Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як клубы ў Беларусі ставяцца да сваіх легенд: «Нёман» прыбраў Кавалёнка за палітыку, у мінскім і брэсцкім «Дынама» амаль нікога, як і ў БАТЭ

Як клубы ў Беларусі ставяцца да сваіх легенд: «Нёман» прыбраў Кавалёнка за палітыку, у мінскім і брэсцкім «Дынама» амаль нікога, як і ў БАТЭ

Але Гродна ўсё роўна вылучаецца.

Аўтар — Tribuna.com
7 ліпеня, 12:24
2
Як клубы ў Беларусі ставяцца да сваіх легенд: «Нёман» прыбраў Кавалёнка за палітыку, у мінскім і брэсцкім «Дынама» амаль нікога, як і ў БАТЭ

На гэтым тыдні стала вядома, што «Нёман» растаецца з легендай гродзенскага футбола Дзмітрыем Кавалёнкам. Экс-форвард, які зʼяўляецца рэкардсменам клуба па колькасці матчаў (330) і займае другое другое месца па колькасці галоў (80), апошнія некалькі сезонаў займаў пасаду спартыўнага дырэктара. Ягоны сыход звязаны з затрыманнем сілавікамі Лукашэнкі ў канцы чэрвеня. Функцыянера звінавацілі ва ўдзеле ў мірных пратэстах і распаўсюджванні матэрыялаў з крыніц, непажаданых рэжыму.

Абставіны, пры якіх «Нёман» развітаўся са знакавай фігурай, вельмі сумнеўныя. А як да сваіх легенд ставяцца іншыя клубы чэмпіянату Беларусі? Давайце паглядзім.

БАТЭ

Дзмітрый Ліхтаровіч – галоўная легенда БАТЭ. У клубе з 2002 года: 14 гадоў правёў як гулец і ўжо восьмы год працуе трэнерам. Найбольшая колькасць гульняў за барысаўцаў (427), найбольшая колькасць гульняў у ролі капітана (237), 11 чэмпіёнскіх тытулаў – майка ўраджэнца Магілёва пад дахам «Барысаў-Арэны» не выклікае ніякіх пытанняў. Ліхтаровіч пакуль выконвае асістэнцкія функцыі – то ў дублі, то, як зараз, у аснове.

А вось яшчэ два экс-футбалісты, якіх можна прылічыць да клубных легенд, надоўга ў БАТЭ не затрымаліся. Віталь Радзівонаў, які выйграў з камандай 12 чэмпіёнскіх тытулаў (412 матчаў за каманду), ледзь павесіўшы буцы на цвік, заняў у Барысаве пасаду спартыўнага дырэктара. Заснавальнік і шматгадовы кіраўнік клуба Анатоль Капскі бачыў у гульцы па мянушцы Прафесар свайго пераемніка, але, здаецца, інтуіцыя яго падвяла. У БАТЭ Радзівонаў прапрацаваў крыху больш за год, у асноўным, ведучы з гульцамі перагаворы аб прадаўжэнні кантрактаў. Стаміўшыся ад гэтай працы, ён пакінуў БАТЭ ў красавіку 2019-га, а праз пару месяцаў стаў начальнікам каманды «Энергетыка-БДУ». Але тамака прапрацаваў яшчэ менш. Па апошняй інфармацыі, Радзівонаў займаецца бізнесам у сферы лагістыкі, а таксама называецца ў спісе тых, хто можа згуляць за беларускую каманду ў расійскай аматарскай медыяалізе.

Экс-паўабаронца БАТЭ Аляксандр Валадзько (10 сезонаў і 333 матчы) абʼявіў пра завяршэнне гульнявой карʼеры перад сезонам-2021 і адразу ўвайшоў у трэнерскі штаб Віталя Жукоўскага. Калі той звольніўся, Валадзько адправіўся ў дубль, дзе адпрацаваў асістэнтам год, пасля чаго пакінуў Барысаў і даў жорсткае інтэрвʼю з крытыкай на адрас Андрэя Капскага. Цяпер Валадзько працуе ў брэсцкім «Дынама», дзе зʼяўляецца памочнікам яшчэ аднаго знакавага экс-барысаўчаніна Аляксандра Юрэвіча.

«Дынама» Мінск

Сяргей Гоцманаў, Віталь Валадзянкоў, Андрэй Зыгмантовіч, Віктар Сокал, Сяргей Бароўскі, Сяргей Алейнікаў, Георгій Кандрацьеў – усе яны аддалі клубу шмат гадоў, кожны правёў у дынамаўскай футболцы больш за 250 матчаў, але ніхто з іх не працуе на сёння ў клубе, хоць у некаторых спробы былі. За выключэннем аднаго так ці інакш яны засталіся ў футболе. А выключэнне – Віталь Валадзянкоў, мабыць, самы харызматычны з усёй гэтай кампаніі. Яго вясёлыя выхадкі ў бытнасць гульцом людзі ўспамінаюць да гэтага часу. Не раз заўзятары на розных пляцоўках казалі пра тое, што Валадзянкаў мог бы быць душою дынамаўскага калектыву, але Юрыю Чыжу ён быў не вельмі даспадобы, а зараз, здаецца, вяртацца позна.

Не ўсё добра са здароўем і ў Гоцманава, які заканчваў карʼеру ў ЗША і там жа застаўся на ПМЖ.

З тых, каго можна аднесці да легенд «Дынама», зараз у клубе працуе Ігар Гурыновіч (227 матчаў, 60 галоў), які адказвае за селекцыю.

«Шахцёр»

Не вельмі шмат легенд пры справе і ў Салігорску. Аляксандр Юрэвіч (350 матчаў за «Шахцёр») і Сяргей Нікіфарэнка (356) трэніруюць у Брэсце, а Андрэй Лявончык (442) з красавіка мінулага зʼяўляецца намеснікам дырэктара ў дзяржынскім «Арсенале». Усім траім пасля завяршэння карʼеры далі паспрабаваць сябе ў «Шахцёры»: Юрэвіч і Нікіфарэнка трэніравалі ў дублі і аснове, Лявончык з 2017-га па 2020-ы быў дырэктарам клуба.

А сёння пасаду дырэктара (пакуль з прыстаўкай в.а.) займае яшчэ адна легенда клуба Аляксандр Новік, які правёў усю карʼеру ў Салігорску (272 гульні). Ён доўгі час быў адміністратарам каманды, але пасля затрымання папярэдняга дырэктара Аляксандра Марчанкі перайшоў у кіраўнікі.

У Салігорску працягвае працаваць Мікалай Януш (231 матч за клуб), але не ў «Шахцёры», а ў «Партызане» з Д3.

«Нёман»

Нават нягледзячы на звальненне Кавалёнка ў «Нёмане» працуе вялікая колькасць людзей, якіх можна назваць легендамі клуба. Дырэктарам СДзЮШАР «Нёман» зʼяўляецца Сяргей Саладоўнікаў – найлепшы бамбардзір клуба з улікам матчаў чэмпіянатаў СССР (153 галы ў 423 матчах). Агулам ён правёў 16 гадоў у камандзе як гулец і 13 гадоў як галоўны трэнер. З 2019 года займае цяперашнюю пасаду.

У трэнерскі штаб Кавалевіча ўваходзяць Віталь Надзіеўскі (249 матчаў за «Нёман»), Алег Кірэня (152) і Аляксандр Суліма (150). Акрамя таго, у дублі працуе Віталь Тарашчык (202), а каманду U-17 узначальвае Артур Крыванос (252).

Месца ж Кавалёнка цалкам можа заняць, да прыкладу, яшчэ адна легенда Гродна Дзмітрый Раўнейка (301 матч) – ён не выклікае палітычных пытанняў у лукашыстаў, а нядаўна якраз застаўся без працы.

«Гомель»

У сёлетнім «Гомелі» таксама знайшлося месца некаторым вядомым футбалістам мінулых гадоў. Адзін з найлепшых гульцоў у гісторыі клуба Андрэй Юсіпец (322 матчы за «рысяў») сёння щзначальвае дубль. У структуры «Гомеля» як трэнер ён працуе бесперапынна з 2004-га і на працягу аднаго года (са жніўня 2008-га па жнівень 2009-га) нават узначальваў першую каманду.

Спартыўны дырэктар – Віктар Барэль (214). З «Гомелем» ён браў бронзу-1999, а таксама двойчы дапамагаў заваёўваць Кубак. Пасаду дырэктара з сакавіка 2020-га займае былы абаронца калектыву, за які правёў 222 матчы, Васіль Драздоў.

«Нафтан»

Валерый Стрыпейкіс аддаў Наваполацку восем гадоў як футбаліст, за якія правёў 215 матчаў і забіў 84 мячы. Несумненна, гэта знакавая фігура для клуба. Пасля завяршэння гульнявой карʼеры ў 2011-м Стрыпейкіс адразу прыступіў да працы ў структуры «Нафтана» як трэнер – і з таго часу толькі з сакавіка 2017-га па чэрвень 2019-га пакідаў калектыў, калі дапамагаў Ігару Крывушэнку ў нацыянальнай зборнай.

У «Нафтане» Стрыпейкіс працаваў і галоўным у дублі, і галоўным у аснове, і асістэнтам. Апошнія паўтара сезона дапамагае: летась – Вячаславу Герашчанку, сёлета – Юрыю Пунтусу і Альберту Рыбаку.

«Дняпро»

Яўген Капаў – проста глыба для магілёўскага футбола. Экс-абаронца зʼяўляецца рэкардсменам «вышкі» па часе ў адной камандзе. Усю карʼеру (а яна не была хуткаплыннай, з 1995-га па 2012-ы) ураджэнец Магілёва адгуляў у «Дняпры». За 18 сезонаў правёў 486 матчаў, у тым ліку дапамог камандзе ўзяць гістарычнае золата ЧБ-1998.

Сёння Капаў трэніруе, і таксама выключна ў «Дняпры». Ужо двойчы ўзначальваў каманду, праўда, на кароткі час пасля звальнення трэнераў, якім дапамагаў. У гэтым сезоне Капаў асістуе Вячаславу Герашчанку ў Д2.

«Славія»

У Мазыры цяжка кагосьці назваць легендай, але Аляксандр Кліменка адгуляў за каманду шэсць сезонаў. Пасада для бамбардзіра знайшлася толькі ў дзіцячай школе. дзе ён працуе з калектывам 2014 года нараджэння.

Пры гэтым паралельна форвард працягвае гуляць за калінкавіцкую «Вертыкаль» у Д3. У двух матчах гэтага сезона на яго рахунку адзін забіты мяч.

«Віцебск»

Знаходзіць працу людзям, якія шмат гадоў аддалі клубу, і «Віцебск». Да прыкладу, трэці па гульнявым часе за каманду Васіль Дзятлаў (247 матчаў) узначальвае жаночы праект «паўночнікаў». Андрэй Баранок (245) – намеснік дырэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай частцы ДзЮСШ. А ў трэнерскі склад першай каманды ўваходзяць экс-галкіпер Юрый Васюцін (215) і Арцём Косак (203).

А вось, мабыць, галоўная віцебская легенда Сяргей Вехцеў у клубе з 2021-га не працуе: былы нападаючы (205 матчаў, 61 мяч) адправіўся на заробкі ў расійскі мінор.

Доўгі час узначальваў клуб і Юры Канаплёў, які як футбаліст правёў 210 гульняў у бела-сіняй футболцы, - сёння ён працуе ў структуры «Уфы» з моладзевымі камандамі.

«Дынама» Брэст

Галоўнай легендзе «Дынама» Раману Васілюку месца ў клубе не знайшлося, хоць ён правёў там 13 сезонаў як гулец (271 матч) і да гэтага часу зʼяўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі каманды (103 галы). Пасля развалу «Руху», дзе ён працаваў спартыўным дырэктарам, былы нападаючы не заняты ў белфутболе.

У сезоне-2023 быў звольнены трэнерскі штаб брастаўчан, у які ўваходзілі два вядомыя гульцы клуба з мінулага: Дзмітрый Мазалеўскі (264 гульні) і Андрэй Пракапюк (223). Таксама ў сакавіку «Дынама» пакінуў Сяргей Кавальчук пасля 27 гадоў у клубе як гулец, трэнер і функцыянер.

«Белшына»

У Бабруйску мясцовыя легенды пры справе. Рэкардсмен «Белшыны» па колькасці матчаў за ўсю гісторыю Эдуард Градабоеў (287) з 2008-га працуе ў структуры клуба трэнерам: паспеў пабыць і асістэнтам, і галоўным – сёння узначальвае дубль.

Ігар Хрыпач (191 гульня) з лета 2020-га працуе на пасадзе асістэнта галоўнага трэнера ў першай камандзе.

«Тарпеда-БелАЗ»

У Жодзіне легендамі можна назваць хіба што двух дзейных футбалістаў. Першы і сёння фармальна знаходзіцца ў клубе – праўда, Андрэй Хачатуран, які выступае за «Тарпеда-БелАЗ» з ліпеня 2016-га (166 матчаў), патрапіў у «чорны спіс» псеўдаміністэрства спорту і таму ў гэтым сезоне яшчэ ні разу не аказваўся ў заяўцы. аўтазаводцаў.

Галкіпер Уладзімір Бушма правёў у клубе 14 сезонаў, але раптам стаў не патрэбным проста пасярод мінулага сезону, хоць пачынаў яго ў статусе не толькі асноўнага варатара, але і капітана.

Клуб развітаўся з легендай сухім пастом у сацсетках, затое заўзятары зладзілі прыгожы развітальны матч. Цяпер дасведчаны футбаліст выступае за «Крумкачы» ў Д3.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты