Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Рэал», «Ньюкасл», «Феенорд» – каму і як забіваў Хацкевіч у Лізе чэмпіёнаў

«Рэал», «Ньюкасл», «Феенорд» – каму і як забіваў Хацкевіч у Лізе чэмпіёнаў

Успамінаем у дзень 50-годдзя беларуса.

Аўтар — Замір Закіеў
19 кастрычніка, 17:17
«Рэал», «Ньюкасл», «Феенорд» – каму і як забіваў Хацкевіч у Лізе чэмпіёнаў

Аляксандр Хацкевіч з'яўляецца адным з найбольш знакамітых футбалістаў у гісторыі беларускага футбола. Значную частку свайго жыцця ён прысвяціў кіеўскаму «Дынама» (8 гадоў як гулец і 6 – як трэнер).

Менавіта ўкраінскі клуб даў магчымасць Хацкевічу гуляць у Лізе чэмпіёнаў. У канцы 90-х беларус разам з «Дынама» даходзіў да чвэрцьфіналу і паўфіналу ЛЧ. Тады паўабаронца галамі не адзначаўся, аднак яны прыйшлі ў сезоне-1999/2000.

Тады ў другім групавым этапе «Дынама» сустракалася з нарвежскім «Русенбаргам». Хацкевіч на другой хвіліне матча моцна стрэліў з-за межаў штрафной і адкрыў лік у матчы. Асіст на Аляксандра зрабіў Валянцін Бялькевіч. Гол, створаны беларусамі, дапамог кіяўлянам дамагчыся перамогі – 2:1.

ВІДЭА (адзнака 16:36)

Усяго праз два тыдні заўзятары зноў убачылі гол ад Хацкевіча. Прычым у гульні з мадрыдскім «Рэалам». Матч для Кіева складваўся вельмі цяжка. Спачатку гульцы «Дынама» сфалілі ў сваёй штрафной (пенальці рэалізаваў Рауль), а пасля ўжо самі, зарабіўшы пенальці, не канвертавалі яго ў гол (Сяргей Раброў не абгуляў 18-гадовага Ікера Касільяса). Пазней было назначана яшчэ адно пенальці ў браму «Дынама» – тут ужо выратаваў сітуацыю брамнік Аляксандр Шаўкоўскі.

І ў канцы першага тайма Хацкевіч усё ж зраўняў лік. Зноў асістэнтам стаў Бялькевіч, падача з вуглавога якога (плюс памылка Касільяса) стварылі для паўабаронцы добрую пазіцыю для гола. У другой палове каманды забілі яшчэ па адным мячы кожная, і гульня скончылася нічыёй – 2:2.

ВІДЭА (адзнака 5:59)

У 2002 годзе лёсаванне Лігі чэмпіёнаў закінула «Дынама», якое гуляла ўжо не пад кіраўніцтвам Валерыя Лабаноўскага (памёр у траўні 2002-га), у групу з «Ювентусам», «Ньюкаслам» і «Феенордам». І дзвюм апошнім камандам таксама змог забіць Хацкевіч.

У матчы з англійскім клубам першы мяч забіў Максім Шацкіх, а поспех кіяўлян замацаваў беларускі паўабаронца, які паспяхова згуляў галавой на дабіванні

ВІДЭА (адзнака 7:38)

У гульні з «Феенордам», за які выступаў малады Робін ван Персі, Хацкевіч ужо сам стаў аўтарам першага гола ў пераможным матчы. На 16-й хвіліне пасля вуглавога і рыкашэту беларус добра зарыентаваўся і забіў мяч у браму суперніка.

ВІДЭА (адзнака 16:46)

Адзначым, што другі і апошні гол у той гульні быў на рахунку Валянціна Бялькевіча. Ён у самым пачатку другога тайма зрабіў лік 2:0.

ВІДЭА (адзнака 49:29)

Іншыя пасты блога

Усе пасты