Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Рэжым забаніў iх гульцоў, але «Нёман» лідзіруе ў ЧБ, а ў БАТЭ найгоршы старт у гісторыі – разбіраемся, чаму так

Рэжым забаніў iх гульцоў, але «Нёман» лідзіруе ў ЧБ, а ў БАТЭ найгоршы старт у гісторыі – разбіраемся, чаму так

Больш за адну прычыну.

Аўтар — bytribuna com
26 чэрвеня, 23:50
1
Рэжым забаніў iх гульцоў, але «Нёман» лідзіруе ў ЧБ, а ў БАТЭ найгоршы старт у гісторыі – разбіраемся, чаму так

Гродзенскі «Нёман» праводзіць сезон без чатырох футбалістаў з «чорнага спісу» так званага «міністэрства спорту» – гэта варатар Сяргей Курганскі, абаронца Яўген Лешка, паўабаронцы Раман Пасевіч і Валерый Жукоўскі. Галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч разлічваў, што паседжанне рэжымнай «камісіі» па непажаданых гульцах пройдзе 17 чэрвеня, аднак яно так і не адбылося. У інтэрв'ю і каментарыях трэнер рэгулярна нагадвае, што яму вельмі не хапае недаступных гульцоў.

– Трэба амніставаць людзей. Яны не зрабілі злачынстваў перад беларускім народам. У нас ёсць праблемы. Хлопцы трэніруюцца, апантаныя, яны нікуды не з'ехалі, хоць былі прапановы, – заклікаў коўч.

Нягледзячы на такі кадравы дэфіцыт, па выніках 13 тураў вышэйшай лігі «Нёман» апынуўся на першым месцы – пасля паражэння мінскага «Дынама» ў Смаргоні апярэджвае сталічны клуб на адзін бал.

Аналагічная сітуацыя па гульцах у БАТЭ: перад стартам ЧБ рэжым загадаў клубу не выкарыстоўваць абаронцаў Максіма Бардачова і Данілу Нячаева плюс паўабаронцаў Станіслава Драгуна і Дзмітрыя Бяссмертнага (яшчэ брамніка Дзяніса Шчарбіцкага, але ён і так недаступны з-за праблем са здароўем). У іх адсутнасць барысаўскі клуб выдаў горшы старт у сваёй гісторыі – пасля 13 тураў набраў усяго 16 ачкоў. БАТЭ ідзе на шостым месцы ў табліцы, а бязвыйгрышная серыя ва ўсіх турнірах складае ўжо шэсць паядынкаў запар.

Чаму ж «Нёман» і БАТЭ настолькі па-рознаму пераносяць уплыў «чорнага спісу»? Разбіраемся.

Розныя гульнявыя стылі

Кірыл Альшэўскі прывівае БАТЭ футбол праз кантроль мяча. Ніхто ў лізе больш не валодае мячом больш, чым «жоўта-сінія» – у сярэднім 57,6% гульнявога часу. Яшчэ ні ў адным з 12 матчаў БАТЭ не валодаў мячом менш за суперніка. Для параўнання, мінскае «Дынама», хоць і кантралюе мяч у сярэднім 54,9% часу, у трох з 12 матчаў па гэтым паказчыку саступала – БАТЭ, «Нёману» і «Шахцёру» (хоць і набрала пры гэтым шэсць з дзевяці балаў).

Галоўная прычына няўдач БАТЭ ў тым, што гульня першым нумарам не прыносіць дастатковай колькасці небяспечных момантаў. Многія сапернікі БАТЭ гуляюць блізка да сваіх варот і чакаюць шанцаў у контратацы, аднак у барысаўскім клубе працягваюць гуляць з пазіцыі кантролю мяча, не пераходзяць на больш практычны вертыкальны футбол, у выніку прарвацца праз шчыльную абарону не заўсёды атрымліваецца. У пяці апошніх бязвыйгрышных матчах у вышэйшай лізе «жоўта-сінія» за 90 хвілін рабілі ў сярэднім усяго дзесяць удараў па варотах (чатыры ў створ), а ў нядаўніх паядынках з «Іслаччу» (1:1) і «Славіяй» (1:1) – усяго па пяць удараў. У сярэднім за матч Барысаў набірае па 1,50 чаканага гола (xG), рэальна забіўшы 1,42 мяча за матч. У мінулым сезоне ў БАТЭ было 1,75 xG і 1,7 рэальнага гола на гульню.

Ігар Кавалевіч у «Нёмане» ў большасці матчаў цяперашняга сезона выкарыстоўвае схему 4-4-2. Гэтая расстаноўка лічыцца заточанай на абарону і эфектыўнай у хуткіх атаках. Дзякуючы тром лініям у схеме атрымлiваецца закрываць прастору на ключавых участках поля і на ўсіх пазіцыях выкарыстоўваць дыяганальную падстрахоўку. У адрозненне ад БАТЭ, «Нёман» не ставіць сабе за мэту гуляць першым нумарам. Пры гэтым далёка не ўсе каманды вышэйшай лігі могуць прайсці зладжаныя гродзенскія 4-4-2 і пасля страт нарываюцца на хуткі адказ падапечных Кавалевіча.

У 2023-м «Нёман» валодае мячом 52,3% гульнявога часу. У чатырох матчах з 12 «Нёман» па гэтым паказчыку саступаў саперніку, але пры гэтым стабільна набіраў ачкі – выйграў у брэсцкага «Дынама» (43%, 3:1), «Іслачы» (49%, 3:0) і «Слуцка» (48%, 2:0), распісаў нічыю з «Тарпеда-БелАЗ» (46%, 0:0).

Выдатны прыклад адмовы «Нёмана» ад пазіцыйнага нападу – другі мяч у вароты брэсцкага «Дынама», які адбыўся пасля ўсяго двух перадач наперад.

Добра для гродзенцаў і тое, што ў 2023-м яны ўжо не пакутуюць ад дрэннай рэалізацыі. У мінулым сезоне «Нёман» меў другі паказчык у лізе па чаканых ачках (54,5), але фінішаваў толькі на дзявятым месцы – таму што набраў 52,1 xG, а забіў у рэальнасці ўсяго 39 мячоў. Цяпер карціна зусім іншая: хай xG «Нёмана» крыху ўпаў (1,66 за матч супраць 1,73 у 2022-м), затое моцна вырасла колькасць рэальных галоў (па 1,75 за гульню).

Узровень забаненых футбалістаў

У «Нёмана» і БАТЭ таксама адрозніваецца якасць футбалістаў, якія трапілі пад бан «мінспорту». Людас Румбуціс наўпрост сцвярджаў, што Барысаў пацярпеў больш – і тут цяжка паспрачацца. Кожны з чатырох палявых гульцоў, якіх пазбавіўся БАТЭ, зараз, хутчэй за ўсё, гуляў бы ў стартавым складзе.

Ключавой стала страта Драгуна. Апошнія сезоны паўабаронца адыгрываў найважнейшую ролю ў атакуючых дзеяннях БАТЭ. Станіслава з апорнай зоны перамясцілі крыху вышэй, дзе ён і выконваў дыспетчарскія функцыі, і часта забіваў сам – у сезоне-2022 стаў найлепшым бамбардзірам каманды з 10 галамі. Зараз роля ключавога гульца ў пазіцыйных атаках у Альшэўскага замест Драгуна адведзена Валерыю Грамыку – у 12 матчах у хаўбека 4+1 па «гол+пас», пры гэтым два мячы былі забітыя з пенальці.

Цэнтральны абаронца БАТЭ Сідзі Банэ добра гуляе пры стандартах каля чужых варот і забіў ужо чатыры мячы ў 2023-м, аднак перыядычна дорыць магчымасці забіць сапернікам. Яго памылкі ў матчы супраць мінскага «Дынама» фактычна каштавалі Барысаву паразы. Наяўнасць значна больш дасведчанага Бардачова дакладна б дадала ўпэўненасці абарончым рэдутам «жоўта-сініх».

На флангах абавязкова знайшлося б месца Нячаеву і Бяссмертнаму – у мінулым сезоне абодва стабільна выходзілі ў стартавым складзе Барысава.

У «Нёмане» на пазіцыі Драгуна гуляў Жукоўскі, якому споўнілася ўжо 39 гадоў. Два апошнія сезоны Валерый далёка не заўсёды з'яўляўся з першых хвілін і набраў сціплыя 4+2 за 47 матчаў.

Вінгер Пасевіч у 2022-м выходзіў у аснове ў 22 матчах з 30, але за гэтыя сустрэчы яго 18 разоў замянялі – часцей за ўсіх у камандзе. Да таго ж ён набраў сціплыя 1+3 за ўвесь чэмпіянат. Цяпер на яго пазіцыі Кавалевіч часцей за ўсё выкарыстоўвае Антона Сучкова, які мае 1+1 за 11 матчаў.

Лешка мінулы сезон пачынаў у якасці гульца стартавага складу, але ў сярэдзіне красавіка атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. Цяпер справа ў абароне гродзенцаў гуляе больш вопытны Ігар Карповіч.

Курганскі за 2022-i правёў за «Нёман» усяго тры матчы ў «вышцы». У гэтым сезоне кіпер напэўна заставаўся б зменшчыкам Канстанціна Рудзянка, які выглядае ўпэўнена і штампуе «сухары».

У выніку атрымліваем, што ў бягучым сезоне на стартавы склад у Кавалевіча маглі б рэальна прэтэндаваць Лешка і Пасевіч, аднак далёка не факт, што ў пабудовах трэнера яны мелі б ключавыя ролі. Гэтыя страты непараўнальныя з пазбаўленнем Драгуна і Бардачова для БАТЭ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты