Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У «Нафтана» – чэмпіён з Кабула, шмат дзе – былыя гульцы, у БАТЭ – Аляксандр Рыгоравіч. Хто за начальнікаў у камандах ЧБ

У «Нафтана» – чэмпіён з Кабула, шмат дзе – былыя гульцы, у БАТЭ – Аляксандр Рыгоравіч. Хто за начальнікаў у камандах ЧБ

У мінскага «Дынама» таксама цікава.

Аўтар — bytribuna com
23 жніўня, 13:00
У «Нафтана» – чэмпіён з Кабула, шмат дзе – былыя гульцы, у БАТЭ – Аляксандр Рыгоравіч. Хто за начальнікаў у камандах ЧБ

Начальнік каманды – пасада ў футбольных клубах не публічная, але вельмі важная. Людзі, якія яе займаюць, вырашаюць шмат усяго – арганізацыя матчаў, заяўка гульцоў, візы, пераезды і іншае. Расказваем пра некаторых з тых, хто адмініструе беларускія клубы.

Аляксандр Свірскі, БАТЭ

56-гадовы Свірскі начальнікам барысаўскага клуба працуе з 2008 года. Ён заспеў і першую ў гісторыю белфутбола групу ЛЧ, і перамогі над «Баварыяй», «Арсеналам» і «Ромай», і працуе ў цяперашнім БАТЭ, які сваімі вынікамі ўжо пяты год не асабліва радуе.

Анатоль Капскі пры жыцці характарызаваў Свірскага як прафесіянала, «якому няма роўных у сваёй справе»: «У Рыгоравіча найвышэйшая кваліфікацыя – усе арганізацыйныя пытанні ён вырашае проста бліскуча! І, дарэчы, калі нават нашым трэнерам трэба даць нейкую параду з пункту гледжання жыццёвага досведу – гэта ўсё да яго».

Да БАТЭ Свірскі 20 гадоў адпрацаваў у органах унутраных спраў Лукашэнкі, перад гэтым скончыўшы Акадэмію МУС.

Дзмітрый Барысейка, «Нёман»

Барысейка – выхаванец гродзенскага футбола, амаль усю карʼеру правёў у мясцовым топ-клубе: у складзе «Нёмана» ў яго 178 матчаў (16 галоў) і срэбныя медалі ЧБ-2002.

Завяршыўшы карʼеру, Барысейка ўвайшоў у трэнерскі штаб дублюючага складу гродзенцаў, а з 2008 года і да гэтага часу спецыяліст займае пасаду начальніка каманды. У канцы 2020 года падпісаў ліст у падтрымку дыктатуры.

Аляксей Калітнік, «Дынама» Мінск

Ужо больш за 20 гадоў працуе ў клубе. У пачатку 2010-х нават узнімаўся на пазіцыю спартыўнага дырэктара, але куды большую частку часу прабыў начальнікам дынамаўскай каманды. Гэтым жа займаецца і сёння.

У студзені 2021-га адбылася, бадай, самая гучная публічная гісторыя з удзелам Калітніка. Ён запісаўся ў роліку, дзе ад імя «Дынама» дзякаваў рэжымным сілавікам – супрацоўнікам аддзелу грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага РУУС Лукашэнкі па Мінску. Таксама ў відэа паўдзельнічалі футбалісты Душан Бакіч і Жан-Марэль По. Другі нават сказаў, што будзе рады бачыць носьбітаў формы на стадыёне. Па інфармацыі журналіста Мікалая Іванова, удзячную рэакцыю выклікала тое, што супрацоўнікі аддзелу вельмі аператыўна дапамаглі дынамаўскім легіянерам з дакументамі, каб тыя маглі паехаць на збор у Сочы. Запіс зʼявіўся неўзабаве пасля затрымання дынамаўскага прэс-сакратара Аляксандра Строка каля стадыёна «Дынама» у той момант, калі ён здымаў відэа з удзелам Антона Пуцілы – лукашыстам гэта падалося падазроным.

Гэты ролік выдалены з YouTube-канала «Дынама», але застаецца ў сацсетках сілавікоў.

У астатнім жа 44-гадовы Калітнік вядзе непублічны лад жыцця, і пра ягоную біяграфію нічога не вядома.

Анатоль Цыбін, «Нафтан»

Важкая фігура ў наваполацкім футболе, хаця таксама аддае перавагу знаходзіцца ў цені. У пачатку 2000-х нават лічыўся прэзідэнтам клуба, але ўжо даўно займае фармальную пасаду начальніка каманды, хаця мае куды шырэйшыя паўнамоцтвы. Цыбін вырашаў пытанні з АБФФ па заяўцы гульцоў у цяжкія часы, ён жа даваў справаздачу перад гарадскімі ўладамі, калі яго начальнік-калега Леанід Падліпскі памёр восенню 2020-га. Менавіта Цыбіна, а не сябе, Падліпскі збіраўся дэлегаваць у камісію па стварэнні ў Беларусі прафесійнай футбольнай лігі.

У савецкія часы Цыбін гуляў за заводскую каманду «Нафтана», але не толькі за яе. У біяграфіі функцыянера ёсць і чэмпіёнства ў спартакіядзе работнікаў савецкага пасольства ў Кабуле (як ён там аказаўся – для нас загадка). Пра тыя часы вядома, што на адзін з матчаў Цыбін дабіраўся на БТР. Сёння начальніку каманды 68, а ў структуры клуба ён працуе з 1990-га.

Мікалай Барсукоў, «Іслач»

40-гадовы Барсукоў за карʼеру футбаліста змяніў мноства клубаў: мінскае «Дынама», «Нафтан», «Белшына», «Смаргонь», «Тарпеда-БелАЗ», «Гомель», «Ведрыч-97», польскія «Алімпія» і ЛКС, а таксама «Іслач», дзе ён у 2015-м выйграў першынство першай лігі, адразу пасля чаго павесіў буцы на цвік.

Якраз у структуры гэтага клуба Барсукоў і застаўся. Займае пасаду начальніка каманды ўжо восьмы год.

Аляксей Пігулеўскі, «Энергетык-БДУ»

Ужо даўно пасаду начальніка «Энергетыка-БДУ» займае 28-гадовы ўнук шматгадовага кіраўніка клуба Уладзіміра Пігулеўскага Аляксей. Пігулеўскі-дзед узначальваў клуб з 1989 года і да сваёй смерці ў снежні 2020-га.

Аляксей на непрацяглы час пераводзіўся на аналагічную пасаду ў жаночую «Зорку-БДУ» у 2019-м, калі ў галоўную каманду прыйшоў Віталь Радзівонаў, але надоўга ў калектыве экс-гулец зборнай не затрымаўся.

Алег Чарнуха, «Тарпеда-БелАЗ»

48-гадовы Чарнуха – легенда жодзінскага футбола. Як гулец правёў за «аўтазаводцаў» 167 матчаў (трэці паказнік у гісторыі клуба) з 1992-га па 2000-і.

У 2007-м вярнуўся ў структуру клуба, стаўшы трэнерам-адміністратарам, а з 2013-га займае пасаду начальніка каманды. Сёння трэнерам-адміністратарам у Жодзіна таксама працуе ягоны 28-гадовы сын Уладзімір, які апроч гэтага заяўлены за каманду «Жодзіна-Паўднёвае» з Д2 (5 матчаў, 1 гол).

***

Таксама былымі футбалістамі зʼяўляюцца начальнікі яшчэ некалькіх клубаў вышэйшай лігі.

49-гадовы Сяргей Федаравіч з «Мінска» ў свой час правёў больш за 100 матчаў у галоўным дывізіёне краіны за «Гомель», «Маладзечна» і «Ведрыч-97».

28-гадовы Ягор Піцык з брэсцкага «Дынама» – выхаванец клуба, але за першую каманду «бела-сініх» правёў толькі шэсць матчаў, астатняя ж карʼера прайшла ў першалігавых клубах Брэсцкай вобласці («Хваля», «Граніт», «Баранавічы», «Кобрын»). Яшчэ паўтара годы экс-вінгер правёў у глыбокім міноры Польшчы.

А 54-гадовы Аляксандр Макаранка, начальнік «Белшыны», некалькі сезонаў у пачатку 90-х адгуляў за тады яшчэ бабруйскі «Шыннік».

Іншыя пасты блога

Усе пасты