Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У ЧБ з забаронай сінтэтыкі перайшлі на «гароды»: у БАТЭ дзве траўмы на роўным месцы, трэнеры ў шоку (нават гаспадароў поля)

У ЧБ з забаронай сінтэтыкі перайшлі на «гароды»: у БАТЭ дзве траўмы на роўным месцы, трэнеры ў шоку (нават гаспадароў поля)

У Бабруйску кажуць, што на штучным газоне яшчэ горш, але Біёнчык не згодны.

Аўтар — bytribuna com
7 траўня, 14:00
2
У ЧБ з забаронай сінтэтыкі перайшлі на «гароды»: у БАТЭ дзве траўмы на роўным месцы, трэнеры ў шоку (нават гаспадароў поля)

6-ы тур ЧБ, які скончыўся 30 красавіка, стаў надоўга апошнім, калі матчы праводзіліся на штучным газоне. З 1 траўня па 30 лістапада рэгламентам прадпісана гуляць толькі на натуральных палях – на сінтэтыку можна будзе вярнуцца толькі ў 30-м туры, які пройдзе ўжо ў снежні.

Але, як аказалася, не ўсюды патрэбныя палі гатовы і зараз. 6 мая «Белшына» прымала БАТЭ на бабруйскім стадыёне «Спартак» – і госці, хоць і выйгралі 3:0, яўна не былі поўнасцю задаволены, бо з-за асаблівасцей газона страцілі адразу двух гульцоў.

Ужо на 6-й хвіліне Дзяніс Лапцеў пры спробе рыўка пацягнуў пахвіну, а на 19-й Дзмітрый Анцілеўскі ў забегу схапіўся за заднюю паверхню сцягна – абодвум спатрэбіліся замены.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер БАТЭ Кірыл Альшэўскі разнёс стан газона – і адхіліў падазрэнне ў тым, што яго гульцы проста дрэнна размяліся.

– Нячаста за матч атрымліваюць некалькі траўм, па сутнасці, дурных, наступаючы ў яму. Ня ведаю, як гэта камэнтаваць. На такім полі не тое што ў футбол гуляць – на ім бегаць, напэўна, нельга. Разумею, што зіма складаная была [для догляду за газонам], але… Тут няма праблем у размінцы. Калі футбаліст бяжыць па роўнай паверхні, а потым у яго нага трапляе ў яму, то яшчэ добра, што мышачнае пашкоджанне – часам бывае больш фатальна, – сказаў Альшэўскі.

Поле сапраўды свяцілася пралысінамі – гэта добра вiдаць на фота з паядынку.

22 красавіка «Спартак» ужо разносіў Іван Бiёнчык, калі да «Белшыны» ў госці прыязджала яго «Славія». «Пра змястоўную гульню, пра камбінацыйны футбол і гаворкі быць не можа, калі мы гуляем на гародах. У нас шмат фальклору, што сінтэтыка траўматычная, а я карэляцыі не бачу. Любое няякаснае поле прыводзіць да траўматызму. Поле [стадыёна «Белшыны»] не адпавядае таму, каб на ім гуляць у футбол. Тут інтэнсіўна прымаць [мяч] складана будзе і рукамі», – заяўляў трэнер.

А вось коўч «Белшыны» Альберт Рыбак прэтэнзій не зразумеў – і якраз зноў заявіў пра тое, што сінтэтыка пераносіцца горш: «Усе ж, напэўна, у роўных умовах былі. «Славія» – гэта «Барселона» ці што? У многіх нашых гульцоў быў перадтраўматычны стан ужо на штучным полі, звязаны з галёнкаступамі, з каленамі. Пакрыццё ўплывае. Таму вырашылі спрабаваць на натуральным, разумеючы, якое пакрыццё будзе».

Яшчэ далей пайшоў галоўны трэнер «Мінска» Сяргей Яромка – ён разнёс стадыён, дзе яго каманда была гаспадыняй. «Гараджане» прымалі «Гомель» на САК «Алімпійскі» – прычынай называлася тое, што на «Трактары» газон яшчэ ўвогуле не гатовы. Яшчэ казалі пра магчымы перанос у Смалявічы, але там згуляць не атрымалася з-за паломкі табло – хоць раней мясцовы стадыён доўга прыводзілі ў адпаведнасць з патрабаваннямі «вышкі», але, відаць, гэта трэба рабіць зноў.

«Найжахлiвейшае поле. Проста няма слоў. Выказваю спачуванне двум камандам, якія, мучачыся на гэтым гародзе, паказалі класны футбол», – заявіў Яромка пра натуральны газон «Алімпійскага». Пры гэтым візаві Уладзімір Нявінскі з «Гомеля» выказаў прэтэнзіі значна менш рэзка: «Па газоне ёсць пытанні. Канешне, папрасілі хлопцаў гуляць у адпаведнасці з яго станам». Па фота, зноў жа, зразумела, пра што ідзе размова.

Не самыя аптымістычныя прагнозы і на гульню 7 траўня на стадыёне «Юнацтва» ў Смаргоні, дзе гаспадары прымуць «Нафтан» – на газон ужо скардзіўся Аляксандр Гурыновіч, чый «Слуцк» гуляў там 21 красавіка: «Футбола ў нас, па вялікім рахунку, не было. Тое, у што мы жадаем гуляць, нажаль, не дазволіла поле. Унізе мяч не ляжыць». Ды і зірнуць на шматпакутнае поле мiнскага стадыёна «Дынама», дзе аднайменны клуб прыме «Шахцёр», таксама цікава.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты