Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Дзяржынск ідэальна пачаў сезон у першай лізе, але не факт, што дагуляе да канца: заробкі футбалістаў могуць здзівіць, трэнеры пакуль працуюць за проста так

Дзяржынск ідэальна пачаў сезон у першай лізе, але не факт, што дагуляе да канца: заробкі футбалістаў могуць здзівіць, трэнеры пакуль працуюць за проста так

Затое вынікі цешаць.

Аўтар — bytribuna com
25 траўня, 12:27
Дзяржынск ідэальна пачаў сезон у першай лізе, але не факт, што дагуляе да канца: заробкі футбалістаў могуць здзівіць, трэнеры пакуль працуюць за проста так

Нядаўна «Трыбуна» расказвала пра тое, як у Д2 жыве экс-удзельнік вышэйшай лігі «Віцебск». У каманды з поўначы Беларусі, калі казаць мякка, справы складаюцца не лепшым чынам і пакуль каманда далёкая ад вяртання ў эліту.

А між тым іншая каманда, якая летась гуляла ў Д1, наадварот, выглядае вельмі моцна, хаця, у адрозненне ад «Віцебску», ні пра якія мэты не заяўляла. "Арсенал" за восем тураў не страціў ніводнага ачка і мае выдатныя паказчыкі па мячах - 23:7. Але, як аказалася, жыццё ў клубе не такое ўжо і лёгкае. Расказваем, што там адбываецца.

Першы сезон у «вышцы»: пяць перамог, пераходныя матчы, даўгі і заява аб ліквідацыі

«Арсенал» быў заснаваны на пачатку 2019-га беларускім бізнесменам Аляксеем Меляшкевічам і ягоным шведскім калегам Алексам Русхальмам. За пару гадоў каманда ад другой лігі дабралася да вышэйшай, прычым у першым жа сваім сезоне ў Д3 стала чэмпіёнам, а ў эліту прабілася з першага месца ў Д2.

На першы сезон у «вышцы» стаяла задача захаваць прапіску, але зрабіць гэтага не ўдалося. Калектыў пад кіраўніцтвам Паўла Кірыльчыка не здолеў замацавацца нават у статусе серадняка - увесь сезон «Арсенал» плёўся ў нізе табліцы і змагаўся толькі за тое, каб не вылецець наўпрост. За 30 тураў дзяржынцы атрымалі пяць перамог (прычым упершыню ўзялі тры ачкі толькі ў 11-м туры), хоць у іх шэраг удалося змясціць пару сенсацый: 2:1 над БАТЭ і 1:0 над «Энергетыкам-БДУ».

У чэмпіянаце-2022 каманда забіла ўсяго 18 мячоў - менш за ўсіх у лізе. А званне найлепшага бамбардзіра ў калектыве падзялілі Мікіта Пацко, Дзмітрый Мацяш, Арцём Кійко, Яўген Гулецкі і Станіслаў Сазонавіч – кожны выканаў па два дакладныя ўдары. Нягледзячы на гнятлівую статыстыку, «Арсенал» дакаціў да пераходных матчаў, дзе саступіў «Макслайну» па суме дзвюх сустрэч (але рагачоўцаў усё роўна не пусцілі ў эліту).

Адразу пасля паразы ў другім стыку ўласнік "Арсенала" Аляксей Меляшкевіч заявіў, што клуб спыняе існаванне. Але ўжо на наступны дзень прэс-служба апублікавала афіцыйную заяву, дзе дала зразумець, што "Арсенал" застаецца і пачынае падрыхтоўку да ўдзелу ў Д2. У сакавіку Меляшкевіч сам прызнаўся, што пра згортванне праекту казаў на эмоцыях.

Пры гэтым у клубе на той момант хапала праблем. Яны, як высветлілася, доўжыліся ўвесь сезон, але па выніку былі вырашаныя. Натуральна, галоўны галаўны боль - заробак футбалістаў. Разбежка ў сумах была істотная. Напрыклад, лідары - Дзмітрый Асіпенка (ён на пэўным этапе стаў гуляючым трэнерам) і Ягор Хвалько - па кантракце маглі разлічваць на клубны максімум, гэта значыць на дзве тысячы рублёў. 1600-1700 рублёў належылі Аляксандру Скшынецкаму, Станіславу Сазановічу і яшчэ пары выканаўцаў. А вось некаторыя маладыя (Станіслаў Атрашкевіч, Антон Абрамовіч) разлічвалі на 500 рублёй з невялікім. Былі і тыя, каму належала ўсяго 200 рублёў.

Але пры гэтым нават такія грошы людзі не бачылі месяцамі. Па нашай інфармацыі, падчас сезона затрымкі па зарплаце дасягалі трох месяцаў. Каб не пакідаць каманду зусім без грошай і хоць неяк падтрымліваць матывацыю гульцоў, Меляшкевіч пагашаў частку даўгоў са сваёй кішэні. Аляксей, як вядома, сузаснавальнік гасцінічнага комплексу "Веста", дзе як раз базуецца і трэнуецца "Арсенал".

Удавалася Меляшкевічу закрыць пытанні з харчаваннем футбалістаў (абедалі яны ў "Весце"), з дастаўкай каманды з Мінска на трэнаванні і гасцявыя матчы.

Да гонару бізнесмена, узімку ўсе даўгі (прынамсі перад тымі футбалістамі, хто пакінуў клуб) былі закрытыя. Удалося вырашыць і пытанне з экс-паўабаронцам Антонам Сушам, які выбіваў грошы праз АБФФ. Не адразу, але цяпер у былых гульцоў "Арсенала" прэтэнзій няма. Пры гэтым удалося пагасіць запазычанасці не толькі па заробках, але і па прэміяльных. За перамогу ў "Арсенале" належылі дадатковыя 300 рублёў.

Вяртанне ў Д2: стоадсоткавыя паказчыкі, брамнік са «справы «Шахцёра» і зноў праблемы з фінансамі

У міжсезонне клуб зведаў кардынальныя змены. Сышоў галоўны трэнер - на яго месца прызначылі Сяргея Паўлюковіча, якому дапамагаюць вядомыя ў белфутболе Андрэй Гарбуноў і Аляксандр Шагойка. Брамнікамі займаецца экс-галкіпер харкаўскага «Металіста», кіеўскага «Дынама» і маскоўскага ЦСКА Ігар Куцепаў.

Страціла каманда некалькі важных для сябе выканаўцаў: варатара Яўгена Абрамовіча, нападаючага Дзмітрыя Асіпенку, абаронцу Рамана Вягеру, пайшлі ўсе цемнаскурыя легіянеры. Скончыў кар'еру і перайшоў трэнаваць у «Іслач» Сяргей Канцавы, а Хвалько з'ехаў у Азербайджан.

Некаторыя футбалісты кантракты працягнулі, з'явіліся навічкі. Цяпер, пасля васьмі тураў у Д2, "Арсенал" ідзе ў версе табліцы са стопрацэнтным паказчыкам і розніцай мячоў 23:7. Больш у першай лізе пакуль сёлета не забівала ні адна іншая каманда, а па прапушчаных дзяржынцах саступаюць толькі «Баранавічам» (шэсць мячоў). Пры гэтым 13 мячоў "Арсенал" забіў ужо ў першых трох турах. Тады ж, на старце сезона, здарыўся і самы вясёлы на цяперашні момант матч: саступаючы 0:3 "Оршы", каманда з Мінскай вобласці ўсё ж вырвала перамогу 4:3.

Паўабаронца Андрэй Ляўкавец і нападаючы Дзмітрый Мацяш забілі на дваіх дзевяць мячоў (пяць і чатыры адпаведна). Гэта роўна палова ад усяго, што "Арсенал" забіў за ўвесь мінулы чэмпіянат.

Звяртае на сябе ўвагу ў ростеры і іншае прозвішча. Адным з варатароў дзяржынцаў значыцца 24-гадовы Іван Санько (правёў у гэтым сезоне адзін паядынак, прапусціўшы тры мячы). Летась футбаліст выступаў за «Белшыну» і аказаўся адным з фігурантаў «справы «Шахцёра».

Санько ўжо расказаў, што праславуты матч 19-га тура з мінскім "Дынама" правёў на лаўцы, на вынік ніяк не мог паўплываць, але ўзяў 75 еўра, бо думаў, што гэта прэміяльныя за "сухую" нічыю з "бела-блакітнымі". У АБФФ палічылі па-свойму і прызначылі брамніку і некаторым іншым ягоным ужо былым аднаклубнікам бан у паўгода ў выпадку нясплаты штрафу ў 3700 рублёў.

Па нашай інфармацыі, пасля з'яўлення гэтай навіны Санько не вельмі разумеў, што адбываецца, і нейкі час не мог сканцэнтравацца на футболе. Аднак у «Арсенале» хлопца падтрымалі, аднаклубнікі пастараліся перавесці сітуацыю ў жарт. Кіраўніцтва не адвярнулася ад маладога галкіпера. Больш за тое, папярэдне Санько паабяцалі неяк дапамагчы з аплатай штрафу, калі апеляцыя яго былога клуба не будзе задаволеная.

Пры гэтым не сказаць, што клуб у фінансавым плане шыкуе. Як стала вядома «Трыбуне», трэнеры сёлета яшчэ не бачылі заробкаў. Што да футбалістаў, то іх аклады ў параўнанні з мінулым годам упалі ў два разы. Максімум - а гэта тысячу рублёў - належыць усяго некалькім выканаўцам, якія з'яўляюцца лідарамі і вызначаюць гульню каманды. Напрыклад, паўабаронца Альберт Міхайлаў, капітан Аляксандр Скшынецкі (дзейнічае ў абароне), галкіпер Арцём Сарока. 800 рублёў мае Андрэй Ляўкавец. Маладыя футбалісты (Даніла Жульпа, Іван Арашкевіч) разлічваюць на 600-700 рублёў. Некаторыя атрымліваюць яшчэ менш. Пры гэтым за пяць месяцаў поўных заробкаў у камандзе не бачыў ніхто - каб зусім не пакідаць гульцоў без грошай, ім налічваецца па пары сотняў рублёў. Пра прэміяльныя размова нават не вядзецца.

Пры гэтым на ўсе тры гасцявыя матчы гэтага сезона "Арсенал" выязджаў за суткі да іх пачатку і начаваў у гасцініцах. Праўда, не выключана, што ў доўг - звычайная практыка для белфутбола.

Асобна адзначым, што ўжо больш за два гады са справамі «Арсенала» ніяк не звязаны швед Русхальм (проста вырашыў адысці ад беларускага праекту). Па сутнасці, клуб сваіх плячах трымае Меляшкевіч, а дапамагае яму дырэктар Андрэй Лявончык. Экс-кіраўнік салігорскага "Шахцёра" ўвайшоў у менеджмент дзяржынцаў у красавіку 2022-га.

Нам вядома, што і перад сезонам-2022, і перад сезонам-2023 Меляшкевіч актыўна шукаў спонсараў, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Аднак дапамагаць ніхто не захацеў. У выніку клуб жыве, па сутнасці, за кошт бізнесмена і нейкіх дробных спонсараў, з якімі ўдаецца дамаўляцца. Як кажуць у футбольных колах, не факт, што "Арсенал" дацягне да канца цяперашняга сезону.

Пры гэтым дадамо, што на чэмпіянат камандзе не ставілі мэт - напрыклад, вярнуцца ў вышэйшую лігу або заняць пэўнае месца. "Арсенал" проста ідзе ад матчу да матчу.

Наведвальнасць не дацягвае і да 200 чалавек, затое ёсць розыгрышы і забаўкі

Супернікаў дзяржынцы прымаюць на стадыёне на Сямашкі ў Мінску, дзе ляжыць штучнае пакрыццё. У гэтым ёсць пэўны плюс, бо трэнуецца каманда на сінтэтычным газоне ля гасцініцы «Веста» (праўда, ён ужо не найлепшай якасці).

З васьмі тураў "Арсенал" правёў пяць матчаў дома, але цікавасць гледачоў застаецца на невысокім узроўні. З Дзяржынска прыязджае фан-сектар на дзясятак чалавек, звычайных заўзятараў зусім мала. Таму асноўны кантынгент на дамашках "Арсенала" - агенты, футбольныя спецыялісты, журналісты, сваякі і сябры гульцоў, а таксама нешматлікія аматары футбола з Мінска. Сярэдняя наведвальнасць хатніх гульняў - 197 чалавек. Рэкорд жа ў гэтым сезоне ўсталяваны на матчы з «Хваляй (1:0) - 270 гледачоў па пратаколе.

Пры гэтым клуб актыўнічае ў плане забаў для балельшчыкаў: фан-зоны, пункты харчавання, розыгрышы прызоў, прычым не самых танных. Напрыклад, на матчы з «Оршай» пераможцы дастаўся электрасамакат.

Але яшчэ ў снежні мінулага года Меляшкевіч расказваў, што марыць пра вяртанне «Арсенала» ў Дзяржынск. І нібыта там, на мясцовым стадыёне, ужо зроблены пэўныя дзеянні па рэканструкцыі. Зрэшты, паводле нашай інфармацыі, з таго часу абсалютна нічога не памянялася. І сёлетні сезон з вялікай верагоднасцю "Арсенал" скончыць менавіта на Сямашка.

Школа працуе, але вынікі такія сабе

Практычна ад моманту стварэння і па сёння клуб утрымлівае ДзЮСШ, дзе займаюцца дзеці чатырох узростаў у прамежка ад 12 да 18 гадоў (ёсць адна дзявочая група). Але калі раней "Арсенал" трымаўся прынцыпу выхавання хлопцаў менавіта з Дзяржынска, не запрашаў да сябе хлопчыкаў і дзяўчынак з іншых населеных пунктаў, то зараз у ДзЮСШ займаюцца і мінчукі, і дзяржынцы, і хлопцы з іншых гарадоў Мінскай вобласці. Трэнаванні праходзяць як на клубнай базе "Веста", так і на некаторых палях у сталіцы. Усяго ў школе займаецца каля 140 дзяцей. Заняткі - бясплатныя.

Бясплатныя, таму што са жніўня 2022 года школа набыла статус СДзЮШАР і пачала атрымліваць невялікія дзярждатацыі, а ў такім выпадку, паводле закону, групы павінны быць бясплатнымі.

Пры гэтым, як нам вядома, школа, як і клуб, мае фінансавыя цяжкасці. У красавіку дайшло да таго, што каманда U-18 дабіралася на адзін з матчаў у Жодзіна электрычкай, бо на арэнду аўтобуса грошай не хапіла.

Вынікі выхаванцаў не цешаць. Пару тыдняў таму ў юнацкім першынстве Беларусі ў вышэйшай лізе каманда U-18 фінішавала 16-й з 18 удзельнікаў. Цяпер практычна ўсе гэтыя хлопцы гуляюць у АЛФ у камандзе "Арсенал-Метэор" (восьмае месца пасля пяці тураў у "вышцы").

«Арсенал» U-17 цяпер размяшчаецца на трэцім месцы (з сямі) у першай лізе зоны «Захад» юнацкага першынства Беларусі. 16-годкі ў бягучым чэмпіянаце зноў жа першай лігі ідуць перадапошнімі, сёмымі, у заходнім дывізіёне пасля 15 тураў (усяго дзве перамогі і адна нічыя). Ну а 15-гадовыя футбалісты толькі пачалі сезон у першай лізе і пасля трох тураў у зоне "Захад" размяшчаюцца на трэцім месцы (дзве перамогі і параза).

Іншыя пасты блога

Усе пасты