Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Яшчэ нядаўна найлепшы снайпер ЧБ сезона-2023 ставіў сабе за мэту Іспанію і Італію, а цяпер ужо думае і пра Расію – яе зборнай у чацвер як раз адгрузіў тры мячы

Яшчэ нядаўна найлепшы снайпер ЧБ сезона-2023 ставіў сабе за мэту Іспанію і Італію, а цяпер ужо думае і пра Расію – яе зборнай у чацвер як раз адгрузіў тры мячы

Карпіцкі не сумуе, хоць і не патрэбны Кандрацьеву.

Аўтар — bytribuna com
16 чэрвеня, 10:02
Яшчэ нядаўна найлепшы снайпер ЧБ сезона-2023 ставіў сабе за мэту Іспанію і Італію, а цяпер ужо думае і пра Расію – яе зборнай у чацвер як раз адгрузіў тры мячы

Ягор Карпіцкі - галоўны ньюсмейкер белфутбола проста цяпер. 19-гадовы форвард "Шахцёра" з 12 галамі ў 11 матчах упэўнена лідаруе ў гонцы бамбардзіраў "вышкі" і пры гэтым застаўся без выкліку ў каманду АБФФ на матчы кваліфікацыі чэмпіяната Еўропы супраць Ізраіля і Косава. Георгій Кандрацьеў лічыць, што ўраджэнцу Віцебска яшчэ рана выступаць за зборную - маўляў, лепш згуляць за «маладзёжку» у таварыскім матчы супраць Расіі U-19 і ў адборы да ЧЕ-2025 супраць Андоры - галоўнага аўтсайдэра групы.

Пры гэтым хутка адкрываецца трансфернае акно, і размовы пра магчымы сыход снайпера з Салігорска і ўвогуле з чэмпіянату Беларусі ўжо гучаць. Сам Карпіцкі абазначыў жаданне гуляць у Еўропе. Кажа, гэта ягоная сур'ёзная мэта (прыярытэт - Іспанія і Італія). Але розныя крыніцы настойліва выпраўляюць маладога футбаліста ў Расію. Ідзе гаворка і пра цікавасць розных клубаў тамтэйшай прэм'ер-лігі, і нават пра "Хімкі", якія вылецелі ў Д2 (але гэты клуб ужо адпаў). Апошняя інфармацыя - "Ахмат" Грозны, які ўзначальвае экс-трэнер "Шахцёра" Сяргей Ташуеў.

Хоць Чачня - і не Еўропа, аднак гэты варыянт не выглядае нерэалістычным, таму што кантакты паміж клубамі наладжаны. Менавіта ў "Ахмат" з "Шахцёра" паўгода таму з'ехаў іншы перспектыўны форвард - 21-гадовы Ілля Чарняк. На днях ён пакінуў каманду, нагуляўшы за яе пяць хвілін у двух матчах РПЛ і 21 хвіліну ў Кубку Расіі.

Па звестках каментатара тэлеканала Setanta Уладзіслава Татура, агентам гульца з'яўляецца ценявы кіраўнік "Шахцёра" Яўген Култаеў. Ён звязаны з многімі сумнеўнымі здзелкамі і дзеяннямі салігорскага клуба, якімі сёння цікавяцца сілавыя структуры Лукашэнкі. Сын Култаева, якога таксама клічуць Яўген, знаходзіцца ў СІЗА і выступае ў якасці закладніка - яго гатовыя абмяняць на бацьку (тут пра гэта падрабязней). Култаеў-старэйшы мае прамое дачыненне да агенцтва Global Sport Invest, якое, апроч «Шахцёра» супрацоўнічае з казахстанскай «Астанай», харвацкім «Рудэшам», баснійскім «Шырокім Брыегам» і іншымі клубамі.

Казалі пра Карпіцкага ў апошнія дні і іншыя футбольныя пасярэднікі. Валерый Ісаеў адрэагаваў на словы Кандрацьева пра маладосць футбаліста і заявіў, што такі гулец у ростеры - мара любой зборнай. Сяргей Новікаў - гэта так званы інвестар, які ў свой час загнаў у даўгі «Белшыну» - раптам выказаў меркаванне, што салігарчанін - «адназначна найлепшы форвард у Беларусі» і ўжо саспеў для выступаў у РПЛ. І сам футбаліст ужо заяўляе, што разглядае Расію як месца для працягу кар'еры.

І ў Карпіцкага якраз з'явілася магчымасць паказаць сябе на фоне расіян - у Беларусь на таварыскія матчы прыехала маладзёжная зборная РФ. Адзін са спарынгаў у чацвер быў згуляны з беларускай «маладзёжкай» у Барысаве - Карпіцкі выйшаў на поле ў складзе гаспадароў у стартавым складзе і здолеў вызначыцца тройчы на працягу 11 хвілін.

на 48-й хвіліне гол яму падарыў кіпер маскоўскага «Лакаматыва» Данііла Худзякоў, які прапусціў паміж ног пасля не самага моцнага ўдару (адзнака 3:18).

Яшчэ быў класны гол ад штангі і ўпэўнена рэалізаваны выхад сам-насам. Да таго ж Карпіцкі зарабіў пенальці, які рэалізаваў вінгер "Славіі" Аляксей Анцілеўскі. Расійскія агледзіны для гульца Салігорску атрымаліся вельмі ўдалымі. Пры гэтым Карпіцкі кажа, што канкрэтных прапаноў у яго пакуль няма.

Зрэшты, тут важна адзначыць, што ў Барысаве гулялі ўсё ж не равеснікі. Калі маладзёжная зборная Беларусі ўкамплектавана гульцамі 2002-2003 гадоў нараджэння, то расійская каманда U-19 - гульцамі 2004 года і маладзейшымі. Праз вайну ва Украіне маладзёжка РФ не ўдзельнічае ў адборы на Еўра. У Расійскім футбольным саюзе вырашылі, што ў такім выпадку лепш найграваць маладзейшых футбалістаў з прыцэлам на той час, калі санкцыі, магчыма, знімуць.

Тым не менш на поле «Гарадскога» выйшла восем гульцоў з нейкім досведам выступу ў РПЛ. Самы статусны - той самы галкіпер Худзякова (34 матчы за першую каманду «Лакаматыва», 61 прапушчаны мяч). У мінулым годзе ён заняў трэцяе месца ў спісе самых перспектыўных гульцоў свету 2004 года нараджэння (наперадзе апынуліся хаўбек «Барселоны» Гаві і галкіпер «Чэлсі» Габрыэль Сланіна, які выступае за амерыканскі «Чыкага Файр» на правах арэнды).

Беларусь абгуляла малодшых расіян 5:1, і можна сказаць, падапечныя Сяргея Ясінскага ў нейкай ступені расплаціліся за вераснёўскую паразу ад моладзевай зборнай Расеі на тым жа «Гарадскім» з лікам 1:6 - тады ў Барысаў прыязджалі менавіта футбалісты 2002 года нараджэння і маладзейшыя, сярод якіх аказалася вельмі шмат гульцоў РПЛ.

І гэта быў зусім іншы футбол.

Іншыя пасты блога

Усе пасты