Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Больш за ўсіх агентаў на беларускім футболе ў 2022-м зарабіў былы супрацоўнік БАТЭ. Невядома, хто яго кліенты, але ўсе 218 тысяч ён атрымаў ад «Шахцёра»

Больш за ўсіх агентаў на беларускім футболе ў 2022-м зарабіў былы супрацоўнік БАТЭ. Невядома, хто яго кліенты, але ўсе 218 тысяч ён атрымаў ад «Шахцёра»

Дасведчаныя людзі кажуць, што гэта падстаўная асоба.

Аўтар — bytribuna com
17 траўня, 12:34
Больш за ўсіх агентаў на беларускім футболе ў 2022-м зарабіў былы супрацоўнік БАТЭ. Невядома, хто яго кліенты, але ўсе 218 тысяч ён атрымаў ад «Шахцёра»

12 траўня АБФФ апублічыла звесткі пра ўзнагароджанне, якое клубы вышэйшай і першай ліг выплацілі акрэдытаваным агентам у 2022 годзе (усе сумы пазначаныя да выліку падаткаў). Усяго афіцыйны прыбытак у тым ці іншым памеры атрымалі 11 агентаў, а найбольшую суму ў кішэню быццам бы паклаў экс-дырэктар БАТЭ Аляксандр Зубкоўскі - 218,270.40 рублёў. Менш за ўсіх - усяго 126 рублёў - зарабіла Яна Паборцава, зусім невядомы спецыяліст у агенцкім бізнэсе.

«Трыбуна» расказвае, хто і як з пасярэднікаў зарабляе на беларускім футболе (дзейнасць некаторых выклікае вялікія пытанні).

Аляксандр Зубкоўскі

Сума за 2022 год: 218.270.40 рублёў

Хто сярод кліентаў: звестак няма

Зубкоўскі ў свой час сам гуляў у футбол - за сталічны "Промень", "Камунальнік" са Смаргоняў, БАТЭ (з'яўляецца аўтарам першага гола ў гісторыі клуба на рэспубліканскім узроўні). Пасля заканчэння кар'еры працаваў у барысаўскім клубе ў розныя гады начальнікам каманды, намеснікам дырэктара, спартыўна-тэхнічным дырэктарам. Праўда, паводле слоў Анатоля Капскага, не даваў рады сваім абавязкам, за што і быў звольнены ў сакавіку 2012-га. Хоць менавіта пры Зубкоўскім БАТЭ здзейсніў адзін з самых гучных трансфераў - падпісаў кантракт з сербам Мацеяй Кежманам у 2011 годзе. Пасля Барысава стаў спартовым дырэктарам адроджанага мінскага «Тарпеда».

Цяпер Зубкоўскі раптам з'явіўся ў публічным полі як агент, хаця раней не было вядома, што ён датычны да гэтай сферы. Прычым менеджар адразу стаў самым прыбытковым пасярэднікам, абышоўшы куды больш дасведчаных калег, - у 2022-м зарабіў амаль 220 тысяч рублёў. Інфармацыю з такой сумай у АБФФ падаў "Шахцёр". "Трыбуна" паспрабавала даведацца, з якімі ж канкрэтна футбалістамі супрацоўнічае Зубкоўскі, каго ён і куды працаўладкоўваў. Але ў працэсе пошукаў ад прадстаўнікоў белфутбола мы пачулі наступныя характарыстыкі: "пракладка", памочнік, спецыяльна прызначаная асоба, фармальны спецыяліст. Увогуле, хто заўгодна, але не рэальны агент. Нашыя суразмоўцы перакананыя: Зубкоўскі не мае дачынення да арганізацыі ніводнага са шматлікіх трансфераў у «Шахцёр».

Людзі, знаёмыя з сітуацыяй, сцвярджаюць, што Зубкоўскі - фармальная фігура ў трансферных справах для прыкрыцця зусім іншых людзей. Вось ужо некалькі гадоў за пераходамі футбалістаў у Салігорск стаіць Яўген Култаеў, які рэалізуе сумнеўныя схемы з кіраўніцтвам «Шахцёра». Па нейкіх прычынах Култаеў і тыя, хто пры яго спрыянні прыводзіць гульцоў у клуб, фігураваць у афіцыйных дакументах не жадаюць. У выніку намінальна ў ролі агента выступае Зубкоўскі, які мае статус індывідуальнага прадпрымальніка. Ён проста падпісвае неабходныя паперы - узнагароджанне за яго нібыта кліентаў і патрапіла ў справаздачу «гарнякоў». Што з 218 тысяч рублёў пакінуў сабе Зубкоўскі, невядома.

Аляксандр Перапечка

Сума за 2022 год: 191.045.43 рублі

Хто сярод кліентаў: Валерый Грамыка, Кірыл Пячэнін, Андрэй Кудравец, Глеб Шаўчэнка, Уладзіслаў Малькевіч, Юрый Кавалёў, Антон Шрамчанка, Арцём Макаўчык, Павел Забелін, Аляксей Вакуліч, Дзмітрый Прышчэпа, Аляксандр Бацішчаў, Міхаіл Казлоў, Руслан Хадаркевіч, Мікіта Капленка, Анатоль Макараў, Кірыл Чарнавок, Аляксей Гаўрыловіч, Віктар Сотнікаў

Перапечка, які паспеў пагуляць за некалькі беларускіх і латвійскіх клубаў, а таксама стаць бронзавым прызёрам моладзевага Еўра-2011 і чэмпіёнам Латвіі, на агенцкім полі заявіў пра сябе ў 2019-м - і адразу з не самай адназначнай гісторыі. Яго кліент - Валерый Грамыка - не без дапамогі агента не захацеў працягваць кантракт з «Шахцёрам» і ў выніку быў адхілены ад працы нават з дублем «гарнякоў». Хаця потым у размове з «Трыбуной» Перапечка адхрышчваўся ад кантактаў з Грамыкам (але па факце проста хлусіў).

Так ці інакш, з таго года Перапечка заактыўнічаў на агенцкім полі. Праўда, як распавялі нам крыніцы з белфутбола, пачаў ён не вельмі сумленна - па сутнасці, спрабаваў перавабіць гульцоў, у якіх ужо былі пасярэднікі. Аднак калегі хутка паставілі яго на месца. І сёння, калі шэраг беларускіх агентаў трымаюць адзін з адным сувязь і нават дапамагаюць адзін аднаму пры трансферах (напрыклад, дзеляцца сувязямі ў той ці іншай краіне), то Перапечка трымаецца ад астатніх асобна і працуе выключна індывідуальна.

Пры гэтым як раней, так і цяпер Аляксандр у перамовах казырае сувязямі з вядомымі расійскімі агентамі. Нібыта ў яго склаліся партнёрскія адносіны з кампаніяй SA-FOOTBALL AGENCY, уласнікам якой з'яўляецца вядомы расійскі агент Аляксей Сафонаў. Але ці сапраўды расіянін дапамагае беларусу? Нашыя суразмоўцы з агенцкага свету схіляюцца да думкі, што гэта ўсё ж больш словы для ўзняцця іміджу.

Тым не менш Перапечка даволі прадуктыўны ў сваёй сферы: калі па выніках 2020 года ён зарабіў каля 70 тысяч рублёў, то ў 2022-м - ужо амаль 200. Аляксандр працуе як з топ-клубамі белфутбола, так і з сераднякамі і нават прадстаўнікамі Д2. У мінскім «Дынама», напрыклад, гуляюць яго Аляксей Вакуліч, Арцём Макаўчык і Руслан Хадаркевіч, у БАТЭ - той жа Валерый Грамыка, Андрэй Кудравец, Уладзіслаў Малькевіч і Мікіта Някрасаў. У «Шахцёры» выступаюць Антон Шрамчанка, Павел Забелін, Мікіта Капленка. Ёсць кліенты ў «Тарпеда-БелАЗ», «Мінску», «Гомелі», «Іслачы», «Слуцку», «Віцебску», «Макслайне», «Нафтане», «Смаргоні», «Славіі», «Хвалі», «Нёмане».

Некаторыя кліенты Перапечкі гуляюць за мяжой - у Расіі, Казахстане і Узбекістане. Адметна, што працуе Аляксандр выключна з беларусамі, прычым абсалютна розных узростаў.

Валерый Русецкі

Сума за 2022 год: 170.818.28 рублёў

Хто сярод кліентаў: Мікіта Корзун, Раман Бегуноў, Валерый Бачароў, Уладзімір Хвашчынскі, Раман Грыбоўскі, Уладзіслаў Марозаў, Андрэй Патапенка, Аляксандр Паўлавец

Свой першы трансфер Русецкі здзейсніў у 2007 годзе, калі дапамог форварду Яўгену Зуеву перабрацца з "Тарпеда-БелАЗ" у "Віцебск". З гэтага і пачалося бурнае агенцкае жыццё. У розныя гады Русецкі вырашаў пытанні з працаўладкаваннем Немані Тубіча, Ігара Стасевіча, Аляксандра Сачыўкі, Андрэя Гарбунова, Ігара Кузьмянка, Артура Катэнкі, Уладзіміра Бушмы, Сяргея Мацвейчыка, Рамана Бегунова, Сяргея Канцавога, Ігара Бурко і многіх іншых. Валодае сувязямі на Захадзе, дзякуючы чаму ў Беларусі засвяціліся Томас Пірмайр, Павел Вайцэхоўскі, Фёдар Чарных, Ніна Галавіч, Ураш Нікаліч і іншыя. Спрыяў пераходу ў БАТЭ ісландца Вілюма Вілюмсана. Удзельнічаў і ва ўгодзе паміж мінскім «Дынама» і нідэрландскім трэнерам Робертам Маскантам.

Цяпер Русецкі, згодна з сайтам transfermarkt.world, з'яўляецца супрацоўнікам кампаніі NESTA SPORT GROUP, дзе сярод кліентаў нямала беларускіх гульцоў. Якраз іх інтарэсы і прадстаўляе ў большасці сваёй Русецкі. Самымі прыкметнымі на сёння з'яўляюцца Валерый Бачароў (БАТЭ), Аляксандр Сялява ("Растоў"), Раман Бегуноў, Уладзімір Хвашчынскі і Уладзіслаў Марозаў (усе "Дынама" Мінск), Раман Грыбоўскі ("Нёман"). Акрамя таго супрацоўнічае Русецкі з капітанам "Шахцёра" Мікітам Корзунам, які атрымаў па справе аб дзіўных матчах "гарнякоў" 12-месячны бан (але калі заплаціць штраф у 11100 рублёў, то бана не будзе).

Яўген Гайдук

Сума за 2022 год: 151.743 рублі

Хто сярод кліентаў: Арцём Быкаў, Дзяніс Палякоў, Яўген Шаўчэнка, Максім Скавыш, Дзмітрый Падстрэлаў, Уладзіслаў Клімовіч, Алег Нікіфарэнка, Ягор Філіпенка, Павел Паўлючэнка, Яўген Шыкаўка, Аляксандр Гутар, Дзяніс Шчарбіцкі, Данііл Душэўскі, Жан-Марэль По, Дзмітрый Бага, Ілля Алексіевіч, Годфры Стывен, Нурадын Ідрыс

Гайдук - адзін з топаў сярод агентаў Беларусі, працуе ў сферы вельмі даўно. Ліцэнзію атрымаў у 22 гады (цяпер яму 40). Многія гучныя імёны айчыннага футбола звязаны з гэтым спецыялістам. Сярод кліентаў Гайдука - як ужо дасведчаныя гульцы, так і пачаткоўцы. Як адзначаюць нашыя суразмоўцы са свету футбола, Гайдук умее нават у юным футбалісце разгледзець патэнцыял і хутка наладзіць з ім кантакт, што ў выніку выліваецца ва ўзаемавыгадную супрацу.

Гульцы, з якімі працуе Гайдук, раскіданыя па многіх клубах вышэйшай лігі. Сярод самых вядомых - Арцём Быкаў ("Дынама" Мінск), Максім Скавыш ("Шацёр"), Данііл Мірошнікаў "(Гомель"), Максім Мякіш ("Тарпеда-БелАЗ"), Данііл Душэўскі "(Мінск"). Многія кліенты выступаюць за мяжой. У прыватнасці, ва «Урале» гуляе Ягор Філіпенка, у «Хапаэле» з Хайфы - Дзяніс Палякоў, Павел Паўлючэнка - у «Гурніку» з Забжэ, Аляксандр Гутар - у «Аксу», Уладзіслаў Клімовіч - у «Неа Саламіна» з Кіпра, Яўген Шыкаўка - у «Кароне» з Кёльцэ.

У апошнія гады Гайдук актыўнічае на афрыканскім рынку. У прыватнасці, некалькі гадоў таму дзякуючы агенту ў «Іслачы» апынуліся нападаючы з Гвінеі Мамо Янсане і нігерыйскі абаронца Годфры Стывен. Пара афрыканцаў з дапамогай Яўгена з'явіліся ў ЧБ і сёлета.

Віталь Ледзянёў

Сума за 2022 год: 82.948 рублёў

Хто сярод кліентаў: Захар Волкаў, Даніла Нячаеў, Дзяніс Грачыха, Арцём Канцавы, Дзяніс Лапцеў, Яраслаў Арэшкевіч, Яўген Бярозкін, Дзмітрый Гірс, Мікіта Супрановіч, Раман Вягера, Ілля Балтрушэвіч

Менеджар сам 16 гадоў правёў у вялікім футболе. Абараняў колеры мінскага "Дынама", "Славіі", "Белшыны", МТЗ-РІПА, ізраільскіх "Макабі" з Нетаніі і "Хапаэля" з Хайфы, а таксама клубаў Польшчы, Малдовы, Арменіі і Азербайджана. За гэтыя гады Ледзянёў напрацаваў нямала сувязяў, якія прыносяць яму карысць у агенцкай дзейнасці.

Ліцэнзію Ледзянёў атрымаў у кастрычніку 2012-га і на пачатку менеджарскай кар'еры дапамог Мікалаю Сігневічу і Аляксандру Карніцкаму падпісаць кантракты з БАТЭ. У сярэдзіне 2010-х адзначыўся шэрагам трансфераў: Дзяніс Лапцеў апынуўся ў «Тосна», Віталь Трубіла - у «Шахцёры», Антон Мацвеенка - у «Кайсары», Кірыл Прамудраў - у мінскім «Дынама». Таксама пры пасярэдніцтве Ледзянёва ў свой час ажыццяўляліся пераходы Арцёма Канцавога, братоў Залеўскіх, Валерыя Гарбачыка, Яўгена Бярозкіна.

Ледзянёў дагэтуль працягвае працаваць як з маладымі футбалістамі, так і з дастаткова вопытнымі, прывозіць гульцоў у Беларусь і знаходзіць для іх варыянты працаўладкавання за мяжой. Шчыльнае супрацоўніцтва ў агента наладжанае са «Слуцкам» і БАТЭ, а ў дзяржынскім «Арсенале» Ледзянёў практычна свой чалавек - нямала яго кліентаў абараняе проста цяпер колеры калектыва. Акрамя таго ў БАТЭ гуляе абаронца Захар Волкаў.

Паводле нашай інфармацыі, Ледзянёў цяпер мае дачыненне да кампаніі CARPATHIAN FOOTBALL AGENCY, дзе сярод кліентаў якраз і значацца знаёмыя прозвішчы: Даніла Нячаеў, Дзяніс Грачыха (БАТЭ), Арцём Канцавы (БАТЭ), Дзяніс Лапцеў (БАТЭ), Яраслаў Арэшкевіч (БАТЭ), Яўген Бярозкін ("Кызыл-Жар"), Дзмітрый Гірс ("Слуцк"), Мікіта Супрановіч ("Белшына"), Раман Вягера ("Тарпеда-БелАЗ").

Мікіта Ісаеў

Сума за 2022 год: 11.990 еўра (адзіны ў справаздачы АБФФ, у каго сума пазначаная ў еўра)

Хто сярод кліентаў: Ямуса Камара, Ібрагім Фард, Раман Папарыга, Герман Баркоўскі

Сын вядомага беларускага агента Валерыя Ісаева ў свой час пару гадоў гуляў у Нямеччыне, праўда, у глыбокім міноры - за S. Leipzig II і BSV Schönau. Але на пачатку 2010-х, зразумеўшы, што кар'еры футбаліста не зрабіць, павесіў буцы на цвік і вярнуўся ў Беларусь.

Апошнія гады Ісаеў-малодшы актыўнічае на агенцкай ніве, прычым працуе як з беларускімі гульцамі, так і з легіянерамі.

Сярод кліентаў Мікіты - 23-гадовы паўабаронца з Гвінеі Ямуса Камара, цяпер гулец «Смаргоні». Аднагодак Ямусы ганскі абаронца Ібрагім Фард выступае за «Іслач». У мінулым годзе за «ваўкоў» гулялі яшчэ два кліенты Ісаева-малодшага – Даніэль Созах і Абдулае Кандэ. У асноўным агент працуе з замежнікамі, па большай частцы з афрыканскага напрамку, але і абшары СНД яго цікавяць. Напрыклад, некалькі месяцаў таму не без дапамогі Мікіты Ісаева ў "Нёман" з "Энергетыка-БДУ" перайшоў украінскі нападаючы Раман Папарыга. Ёсць і беларускія футбалісты, з якімі супрацоўнічае агент. У прыватнасці, паўабаронца "Энергетыка-БДУ" Герман Баркоўскі - той, які ў мінулым годзе праявіў сябе ў "Іслачы", але пасля спрабаваў з'ехаць у ЗША.

У асноўным жа, як удалося даведацца, агент працуе з "Энергетыкам-БДУ", дзе гуляе некалькі яго маладых кліентаў - як з Беларусі, так і з-за мяжы.

Віталь Кузняцоў

Сума за 2022 год: 19.274 рублі

Хто сярод кліентаў: Аляксандр Джыгера, Арцём Шуманскі, Глеб Жэрдзеў, Іван Санько, Яўген Зямко, Сідзі Бане, Джуніёр Эфаге, Амар Фафана Забіб, Ромес Авона, Акын Фуркан, Андрэй Кобец

Яшчэ адзін віцебскі агент, які даволі актыўны на беларускім футбольным рынку. Як і Дзмітрый Хлебасолаў, пра якога гаворка пойдзе ніжэй, увесь час асвятляе сваю дзейнасць на старонцы ў Instagram. Дзякуючы гэтаму можна даведацца, што зіма-2023 прайшла ў Кузняцова прадуктыўна. Прычым толькі беларускім вектарам ён не абмяжоўваецца (сярод кліентаў хапае легіянераў, у асноўным афрыканцаў). Перад пачаткам сезона кантракт з «Гомелем» падпісаў нападаючы з Габона Джуніёр Эфаге, у «Белшыну» перабраўся івуарыйскі паўабаронца Амар Фафана Забіб, за «Тарпеда-БелАЗ» бегае габонец Ромес Авона, а да таго два гады ён правёў у «Славіі» (туды таксама ўладкаваў Кузняцоў). У 2022 годзе Віталь дапамог працаўладкавацца ў БАТЭ абаронцу Сідзі Бане. Увогуле, афрыканцаў, якія гуляюць цяпер у ЧБ і маюць дачыненне да Кузняцова, хапае. Ёсць сярод кліентаў беларуса і прадстаўнік Турцыі - «гамяльчук» Акын Фуркан.

Кузняцоў не толькі прывозіць гульцоў у Беларусь, але і дапамагае ім працаўладкоўвацца за мяжой. У прыватнасці, некаторыя яго кліенты (як беларусы, так і замежнікі) цяпер гуляюць у Ізраілі, Венгрыі, Казахстане, на Кіпры. Той жа Арцём Шуманскі не без дапамогі Кузняцова апынуўся ў "Арысе". У свой час Кузняцоў дапамог і Юрыю Кендышу патрапіць у «Рыгу».

Дэрык Эсоэ Этука

Сума за 2022 год: 18.714 рублёў

Хто сярод кліентаў: футбалісткі з Афрыкі

Даволі ўзроставы агент (каля 50 гадоў) большую частку жыцця правёў у Беларусі (амаль 30 гадоў), хаця нарадзіўся ў Нігерыі. У нашай краіне жыве і яго брат Ленакс, які некалькі гадоў працаваў перакладчыкам у жаночых камандах "Мінска", а затым і сталічнага "Дынама". Буйнагабарытнага Ленакса можна было ўбачыць на матчах чэмпіянату на лаўцы запасных. А ўвогуле, паводле нашай інфармацыі, у сям'я Этука 19 братоў і сясцёр і ўсе яны раз'ехаліся па свеце. І яшчэ цікавая дэталь - сын Дэрыка Рафаэль знаходзіцца ў пераменным складзе зборнай Беларусі па дзюдо і ў свой час нават браў медалі на ўнутраных турнірах.

Што да агенцкай дзейнасці, Дэрык сканцэнтраваны на жаночым футболе. Можна сказаць, практычна ўсе афрыканкі, якія за апошнія гады засвяціліся ў чэмпіянаце Беларусі, прыехалі дзякуючы Эсаэ. Зрэшты, як адзначаюць нашыя суразмоўцы з беларускага футбола, да Эсаэ, які свабодна валодае рускай, французскай, англійскай і арабскай мовамі, па дапамогу нярэдка звяртаюцца і маладыя хлопцы з Афрыкі - яны ведаюць, што той паспрабуе знайсці для іх хаця б варыянт для прагляду ў беларускім чэмпіянаце.

Дзмітрый Хлебасолаў

Сума за 2022 год: 4.830 рублёў

Хто сярод кліентаў: Міраслаў Хлебасолаў, Андрэй Сіненка, Яраслаў Макушынскі, Аляксей Калтыгін, Павел Шчарбачэня, Ягор Траякоў, Аляксей Рогач, Ягор Хралянкоў, Дзяніс Ясковіч, Уладзіслаў Карпеня

Сын легендарнага беларускага нападаючага Андрэя Хлебасолава (у чэмпіянаце-1996 забіў 34 мячы) прафесійнаму футболу аддаў 15 гадоў, але вялікіх вышынь не дасягнуў, хаця і былі спробы праявіць сябе як у Беларусі, так і за мяжой, у тым ліку ў экзатычным чэмпіянаце Мальдываў. Правёў Хлебасолаў і некалькі матчаў за моладзевую зборную.

Кар'еру Дзмітрый завяршыў 30 сакавіка 2021 года, але яшчэ да яе заканчэння пачаў дапамагаць гульцам працаўладкоўвацца. Напрыклад, прывёз у «Славію» выхаванца «Валенсіі» і «Левантэ» аргенцінскага паўабаронцу Гіда Рата (праўда, за 9 месяцаў футбаліст правёў на полі ўсяго 85 хвілін).

Ну а далей Хлебасолаў сканцэнтраваўся ў асноўным на беларускіх футбалістах. Цяпер сярод яго кліентаў можна вылучыць варатара дубля мінскага "Дынама" Андрэя Сіненку, абаронцу "Гомеля" Ягора Траякова і галкіпера Паўла Шчарбачэню, які трапіў у чорны спіс Мінспорту Лукашэнкі і таму ў пачатку 2023-га перабраўся ў казахстанскі "Кыран". Летась Максім Валадзько пры пасярэдніцтве агента пераехаў у «Санта-Калому» з Андоры, з якой нядаўна стаў срэбным прызёрам чэмпіянату. Пра замежны вектар Дзмітрый таксама не забывае – у сакавіку, напрыклад, «Хвалю» папоўніў нападаючы з Арменіі Рыгор Мурадзян.

Пра свае удалыя здзелкі Хлебасолаў працягвае распавядаць на старонцы ў Instagram. Аказалася, што агент датычны да пераходу Ягора Хралянкова ў брэсцкае «Дынама» (варатар заяўлены за дубль), туды ж, але ў аснову, пераехаў абаронца Арцём Літвякоў, гулец абароны Уладзіслаў Карпеня патрапіў у «Энергетык-БДУ», абаронца Дзяніс Ясковіч з'ехаў у "Акжайык".

Хапае ўжо і скандалаў у агенцкай кар'еры Хлебасолава. У свой час экс-футбаліст дапамагаў з працаўладкаваннем Глебу Расадкіну і Юрыю Панце, якіх потым назваў непрыстойнымі людзьмі. А гісторыя з Іванам Верасам і фінансавымі прэтэнзіямі адзін да аднаго, здаецца, не скончыцца яшчэ доўга.

Уладзімір Касакоўскі

Сума за 2022 год: 4.670 рублёў

Хто сярод кліентаў: браты Аляксей і Дзмітрый Анцілеўскія

У свой час Касакоўскі пагуляў сам і патрэнаваў мінскія «Спадарожнік», «Тарпеда» і «Зорку-БДУ», жаночую зборную, уваходзіў у штаб «Маладзечна» і беларускай моладзевай зборнай. Але ў сярэдзіне 2010-х перакваліфікаваўся ў агенты - у гэтай сферы і працуе дагэтуль. Праўда, не сказаць, што вельмi актыўна. Крыху больш за чатыры з паловай тысячы рублёў за 2022 год – не самыя вялікія лічбы для футбольнага агента.

У свой час Касакоўскі супрацоўнічаў з Паўлам Савіцкім (вазіў яго на прагляд у «Зеніт»), Андрэем Салаўём, Кірылам Кірыленкам, прывозіў у мінскае «Дынама» украінцаў Аляксандра Наёка і Яўгена Будніка.

Чые інтарэсы сёння прадстаўляе Касакоўскі, даведацца даволі цяжка - гэтага не ведаюць многія нашыя суразмоўцы з футбольнага свету. Адзінае, крыніцы адзначаюць, што Касакоўскі супрацоўнічае з многім яшчэ невядомымі маладымі футбалістамі, а таксама ў апошнія гады дапамагае братам Анцілеўскім: Аляксей цяпер гуляе за "Славію", Дзмітрый - за БАТЭ.

Яніна Паборцава

Сума за 2022 год: 126.13 рублёў

Хто сярод кліентаў: Данііл Сілінскі, Кірыл Палхоўскі, Уладзіслаў Мухамедаў, Аляксандр Бурнас, Аляксандр Корзун, Ілля Грышчанка

Для беларускага футбольнага свету гэта фігура малавядомая. Многія пасярэднікі, з якімі ўдалося пагутарыць "Трыбуне", не змаглі толкам расказаць, што гэта за агент і з кім яна працуе. Хаця адзначылі цікавую дэталь у бізнес-манеры Паборцавай. Дзяўчына не кантактуе наўпрост са спартовымі дырэктарамі клубаў, а піша лісты на пошты, якія пазначаныя на афіцыйных сайтах ФК, прапаноўваючы альбо свае паслугі, альбо паслугі футбалістаў. Варта адзначыць, што далёка не ва ўсіх клубах "вышкі" знаёмыя з гэтым агентам.

Інфармацыі пра Яніну ў сеціве няшмат. Вядома толькі, што нарадзілася яна ў Оршы, скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, мае зарэгістраванае ІП у міністэрстве Лукашэнкі па падатках і зборах Аршанскага раёна. ІП якраз арыентавана на працу з футбалістамі. Зрэшты, выхлап ад гэтай дзейнасці пакуль вельмі сціплы.

Што да кліентаў Паборцавай, то сякую-такую інфармацыю на гэты конт дае толькі transfermarkt.com. Паводле крыніцы, Яніна аказвае пасрэдніцкія паслугі ў асноўным маладым і яшчэ невядомым ігракам. Гэта 22-гадовы расіянін Ілля Грышчанка і 23-гадовы беларус Данііл Сілінскі (абодва цяпер у «Энергетыцы-БДУ»), Дзмітрый Люцік (20 гадоў, «Нафтан»), Кірыл Палхоўскі (21 год, «Хваля»), Аляксандр Бурнас ( 24 гады, «Ліда»),Аляксандр Корзун (22 гады, «Маладзечна»). З адносна вядомых кліентаў значыцца Уладзіслаў Мухамедаў (выступаў за БАТЭ, "Смалявічы", "Энергетык-БДУ" і "Дняпро"). Праўда, сёння 25-гадовы форвард не мае клуба. Яшчэ летась Паборцава дапамагала паўабаронцу Аляксандру Джыгеру (цяпер ён у казахстанскім «Акжэтпесе»), але больш футбаліст і агент не супрацоўнічаюць.

Фота: aif.by, fcisloch.by, pressball.by, Instagram Александра Перепечко, Instagram Валерия Кузнецова

Іншыя пасты блога

Усе пасты