Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Сыходзь» па стадыёне, дзiўны фанат i разгубленыя дзецi – так «Макслайн» Пунтуса разнеслi ў «дэрбi Вiцебска»

«Сыходзь» па стадыёне, дзiўны фанат i разгубленыя дзецi – так «Макслайн» Пунтуса разнеслi ў «дэрбi Вiцебска»

«Падарунак» трэнеру на дзень нараджэння.

Аўтар — Замір Закіеў
8 кастрычніка, 12:00
«Сыходзь» па стадыёне, дзiўны фанат i разгубленыя дзецi – так «Макслайн» Пунтуса разнеслi ў «дэрбi Вiцебска»

У 2023-м «Макслайн» пераехаў з Рагачова ў Вiцебск i прыклаў намаганнi, каб перацягнуць частку аматараў футбола ў горадзе на свой бок – звычайна нейкiмi пiяр-акцыямi ды раздачай бясплатнай ежы. У вынiку некаторыя матчы «Макслайна» на рэзервным полi ЦСК «Вiцебскi» наведвала больш чалавек, чым сустрэчы «Вiцебска» на асноўным. Але ўсё ж такi каманда, названая ў гонар горада, вярнула сябе лiдарства ў гэтым паказчыку.

Хаця ў верасні трэнер i менеджар «Макслайна» Юрый Пунтус запэўніваў, што каманда «ачысцілася духоўна», i быў «упэўнены на сто адсоткаў» у выхадзе ў Д1, у таблiцы «Вiцебск» замацаваўся вышэй за супернiка. Напярэдаднi «вiцебскага дэрбi» «Макслайн» саступаў пяць балаў – i, канешне, вельмi хацеў выйграць матч, каб з пятага месца павялiчыць шансы на топ-4 (там ёсць «Лакаматыў», якi не можа пайсцi ў Д1). Казалi нават, што на сустрэчу, дзе «букмекерскi» клуб быў намінальным гаспадаром, заклiкалi прыехаць заўзятараў з Рагачова – што выглядала дзiўна пасля таго, як летам на клубных афiшах перакрэслiвалi назву былога горада каманды.

«Макслайн» нават запрасіў на гульню амбасадора сваёй БК – экс-гульца «Віцебска» (яшчэ пад назвай «Лакаматыў-96») БАТЭ і зборнай Беларусі Віталя Радзівонава (дзіўна яшчэ, што кампанія не прывезла на матч іншага свайго «амбасадора» – Зінедзіна Зідана). Але знайшлi беларускага форварда не ўсе.

На матчы 7 кастрычнiка пратакол зафiксаваў 2050 гледачоў – шмат для любой вiцебскай каманды. Але ж, як фiксавалi вiдавочцы, на гульню з пачаткам у 21:00 сагналi дзяцей, якiя не вельмi разумелi, што адбываецца.

Сам жа матч пачаўся з хуткага гола «Віцебска». На пятай хвіліне галавой забіў Вадзім Ткачэнка.

Далей некалькі момантаў было ў «Макслайна», але яны не былі рэалізаваныя. «Віцебск» жа кантраляваў гульню і, як пасля матча адзначаў галоўны трэнер каманды Аляксандр Паўлаў, усё можна было сканчваць яшчэ раней. Але замацаванне «Віцебска» ў якасці пераможцы адбылося ўжо ў другім тайме. Зноў праз пяць хвілін пасля аднаўлення гульні «Віцебск» забіў. На гэты раз з пенальці адзначыўся Яўген Красноў.

У сацсетках апублiкавалi ролік, як гэтаму голу дзiўна радаваўся адзін з фанатаў «Віцебска».

Далей становішча «Макслайна» станавілася толькі горш. На 64-й хвіліне чырвоную картку атрымаў Дзмітрый Луцік. З поля ён сыходзіў пад крыкi «Сыходзь!» ад фанаў «Віцебска».

А праз 10 хвілін Руслан Цевераў зрабіў лік 3:0.

Яшчэ да гэтага гола ў брамніка «Макслайна» Сяргея Курганскага з'явіліся праблемы з нагой, праз што яму было складана гуляць. Але замянілі яго толькі пасля трэцяга гола. Адзначым яшчэ адну дзіўную з'яву – у заяўцы гаспадароў у запасе было толькі чатыры гульцы.

Правальны для сябе матч «Макслайн» завяршыў прапушчаным мячом ужо ў дадазены час. Дубль аформіў Руслан Цевераў.

0:4 – вось такі падарунак за дзень да свайго 63-годдзя атрымаў Юрый Пунтус, а яго каманда за сем тураў да канца чэмпіянату адстае на 8 ачкоў ад чацвёртага месца («Віцебск» цяпер трэцi). Разгромную паразу ў чаце заўзятараў пракаментаваў і экс-дырэктар клуба Андрэй Іваненка, якi вiдавочна заўзеў супраць былых паплечнiкаў.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты