Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Футзальныя матчы Беларусь – Расiя сабралi «невыпадковых людзей»: салдаты, чырвона-зялёныя фанаты, брытагаловыя ў спартыўных касцюмах

Футзальныя матчы Беларусь – Расiя сабралi «невыпадковых людзей»: салдаты, чырвона-зялёныя фанаты, брытагаловыя ў спартыўных касцюмах

Былі і тыя, хто проста спаў.

Аўтар — Замір Закіеў
9 кастрычніка, 08:32
Футзальныя матчы Беларусь – Расiя сабралi «невыпадковых людзей»: салдаты, чырвона-зялёныя фанаты, брытагаловыя ў спартыўных касцюмах

7 і 8 кастрычніка ў палацы спорту «Уручча» адбыліся два таварыскія матчы паміж зборнымі Беларусі і Расіі па мiнi-футболе. Раней краіны гулялі паміж сабой 13 разоў: 10 матчаў засталіся за расіянамі, былі дзве нічыі, і толькі аднойчы беларусы змаглі перамагчы – у 2003 годзе. Статыстыка па галах, канешне, была таксама на карысць Расіі: 57 супраць 16.

Літаральна сем гадоў таму матчы Беларусі і Расіі збіралі поўныя трыбуны. Тады гэта былі сустрэчы за выхад на ЧС-2016.

Цяпер жа праз поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну такія матчы магчымы толькі на ўзроўні таварыскіх сустрэч – зборную Беларусi не дысквалiфiкавалi, а вось расiйская каманда не пазбегла бана. Цяпер яна вышуквае супернікаў, якія ўвогуле пагодзяцца згуляць. Да Беларусi апошняя сустрэча Расіі была з В“етнамам (3:3).

Перад гэтымі выходнымі галоўны трэнер зборнай Расіі Бесо Заідзэ сказаў, што Беларусь з“яўляецца прыстойнай зборнай, якая валодае майстравітымі гульцамі і высокім узроўнем арганізацыі гульні, а таксама што абедзве сустрэчы пройдуць у бескампраміснай манеры, і заўзятары атрымаюць сапраўднае задавальненне. Але рэчаіснасць аказалася трохі іншай.

Першы матч у палацы спорту «Уручча», згодна з пратаколам, сабраў 1200 заўзятараў (умяшчальнасць арэны – 2 750 месцаў). З гэтай нагоды каментатар трансляцыі на дзяржТБ Сяргей Мацкевіч выдаў вельмi цiкавы маналог: «У прынцыпе, нядрэнная наведвальнасць для сустрэчы, якая ўзнікла ў календары не так даўно. Думаю, павінныя атрымаць задавальненне сапраўдныя прыхільнікі міні-футбола. А я сумняваюся ў тым, што тут проста выпадковыя людзі прыйшлі».

I сапраўды – выпадковых людзей на арэне было знайсцi цяжка. Прысутныя падзялялялiся на вiдавочна арганiзаваныя групы. Адна з найбольшых груп такіх «аматараў міні-футбола» знаходзілася ў самым цэнтры. Маладыя хлопцы і дзяўчаты былі апранутыя ў чырвонае і зялёнае адзенне, таксама ў іх былі сцягі лукашэнкаўскай Беларусі і барабаны.

Злева ад іх сядзела невялікая колькасць салдатаў – таксама са сцягамі.

З іншага боку – хлопцы з паголенымі галовамі і ў цёмных спартыўных касцюмах. Сапраўды незвычайная з'ява для беларускага спорту.

Такая падтрымка не дапамагла зборнай Беларусі ў суботнім матчы. За абодва таймы расіяне адзначыліся па тры разы – i фiнальны свiсток зафiксаваў 0:6 на табло.

За разгромам гаспадароў далёка не ўсім было цікава сачыць. Так, напрыклад, старшыня федэрацыі прафсаюзаў Лукашэнкi і кіраўнік яго «ініцыятыўнай групы» на выбарах 2015 і 2020 гадоў Міхаіл Орда больш цікавiўся тэлефонам.

А асобныя заўзятары проста на трыбунах засыналі.

Падчас тайм-аўтаў забаўляць прысутных спрабавалі чырлідзершы пад песні – у прыватнасцi, беларускую «Касіў Ясь канюшыну» ды расiйскую «Калінку».

Нядзельны матч адрозніваўся па развiццю. Гаспадары змаглі двойчы забіць, але ў канцы першага тайма расiяне адыгралi адзiн мяч. Другая палова паступова ішла ўсё больш пад дыктоўку каманды Заідзэ. За сем хвілін да канца матча лік стаў роўным, а за тры з паловай расіяне выйшлі наперад і ў выніку зноў здабылі перамогу 3:2.

На трыбунах сектар з барабанамі зноў прыйшоў са сцягамі, але ўжо без чырвона-зялёнага адзення. У сваю чаргу, вайсковы фан-сектар перайшоў на іншы край і замяніў групу брытагаловых хлопцаў.

Здаецца, менавіта ў вайскоўцах бачыць асноўную падтрымку і моц беларуская асацыяцыя міні-футбола, якую ўзначальвае былы намкiраўнiка МУС Лукашэнкi, а зараз «мiнiстр юстыцыi» Лукашэнкi Сяргей Хаменка. Яшчэ ў 2021-м у адборы на чэмпіянат Еўропы падчас кавідных абмежаванняў у большай частцы свету на матч Беларусі з Ізраілем збiралі сілавікоў, якія сядзелі радамі праз аднаго.

Тады беларуская каманда ўпэўнена перамагла 14:0. Цяпер жа «сапраўдныя аматары міні-футбола» двойчы былі расчараваныя.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты