Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Каманда Д2 не забіла тры пенальці за матч – фігурант «чорнага спісу» і экс-гулец зборнай прайгралі 19-гадоваму кіперу

Каманда Д2 не забіла тры пенальці за матч – фігурант «чорнага спісу» і экс-гулец зборнай прайгралі 19-гадоваму кіперу

Топ-сэйвы.

Аўтар — bytribuna com
16 ліпеня, 21:00
Каманда Д2 не забіла тры пенальці за матч – фігурант «чорнага спісу» і экс-гулец зборнай прайгралі 19-гадоваму кіперу

Вышэйшая ліга пайшла на двухтыднёвую паўзу на еўракубкі, а вось матчы ў «міноры» працягваюцца. 16 ліпеня ў Д2 быў згуляны цэнтральны паядынак 15-га тура: гомельскі «Лакаматыў» з другога радка ў турнірнай табліцы прымаў амбіцыйны віцебскі «Макслайн». Праўда, каманда Юрыя Пунтуса ўжо да восьмай хвіліны «гарэла» 0:3 – два мячы аформіў Аляксандр Янчанка, яшчэ адзін дадаў Аляксандр Буцько. А на 24-й Іван Ціханаў яшчэ мацней павялічыў перавагу гаспадароў.

Адзін мяч «Макслайн» адквітаў хутка: на 32-й хвіліне забіў Іван Грудзько. Асіст яму аформіў Валерый Жукоўскі – фігурант «чорнага спісу», якога так і не ўдалося вярнуць у склад «Нёману» («Макслайн» як прыватны клуб не слухае «ўказаннi» «мінспорту» з гэтай нагоды). А на 35-й хвіліне арбітр сустрэчы Ілля Ляшук за фол супраць таго ж Грудзько прызначыў пенальці ў вароты «Лакаматыва». Да «кропкі» падышоў найлепшы бамбардзір «Макслайна» Ягор Карцоў – і не патрапіў у створ (адзнака 3:49).

А далей настаў час бенефісу 19-гадовага кіпера гамяльчан Івана Навічкова. На 42-й хвіліне Ляшук зафіксаваў парушэнне ў штрафной плошчы гаспадароў супраць Карцова – другi пенальці для «Макслайна». Да 11-метровай адзнакі падышоў вопытны Жукоўскі, добра прабіў у кут – але Навічкоў адгадаў напрамак палёту мяча і ў прыгожым скачку адбіў удар (адзнака 4:12).

На 57-й хвіліне Ляшук у трэці раз зафіксаваў парушэнне правілаў у штрафной «Лакаматыва» – гульню рукой абаронцы гамяльчан Арцёма Чудука. Гэты пенальці біў экс-гулец зборнай Беларусі Сяргей Балановіч. У адрозненне ад Жукоўскага, ён накіраваў мяч у правы ад сябе кут, і таксама не сказаць, што прабіў дрэнна. Але Навічкоў і тут прачытаў сітуацыю і дастаў мяч ля самай штангі (адзнака 4:58).

У выніку «Лакаматыў» разграміў сапернікаў 4:1. Дзякуючы геройствам брамніка (ён жа і пры ўдары Карцова перакрываў патрэбны кут!) гамяльчане працягваюць пагоню за «Арсеналам», адстаючы ад лідараў усяго на адзін бал. А вось «Макслайн» зараз адстае ад «Лакаматыва» ужо на 13 ачкоў – ад трэцяга месца з правам згуляць у стыках за «вышку» віцебскую каманду аддзяляе 9 балаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты