Tribuna/Футзал/Блогі/Беларусский футбол/У беларускім міні-футболе магутна забівае брамнік: лупіць у стылі Раберта Карласа, не мяняе пашпарту, маўчыць пра вайну на Радзіме

У беларускім міні-футболе магутна забівае брамнік: лупіць у стылі Раберта Карласа, не мяняе пашпарту, маўчыць пра вайну на Радзіме

Украінец Юрый Дзегцярэнка можа ў адзіночку абгуляць суперніка.

Аўтар — bytribuna com
1 чэрвеня, 16:12
У беларускім міні-футболе магутна забівае брамнік: лупіць у стылі Раберта Карласа, не мяняе пашпарту, маўчыць пра вайну на Радзіме

У беларускім міні-футболе сезон на самым фінішы - ужо чацвёрты раз за апошнія сем гадоў у серыі за залатыя медалі сустракаюцца «Сталіца» і гомельскі ВРЗ. Усе тры папярэднія фіналы засталіся за камандай з Мінска. Больш за тое, для ВРЗ гэта сёмы фінал запар - і ні ў адным з іх гамяльчане пакуль не перамаглі. Няўдала для «вагонабудаўнікоў» (генеральным спонсарам каманды з'яўляецца Гомельскі вагонабудаўнічы завод) пачалася і цяперашняя фінальная серыя. У першым матчы, які прайшоў у Гомелі на пляцоўцы пераможцы рэгулярнага чэмпіянату, ВРЗ саступіў 3:4.

Незвычайнай атрымалася канцоўка сустрэчы. За 1:14 да канца другога тайма пры ліку 2:3 на карысць «Сталіцы» гаспадары атрымалі права на штрафны паблізу ад варот суперніка, але гэта абярнулася голам у гомельскую браму: мяч пасля заблакаванага ўдару апынуўся ў руках галкіпера мінчукоў Максіма Трафімовіча - той хутка зарыентаваўся і прамым ударам патрапіў у пустыя вароты ВРЗ.

Пераможцы рэгуляркі за час, што аставаўся, паспелі адказаць сваім голам у выкананні галкіпера: за паўхвіліны да фінальнага свістка Юрый Дзегцярэнка падключыўся да атакі пасля ўласнага ж перахопу, абгуляўся з партнёрам «у сценку» і дакладным ударам у кут прабіў Трафімовіча, скараціўшы лік. Праўда, адгуляцца "чырвона-чорныя" ўжо не паспелі.

Для абодвух брамнікаў гэтыя галявыя дзеянні не сталі першымі: кіпер «Сталіцы» да таго забіваў у рэгулярцы «Барысаву-900», а для Дзегцярэнкі гэта ўжо пяты (!) гол у сезоне, а ўсяго за чатыры апошнія гады ён мае на сваім рахунку дзевяць забітых мячоў. Прычым 3 з 5 дакладных удараў гэтага сезона Юрый выканаў менавіта ў плэй-оф - двойчы да таго пацярпеў "Мінск" у паўфінальнай серыі. І абодва галы сталі магчымымі дзякуючы далучэнням галкіпера да нападаў і ўдарам амаль з цэнтра пляцоўкі.

Такія высокія падключэнні да атак 32-гадовы ўкраінскі кіпер пачаў практыкаваць яшчэ ў родным чэмпіянаце. Дзегцярэнка распавядаў, што ў першых матчах за ВРЗ гледачы на трыбунах знаходзіліся ў невялікім шоку ад ягоных вылазак на чужую палову поля - раней у ЧБ брамнікі рэдка дэманстравалі такі стыль.

Добра пастаўлены ўдар галкіпера адзначаў былы галоўны трэнер «Лідсельмаша» Віктар Тарчыла пасля таго, як Дзегцярэнка на апошняй хвіліне прынёс перамогу сваёй камандзе ў матчы супраць лідчан у сезоне-2018/19.

- «Лідсельмаш» абыграў галкіпер суперніка, ён забіў мяч і аддаў галявую перадачу. Я скажу, што не кожны палявы футбаліст здольны прабіць так, як некалькі разоў у гэтым матчы біў Дзегцярэнка, - зазначыў спецыяліст.

Вось так ён забіў брэсцкаму "Аматару" за год да гэтага (адзнака 0:28).

Ну і куды без стандартных для мініфутбольных галкіпераў галоў ад сваіх варот у пустыя вароты суперніка.

Дзегцярэнка - ураджэнец Харкава. Футбольную кар'еру пачынаў у родным горадзе, да таго займаўся тхэквандо і хакеем. Юры - выхаванец харкаўскага «Арсенала», за дарослую каманду якога ў пачатку 2000-х некалькі сезонаў выступаў беларус Сяргей Верамко. Прычым пачынаў Дзегцярэнка як нападаючы, але пазней сам папрасіўся ў вароты.

Пераход у міні-футбол адбыўся ў 13 гадоў, а ўжо праз два гады хлопец дэбютаваў на дарослым узроўні ў складзе «Універ-Харкава» ў Д2 Украіны. Далей у кар'еры былі харкаўскі «Лакаматыў», моладзевая зборная Украіны, львоўскі ТВД, луганскі ЛТК і данецкі АРПІ. У Данецку Дзегцярэнка і заспеў пачатак расійскай акупацыі ў 2014-м, праз што яму з камандай давялося з'язджаць у Запарожжа, што моцна адбілася на фінансавых умовах калектыву. Нейкі час футбалісту даводзілася падзарабляць, а працоўным месцам яго забяспечыў уласнік клуба АРПІ і па сумяшчальніцтве дырэктар аднайменнага агенцтва па распаўсюду перыядычных выданняў: Дзегцярэнка рабіў сканворды, якія выдавала агенцтва.

Перад стартам сезона-2015/16 украінец пераехаў у Беларусь, куды яго паклікаў былы аднаклубнік Вячаслаў Грыгор'еў, які атрымаў запрашэнне з ВРЗ - Дзегцярэнка пагадзіўся і з тых часоў выступае за гомельскую каманду. За гэты час кіпер сабраў калекцыю з шасці срэбных медалёў ЧБ, аднаго Кубка краіны і аднаго Суперкубка (абодва трафеі ўзяў у 2021-м). Акрамя таго двойчы (у 2017-м і 2019-м) прызнаваўся найлепшым галкіперам лігі.

У 2019-м у брамніка пыталіся, ці думае ён пра змену грамадзянства дзеля зборнай Беларусі (выступаць за Украіну Дзегцярэнку не клікалі). Легіянер тады прызнаўся, што не зусім упэўнены, ці хоча гэтага. І мяркуючы па тым, што ў заяўцы на сезон ён дагэтуль лічыцца замежнікам, працэс атрымання беларускага пашпарта застаўся ў зыходным пункце.

Дзегцярэнка - не адзіны ўкраінец, які застаўся ў Беларусі нават пасля таго, як 24 лютага расійскія войскі, у тым ліку з тэрыторыі нашай краіны, уварваліся ва Украіну і пачалі вайну, - толькі ў ВРЗ выступаюць адразу чацвёра ўраджэнцаў Украіны. Рыхтуючыся да цяперашняга сезона, ВРЗ разам са сваімі ўкраінскімі гульцамі выступіў на турніры ў гонар 25-годдзя аршанскага "Вітэн", дзе сярод іншых удзельнікаў апынуўся клуб з так званай Данецкай народнай рэспублікі "Спартак-Данецк". Дзегцярэнка быў адным з тых, хто выйшаў на пляцоўку супраць каманды з акупаваных тэрыторый: прапусціў двойчы за тайм, але сустрэча скончылася ўпэўненай перамогай гамяльчан 16:4.

Instagram у Дзегцярэнкі закрыты, а ў нешматлікіх інтэрв'ю ён не выказваецца на тэму вайны на Радзіме. Апошні запіс на старонцы Facebook датаваны лістападам 2020-га. Таксама даўно маўчаць і сацсеткі яго жонкі Марыі. Затое вельмі актыўна вядзецца акаўнт інтэрнэт-крамы SnowDeal, які дастаўляе з ЗША і Еўропы ва Украіну экіпіроўкі для сноўбардыстаў. У акаўнце Юрыя адзначана, што ён працуе ў краме з 2012 года (праўда, не пазначана, на якой пасадзе). Таксама ў апісанні профілю футбаліста ў Instagram стаіць спасылка на гэтую краму.

У беларускім міні-футболе ёсць украінцы з куды больш выразнай пазіцыяй па вайне на Радзіме. Напрыклад, у пачатку сакавіка 2022-га пасаду галоўнага трэнера "Сталіцы" пакінуў Дзмітрый Камека, які не адзін год пражыў у Беларусі. У інтэрв'ю для Youtube-канала «ЧестнОК» ён разважаў і пра сёлетнія падзеі ва Украіне, і пра беларускія падзеі ў жніўні-2020.

Таксама Камека распавёў, што ў самым пачатку вайны ў тэрытарыяльную абарону Кіева ўступіў былы гулец «Лідсельмаша», аршанскага «ВітЭНа» і магілёўскага «Фортэ» Дзмітрый Іваноў.

Процілеглую пазіцыю мае ўраджэнец горада Горлаўка Данецкай вобласці Сяргей Крыкун. Ён пераехаў у Беларусь у 2012 годзе, праз пяць гадоў атрымаў пашпарт і пачаў выступаць за нацыянальную зборную. Неўзабаве пасля гэтага пераехаў у Расію, дзе і выступае па сёння: спачатку бегаў за «Цюмень», а цяпер за КПРФ (спансуецца аднайменнай палітычнай партыяй), з якой выйшаў у фінал мясцовага чэмпіянату. Крыкун не заўважае агрэсіі з боку Расіі і ніяк не каментуе бамбёжкі жылых раёнаў украінскіх гарадоў, якія цягнуцца ўжо паўтара гады. Затое не абмінуў падзенне абломкаў ракеты ў Данецку ў сакавіку мінулага гады.

Іншыя пасты блога

Усе пасты