Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У Румыніі думаюць, што Украіна парушыла правілы ФІФА на Еўра U-21 – па такой логіцы АБФФ можа выбіць перамогу над Андорай

У Румыніі думаюць, што Украіна парушыла правілы ФІФА на Еўра U-21 – па такой логіцы АБФФ можа выбіць перамогу над Андорай

Але гэта не дакладна.

Аўтар — bytribuna com
27 чэрвеня, 09:10
У Румыніі думаюць, што Украіна парушыла правілы ФІФА на Еўра U-21 – па такой логіцы АБФФ можа выбіць перамогу над Андорай

У Румыніі і Грузіі працягваецца чэмпіянат Еўропы U-21. У 2011-м на такім беларуская зборная ўзяла бронзу і выйшла на АГ – але зараз ад гэтага вельмі далёка: мінулае скліканне (іх аднагодкі гуляюць на цяперашнім МЧЕ) стала чацвёртым у адборачнай групе, а новае не можа абыграць Андору.

Праблемы і ў адной з гаспадарскіх зборных – Румыніі. Яны прайгралі абодва стартавыя матчы і выбылі з турніру. Першым стала паражэнне ад Іспаніі (0:3). У гэтым матчы не гуляў капітан каманды Уладзімір Скрэчу – і калі журналісты румынскай «Газеты Спартурылор» паспрабавалi даведацца, чаму так, то атрымалi нечаканы адказ.

Аказваецца, румынская федэрацыя футбола прачытала ў артыкуле 1 пункта 4 дадатку 1 Рэгламенту ФІФА пра статус і пераходы гульцоў такую фразу: «Паміж двума матчамі павінен быць прамежак як мінімум у два каляндарныя дні». Скрэчу 19 чэрвеня гуляў за дарослую зборную Румыніі, якая вырвала нічыю 2:2 у Швейцарыі (так, гэта разборкі ў групе з Беларуссю). А матч Румыніі U-21 з іспанцамі быў ужо 21 чэрвеня.

– Мы звярнуліся за тлумачэннямі ва УЕФА. Нас накіравалі ў ФІФА. Там нам пацвердзілі, што ў выпадку, калі гулец выкарыстоўваецца ў панядзелак за першую зборную, ён не зможа быць выкарыстаны ў сераду на Еўра U-21, – паведаміла румынская федэрацыя.

Тут у СМІ вельмі здзівіліся – бо прыклады без чакання паўзы былі ў дзвюх іншых камандах. Зурыко Давіташвілі і Георгій Гачалейшвілі 19 чэрвеня гулялі за дарослую зборную Грузіі з Шатландыяй, а 21 чэрвеня спакойна выйшлі на хатняе поле за «маладзёжку», якой дапамаглі абыграць партугальцаў. А Анатоль Трубін і Георгій Судакоў аналагічна згулялі за ўкраінскія каманды: 19 чэрвеня – за першую зборную з Мальтай, 21 чэрвеня – за маладзёжную з харватамі.

Другі прыклад узрушыў румынскіх журналістаў больш – бо ўкраінцы на Еўра U-21 абыгралі (1:0) румынаў у іх другім матчы групы. Даць украінскай «маладзёжцы» «тэхнар» у першай гульні – і да румынскай вяртаюцца шанцы на плэй-оф. Праўда, румынская федэрацыя заявіла, што «не можа каментаваць, як іншыя каманды выконваюць правілы». А вось «Газета Спартурылор» накіравала ў ФІФА і УЕФА афіцыйныя запыты з падазрэннямі ва ўкраінскі адрас (некаторыя крыніцы недакладна пераклалi і абвінавацілі ў скаргах саму румынскую федэрацыю, але ў арыгiнале такога не было).

Калі раптам ФІФА прызнае, што ўкраінцы няправыя, то тэму можа падхапіць АБФФ. Бо калі беларуская «маладзёжка» у свежым матчы не змагла абыграць андорцаў (1:1), за іх забіў Альберт Росас, для якога матч быў увогуле другім за суткі – напярэдадні ён гуляў за дарослую зборную сваёй краіны ў матчы з Ізраілем.

Але наўрад ці гэта скончыцца поспехам. Галоўны трэнер Украіны U-21 Руслан Ротань яшчэ пасля першага матчу Еўра адказваў на пытанне наконт удзелу ў ім Трубіна і Судакова: «Мы адправілі ліст ва УЕФА з гэтай нагоды, і нам адказалі, што на гэты конт трэба мець зносіны з клубамі. Звярнуліся, пагутарылі з гульцамі, лекарамі. Прааналізавалі ўсё і зрабілі так, як палічылі патрэбным».

А ў той частцы дакумента ФІФА, які згадвала румынская федэрацыя, апісваюцца міжнародныя вокны для дарослых зборных – і гаворыцца, што паўза ў два дні паміж матчамі павінна быць у кожнай канкрэтнай зборнай. Украіна і Украіна U-21 – гэта дзве розныя каманды, што справядліва ў выпадку з кожнай краінай. Ну а пра футбалістаў у згаданым румынамі артыкуле наогул нічога не напiсана – падобна, гуляць два матчы за суткі ці двое было для іх свабодным выбарам.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты