Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/60 гадоў таму за мінскае «Дынама» гуляў сапраўдны баск: бацькі беглі ад дыктатара, трапляў у дзіцячы дом, узяў медаль з Малафеевым

60 гадоў таму за мінскае «Дынама» гуляў сапраўдны баск: бацькі беглі ад дыктатара, трапляў у дзіцячы дом, узяў медаль з Малафеевым

Вельмі падабаўся беларускім дзяўчатам.

Аўтар — bytribuna com
16 траўня, 23:59
4
60 гадоў таму за мінскае «Дынама» гуляў сапраўдны баск: бацькі беглі ад дыктатара, трапляў у дзіцячы дом, узяў медаль з Малафеевым

«Трыбуна» аднойчы ўжо распавядала пра Краіну Баскаў і пра тое, чым яна падобная да лукашэнкаўскай Беларусі. Але гэта яшчэ не ўсё.

Амаль стагоддзе таму ў Іспаніі, у склад якой Краіна Баскаў уваходзіла і да гэтага часу ўваходзіць, было вельмі неспакойна. У пачатку 1930-х там зрынулі манархію і абвясцілі рэспубліку - але кіраваць толкам не атрымлівалася, адзін за адным накочвалі ўрадавыя крызісы. На чарговых выбарах у лютым 1936-га ўлада зноў змянілася - выйграла "левая" кааліцыя. Адным з яе рашэнняў было вяртанне Эўскадзі (так Краіну Баскаў называюць самі баскі) правоў аўтаномнай тэрыторыі. Але гэта і іншыя рашэнні новага ўрада зусім не спадабаліся вайскоўцам на чале з генералам Франсіска Франка - і тыя вырашылі зладзіць пераварот. Лёгка не атрымалася - 17 ліпеня 1936-га ў Іспаніі пачалася поўнамаштабная грамадзянская вайна.

Баскі, ацаніўшы прадастаўленне аўтаноміі, сваёй арміяй прыкладна ў 30 тысяч салдат і добраахвотнікаў сталі на рэспубліканскі бок. Праўда, франкісты практычна адразу занялі кавалак тэрыторыі Эўскадзі, але галоўныя гарады трымаліся. А ў кастрычніку 1936-га баскі арганізавалі ўласны ўрад - заадно прадэманстравалі, наколькі ў іх рэгіёне паважаюць футбол: кіраўніком новага органа ўлады стаў Хасэ Агірэ, які ў 1920-х гуляў за «Атлетык» з Більбао і браў з клубам Кубак Іспаніі.

Яшчэ адной прыкметнай рэспубліканскай фігурай была падчас вайны басконка Далорэс Ібаруры - кіраўніца іспанскіх камуністаў, якая ў 1937-м стала віцэ-старшынёй парламента Іспаніі. Славілася Ібаруры яркімі прамовамі. Менавіта яе выступленне ў ноч пасля пачатку вайны зрабіла знакамітымі словы ¡No pasarán! («Не пройдуць!»). Ёй жа належаць словы, якімі Аляксандр Лукашэнка на сваім хакеі ў сакавіку 2020-га тлумачыў адмову ад барацьбы з каранавірусам: "Лепш памерці стоячы, чым жыць на каленях".

Аднак баскі не змаглі даць рады франкістам, якіх падтрымлівалі фашысцкая Італія і нацысцкая Нямеччына - у асноўным праз адставанне Эўскадзі ў авіяцыі. На зямлі баскі адважна змагаліся, нягледзячы на праблемы са зброяй і харчаваннем, і нанеслі супернікам страты прыкладна ў 30 тысяч чалавек, але ў чэрвені паў і Більбао - захоп Краіны Баскаў быў аформлены канчаткова. Франка тут жа адмяніў аўтаномію і зладзіў рэпрэсіі для непажаданых, якія выжылі.

Баскскіх футбалістаў сумныя навіны заспелі ў СССР. Увесну 1937-га пара дзясяткаў гульцоў, сярод якіх былі і ўдзельнікі ЧС, і прадстаўнікі «Рэала» і «Барселоны», стварылі зборную Басконіі і адправіліся ў турнэ, каб заклікаць да падтрымкі свайго рэгіёна і сабраць грошы для сем'яў загінулых у вайне. Пасля Францыі, Чэхаславаччыны і Польшчы баскі адправіліся ў СССР і 15 чэрвеня прыбылі ў Мінск, які тады знаходзіўся ўсяго за 50 км ад мяжы. Там каманду, слава пра поспехі якой ужо шырока распаўсюджвалася ў газетах, сустрэў натоўп народу - і футбалісты так уразіліся, што паабяцалі дадаць у свой каляндар матч у Мінску.

Аднак спачатку шлях ляжаў у Маскву - і там госці здзівілі 90 тысяч гледачоў і ўладальніка Кубка СССР "Лакаматыў" сваімі ўменнямі і новай схемай 3-2-5, у выніку перамогшы 5:1. Шакаваныя савецкія каманды, якія павінны былі гуляць з баскамі следам, пачалі выпісваць сабе ўзмацненні і рабіць зборныя калектывы, але гэта хоць неяк выратавала толькі Ленінград (зачапілі нічыю) і "Спартак" (перамаглі, але моцна дапамог суддзя). Затое савецкія каманды зразумелі, што можна гуляць інакш, і ўзялі баскскія ідэі на ўзбраенне.

У Мінску тым часам рыхтавалі «зборную БССР» - але ў кантрольным матчы яна ўляцела бакінскаму «Тэмпу» аж 1:9, і партыйныя начальнікі тэрмінова папрасілі «падмацаванне» з Масквы, а каманду перайменавалі ў «зборную Мінска». Гэта не дапамагло - 9 жніўня пры каля 15 тысячах гледачоў у сваім дзясятым савецкім матчы баскі, хоць і прапусцілі першымі, разграмілі гаспадароў 6:1.

Пасля гэтага каманда баскаў атрымала ў Маскве належныя грошы, потым яшчэ згуляла некалькі матчаў у Нарвегіі і Даніі - але вяртацца было ўжо няма куды. Хаця Франка абвясціў «амністыю» для спартоўцаў, і пара чалавек гэтым скарысталася, большасць гульцоў адправілася ў Мексіку і Аргенціну, дзе працягнулі свае кар'еры.

У СССР жа засталося каля трох тысяч дзяцей з усёй Іспаніі - яшчэ ў 1936-м Ібаруры заклікала ўсе краіны, у якіх ёсць такая магчымасць, паспрыяць «выратаванню іспанскага генафонду». Вось толькі калі з астатніх краін дзяцей вярнулі на Радзіму пасля поўнага заканчэння грамадзянскай вайны ў 1939-м, то СССР адмовіўся аддаваць іх бацькам. А ў 1940-х, калі «іспанскія дзіцячыя дамы» эвакуявалі праз вайну ўжо ў самім Саюзе, мноства «выхаванцаў» усё ж такі загінула.

Але хаваліся ад рэжыму Франка ў СССР і дарослыя. Сярод іх быў і баск Марселіна Усаторэ - да грамадзянскай вайны працаваў слесарам, а потым сышоў у рэспубліканскае войска і хутка дарос да кіраўніка брыгадай і звання падпалкоўніка. Калі перамог Франка, Усаторэ ўзялі ў палон, але адтуль яго як сябра камуністычнай партыі вызвалілі савецкія ўлады. Апынулася ў Саюзе і іспанка Марыя Кановас, яны з Марселіна пазнаёміліся - і 25 траўня 1941-га ў Маскве на свет з'явіўся Хуан Усаторэ Канавас.

Склад мінскага "Дынама" ў 1965 годзе, Усаторэ - чацвёрты злева.

Дзяцінства хлопчыка аказалася няпростым - вайна ўжо на савецкай тэрыторыі разлучыла яго з бацькамі, і толькі ў 1950-м ён вярнуўся з дзіцячага дома ў родную сям'ю. Яшчэ адной радасцю дзяцінства, акрамя ўз'яднання, стаў футбол - Усаторэ пайшоў у секцыю, стаў падаваць пэўныя надзеі і нават засвяціўся ў дублі "Спартака", але ў 1960-м застаўся без каманды. Давялося ехаць у Яраслаўль і гуляць за каманду мясцовага завода «Гуматэхніка» - для СССР нармальны спосаб паспрабаваць перазапусціць кар'еру.

У 1961-м у магілёўскі «Хімік» з Расіі прыехаў трэнаваць Аляксандр Загрэцкі - 13-е месца ў сваёй зоне савецкага Д2 відавочна не задавальняла беларускі клуб, і новы коуч знайшоў, кім узмацніць калектыў. Цэнтр абароны заняў Усаторэ - і колькасць прапушчаных у сезоне мячой скарацілася ў параўнанні з папярэднім у 1,5 разы, а "Хімік" стаў чацвёртым. Больш за тое, галоўная каманда БССР, вышэйшалігавая мінская "Беларусь", прыехала ў Магілёў на "узорнапаказальны" таварняк - і праз выдатную гульню баска не здолела забіць. Сезон-1962 Усаторэ ўжо пачынаў у складзе «Беларусі».

Да сезону-1963 «Беларусь» вярнула сабе ранейшую назву - «Дынама». А яшчэ Сявідаў запрасіў забіўнога форварда, якога бракавала камандзе, - Эдуард Малафееў вызначыўся 21 раз за сезон і моцна дапамог скокнуць вышэй за галаву: мінчукі, якія да таго з цяжкасцю ратаваліся ад вылету, сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату СССР. Прапусціла каманда за 38 матчаў толькі 27 разоў - і немалая заслуга ў гэтым належала Усаторэ. У 1965-м камандзе толькі бала не хопіць для паўтарэння дасягнення - а баск патрапіў у спіс 33 найлепшых гульцоў усяго чэмпіянату.

Але папулярным быў у Мінску Ваня, як называлі гульца, не толькі праз дзеянні на полі. «Высокі прыгожы хлопец з выправай, які трымаў галаву. Такога нельга было не заўважыць», – успамінаў Малафееў. На імя Усаторэ прыходзіла мноства лістоў з прапановамі аб інтрыжках і адносінах, але баск і без таго знаходзіў варыянты пацвердзіць сваю прывабнасць для дам.

Зборная СССР у 1966-м: Усаторэ - трэці злева ў верхнім шэрагу, другі злева - Леў Яшын

Абаронцу заўважылі на ўзроўні зборнай СССР - у пачатку 1966-га з камандай Усаторэ адправіўся ў тур па Паўднёвай Амерыцы, дапамагаючы бараніць вароты ўладальніку «Залатога мяча»-1963 Льву Яшыну. Пасля вяртання з паездкі баск перайшоў у маскоўскае "Тарпеда" - у тым ліку спадзяваўся, што так будзе больш шанцаў паехаць на ЧС-1966. Аднак у выніковы склад Усаторэ не ўключылі - пры гэтым чацвёртае месца зборная СССР здабывала з Малафеевым, які застаўся гуляць у Мінску.

Пасля гэтага баск быў занадта моцна расчараваны - па сведчаннях, знізіў да сябе патрабаванні і стаў парушаць рэжым. Вынік - два сезоны ў серадняку Д1 "Лакаматыве", які ў 1967-м ледзь выратаваўся ад вылету, спроба ў 1969-м загуляць у Д2 за ўкраінскую "Зорку", з якой пагналі за п'яны выбрык, і канец кар'еры ў 1970-м у камандзе маскоўскага завода "Фрэзер".

На той момант іспанцы маглі ўжо вольна вяртацца на Радзіму - СССР у гэтым не замінаў. Праз некаторы час Усаторэ скарыстаўся магчымасцю і апошнія гады жыцця правёў у Барселоне, пра што практычна нічога не вядома. Кажуць, калі ў 1987-м маскоўскае «Дынама» трэнера Малафеева патрапіла ў Кубку УЕФА на «Барселону», коучу перадалі, што Усаторэ даведаўся пра гэта і жадае пабачыцца - але сустрэча так і не адбылася. А 21 студзеня 1989-га баск ва ўзросце ўсяго 47 гадоў памёр.

Іншыя пасты блога

Усе пасты