Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/30 гадоў таму беларус гуляў у Іспаніі: граміў «Барсу» 5:0, атрымаў трактарную мянушку – і, здаецца, фанаты помняць яго дагэтуль (вось што робяць вусы!)

30 гадоў таму беларус гуляў у Іспаніі: граміў «Барсу» 5:0, атрымаў трактарную мянушку – і, здаецца, фанаты помняць яго дагэтуль (вось што робяць вусы!)

У «Расінгу» Зыгмантовіч рубіўся ў шахматы з будучым галоўным трэнерам каталонцаў.

Аўтар — Замір Закіеў
5 верасня, 18:07
1
30 гадоў таму беларус гуляў у Іспаніі: граміў «Барсу» 5:0, атрымаў трактарную мянушку – і, здаецца, фанаты помняць яго дагэтуль (вось што робяць вусы!)

З развалам СССР у беларускіх футбалістаў нарэшце з'явілася магчымасць ездзіць на Захад, каб паспрабаваць сябе ў тамтэйшых чэмпіянатах. Першым на такое наважыўся Сяргей Алейнікаў яшчэ напрыканцы Саўка, які падпісаў кантракт з «Ювентусам». Следам еўрапейскага шчасця вырашылі пашукаць іншыя беларускія топ-гульцы. У тым ліку і Андрэй Зыгмантовіч.

Да 30 гадоў мінчук гуляў выключна на Радзіме. Разам са сталічным «Дынама» перамагаў у чэмпіянаце Савецкага Саюза, даходзіў да чвэрцьфіналу Кубка чэмпіёнаў, у складзе зборнай СССР гуляў на чэмпіянаце свету-1990, дзе ў матчы з Аргенцінай персанальна апекаваўся над Марадонай.

Еўрапейскія клубы пачалі прыглядацца да беларуса, што прывяло да прапановы з боку нідэрландскага «Гронінгена». Зыгмантовіч перайшоў ў гэты клуб, якому дапамог стаць пятым у чэмпіянаце краіны. Аднак пасля такога легіянерскага досведу беларус вярнуўся ў мінскае «Дынама». За паўгода дома ён дапамог роднаму клубу ўзяць чэмпіянат краіны, а сам стаў найлепшым футбалістам Беларусі. Зімой 1993-га з'явіўся варыянт у Іспаніі, дзе сантандэрскі «Расінг» спрабаваў прайсці ў першы дывізіён. Клубу быў патрэбны дасведчаны гулец у абарону, і беларус пагадзіўся на гэтую ролю.

У далёкай Іспаніі футбаліст не застаўся адзін. Ён пасябраваў з беларускім ганбдалістам, алімпійскім чэмпіёнам Міхаілам Якімовічам, які тады гуляў за мясцовую «Кантабрыю». Спартсмены часта прыходзілі на трыбуны падтрымаць адзін аднаго. Нешта падобнае мы можам пабачыць сёння ў стасунках футбаліста Яўгена Шыкаўкі і гандбаліста Арцёма Каралька, якія гуляюць за клубы ў Кельцэ.

У «Расінгу» Зыгмантовіч перасёкся з некаторымі цікавымі асобамі. Напрыклад, з капітанам і экс-гульцом зборнай Іспаніі Кіке Сэцьенам любіў гуляць у шахматы ў клубным аўтобусе. Праз гады Сэцьен узначаліць «Барселону».

У новай камандзе беларус атрымаў мянушку El Tractor Bielorruso (у перакладзе - «Беларускі трактар») і дапамог ёй выйсці ў Прымеру, а пасля стаў першым беларускім футбалістам, які згуляў у Д1 Іспаніі. Экс-дынамавец правёў у тым сезоне 35 матчаў, а «Расінг» заняў восьмае месца ў турнірнай табліцы (то быў найлепшы вынік клуба за 40 гадоў).

Каманда са 170-тысячнага Сантандэра не была простым супернікам і для грандаў - адбірала пункты ў «Рэала», «Атлетыка» з Більбаа. Зыгмантовіч нават забіваў у матчы з мадрыдцамі. Праўда, не ў чыжая вароты, а ў свае.

Самым жа гучным поспехам, да якога спрычыніўся Зыгмантовіч, для «Расінга» ў тым сезоне была буйная перамога над «Барселонай» 5:0. Каталонцаў тады трэнаваў Ёхан Кройф, а гульцамі былі Гвардыёла, Рамарыа, Хаджы, Куман.

Пасля выбітнай гульні беларус зрабіў памятнае фота з сынам Паўлам, які ў Іспаніі пачынаў займацца футболам.

Добрыя стасункі ў футбаліста склаліся і з фанатамі. Да легіянера ставіліся з павагай і нават з сімпатыяй. І не толькі за гульню, але і праз каларытныя вусы. «Беларускі трактар» шмат каму запомніўся гэтым элементам мужчынскага «экстэр'еру», ды так, што на яго не забыліся і сёння.

У аматарскім фанацкім часопісе не так даўно была апублікаваная падборка налепак. І на адной з іх можна было пабачыць вось такога персанажа.

На налепцы выява не самаго Зыгмантовіча, а ўдзельніка рок-гурта Motörhead Лені Кілмістара (такая вось асацыяцыя праз вусы), затое фонам – лукашэнкаўскі сцяг, перароблены ў колеры «Расінга». Верагодна, заўзятары не надта паглыбляліся ў сітуацыю ў нашай краіне. Пры гэтым цікава, што большую частку сваёй кар'еры ў гэтым іспанскім клубе (1993-1996) Зыгмантовіч быў грамадзянінам краіны з афіцыйным (і нацыянальным) бел-чырвона-белы сцягам.

У 1996-м у беларуса скончыўся кантракт з «Расінгам», працягваць супрацу клуб не захацеў. У выніку Зыгмантовіч вырашыў на гэтай ноце скончыць кар'еру гульца. Некаторы час ён яшчэ заставаўся ў Іспаніі, спрабаваў сябе як трэнер юнацкіх і дарослых каманд. Але справа не пайшла, і ў пачатку нулявых беларус вярнуўся дамоў, дзе ў яго пачалася сапраўдная кар'ера трэнера (узначальваў мінскае «Дынама», МТЗ-РЫПА, брэсцкі «Рух» ды іншыя). Апошнім месцам працы была зборная Беларусі U-19, аднак у снежні-2020 па дамове бакоў Зыгмантовіч сышоў.

З таго моманту пра легенду белфутбола амаль нічога не чуваць. Аказалася, што трэнер спакойна жыве на пенсіі і, па нашых звестках, даволі часта ездзіць у Іспанію, дзе цяпер жыве ягоны ўжо дарослы сын з сямʼёй.

Іншыя пасты блога

Усе пасты