вызначыўся, а «шыннікі» за гэты перыяд здабылі толькі адно ачко.

У Сяргея Гурэнкі ёсць яшчэ сын Мікіта, які таксама засвяціўся ў свой час у прафесійным футболе Беларусі. Аднак 25-гадовы апорны паўабаронца, які нарадзіўся ў Маскве, ужо не звязаны з футболам. Былі этапы з мінскім «Дынама», «Гранітам», «Андэрдогам», «Энергетыкам-БДУ». А ў жніўні 2020-га ён правёў адзін матч за «Баранавічы» ў Кубку Беларусі (выйшаў у старце, але быў заменены ўжо на 41-й хвіліне), яго калектыў тады саступіў «Віцебску» 0:6. Больш на поле сярод профі Гурэнка-малодшы не выходзіў.

Фота: fcshakhter.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты