Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Менеджары залатога брэсцкага «Дынама» – дзе яны сёння? Збіралі аншлагі, прывозілі Марадону, радавалі прыгажосцю, варушылі белфутбол

Менеджары залатога брэсцкага «Дынама» – дзе яны сёння? Збіралі аншлагі, прывозілі Марадону, радавалі прыгажосцю, варушылі белфутбол

Раскіданыя па свеце.

Аўтар — bytribuna com
11 жніўня, 15:49
4
Менеджары залатога брэсцкага «Дынама» – дзе яны сёння? Збіралі аншлагі, прывозілі Марадону, радавалі прыгажосцю, варушылі белфутбол

Залатая эпоха брэсцкага «Дынама» была непрацяглай, але максімальна насычанай. У 2019-м клуб стаў чэмпіёнам Беларусі, з 2018-га па 2020-ы валодаў Суперкубкам краіны і на гэтым жа адрэзку двойчы ўзяў Кубак, у дадатак прайграўшы адзін фінал.

Той праект лукашэнкаўскага алігарха Аляксандра Зайцава запомніўся не толькі магутным падборам футбалістаў, але і нетыпова моцнай камандай менеджараў. Яны адказвалі і за аншлагі на стадыёне «Брэсцкі», і за шуміху вакол клуба, і за развіццё дзіцяча-юнацкага футбола. Галоўная прыгажуня Беларусі, замежнікі з Іспаніі, Шатландыі і Літвы, маладыя кіраўнікі з не самым футбольным бэкграўндам – расказваем, дзе ўсе гэтыя людзі сёння.

Максім Краснабаеў, 38 гадоў

Пасада ў «Дынама-Брэст»: камерцыйны дырэктар, генеральны дырэктар

Чым запомніўся ў «Дынама». Зʼявіўся ў Брэсце дзякуючы даўнім сувязям з Зайцавым. Магілёвец да прыходу ў белфутбол атрымаў медычную адукацыю, працаваў галоўным лекарам у Касцюковіцкім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Завочна скончыў Акадэмію кіравання ў Мінску і пасля гэтага перабраўся ў ААЭ, дзе якраз і пазнаёміўся з Зайцавым.

У 2016-м лукашэнкаўскі алігарх прызначыў Краснабаева камерцыйным дырэктарам «Дынама». Клуб пачаў стабільна збіраць аншлагі на дамашніх матчах. Менеджар дамогся, каб спонсарскія кантракты пакрывалі пятую частку гадавога бюджэту. Адным з тытульных спонсараў стала кампанія Audi. У 2019-м Краснабаеў пайшоў на павышэнне і заняў пасаду генеральнага дырэктара. Каманда ў той год упершыню выйграла чэмпіянат Беларусі. Паралельна Краснабаеў працягваў вучыцца: у Расіі скончыў праграму «Менеджмент у гульнявых відах спорту» ў RMA Business school і праграму «Спартыўны менеджмент» ВШЭ / FIFA / СIES.

Што пасля «Дынама». У сакавіку-2020 Краснабаеў нечакана для многіх пакінуў футбольны праект, пры гэтым абышоўся без канфліктаў: на развітанне падзякаваў Зайцаву за шанец у футболе, абмовіўшыся, што наперадзе «новыя спартыўныя праекты і вяршыні».

Аднак на некаторы час Краснабаеў ад спорту адышоў. Паводле некаторых звестак, у кавідныя часы, якія накрылі Беларусь у 2020-м, менеджар займаўся пастаўкай ахоўных касцюмаў ад каранавіруса. Цікава, што ў траўні таго ж года Краснабаеў хваліў Лукашэнку, які адмаўляў наяўнасць кавіду ў Беларусі, за метады кіравання.

У публічным полі экс-дынамавец абʼявіўся ў пачатку студзеня-2022. Тады стала вядома, што ён прызначаны выканаўчым дырэктарам ФК «Красава», які заснаваў, а затым і перавёз з Расіі на Кіпр блогер Яўген Савін – паслядоўны праціўнік вайны ва Украіне.

Сам Краснабаеў у сацыяльных сетках на пачатку вайны таксама выказваў падтрымку ўкраінцам і спадзяваўся, што «зусім хутка мы ўбачым тую самую мірную БЕЛАРУСЬ. Без ракет, што пралятаюць над галавой, і з сябрамі-суседзямі».

Супраца з «Красавай» аказалася хуткаплынным. У ліпені 2022-га менеджар пакінуў пасаду.

Чым сёння займаецца Краснабаеў, загадка. Не ведаюць гэтага і людзі, з якімі ён працаваў у свой час у «Дынама». На прамыя пытанні пра сённяшняе жыццё менеджар адказваць не хоча. Адзінае, мяркуючы па сацсетках, шмат часу ён праводзіць з сямʼёй у Мінску.

Віктар Радзькоў, 42 гады

Пасада ў «Дынама-Брэст»: дырэктар па развіццю

Чым запомніўся ў «Дынама». Да Брэста журналіст па адукацыі паспеў папрацаваць у Вялікабрытаніі (і ў медыя, і прыбіральшчыкам туалетаў у гатэлі, і чалавекам, які адказваў за падачу напояў у бары фанатаў «Вест Хема»), а на Радзіме ўдзельнічаў у запуску часопісу «Большой», ненадоўга заскочыў у «Крумкачы» на пазіцыю камерцыйнага дырэктара (растлумачыў сыход фразай «калі няма грошай – няма кахання») і быў часткай каманды на краўдфандынгавай платформе «Вулей», якую запускаў сын Віктара Бабарыка Эдуард (як і бацька, сёння зʼяўляецца палітвязнем па надуманых прычынах, «асужданы» да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму).

У чэрвені 2016-га Радзькоў стаў часткай футбольнага праекту Зайцава, атрымаўшы пасаду дырэктара па развіцці. Радзькоў адказваў практычна за ўсе PR-акцыі брэстаўчан (да зʼяўлення знакамітага звароту Аляксандра Дзямешкі да Эрыка Кантоны таксама прыклаў руку). Шмат у чым намаганнямі Радзькова ў «Дынама» зʼявіўся гімн і найлепшая фан-зона ў краіне. Культавы англійскі пісьменнік Дугі Брымсан прыехаў у Беларусь дзякуючы кантактам менеджара. Удзельнічаў у арганізацыі прыезду ў Брэст Дыега Марадоны, прадстаўляў «Дынама» на міжнароднай футбольнай выставе ў Кітаі ў 2018-м, займаўся прыцягненнем спонсараў.

Радзькоў быў адным з самых яркіх кіраўнікоў таго «Дынама»: адзначаўся вострымі каментарамі, быў адным з галоўных спікераў па «справе Савіцкага», называў «хітрым жуком» боса «Нёмана» Івана Варсовіча, выступаў супраць АБФФ, прасоўваў ідэю скарачэння колькасці ўдзельнікаў «вышкі» да 10.

Што пасля «Дынама». У студзені 2020-га Радзькоў пакінуў «Дынама». Як распавядаў Краснабаеў, «Віця спачатку перамясціўся ў структуры холдынгу Аляксандра Зайцава ў іншую кампанію і больш адказваў за кібернапрамак і віртуальную рэальнасць». Неўзабаве Радзькоў абʼявіўся ў «Руху», дзе таксама адказваў за каляматчавы рушняк.

Але ад верасня 2021-га ён далёкі ад сапраўднага футбола, затое звязаны з віртуальным. Ужо амаль два гады Радзькоў працуе менеджарам у кампаніі Strikerz Inc. Як гаворыцца на сайце кампаніі, гэта «калектыў распрацоўшчыкаў відэагульняў і міжнародны гульнявы брэнд, што быў запушчаны ў 2016 годзе жменькай людзей, якія займаюцца анлайн-футболам».

Уладзімір Мачульскі, 34 гады

Пасада ў «Дынама-Брэст»: перакладчык, генеральны сакратар

Чым запомніўся ў «Дынама». У Брэст быў запрошаны ў 2017 годзе перакладчыкам іспанскай і англійскай моў. Вось як ён апісваў свае абавязкі:

- Сустрэчы і суправаджэнне віп-гасцей, удзел у розных лёсаваннях, арганізацыя міжнародных мерапрыемстваў, дзіцячых турніраў, рассяленне гасцей, вырашэнне пытанняў па зборах асноўнай каманды. А яшчэ доўгі час знаходзіўся на лаўцы запасных «Дынама», дапамагаў Лічку ў камунікацыі з гульцамі. Увогуле, шмат усяго [рабіў], прычым не заўсёды адно з адным звязанае, – казаў Мачульскі.

У 2018 годзе менеджар быў перакладчыкам Марадоны. Планавалася, што аргентынец праз некаторы час вернецца ў клуб, а Мачульскі стане яго памочнікам. Тады ж у «Дынама» была створаная пасада генеральнага сакратара, якую заняў Мачульскі. Марадона не вярнуўся, але беларус застаўся генсакам. Пасля сыходу з ФК прэс-сакратара Вольгі Хіжынкавай у сакавіку 2020-га таксама адказваў за ўзаемадзеянне са СМІ.

Што пасля «Дынама». Афіцыйна Мачульскі пакінуў клуб 1 траўня 2020 году, пры гэтым цалкам са спорту не сышоў. Як перакладчык і арганізатар суправаджаў каманды на Кубку Канфедэрацый-2017 і чэмпіянаце свету-2018. Аказаўся запатрабаваны і на ЧС-2022. У Катары Мачульскі быў менеджарам па суправаджэнні зборнай Мексікі.

У 2021-м Мачульскі працаваў у аргкамітэце чэмпіянату свету па пляжным футболе ў Маскве. Цяпер знаходзіцца ў пошуку новых праектаў і прапаноў.

Вольга Хіжынкова, 36 гадоў

Пасада ў «Дынама-Брэст»: прэс-сакратарка

Чым запомнілася ў «Дынама». Адным з першых трансфераў «Дынама», якое ў выніку стала «залатым», было запрашэнне на пасаду прэс-аташэ пераможцы конкурсу «Міс Беларусь-2008». Дзяўчыну, якая ў свой час працавала ў прэс-службах тэлеканала ОНТ і ў «Белкаапсаюзе», у клуб паклікаў дырэктар па развіцці Радзькоў. Хіжынкова, якая да таго зусім не разбіралася ў футболе, адказвала за працу з журналістамі і ладзіла прэс-канферэнцыі «сіне-белых».

- Віця як дасведчаны піяршчык і не хаваў, што адна з прычын майго запрашэння – жаданне стварыць інфармацыйны шум і прыцягнуць цікавасць публікі. Адна з, але не адзіная, – казала Вольга.

Што пасля «Дынама». 1 сакавіка 2020-га пасля трох з паловай гадоў працы Вольга развіталася з «Дынама», але засталася заўзятаркай клуба і нават наведвала матчы калектыву, у тым ліку ў Брэсце. Працавала выкладчыкам у Нацыянальнай школе прыгажосці.

Аднак другая палова 2020-га цалкам перакуліла жыццё Хіжынковай. Дзяўчына выступіла супраць гвалту, які чыніў рэжым Лукашэнкі пасля выбараў, хадзіла на мірныя акцыі пратэсту, за што па выніках некалькіх «судоў» у агулам атрымала 42 сутак арышту. Яшчэ да затрымання была звольненая са школы прыгажосці.

Пасля вызвалення, як і многія гады да таго, займалася валанцёрствам (дапамагала бяздомным коткам і сабакам), а напрыканцы 2021-га вымушана пакінула Беларусь. Спачатку жыла ў Турцыі, а затым перабралася ў Барселону, дзе вядзе максімальна замкнёны лад жыцця. Нават Instagram Хіжынковай замёр. Апошні запіс датаваны 19 лютага 2023 года – тады Вольга прыняла ўдзел у барселонскім марафоне.

Валдас Іванаўскас, 57 гадоў

Пасада ў «Дынама-Брэст»: генеральны менеджар

Чым запомніўся ў «Дынама». Ураджэнец Каўнаса і экс-гулец зборнай СССР далучыўся да брэсцкага «Дынама» 16 жніўня 2017-га, заняўшы пазіцыю генеральнага менеджара. Пасля афіцыйнага прызначэння заяўляў, што будзе адказваць за ўсю спартовую частку клуба: першы склад, дубль і клубную акадэмію.

У Брэсце прабыў нядоўга (да ліпеня 2018-га) і запомніўся мноствам супярэчлівых заяў. Напрыклад, сустрэчу з Сяргеем Крыўцом у адным з рэстаранаў называў выпадковасцю і перасцерагаў ад здагадак, а праз тыдзень футбаліст заключыў з клубам кантракт. Іванаўскас заяўляў пра поўны давер трэнеру Радаславу Латалу, але праз тры дні пасля гэтага коуч быў звольнены.

У канцы траўня 2018-га менеджар лётаў у Абу-Дабі, каб падпісаць кантракт з Марадонай. Але ў выніку аргентынец прыляцеў у Брэст праз паўтара тыдні пасля таго, як літовец быў звольнены.

Што пасля «Дынама». Пасля Беларусі Іванаўскас працаваў трэнерам у польскай камандзе «Заглембе» з гораду Сасновец, са жніўня 2021-га па чэрвень 2022-га трэнаваў нацыянальную зборную Літвы, адкуль быў звольнены датэрмінова за незадавальняльныя вынікі. Усяго пры Іванаўскасе «нацыяналка» правяла 10 матчаў: дзве перамогі (адна – у таварыскім матчы з Сан-Марына), адна нічыя і сем паражэнняў.

Сёння Іванаўскас зʼяўляецца адным з выкладчыкаў на трэнерскіх курсах у Літве.

Давід Дэаграсія, 50 гадоў

Пасада ў «Дынама-Брэст»: галоўны трэнер клубнай акадэміі

Чым запомніўся ў «Дынама». Адкрыўшы футбольную акадэмію ў Брэсце, Зайцаў заяўляў, што для развіцця дзяцей будуць выкарыстоўвацца найлепшыя практыкі з Нідэрландаў, Сербіі, Іспаніі. Для рэалізацыі гэтых планаў у 2017 годзе ў Брэст быў запрошаны іспанец Давід Дэаграсія, які заняў пасаду галоўнага трэнера акадэміі. Спецыяліст з трэнерскай катэгорыяй Pro у свой час займаў пасаду спартыўнага дырэктара федэрацыі футбола Іспаніі, працаваў з камандамі ў Марока і Тайландзе, уваходзіў у трэнерскія штабы «Валенсіі», «Сарагосы» і «Дэпартыва».

У Брэсце Дэаграсія прысутнічаў практычна на ўсіх матчах і трэнаваннях акадэміі, курыраваў работу дзіцячых трэнераў. Таксама быў адным з ініцыятараў фестывалю-адбору ў акадэмію брастаўчан у 2017-м. За час працы Дэаграсіі «Дынама» адкрыла філіялы ў Александрыі і Ашчмянах, а акадэмія ўвайшла ў лік лідараў у беларускім дзіцячым і юнацкім футболе.

Што пасля «Дынама». У канцы 2021-га Дэаграсія Брэст пакінуў, але праз паўгода зноў апынуўся ў беларускім футболе – стаў старэйшым трэнерам ДзЮСШ «Шахцёр» у Салігорску. Як і ў Брэсце, кантраляваў працу трэнераў, нешта папраўляў, уносіў прапановы, прызначаў спецыялістаў у тыя ці іншыя каманды школы.

Супраца з «Шахцёрам» не працягнулася і году. 15 сакавіка 2023-га Дэаграсія быў прадстаўлены як галоўны трэнер маладзёжнай акадэміі «Арэнбурга». Расійскі клуб заключыў са спецыялістам трохгадовы кантракт.

Армічэ Вега Рамас, 41 год

Пасада ў «Дынама-Брэст»: трэнер па фізпадрыхтоўцы ў клубнай акадэміі

Чым запомніўся ў «Дынама». Зʼявіўся ў дынамаўскай акадэміі адначасова з суайчыннікам Дэаграсіяй. За плячыма Армічэ быў досвед працы трэнерам па фізпадрыхтоўцы ў футбольных школах «Хуракан» і «Лас Пальмас» на Радзіме, ва ўніверсітэце Лас Пальмаса, спецыялістам у галіне спартыўнай рэабілітацыі таго ж універсітэта, а таксама трэнерам клуба «Аль-Наср» (Аман).

Што пасля «Дынама». Акадэмію «Дынама» Рамас пакінуў разам з Дэаграсіяй у 2021-м, і ў пачатку 2022-га быў запрошаны ў трэнерскі штаб «Арэнбурга», які тады ўзначальваў знаёмы брэсцкім заўзятарам Марцел Лічка.

22 чэрвеня 2023 года чэх пакінуў «Арэнбург», але Рамас у камандзе застаўся. І сёння дапамагае рыхтаваць да матчаў гульцоў чэху Іржы Ярошыку.

Пітэр Лёвэн, 39 гадоў

Пасада ў «Дынама-Брэст»: памочнік галоўнага трэнера

Чым запомніўся ў «Дынама». Шатландзец пераехаў у Брэст у красавіку 2018 года і пачаў працаваць у клубнай акадэміі з камандамі старэйшых узростаў, а таксама з дублюючым складам. Праз паўгода ўвайшоў у трэнерскі штаб Лічкі, калі той прыняў першую каманду. У красавіку 2019-га Лёвэн скончыў навучанне ў Шатландыі і атрымаў трэнерскую ліцэнзію Pro, але сыходзіць з «Дынама» не стаў, а разам з чэхам прывёў каманду да першага ў гісторыі чэмпіёнства.

Але калі Лічка сышоў у канцы 2019-га, то Лёвэн дапрацаваў да 18 сакавіка 2020-га і пакінуў ФК па заканчэнні тэрміну кантракту.

Што пасля «Дынама». Амаль год шатландзец заставаўся без працы, пакуль яго зноў да сябе ў памочнікі не паклікаў Лічка – на гэты раз у «Арэнбург». Але там Лёвэн прапрацаваў са студзеня 2021-га па чэрвень 2022-га, хоць кіраўніцтва клуба было настроена працягнуць супрацу. Проста фінансавыя ўмовы па новым кантракце шатландца не задаволілі, і ён пакінуў «Арэнбург».

Творчы адпачынак працягваўся год. 29 чэрвеня Лёвэн увайшоў у трэнерскі штаб «Абердзіна» з шатландскай прэмʼер-лігі.

Фота: dynamo-brest.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты