Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як Крывушэнку прыбіралі з брэсцкага «Дынама»: канфлікту з гульцамі не было, чыноўнікі «выканкама» прасілі ім дапамагчы адшукаць замену

Як Крывушэнку прыбіралі з брэсцкага «Дынама»: канфлікту з гульцамі не было, чыноўнікі «выканкама» прасілі ім дапамагчы адшукаць замену

Асцярожна, у тэксце вельмі шмат Юрэвічаў.

Аўтар — bytribuna com
3 траўня, 19:40
Як Крывушэнку прыбіралі з брэсцкага «Дынама»: канфлікту з гульцамі не было, чыноўнікі «выканкама» прасілі ім дапамагчы адшукаць замену

Пасля звальнення з брэсцкага «Дынама» Ігар Крывушэнка адпачываў зусім нядоўга. Ужо праз два тыдні стала вядома, што настаўнік прыбыў у Казахстан, дзе будзе ўдзельнічаць у праекце па пошуку талентаў Super Bol. Крывушэнка пацвердзіў, што са сваімі калегамі плануе аб'ехаць 14 гарадоў.

Але гэта – справа найбліжэйшай будучыні. «Трыбуна» ж даведалася некаторыя дэталі раставання спецыяліста з «Дынама».

Чым запомніўся ў Брэсце і як сышоў

З дынамаўцамі Крывушэнка падпісаў кантракт у снежні 2022-га. На той момант спецыяліст ужо год знаходзіўся без працы. Ён адразу пачаў збіраць баяздольную (прынамсі па імёнах) каманду: вярнуўся ў горад над Бугам Сяргей Кісляк, падпісалі кантракты брамнік Дзяніс Садоўскі, паўабаронца Дзмітрый Бага, нападаючы Аляксандр Макась. Застаўся леташні лідар брастаўчан Міхаіл Гардзяйчук. Увогуле, усё казала пра тое, што «Дынама» здольнае пашумець – перад клубам паставілі задачу патрапіць па выніках сезона ў топ-5. Пра гэта заяўляў намеснік старшыні выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці і куратар «Дынама» Валянцін Зайчук.

Аднак рэальнасць і чаканні істотна разышліся. Пасля не самай уражлівай перадсезонкі услед рушыў правальны старт у чэмпіянаце. Брастаўчане паслядоўна прайгралі «Тарпеда-БелАЗ» (0:1), «Іслачы» (0:3), «Славіі» (0:1) і «Слуцку» (0:2). Упэўненае апошняе месца ў табліцы і найгоршы старт з 2001 года.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», за некалькі дзён да выезду ў Слуцк трэнерскі штаб «Дынама» быў выкліканы на размову з кіраўніцтвам, прычым не клубным. Па словах нашых крыніц, цяперашні дырэктар ФК, якім з лютага 2022-га з'яўляецца экс-кіраўнік Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па футболе Васіль Шчагрыковіч, фактычна нічога не вырашае. Галоўныя ў клубе – начальнік упраўлення спорту і турызму выканкама Лукашэнкi па Брэсцкай вобласцi Юрый Хоміч і Зайчук.

Пра Хоміча і ягоны ўплыў на «Дынама» мы распавядалі яшчэ ў траўні 2022-га. Менавіта гэты чыноўнік паведамляў камандзе пра звальненне Сяргея Кавальчука і прапаноўваў прыняць калектыў Дзмітрыю Мазалеўскаму і Андрэю Пракапюку, але тыя на знак салідарнасці з галоўным сышлі (пазней Пракапюк вярнуўся, узначаліў каманду і выратаваў яе ад вылету з «вышкі»).

Пра Зайчука мы пісалі ў студзені 2023-га. Дзякуючы яму ў клубе з'явіліся бюджэтныя грошы і вярнуўся Кісляк.

Дык вось, за некалькі дзён да выезду ў Слуцк Крывушэнка з памочнікамі быў выкліканыя ў выканкам, дзе адбылася сустрэча з Зайчуком і Хомічам. Чыноўнікі выказалі незадаволенасць стартам каманды і заявілі, што штабу даецца дзве гульні, каб выправіць сітуацыю. Пры гэтым не было сказана, што трэба ў абодвух матчах перамагчы або набраць пэўную колькасць ачкоў. Пажаданні былі больш умераныя: забіце першы мяч, пакажыце годную гульню. Пры выкананні нават гэтых умоў знаходжанне Крывушэнкі ў калектыве магло быць працягнута. Але ў Слуцку брастаўчане зноў бязвольна саступілі – 0:2.

Каманда ў суботу, 15 красавіка, вярнулася ў родны горад, пасля чаго адправілася на два выходныя. У панядзелак начальства вырашыла спыніць супрацу з Крывушэнкам. Пра гэта яго праінфармавалі на чарговай сустрэчы ў выканкаме ў аўторак. У той жа дзень трэнер прыбыў на базу і развітаўся з гульцамі – 18 красавіка клуб афіцыйна паведаміў пра скасаванне кантракту. Не сказаць, што такое развіццё падзей кагосьці здзівіла – маральна футбалісты і члены трэнерскага штаба былі да гэтага гатовыя.

21 красавіка стала вядома, што каманду пакінулі і памочнікі Крывушэнкі – Пракапюк і Храпкоўскі. Аднак на гэты раз справа была не ў салідарнасці – спецыялістам паказаў на дзверы новы трэнер «Дынама» Аляксандр Юрэвіч пры судзеянні чыноўнікаў, якія запраўляюць справамі ў клубе.

Адразу пасля звальнення з'явілася інфармацыя, нібыта Крывушэнка не здолеў знайсці кантакт з групай узроставых гульцоў, і што брэсцкіх футбалістаў не задавальнялі трэнаванні. Па звестках «Трыбуны», адносіны з падапечнымі ў Крывушэнкі насамрэч былі дастаткова роўнымі, працоўнымі, канфліктных сітуацый не ўзнікала. Адзінае, як аказалася, Крывушэнка быў занадта мяккім з лідарамі, шмат у чым спадзяваўся на іх меркаванне, згаджаўся на некаторыя іх пажаданні. Па версіі людзей, якія валодаюць сітуацыяй, калі б Крывушэнка паставіў сябе больш жорстка, то мог бы дабіцца большага аўтарытэту ў калектыве і беспярэчнага выканання заданняў і ўстановак.

На трэнаваннях жа нічога звышнатуральнага не прапаноўвалася. Гульцы на базе не «паміралі». Нагрузкі таго ж Марцэла Лічкі былі больш суворымі. У тыднёвым мікрацыкле пры Крывушэнку быў адзін дзень з двухразовымі трэнаваннямі – у астатнія дні, якія не з'яўляліся выходнымі, праводзіліся аднаразовыя заняткі.

Юрэвіч з'явіўся ў Брэсце шмат у чым дзякуючы цёзку па прозвішчу

18 красавіка, адразу пасля звальнення Крывушэнкі, пачалі з'яўляцца навіны пра тое, хто можа прыйсці яму на змену. Гучала прозвішча Сяргея Гурэнкі (аднак спецыяліст сам жа абверг гэтую інфармацыю). У якасці кандыдатаў называліся трэнер БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч і настаўнік «Энергетыка-БДУ» Павел Раднёнак. Але ўжо на наступны дзень «Дынама» прадставіла новага трэнера – ім стаў настаўнік зборнай Беларусі U-17 Аляксандр Юрэвіч. Пры гэтым, паводле паведамленняў розных крыніц, афіцыйна галоўным будзе Алег Нікіфарэнка, які прыйшоў разам з Юрэвічам (у трэнера юніёрскай зборнай пакуль няма катэгорыі PRO). Таксама ў новы штаб увайшоў Вадзім Ласоўскі. На сваіх месцах пасля Крывушэнкі засталіся Аляксандр Валадзько і трэнер варатароў Уладзімір Селькін.

Пры Юрэвічы брастаўчане правялі ўжо дзве сустрэчы – паражэнне ад БАТЭ (1:2) і перамога над «Нафтанам» (3:0). Дзякуючы першым набраным ачкам калектыў узняўся на перадапошняе месца ў табліцы.

Але як жа аказаўся Юрэвіч у «Дынама»? Як мы змаглі даведацца, яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння адстаўкі Крывушэнкі кіраўнікі клуба (не дырэктар, а выканкамаўскія чыноўнікі) звярнуліся ў федэрацыю футбола Беларусі з просьбай паспрыяць у пошуках спецыяліста на замену. Па некаторых звестках, просьба была агучаная праз члена выканкама АБФФ, намесніка старшыні Брэсцкай абласной федэрацыі футбола Яўгена Трацюка. Той перш за ўсё звярнуўся да іншага члена выканкама АБФФ, а яшчэ і новаспечанага дзяржтрэнера Анатоля Юрэвіча (раней паведамлялася, што менавіта гэты спецыяліст па заданні лукашэнкаўскага міністэрства спорту павінен курыраваць трэнерскія прызначэнні ў белфутболе). Той доўга не разважаў. Па словах нашых суразмоўцаў, варыянт з Аляксандрам Юрэвічам узнік, па сутнасці, яшчэ за суткі да афіцыйнага растання з Крывушэнкам – і гэта быў адзіны кандыдат ад дзяржтрэнера. Пра тое, што прапанова з Брэста паступіла яшчэ ў панядзелак, то-бок да афіцыйнай адстаўкі папярэдніка, расказваў затым і сам Аляксандр Юрэвіч.

Анатоль Юрэвіч выказваў упэўненасць у тым, што яго цёзка па прозвішчы, якi не адзін год адпрацаваў з юнацкай зборнай, ужо цалкам падрыхтаваны да дарослай каманды. Як аргумент прыводзіўся выхад у элітны раунд кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы U-17 (здарылася гэта ўвосені мінулага года) і спроба прабіцца ў фінальную частку Еўра ў сакавіку, якая ледзь-ледзь не завяршылася поспехам (падрабязнасці ніжэй па спасылцы).

З куратарам беларускага футбола спрачацца не сталі. Новае аблічча трэнерскага штаба «Дынама» – шмат у чым яго тварэнне. Ну а адсутнасць у Аляксандра Юрэвіча неабходнай ліцэнзіі Анатоля Юрэвіча наўрад ці магла збянтэжыць.

– У нас ударна расце колькасць ліцэнзаваных трэнераў. А па мне, гэтыя ліцэнзіі – «пра», «а», «зю» – як пасведчанні для афіцыянтаў, – неяк казаў ветэран трэнерскага цэху.

Новаму трэнеру брастаўчан далі выбраць сабе памочнікаў. Той таксама не стаў нічога прыдумляць і ўзяў тых, з кім ужо не першы год працуе – Нікіфарэнку і Ласоўскага. Ну а тое, што ў штабе застаўся Аляксандр Валадзько, таксама выглядае максімальна лагічным – яны з Аляксандрам Юрэвiчам доўгі час гулялі ў БАТЭ, а ў 2019-м перасякаліся ў сістэме «Шахцёра» (Юрэвіч працаваў з дублем, а Валадзько спрабаваў загуляць за «гарнякоў», але так і не здолеў зрабіць гэта праз траўму).

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты